Вы тут

Шлях да хаосу. Куды рушыць Малдова?


Новыя масавыя пратэсты ў Малдове анансавалі прадстаўнікі «Руху за народ». Члены шырокага грамадскага фарміравання паведамілі, што ўжо ў найбліжэйшую нядзелю пройдзе марш каля парламента. «Людзі хочуць, каб урад адрэагаваў на патрабаванні народа», — заявілі яны на прэс-канферэнцыі. Лідары фарміравання маюць намер сабраць мільён подпісаў, каб абавязаць урад поўнасцю аплаціць рахункі за газ, электрычнасць і ацяпленне за тры зімовыя месяцы. Дэпутат фракцыі «Шор» і член «Руху за народ» Марына Таўбер адзначыла, што людзі аб'ядноўваюцца вакол гэтай ідэі. Яна таксама паведаміла, што прадстаўнікі «Руху за народ» і іх ініцыятыва карыстаюцца вялікай падтрымкай дыяспары. У краіне пашыраецца пратэсны рух, які абумоўлены рэзкім пагаршэннем дабрабыту жыхароў на фоне бяздзейнасці ўладаў. Куды ж рушыць Малдова, чаго чакаць надалей?


Татальная галеча

Адна з апошніх навін у Малдове — адстаўка ўрада на чале з Наталляй Гаўрыліцай. Зрэшты, гэта не стала нечаканасцю ні для малдаўскіх палітыкаў, ні для большасці жыхароў краіны. Паводле даных сацапытанняў, каля 70 працэнтаў жыхароў дзеяннямі ўладаў моцна незадаволена, амаль столькі ж выступае за змену ўрада і палітычнага курсу. Лідар апазіцыйнай партыі Ілан Шор назваў тое, што здарылася, заканамерным вынікам народных пратэстаў, якія працягваюцца ўжо некалькі месяцаў. «Гэта вынік фактычна ціску народа. Гэта маленькая, вельмі маленькая, але першая перамога народа Рэспублікі Малдова, — перакананы Ілан Шор. — Дзеючы малдаўскі рэжым, на жаль, давёў народ да татальнай галечы».

З лета мінулага года ў Кішынёве не спыняюцца мітынгі і дэманстрацыі, удзельнікі якіх патрабуюць адстаўкі кіраўніцтва краіны, чыя палітыка прывяла да сённяшняга крызісу. Кошт газу вырас у некалькі разоў, такім чынам, павялічыліся камунальныя плацяжы, падаражэлі прадукты і ўсё астатняе. Інфляцыя па выніках мінулага года перавысіла 30 працэнтаў. Гэта рэкордны паказчык з пачатку стагоддзя, а плаціць за такія «рэкорды» даводзіцца народу. «Сумы, якія сёння Малдова плаціць за электраэнергію, за газ, не адпавядаюць даходам грамадзян нашай краіны, — заўважыў Ілан Шор. — Пад ціскам заходніх канцылярый дзеючы рэжым спрабуе рабіць усё, каб пазбавіць Малдову фактычна незалежнасці і той нейтральнай пазіцыі і нейтралітэту, якія прапісаны ў нашай канстытуцыі».

Як адзначыў materіk.ru намеснік дырэктара Інстытута краін СНД Уладзімір Жарыхін, «у апошнія месяцы эканоміка Малдовы абвалілася ў піке, таму прэзідэнт Мая Санду вырашыла, што трэба на кагосьці зваліць гэтыя праблемы. Ну, натуральна, знайшоўся ўрад». Але афіцыйная пазіцыя малдаўскага прэзідэнта цяпер выглядае як спроба зрабіць вясёлую міну пры дрэннай гульні. Мая Санду ўсяляк хваліць былога прэм'ера Гаўрыліцу і кажа, што краінай кіравалі адказна і самааддана, а вінаватых у беспрэцэдэнтным для краіны крызісе трэба шукаць, вядома, у Расіі.

Па словах большасці аналітыкаў, новы кабінет міністраў наўрад ці выправіць сітуацыю, бо сфарміраваны ён будзе з прыхільнікаў дзеючага прэзідэнта, такім чынам, цалкам працягне ранейшы курс. Прапанаваны Санду ў якасці новага прэм'ера Дорын Рэчан таксама з яе каманды. Выратаванне малдаўскай эканомікі для яго відавочна не першарадная задача. Як лічыць малдаўскі палітычны аглядальнік Дзмітрый Кісееў, Рэчана «вылучалі не для таго, каб паказаць, што вось у нас дэмакратыя, мы можам патрэніравацца. Яго вылучалі, каб прызначыць. Ён працаваў у прэзідэнтуры, сакратаром Вышэйшага савета бяспекі. Гэта значыць, прэзідэнт у нас кіруе Вышэйшым саветам бяспекі, а вось Рэчан быў яго сакратаром. Ён больш жорсткі і, на мой погляд, будзе паводзіць сябе значна больш жорстка з апазыцыяй, ажно да арыштаў. У гэтым плане ён будзе падкручваць гайкі, я абсалютна ўпэўнены».

На фоне адстаўкі апазіцыйныя партыі настойваюць на неадкладным роспуску парламента і датэрміновых выбарах. Але такі сцэнарый малаверагодны, бо зусім невыгодны для дзеючай улады, якая перастаноўкай фігур на палітычнай дошцы, відаць, хацела адвесці крытыку ад прэзідэнта і перакласці віну за праблемы ў краіне на ўрад.»Прычына змены кабінета ўсё ж такі не ўнутры краіны, а ў новых знешнепалітычных задачах, якія павінен вырашаць малдаўскі ўрад, — лічыць дырэктар Інстытута сацыяльна-палітычных даследаванняў і рэгіянальнага развіцця Ігар Шорнікаў. — Малдова вельмі цвёрда кіруецца звонку, непасрэдна з боку Вашынгтона. Мяркуючы па тым, да якога стану была даведзена краіна, кіруецца дрэнна».

Схема па абкрадванні

Як адзначаюць эксперты, за два гады кіравання Санду і яе адміністрацыі Малдова прыйшла да энергетычнага крызісу, росту сацыяльнай і эканамічнай напружанасці, галечы жыхароў. Так, рэальныя грашовыя даходы насельніцтва ў Малдове толькі ў студзені—верасні мінулага года абваліліся больш чым на 12 працэнтаў, а намінальны рост зарплаты і сацыяльных выплат аказаўся ўдвая ніжэйшы за інфляцыю. Летась яна ўзрасла больш чым на трэць, а закупкі газу і электраэнергіі ў Румыніі і ЕС прывялі да значнага росту тарыфаў. На гэтым фоне кабмін увёў рэжым жорсткай эканоміі. Пры гэтым сёлета ўрад мяркуе павысіць заробак міністрам на 36 працэнтаў, хоць перад выбарамі 2020-га Санду абяцала рэзка скараціць выдаткі на ўтрыманне дзяржапарату. З лета мінулага года ў краіне не спыняюцца пратэсты супраць дзеючай улады.

Энергетычны крызіс у Малдове — гэта схема па абкрадванні грамадзян, прыдуманая і выкарыстаная кіруючай партыяй PAS і Маяй Санду. Пра гэта заявіў Ілан Шор. Ён распавёў, што надзвычайнае становішча з-за недахопу газу было ўведзена штучна, і ў 2021—2022 гг. у Малдове было самае высокае спажыванне газу за апошнія дзесяць гадоў. Паводле яго слоў, у гэты перыяд у энергетычным сектары ўчыняліся маштабныя крадзяжы з удзелам прадпрыемстваў, падведамных АТ Moldovagaz і АТ Energocom і кіруемых дзяржаўнымі ўстановамі. Малдаўскі палітык заявіў, што ў бягучых умовах неабходна рассакрэціць усе здзелкі, звязаныя з закупкамі газу і электраэнергіі, а таксама правесці аўдыт адносна рашэнняў і спосабаў кіравання энергетычным крызісам.

Тым часам стала вядома, што парламент Малдовы прыняў рашэнне прадоўжыць на 60 дзён рэжым надзвычайнага становішча ў краіне з-за энергетычнага крызісу і сітуацыі ў суседняй Украіне, паведаміла ТАСС. Па словах старшыні парламента Ігара Гросу, за падаўжэнне адпаведнага рэжыму прагаласавалі 60 дэпутатаў. Апазіцыя, у сваю чаргу, байкатавала абмеркаванне дадзенага рашэння, абвінаваціўшы ўлады ў злоўжываннях. Упершыню надзвычайнае становішча было ўведзена ў Малдове пасля пачатку спецаперацыі РФ ва Украіне, пасля таго яно ўвесь час працягвалася. Падчас дзеяння рэжыму камісія па надзвычайных сітуацыях можа нармаваць спажыванне газу і іншых энергарэсурсаў, выдзяляць сродкі з бюджэту, а таксама прымаць іншыя неабходныя меры.

«Паляванне на ведзьмаў»

Жыхары Малдова перажываюць цяпер, мабыць, найглыбейшы сацыяльна-эканамічны крызіс, заявіў віцэ-спікер парламента краіны, выканаўчы сакратар апазіцыйнай Партыі сацыялістаў Малдовы Улад Батрынча, паведаміла ТАСС. «На гэтым фоне, вядома, пагоршыўся і палітычны крызіс. Улады краіны замест таго, каб шукаць шырокі кансэнсус, шырокае аб'яднанне, шляхі выхаду з крызісу, засяродзіліся на паляванні на ведзьмаў», — заявіў віцэ-спікер. Дэпутат адзначыў, што ўлады краіны практычна штодня выкарыстоўваюць варожую рыторыку ў адносінах да апазіцыйных палітычных партый і незалежных СМІ краіны. Ён звязаў гэта з ціскам, які аказваецца на краіну звонку, а таксама з тым, што Малдова «несамастойная ва ўласнай палітыцы». Акрамя таго, Батрынча нагадаў аб бесперапынных пратэстах апазіцыі. «Стабільнасць партыі ўлады забяспечваюць знешнія партнёры, якія заплюшчваюць вочы на парушэнне законаў і свабоды слова, пакрываючы правальную эканамічную палітыку малдаўскай улады і дзейнічаючы геапалітычна», — лічыць віцэ-спікер.

Дэстабілізацыя пагражае Малдове з Захаду, адзначыў news.ru экс-дэпутат парламента, палітолаг Мікалай Паскару. «Заходнія куратары нашых уладаў жадаюць уцягнуць нас у нейкія небяспечныя падзеі, у вайсковы канфлікт. Для гэтага патрэбна зачыстка апазіцыйнага поля. Не выключаю закрыцця партыі «Шор» і Партыі сацыялістаў, магчымыя арышты іх актывістаў. «Паляванне на ведзьмаў» стане не толькі пагрозай для дэмакратычнага ладу Малдовы, але і моцна ўдарыць па эканоміцы. Бізнес не захоча працаваць у краіне, у якой нагнятаецца страх, людзі стануць з'язджаць і везці свае грошы з Малдовы. Калі замест палітычных перагавораў з апанентамі прыходзяць сілавыя рашэнні, гэта заўсёды трывожна, — лічыць малдаўскі палітолаг.

Кіруючыя бандыты штурхаюць Малдову да хаосу і, каб утрымацца ва ўладзе, гатовыя справакаваць нават грамадзянскую вайну. Аб гэтым заявіла Марына Таўбер. У адказ на заявы Маі Санду, якая запатрабавала даць дадатковыя паўнамоцтвы Службе інфармацыі і бяспекі (СІБ), а таксама Генеральнай пракуратуры для прадухілення дэстабілізацыі, яна заклікала ўсіх апазіцыйных палітыкаў далучыцца да нядзельнай акцыі пратэсту. Паводле яе слоў, агучаныя кіраўніком дзяржавы сцэнарыі аб тым, што «Крэмль накіроўвае ў Малдову дыверсантаў для дзяржперавароту», з'яўляюцца «плёнам начных фантазій Маі Санду», а насамрэч іх мэта — ініцыіраваць новыя злоўжыванні і парушэнні правоў чалавека.

«Санду і яе тыранічны рэжым зразумелі, што гэтым разам грамадзяне не будуць маўкліва слухаць і трываць, як іх абдурваюць рознымі страшылкамі, а выйдуць на вуліцу, патрабуючы, каб іх правы выконваліся, а ўрад аплачваў іх рахункі. І каб захаваць за сабой уладу, Мая Санду і PAS гатовыя на ўсё, уключаючы гвалтоўнае затыканне ратоў амаль 80 працэнтам насельніцтва краіны, якія незадаволеныя сітуацыяй у краіне. Мы дапускаем, што Мая Санду і яе злачынная групоўка гатовыя ўвесці краіну ў грамадзянскую вайну. Мы бачым, што яны робяць усё магчымае, каб падштурхнуць нас да гэтага», — сказала Марына Таўбер. Палітык падкрэсліла, што за іх спінамі няма нікога, акрамя інтарэсаў жыхароў Малдовы.

Пасля «еўрарамонту»

Швейцарская праваабарончая арганізацыя Solіdarіtatsnetz Іnternatіonal выпусціла заяву аб тым, што Малдова перажывае найцяжэйшы крызіс, да якога прывялі неэфектыўнае кіраванне дзяржаўнымі фінансамі і непрадуманая эканамічная палітыка. Прэзідэнт краіны Мая Санду не можа ўзяць сітуацыю пад кантроль, таму імкнецца абмежаваць канстытуцыйныя правы грамадзян і сканцэнтраваць у сваіх руках як мага больш улады. Пад маркай уступлення ў Еўрасаюз яна фарміруе аўтарытарны рэжым, упэўненыя ў Solіdarіtatsnetz Іnternatіonal. Праваабаронцы падкрэсліваюць, што ў Малдове няма стыхійнага бедства ці вайны, таму надзвычайнае становішча неабгрунтаванае. Затое яно дазваляе жорстка душыць масавыя пратэсты, якія ўзначаліў кіраўнік апазіцыйнай партыі Ілан Шор.

Паводле даследавання Міжнароднага рэспубліканскага інстытута, праведзенага летась у снежні, калі б выбары ў парламент Малдовы адбыліся на той час, у заканадаўчы орган прайшлі б прадстаўнікі кіруючай ПАС, руху «Шор», сацыялісты і камуністы. Самы папулярны палітык — мэр Кішынёва Іон Чабан (узровень падтрымкі — звыш 60 працэнтаў), моцны гаспадарнік. У Ігара Дадона — 45 %, Маі Санду — 42, Ілана Шора — 41. Пры гэтым антырэйтынг прэзідэнта — 55 %, горш толькі ў тагачаснага прэм'ер-міністра Наталлі Гаўрыліцы — 63.

Малдаўскі палітычны аналітык Дзмітрый Кісееў заўважыў РІА «Навіны», што Санду не спадзяецца на перавыбранне. Наадварот, яна разумее, што губляе палітычныя ачкі, таму імкнецца перастрахавацца ад датэрміновай адстаўкі. «Яе галоўная мэта — зваліць усё на Расію. Але ў яе гэта не атрымліваецца. Каля 60 працэнтаў малдаван выступае за нейтралітэт у расійска-ўкраінскім канфлікце. Вось Санду і зачышчае інфармацыйную прастору. Нават у кішынёўскім офісе НАТА кажуць, што, на жаль, нашы людзі больш думаюць пра тарыфы, чым пра вайну», — тлумачыць эксперт.

Рэпрэсіі супраць СМІ маюць і эканамічныя прычыны. Канкурэнты паспяшаюцца пераразмеркаваць рэкламны рынак, які ацэньваецца ў сем мільёнаў еўра. Палітолаг Ігар Тулянцаў адзначыў, што ўзмацненне цэнзуры і рыторыка аб хуткім нападзенні Расіі ўзаемазвязаныя. «Санду выбрала шлях служэння Захаду. У выніку Малдова аказалася ў эканамічным крызісе, з якім урад не спраўляецца. Санду не хоча прызнаваць памылкі, таму нагнятае ваенную істэрыю, праводзіць паралелі паміж Кішынёвам і Кіевам, а затым пад гэтую справу просіць грошы ў Бруселя і Вашынгтона», — кажа ён.

Еўрасаюз і ЗША не супраць такой стратэгіі, тым больш што на фоне Украіны Малдова абыходзіцца Захаду танна. Аднак важна, каб сітуацыя не выходзіла з-пад кантролю. Прадстаўнікі краін НАТА падтрымліваюць антырасійскую прапаганду, але адхрышчваюцца ад магчымасці вайсковага сутыкнення. Еўраінтэграцыя ў Малдове ўсё часцей асацыіруецца з хаосам і дыктатурай, адзначаюць апытаныя РІА «Навіны» эксперты. Санду абяцала выбаршчыкам барацьбу з алігархіяй і карупцыяй — «еўрапейскі рамонт». Замест таго — рэкордная інфляцыя, а таксама паралізаваныя суды і парламент, чые функцыі фактычна ўзялі на сябе МУС, СІБ і Камітэт па надзвычайных сітуацыях.

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».