Вы тут

Выстава «Афганістан — памяць у фатаграфіях»


Выстава «Афганістан — памяць у фатаграфіях», прымеркаваная да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, адкрылася ў гомельскім Музеі друку і фатаграфіі. Новая экспазіцыя — працяг праекта «Афганістан — памяць і боль», пачатага ў 2016 годзе Музеем гісторыі горада Гомеля сумесна з абласной арганізацыяй грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане».


На выставе можна пабачыць унікальныя фатаграфіі, перададзеныя з асабістых архіваў салдат і афіцэраў. Калекцыю здымкаў сабраў гамяльчанін Андрэй Феакцістаў, які сам служыў у Баграме, у 345-м гвардзейскім асобным парашутна-дэсантным палку 40-й арміі. У архіве гомельскага фатографа — некалькі сотняў здымкаў з гарачых кропак.

У экспазіцыі ўпершыню прадстаўлены фатаграфіі гамяльчан — воінаў-афганцаў Мікалая Івашкевіча і Ігара Радзькіна, якіх, на жаль, ужо няма ў жывых.

Як вядома, весці дзённікі і запісы, а тым больш фатаграфаваць ва ўмовах ваеннага часу строга забаранялася, нагадала навуковы супрацоўнік Музея друку і фатаграфіі Гомельшчыны Ірына Плешава.

— Гэта цуд, што яны былі зробленыя і захаваліся. Унікальныя фота і тым, што гэта рэпартажныя, не пастановачныя здымкі. Менавіта такія кадры апісваюць Афганскую вайну лепш усіх слоў, — падзялілася навуковы супрацоўнік.

Ірына Плешава звярнула ўвагу, што сярод цікавых кадраў выставы — рэдкае архіўнае фота ваенных трубаправодаў для падачы паліва ад складоў да месцаў абслугоўвання тэхнікі.

— На здымку — байцы, якія рамантавалі трубаправоды пасля дыверсій і адбівалі шматлікія атакі. Аказалася, што былы трубаправодчык Аляксей Афанасьеў жыве побач з аўтарам выставы. Падчас баявых дзеянняў яго брыгада страціла больш за сто чалавек асабовага складу. Афанасьеў узнагароджаны медалём «За баявыя заслугі», — адзначыла навуковы супрацоўнік Музея друку і фатаграфіі Гомельшчыны.

Выстава «Афганістан — памяць у фатаграфіях» адкрыта для наведвальнікаў музея да 18 сакавіка.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара і з архіва Андрэя Феакцістава

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».