Вы тут

Недзіцячыя гульні. Як не трапіць у розныя надзвычайныя сітуацыі


На наступным тыдні для малодшых школьнікаў — а дакладней вучняў першых і другіх класаў — запланаваны дадатковыя зімовыя канікулы. Паколькі трэцяя чвэрць навучальнага года самая працяглая, ужо не першы год маленькім навучэнцам даецца магчымасць зрабіць паўзу і перадыхнуць. А паколькі адпачываюць дзеці па-рознаму, самы час нагадаць хлопчыкам і дзяўчынкам, а таксама іх бацькам аб правілах бяспекі.


Самае галоўнае, на чым, дарэчы, настойваюць і ратавальнікі, — у канікулярны перыяд дзеці не павінны быць сам-насам. Пакідаць іх без нагляду дарослых увогуле не дапускаецца, бо нават самыя самастойныя і паслухмяныя часам здольныя на такое, чаго бацькі ад іх ніколі не чакалі. І шчасце, калі ўсё добра заканчваецца. Аднак, на жаль, бывае і па-іншаму...

У лядовай пастцы

Днямі трагічная навіна ўскалыхнула інфармацыйнае асяроддзе — у Жабінкаўскім раёне патанулі двое дзяцей. Як высветлілася, браты 2014 і 2016 гадоў нараджэння. Апошні раз іх бачылі каля пяці гадзін вечара падчас гульні на вуліцы. Калі дзеці не вярнуліся дахаты, трывогу забіла бабуля хлопчыкаў. Па дапамогу яна звярнулася ў міліцыю.

Да пошукавай аперацыі падключыліся і супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. У пошуках былі задзейнічаны 12 адзінак тэхнікі і 50 чалавек. У ноч на 10 лютага, падчас абследавання тэрыторыі населенага пункта, ратавальнікі знайшлі дзяцей у штучным вадаёме глыбінёй у паўтара метра, які знаходзіцца на прысядзібным участку нежылой суседскай хаты. Хлопчыкі не падавалі прыкмет жыцця... Іх целы былі выяўлены на паверхні вады ў палонцы на адлегласці трох метраў ад берага. Таўшчыня лёду на той момант была ўсяго адзін-два сантыметры.

Аналагічная трагедыя ў мінулыя выхадныя магла адбыцца ў і Добрушскім раёне. Хлопчык, які прыехаў з раённага цэнтра да сваякоў у вёску, на свежым паветры бавіў час з сябрамі. Раптам ён вырашыў праверыць трываласць лёду на вадаёме, размешчаным за мясцовым Домам культуры. Школьнік не паспеў і вокам міргнуць, як апынуўся ў вадзе. На шчасце, сябры своечасова паднялі трывогу, у выніку чаго на дапамогу непаўналетняму паспяшаўся мясцовы жыхар. Дзіця хоць і мела патрэбу ў медыцынскай дапамозе, але яго жыццю нічога не пагражала.

Ратавальнікі і супрацоўнікі Таварыства ратавання на водах звяртаюць увагу: лёд, які яшчэ захаваўся на некаторых вадаёмах, уяўляе небяспеку. Няўстойлівае надвор'е, характэрнае для гэтай зімы, абсалютна не спрыяльнае як для забаў на лёдзе, так і для рыбалкі. Не дазваляйце дзецям адным знаходзіцца каля вадаёмаў і ў абавязковым парадку патлумачце, чым пагражае выхад на лёд.

Асновы бяспечнай жыццядзейнасці школьнікі Мінскай вобласці  спасцігалі падчас рэспубліканскага конкурсу «Школа бяспекі — 2023».

«Вузкія» месцы

Нярэдка небяспека прыходзіць адтуль, адкуль яе не чакаеш. Аднак калі ў сілах бацькоў прадугледзець некаторыя моманты, то чаму б гэтым не заняцца? У прыватнасці, не зрабіць прастору, у якой большасць часу праводзіць дзіця, бяспечнай. Асабліва гэта актуальна для сем'яў, дзе выхоўваюцца дзеці, якія толькі пачынаюць рабіць свае першыя крокі ў жыцці, а значыць, да ўсяго праяўляць цікавасць. Тут дарэчы нагадаць і пра вострыя вуглы ў інтэр'еры, і пра неабароненыя заглушкамі разеткі, і пра гарачыя напоі і стравы, якія для малых членаў сям'і павінны знаходзіцца на бяспечнай адлегласці. Ніколі не пакідайце запалкі і запальніцы ў даступных для дзяцей месцах, прыбярыце з поля зроку папулярныя сёння дэкаратыўныя свечкі. Каб не ўпусціць важныя моманты і стварыць бяспечнае асяроддзе для малых, ратавальнікі рэкамендуюць маладым бацькам прагледзець фільм МНС «Супермама».

Як ні дзіўна, але з пункту гледжання бяспекі неабходна звяртаць увагу і на цацкі. Днямі, у прыватнасці, дапамога ратавальнікаў спатрэбілася дзіцяці, якое не магло дастаць свой пальчык з адтуліны ў пластыкавай рыдлёўцы. Пры дапамозе вадкага мыла і дыэлектрычных нажніц супрацоўнікі МНС выратавалі палец хлопчыка. У медыцынскай дапамозе дзіця не мела патрэбы.

Асобная тэма — вокны. Адчыняць іх насцеж, калі ў доме расце малое, — абсалютнае табу! І не варта спадзявацца на маскітныя сеткі. Як паказвае жыццё, гэты бясшкодны на першы погляд дэвайс паспрыяў заўчаснай смерці не аднаго дзіцяці.

Акрамя таго, не забывайцеся выключаць з разеткі электрапрыборы, патлумачце сваім непаўналетнім нашчадкам, што гэта не цацкі. Няшчасны выпадак не так даўно адбыўся ў Гродне. Сямігадовы хлопчык загінуў ад удару токам з-за неасцярожнага абыходжання з фенам у ванне. Надзвычайнага здарэння не ўдалося пазбегнуць і ў Баранавічах. Падчас гульні ў хованкі на лесвічнай пляцоўцы аднаго са шматпавярховікаў сямігадовы хлопчык не прыдумаў найлепшага сховішча, чым батарэя ацяплення. Трымаючыся адной рукой за трубу, непаўналетні выпадкова дакрануўся да аголенага провада выключальніка асвятлення. У выніку хлопчык атрымаў удар токам і з электратраўмай быў шпіталізаваны ва ўстанову аховы здароўя.

У сувязі з гэтым нагадваем, што гуляць пад правадамі ліній электраперадачы строга забараняецца. Акрамя таго, нельга накідваць на іх іншародныя прадметы, залазіць на энергааб'екты, у трансфарматарныя будкі, набліжацца да абарваных правадоў. Смяротна небяспечна адчыняць электрашчыты, якія знаходзяцца ў пад'ездах дамоў. Дакранацца да электрапрыбораў мокрымі рукамі — таксама табу, да якога многія ставяцца несур'ёзна, нават не задумваючыся, чым гэта можа скончыцца.

Апошнім часам пачасціліся выпадкі траўміравання дзяцей на дзіцячых пляцоўках і ў іншых месцах — падобныя надзвычайныя сітуацыі фіксуюцца ратавальнікамі практычна штодзень. Шукаючы сабе прыгод на «пятую кропку», дзеці ў прамым сэнсе трапляюць у пастку. Некаторыя становяцца заложнікамі надзвычайнай сітуацыі па неасцярожнасці. Днямі, напрыклад, ратавальнікам патэлефанавала жанчына і папрасіла дапамогі: яе дзіця заціснула нагу ў агароджы. Здарэнне адбылося ў Клецку. Супрацоўнікі МНС, якія прыбылі на месца, высветлілі, што сямікласнік пералазіў праз металічную агароджу тэрыторыі школы — такім чынам хлопчык вырашыў скараціць шлях. У выніку ажыццявіць задуму не ўдалося: нага была заблакіравана канструкцыяй агароджы, самастойна выбрацца з «пасткі» падлетак не змог. Дапамаглі ратавальнікі.

У зоне агню

Неабходна сачыць і за станам электраправодкі ў кватэрах, а таксама месцах агульнага карыстання шматкватэрных дамоў. У выпадку выяўлення няспраўнасцяў трэба своечасова паведаміць аб гэтым у эксплуатацыйныя арганізацыі. Вельмі важна паклапаціцца і аб пажарных апавяшчальніках, якія пажадана ўстанавіць у кожным пакоі як жылога дома, так і кватэры. У ратавальнікаў нямала прыкладаў, калі гэты прадмет інтэр'ера, што не патрабуе ад гаспадароў вялікіх выдаткаў, уратаваў жыцці цэлых сем'яў.

На жаль, і ў наш час на пажарах гінуць дзеці. Адбываецца гэта з-за бестурботнасці дарослых і з-за дзіцячага свавольства з агнём. Напрыканцы года такія гульні скончыліся гібеллю дзяцей у Барысаве. Падчас ліквідацыі пажару ў адной з кватэр шматпавярховіка выявілі трох чалавек. Усе яны — 37-гадовая жанчына, а таксама дзеці трох і сямі гадоў — знаходзіліся ў беспрытомным стане. Нягледзячы на намаганні ўрачоў, браціка і сястрычку выратаваць не ўдалося. Іх маці пазней памерла ў бальніцы. Вядома, што незадоўга да трагедыі бацькі ўжывалі алкагольныя напоі, пасля чаго заснулі. Без нагляду засталіся іх трое непаўналетніх дзяцей: трох, шасці і сямі гадоў. Малыя не прыдумалі нічога лепшага, як пагуляць з агнём. Калі ўзнік пажар, самастойна яго патушыць дзеці не змаглі. Не былі здольныя на гэта і дарослыя, якія знаходзіліся ў моцным алкагольным ап'яненні. Пакінуць моцна задымленае памяшканне, якое гарэла адкрытым полымем, змаглі толькі бацька і шасцігадовая дзяўчынка.

Многія трагедыі з агнём адбываюцца і тады, калі малыя застаюцца дома адны. Адчуўшы сябе самастойнымі, дзеці, напрыклад, спрабуюць нешта прыгатаваць. Аднак у сілу ўзросту не могуць прадугледзець некаторыя моманты, якія дазволілі б пазбегнуць пажару. Яшчэ горш, калі, застаўшыся без нагляду, непаўналетнія праводзяць з агнём «эксперыменты». У многіх выпадках трагічных наступстваў можна было б пазбегнуць, калі б побач з дзецьмі ў гэты небяспечны момант знаходзіўся хтосьці з дарослых, здольных самастойна справіцца з невялікім узгараннем, рацыянальна ацаніць абстаноўку, дапамагчы ўсім жыхарам пакінуць жыллё ў выпадку, калі патушыць агонь не ўдалося. Аднак, нават калі вы ніколі не пакідаеце сваіх дзяцей без нагляду, не будзе лішнім навучыць дзіця правільным дзеянням пры пажары, паказаць яму магчымыя выхады для эвакуацыі.

— Патлумачце дзецям наступствы гульняў з агнём, — заўважае афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Анастасія ШВАЙБОВІЧ. — Дзеці павінны ведаць, што ў выпадку пажару ім нельга хавацца ў шафу ці пад ложак, неабходна пакідаць небяспечнае памяшканне. Ніколі не замыкайце дзверы пакоя, кватэры, хаты, дзе знаходзяцца дзеці, на ключ. Не пакідайце малых без нагляду, перадаючы іх на часовую «апеку» пажылым сваякам, пераканайцеся, што дзядулям і бабулям па сілах справіцца з даручэннем. Не дазваляйце дзецям знаходзіцца паблізу гарачай пліты, ежы, праса, адкрытага агню, полымя свечак, заўсёды хавайце лёгкаўзгаральныя вадкасці.

У дапамогу бацькам — мультфільмы ад ратавальнікаў «Чароўная кніга» і «Спецатрад 112», якія можна адшукаць на афіцыйным канале ведамства на YouTube. Падлеткам рэкамендуецца ўстанавіць мабільны дадатак «Дапамога побач», прагаварыце з імі, чым небяспечныя гульні на будаўнічых пляцоўках, чыгуначных шляхах. І галоўная парада бацькам ад ратавальнікаў — быць станоўчым прыкладам для свайго дзіцяці, ведаць, з кім знаходзяцца вашы дзеці, у што яны гуляюць і з кім сябруюць. Гэтыя простыя рэкамендацыі дазволяць трымаць непаўналетніх пад кантролем, а значыць, пазбегнуць бяды.

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы Мінскага абласнога ўпраўлення МНС

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.