Вы тут

Чаму актрыса Алена Стацэнка лічыць сваю прафесію «космасам»


Да прыгожай даты, якую Алена Стацэнка адзначае 18 лютага, яна падышла ў выдатнай творчай форме. Але сама актрыса прызнаецца: хочацца адкрыць у сабе новыя грані, здзейсніць якасны прафесійны прарыў.


За 20 гадоў у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага Алена Стацэнка «прымерала» на сябе самыя розныя характары і вобразы: казачных герояў, англійскіх лэдзі і французскіх мадам, багатых спадчынніц і пакаёвак-служанак, неспрактыкаваных наіўных манашак і эмансіпаваных сучасніц. І ўсе яны ў яе выкананні запамінаюцца дзякуючы яркай харызме і акцёрскай індывідуальнасці. А ёсць яшчэ і несумнеўныя ўдачы ў кіно — у «Дунечцы», «Слязах на падушцы», «Чатырох порах лета», «Выпрабаванні вернасцю».

Як мастацтва дапамагае ў жыцці, а жыццё ўзбагачае мастацтва? У якой якасці яна хацела б сябе паспрабаваць і чаму марыць навучыцца? Ці лёгка ёй заплакаць на сцэне і чаму любіць пасмяяцца перад спектаклем? Пра творчасць, крызіс сярэдняга ўзросту, каханне, сяброўства і падарожжы гутарым з актрысай Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага Аленай СТАЦЭНКА.

ПРЫСНІЎСЯ АЛЕГ МЕНШЫКАЎ І «ЗАГАДАЎ» ПАСТУПАЦЬ У ТЭАТРАЛЬНЫ

— Алена, Вы прыйшлі ў тэатр яшчэ студэнткай і служыце тут ужо 20 гадоў. У Вас ніколі не ўзнікала думак паспрабаваць сябе ў іншай якасці і ў іншай сферы?

Узнікала. Быў перыяд, калі я моцна ўсумнілася ў сабе як актрысе, не адчувала прафесіянальнага росту, руху наперад і разважала над тым, дзе б і ў чым сябе пашукаць і праявіць. Але з таго часу шмат што ў жыцці змянілася. Я зразумела, што не змагу пайсці з прафесіі. Яна дапамагае спраўляцца з усімі няўдачамі, непрыемнасцямі, драмамі, лепш разумець людзей, адносіны паміж імі. Яна развівае асобу чалавека, узбагачае ўнутраны свет. Наогул прафесія акцёра — гэта «космас». Чым больш у яе паглыбляешся, тым большыя глыбіні перад табой адкрываюцца, тым больш складана ад яе адмовіцца.

— Калі і як Вы «захварэлі» на тэатр? Што падахвоціла пасля школы паступаць на акцёрскі факультэт БДАМ?

— Я не з тэатральнай сям’і. Але мае бацькі (мама — лагапед-дэфектолаг, тата — вайсковец) — вельмі артыстычныя людзі. Ад іх, відавочна, я і атрымала ў спадчыну свае здольнасці. Займалася ў дзяцінстве танцамі, але пра сцэну тады не марыла. Бацька хацеў, каб я пайшла па яго слядах. Мне падабалася і яго прафесія, і маміна. Паступаць у Акадэмію мастацтваў параілі знаёмыя бацькоў, якія гасцілі ў нас і звярнулі ўвагу на «асаблівасці» маіх паводзін. Іх горача падтрымала мая бабуля. І вось мы з мамай пачалі далучацца да мастацтва. Велізарнае ўражанне на мяне зрабіў спектакль «Улюбёнцы лёсу», які ішоў тады ў нашым тэатры. З фільмаў мне вельмі падабаўся «Сібірскі цырульнік» Мікіты Міхалкова. Відавочна, пад уплывам эмоцый і пастаянных думак аб выбары ВНУ для вучобы аднойчы прысніўся Алег Меншыкаў, які «загадаў» падаваць дакументы ў тэатральны. Так я і зрабіла. На ўступных іспытах у БДАМ распавяла камісіі аб сваім сне і заявіла, што абавязкова буду працаваць у тэатры імя М. Горкага.

— Якія персанажы Вам бліжэй за ўсё — камедыйныя, трагічныя, лірычныя?

— Мне цікавыя розныя ролі. Паколькі ад прыроды я надзелена парадаксальным пачуццём гумару, спачатку ў тэатры падабалася іграць у камедыях. З узростам сталі прыцягваць псіхалагічна складаныя персанажы — з надломам, якія знаходзяцца ў сітуацыі сур’ёзнага выбару, гатовыя кардынальна змяніць жыццё. Наогул больш, чым вынік, люблю рэпетыцыі, працэс стварэння вобразу.

— Свой «раман» з кіно Вы ацэньваеце як «шклянку, якая напалову поўная або якая напалову пустая»?

— Перш-наперш, я — тэатральная актрыса: мне больш камфортна на сцэне. Але і ў кіно здараліся праекты, якія запомніліся. Напрыклад, мая першая сур’ёзная роля ў «Дунечцы» А. Яфрэмава. Аляксандр Васільевіч — рэжысёр, які любіць акцёраў, з ім заўсёды цікава. У 2018-м здымалася ў амерыканскага рэжысёра Вадзіма Перэльмана ва «Уроках фарсі», дзе былі задзейнічаны акцёры з розных краін. На пляцоўцы гучала англійская, французская, руская мова. Нас адмежавалі ад знешняга свету, каб паглыбіць у патрэбную атмасферу, выканалі гіганцкую колькасць дубляў. Для мяне гэта быў прыклад таго, як трэба цаніць час і прафесіяналізм.

— А маглі б прывесці прыклад няўдалага досведу? З чым ён звычайна звязаны?

— Аднойчы прадзюсары выбралі мяне на вялікую ролю ў серыял. Рэжысёр бачыў на маім месцы іншую актрысу і ўсяляк дэманстраваў сваю непрыязнасць. Зразумела, гэта напружвала. Я справілася, але ведаю дакладна: вынік мог быць значна лепшы пры іншым стаўленні да мяне.

— Ці захапляецеся Вы хоць бы зрэдку работай сваіх калег?

— Пастаянна і зусім шчыра. Лічу, мне неверагодна пашанцавала — працаваць з такімі таленавітымі людзьмі, якія падахвочваюць прафесіянальна расці.

— Вам лёгка расплакацца, калі гэтага патрабуе роля?

— Элементарна. Лягчэй нават, чым сыграць шчырую радасць. Па натуры я сентыментальны, гіперчуллівы чалавек.

— Вам ніколі не хацелася паспрабаваць сябе ў якасці выкладчыка ці рэжысёра?

— Рэжысёрам сябе не ўяўляю. У мяне няма тых якасцяў, якія патрэбны для гэтай прафесіі. А вось выкладаць магла б. Мне ўжо паступалі такія прапановы, але раней я адмаўлялася. Цяпер, мяркую, пагадзілася б: неабходны багаж ведаў для гэтага ўжо ёсць.

— Якая будучыня, на Ваш погляд, чакае тэатр?

— Думаю, ён будзе запатрабаваны заўсёды. Людзі любяць відовішчы, іх цікавіць псіхалогія ўзаемаадносін, яны маюць патрэбу ў абмене эмоцыямі і энергіяй. Формы тэатра, безумоўна, могуць быць самыя розныя. Магчыма, гадоў праз дваццаць класічны псіхалагічны тэатр знікне. Асабіста я — за эксперымент, за актыўны пошук, але пры гэтым хацелася б, каб форма не выцясняла змест.

Гатовая да любога павароту лёсу

— Многія акцёры вызначаюцца прымхлівасцю. А Вы лічыцеся з прыметамі? Ці адчуваеце містычны бок сваёй прафесіі?

— Я не прымхлівая. Калі тэкст з роляй падае, ніколі на яго не саджуся, як гэта прынята ў акцёрскім асяроддзі. Наадварот, лічу, што чым часцей гэта здараецца, тым большая ўдача чакае. Калі штосьці забываю дома, спакойна вяртаюся і ніколі не гляджуся ў люстэрка. А вось у нейкую містыку ў нашай прафесіі веру. Часам іграеш гераіню і быццам прыцягваеш у сваё жыццё яе сітуацыю альбо сутыкаешся з людзьмі, якія прайшлі праз нешта падобнае. Чаму так? Не ведаю.

— Як Вы ўспрымаеце свой узрост? Ці ёсць у Вас перажыванні з гэтай нагоды?

— Мяне не палохаюць лічбы. Калі прыходжу да бацькоў, здаецца, што мне ўвогуле тры гады: так яны са мной носяцца, так мной ганарацца. І пры гэтым мне знаёмы крызіс сярэдняга ўзросту. Ён нагнаў мяне два гады назад і ўсё яшчэ працягваецца. Маё жыццё было на рэдкасць паспяховым і шчаслівым. Цудоўныя бацькі, выдатныя дзяцінства і юнацтва, любімая работа — лёс даваў мне ўсё, я не ведала ўзрушэнняў і сур’ёзных выпрабаванняў. І раптам адбыліся падзеі, якія выбілі мяне з каляіны, ацверазілі. Я нібы прачнулася і многае пераасэнсавала. Сёння не вельмі задаволена сабой.

— Гэтыя падзеі звязаныя з мужчынам?

— Так, асабістая гісторыя. Не хацелася б канкрэтызаваць.

— І цяпер у Вас тайм-аўт у адносінах?

— Не. Побач са мной — цудоўны чалавек, ніяк не звязаны з мастацтвам. Класічны саюз «фізіка» і «лірыка». Больш нічога пакуль не гатова расказваць.

— Марці Ларні сказаў: «Жыццё — камедыя для тых, хто думае, і трагедыя для тых, хто адчувае». А для Вас жыццё — гэта...

— Суцэльная іронія. Жыццё любіць падкідваць тое, чаго не чакаеш, уражвае сваёй непрадказальнасцю. Плануеш адно, а потым здараецца штосьці, і твае планы разбураюцца як картачны домік. Яшчэ нядаўна я расцэньвала гэта як несправядлівасць, бо любіла трымаць усё пад кантролем, рэжысіраваць уласны лёс. Цяпер вучуся яго прымаць з усімі выклікамі, гатовая да любой нечаканасці, любога павароту. Я лічу: не радасць і поспех, а боль і выпрабаванні па-сапраўднаму развіваюць чалавека.

— Ці ўяўляе для Вас каштоўнасць сяброўства? У Вас ёсць сябры?

— У мяне ёсць сяброўкі, і я іх шаную. Калі няма канкурэнцыі ў рабоце і датычна мужчын, жаночае сяброўства магчымае. Яшчэ ў мяне цудоўны чатырохногі сябар. Узяла сабаку з прытулку на Гурскага і назвала ў гонар Агаф’і Ціханаўны, якую іграла тады ў «Жаніхах». Агаф’і ўжо 12 гадоў. Гэта мая родная душа — разумная, ласкавая, любячая.

— Вы робіце ўражанне вельмі энергічнай асобы. Чым і адкуль звычайна падзараджаецеся?

— Насамрэч ад прыроды ўва мне не вельмі шмат энергіі, таму імкнуся правільна яе размяркоўваць. Для таго каб вечарам на сцэне быць у добрай форме, не дазваляю сабе нервавацца, абавязкова некалькі гадзін днём сплю. Яшчэ адна правераная крыніца маёй энергіі — смех. Перад спектаклем нярэдка звяртаюся да яго, каб «завесці» ўнутраныя механізмы. Смех — найлепшыя «лекі» і ад дрэннага настрою, хандры, суму.

— Ці часта ў жыцці Вы «ўключаеце актрысу»?

— Раней рабіла гэта пастаянна, з нагоды і без. Цяпер у жыцці іграю значна менш, імкнуся быць максімальна шчырай.

— Лічыце сябе моцнай?

— Я моцная і нікому сябе ў крыўду не дам. Але часам магу прыкінуцца слабай, каб спакойна, без ціску, ацаніць сітуацыю і, магчыма, здзівіць сваім рашэннем. На мой погляд, у кожным з нас ужываюцца процілеглыя пачаткі. Вось і я магу быць канкрэтнай, жорсткай, рэалістычнай, мэтанакіраванай і раптам зрабіць нешта зусім непрагматычна, недарэчна, сентыментальна.

— Якія мэты Вы перад сабой ставіце сёння? Аб якім падарунку ад жыцця марыце?

— Хацелася б адкрыць у сабе новыя акцёрскія грані. Як гэта зрабіць — пакуль не ведаю, і мяне гэта крыху мучыць. А яшчэ мару аб вялікай, дружнай сям’і.

«Мне любые дороги дороги...»

— На што, акрамя работы, у Вас хапае часу? Чым Вы захапляецеся? Што хацелі б, магчыма, асвоіць?

— Мяне многае цікавіць: жывапіс, музыка, мода, тэхналогіі. Я лёгкая на пад’ём. Любую прапанову звычайна адразу падхопліваю, сама пастаянна прыдумляю, чым бы сябе парадаваць і здзівіць. Захацелася асвоіць ёгу — пайшла і занялася. Узнікла жаданне схадзіць у школу танца — без праблем. Для мяне любыя новыя ўражанні — спосаб зняць напружанне, перазагрузіцца. Мару навучыцца прафесіянальна здымаць людзей. Мае дзядуля і бацька з задавальненнем займаліся фатаграфіяй. І я, мусіць, гэта ўнаследавала. У свой час наведвала курсы мастацкай фатаграфіі. Потым была паўза, а зараз хачу да гэтага вярнуцца. Неверагодна падабаецца фіксаваць эмоцыі дарослых і дзяцей.

— Якія ў Вас адносіны з грашыма?

— Як толькі яны з’яўляюцца, у мяне адразу ж нараджаецца мільён ідэй, як іх патраціць. Я выключная транжырка і звычайна хутка іх спускаю — на навучанне, паездкі, падарункі, якія абажаю рабіць.

— Дзе і як любіце адпачываць?

— Мая слабасць — падарожжы. З задавальненнем планую паездкі на сваёй машыне: улічваю прыпынкі на запраўку, яду, агляд славутых мясцін. Неаднойчы адпачывала на Балканах. Вялізнае ўражанне на мяне зрабіла прырода Харватыі, Венгрыі, Чарнагорыі, Сербіі, Грэцыі. Праз сайт «Подзвіг народа» знайшла ў Браціславе магілу, дзе пахаваны мой прадзед, які пайшоў на фронт у першыя дні Вялікай Айчыннай і лічыўся без вестак прапаўшым. Ужо пабывала там, вельмі палюбіла Славакію: абавязкова пастараюся туды яшчэ вярнуцца.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота дадзена Нацыянальным Акадэмічным драматычным тэатрам імя М. Горкага

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.