Вы тут

Скульптуры Сяргея Аганава прадстаўлены ў выставачнай зале імя Андрэя Бембеля


Жывы дух у застылай матэрыі ўмеюць выявіць скульптары. Праца гэта асабліва адказная, калі тэмы твораў звязаныя з гісторыяй: каб вобразы герояў мінулага прыцягвалі ўвагу нашых сучаснікаў і выклікалі цікавасць да тых падзей, што мелі дачыненне да фарміравання нацыі. А скульптар Сяргей Аганаў увасобіў сапраўдных волатаў беларускай гісторыі і легендарных асоб як Вялікі князь Гедымін, Давід Гарадзенскі, Настасся Слуцкая… Знаходзяцца гэтыя скульптуры там, дзе яны і павінны быць, — у старажытных гарадах Беларусі Лідзе, Гродна, Слуцку. Гэтым праца скульптараў адрозніваецца ад творчасці іншых мастакоў: працы, калі яны запатрабаваныя, як правіла, маюць прывязку да месца — і гэта выдатна! І пры гэтым скульптары, як і іншыя мастакі, маюць права на персанальную выставу абы было адпаведнае памяшканне. І вось жа ёсць зала Андрэя Бембеля ў будынку Беларускага саюза мастакоў (на вуліцы Якуба Коласа, 29а) — якраз пад такія выставы. Легендарны скульптар, народны мастак БССР Андрэй Бембель быў у свой час старшынёй саюза мастакоў у нашай рэспубліцы, і адна з залаў у будынку творчай арганізацыі нездарма носіць яго імя. Да таго ж у ёй можна пабачыць унікальныя экспазіцыі.


Ад 7 лютага тут чакаюць на сустрэчы вобразы, увасобленыя скульптурам Сяргеем Аганавым. Гэты адзін з тых творцаў, творы якога гледачы маглі бачыць на самых розных выстаўках — ад яго персанальных да вялікіх супольных. Тое, што ён умее і любіць рабіць, — справа таленту, працавітасці, творчых пошукаў і аўтарскіх знаходак. Але плюс выхаванне і прыклад бацькі скульптара Льва Аганава. Не дзіва, што ў сем’ях творцаў часта ствараюцца дынастыі, бо калі бачыш і ведаеш, што, як і з чаго нараджаецца і нясе вобраз, то складана не паспрабаваць гэта зрабіць самому. А Леў Аганаў ствараў скульптуры з розных матэрыялаў, і не толькі звязаныя з рэчаіснасцю, а ўмеў натхніць фантазіяй. І Сяргей Аганаў прыняў гэты творчы агеньчык, ствараючы вобразы, якія часам здаюцца нерэальнымі казачнымі персанажамі, але ў той жа час паходзяць з нашай далёкай мінуўшчыны — а яна вабіць не толькі цудоўнымі гісторыямі ды захапляльнымі інтрыгамі. Так, калі шпацыруеш па цэнтры Мінска, то сутыкнуўшыся са скульптурай Войта, што стварыў Сяргей Аганаў, уяўляеш Сярэднявечча, калі беларускія гарады атрымалі штуршок для развіцця дзякуючы Магдэбурскаму праву. Але былі ў нашай гісторыі і духоўныя подзвігі, у гонар якіх узведзены храм Усіх Святых, да стварэння брамы якога прыклалі руку скульптары Сяргей Аганаў і Андрэй Хацяноўскі. Насамрэч у Беларусі шмат мясцін, якія пазначаны скульптурамі ці памятнымі знакамі. Як іх увасобіць, праз які матэрыял і тэхніку, — гэта справа прафесіяналізму, які закладваўся таксама праз навучанне ў выдатных майстроў, якое Сяргей Аганаў прайшоў у мастацкім вучылішчы імя Глебава і на скульптурным аддзяленні Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Выстаўка Сяргея Аганава ў зале Андрэя Бембеля — гэта той варыянт, калі прыйшоўшы паглядзець на скульптуры, можна даць волю і ўласнай фантазіі. А для большай відавочнасці некаторыя манументальныя працы прадстаўлены праз фота — дзеля паўнаты ўяўлення пра творчасць іх аўтара.

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.