Вы тут

Пасля вайны Любаншчына не далічылася адной вёскі. Астатнія — адрадзіліся


Па ўдакладненых звестках Генеральнай пракуратуры, у гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Любанскага раёна акупанты і іх памагатыя знішчылі 72 населеныя пункты. 27 вёсак згарэлі поўнасцю. Не адрадзіўся толькі Савалуцк. Аднак любанскай Хатынню населены пункт не назавеш — у вогнішчы, якое пераўтварыла вёску ў суцэльнае папялішча, не загінуў ні адзін чалавек.


Помнік «Смуткуючая маці» ў Любані.

У нейкай ступені жыхарам Любаншчыны, калі можна так сказаць, пашанцавала. Тут няма ні сваіх Борак, ні Алы, ні Дальвы... Такога, каб людзей масава заганялі ў хаты і зажыва палілі, на шчасце, не было. Аднак магло быць, калі б не партызаны. Практычна аб усіх карных акцыях фашыстаў народныя мсціўцы, якіх у партызанскім краі было багата, папярэджвалі мясцовых жыхароў. Тыя, у сваю чаргу, партызанам давяралі і своечасова сыходзілі ў лес. Калі ў вёскі прыходзілі немцы і іх памагатыя, а адбывалася гэта на працягу ўсёй вайны, то людзей у хатах, як правіла, не было. У вёсках заставаліся або старыя, або хворыя... Распраўляліся тады з тымі, хто ёсць. Хат, небагатай маёмасці людзей, якую яны нажывалі гадамі, вядома, не шкадавалі.

Выявіўшы вёскі пустымі, карнікі знаходзілі іншыя спосабы, як расправіцца з людзьмі. У прыватнасці, арганізавалі гета, дзе ў адзін дзень — 4 снежня 1941 года — пазбавілі жыцця 770 чалавек. Па апошніх звестках, за гады акупацыі ў Любанскім раёне нацыстамі было забіта і закатавана каля 3700 мірных грамадзян, звыш 1800 жыхароў вывезлі на прымусовыя работы ў Германію.

«Вогненныя» кропкі на карце

Як гітлераўцы здзекаваліся з мясцовых жыхароў у гады вайны, распавядае адна з экспазіцый Любанскага музея народнай славы. Супрацоўнікі музея стварылі карту спаленых вёсак раёна. Удакладнялі «вогненныя» кропкі на ёй і па звестках Нацыянальнага архіва, і па ўспамінах сведак карных акцый гітлераўцаў. Карта сведчыць: у гады акупацыі гарэлі ледзь ці не ўсе населеныя пункты Любаншчыны. Некаторыя — і не адзін раз.

— Як правіла, населеныя пункты знішчаліся падчас карных аперацый супраць мірнага насельніцтва партызанскай зоны, — адзначае дырэктар Любанскага музея народнай славы Наталля Сіняк. — Не ўлічваючы тых баёў, якія вяліся на нашай тэрыторыі пастаянна, на Любаншчыне былі праведзены тры карныя аперацыі. Усе — вясной: у 1942-м, 1943-м і 1944-м гадах.

Дакументальная выстаўка пра генацыд насельніцтва Любанскага раёна  ў 1941—1944 гадах разгорнута ў сярэдняй школе № 1 раённага цэнтра.

У Любанскім музеі народнай славы. З матэрыяламі пра спаленыя вёскі знаёміць  старшы навуковы супрацоўнік музея Антаніна Сіманава.

Аб злачынствах фашыстаў, якія здзяйсняліся на любанскай зямлі з сумнай перыядычнасцю, сведчаць рэдкія фотаздымкі. У той час, як некаторыя музеі ў іншых рэгіёнах краіны могуць пахваліцца багатым фотаархівам на тэму генацыду, у Любанскім музеі народнай славы падчас стварэння экспазіцыі абапіраліся ў асноўным на ўспаміны відавочцаў. Дырэктар музея заўважае, што на практычную адсутнасць ілюстрацыйнага матэрыялу хутчэй за ўсё паўплываў той факт, што свайго фотаатэлье ў Любані не было — ні да вайны, ні, зразумела, падчас акупацыі. Як высветлілася, нават карнікі не фатаграфавалі свае злачынныя дзеянні на тэрыторыі раёна — такую выснову дазваляюць рабіць пошукі фотадоказаў у многіх архівах краіны і не толькі.

Невялікая колькасць фотаздымкаў, якія сведчаць аб генацыдзе ў адносінах да мірнага насельніцтва на Любаншчыне, датуецца толькі 1943 годам. «У параўнанні з 1942 годам Любанскі раён практычна поўнасцю кантраляваўся партызанамі, — удакладняе Наталля Сіняк. — Сюды і самалёты прыляталі, і фатографы прыязджалі, і кінафільмы паказвалі, і школы працавалі — адным словам, было абсалютна іншае жыццё».

Урокі памяці

Музейная выстаўка, якая распавядае аб генацыдзе на Любаншчыне, падарожнічае па раёне. Яна ўжо пабывала і ў навучальных установах, і на прадпрыемствах. Нямногія, нават сярод дарослых людзей, ведаюць усю праўду аб тых падзеях і ўсведамляюць маштаб трагедыі, якая напаткала любанскую зямлю ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Таму людзі ўдзячныя, што цяпер у іх з'явілася магчымасць, нават не сыходзячы са свайго працоўнага месца, больш падрабязна азнаёміцца з трагічнай старонкай гісторыі Любанскага раёна.

Гэтымі днямі экспазіцыя прадстаўлена для навучэнцаў сярэдняй школы № 1 Любані. З такой нагоды ў школе праводзяцца тэматычныя ўрокі, на якіх супрацоўнік Любанскага музея народнай славы расказвае дзецям аб тым, якімі подзвігамі і трагедыямі жыў раён у гады нямецка-фашысцкай акупацыі.

— Кожны павінен дасканала ведаць сваю гісторыю: той, хто не ведае гісторыі, не мае будучыні, — заўважае дырэктар сярэдняй школы № 1 Любані Сяргей Шапель. — Я гэта ведаю з уласнага жыцця. Бацька мне расказваў пра пачатак вайны, пра тое, з якой радасцю яны сустракалі пасля Перамогу. На вачах слёзы выступалі, калі ён распавядаў пра сваё дзяцінства. Пачынаючы з 4 класа, калі дзеці ўжо цікавяцца гісторыяй, знаёмяцца з ёй ужо больш асэнсавана, яны павінны ведаць не толькі ключавыя даты, а і гісторыю свайго роднага краю. Я звярнуўся да кіраўніцтва музея і папрасіў тут, на месцы, арганізаваць сустрэчы, на якіх дзеці не з вуснаў настаўніка гісторыі, а супрацоўніка музея могуць пачуць, што сапраўды адбывалася на тэрыторыі Любанскага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Пасля такіх урокаў памяці школьнікі падыходзяць да экспазіцыі па генацыдзе і спрабуюць адшукаць на ёй знаёмыя назвы. За адну з іх міжволі чапляюцца і вочы дырэктара. Серадзібар. Дата знішчэння — красавік 1944 года. Пасля вайны вёска стала называцца Канстанцінаўкай.

«Гэта вёска майго бацькі, — звяртае ўвагу Сяргей Шапель. — Як сведчыць назва, знаходзілася яна сярод лесу. Людзі жылі мірна, але гэта не ўратавала вёску. Маці родам з суседняй вёскі Кузьмічы, якую таксама часткова спалілі акупанты. Мама мая тады была яшчэ немаўлём. На шчасце, змагла ўцалець. Чаго не скажаш аб яе двух родных братах. Колькі ні езджу, дагэтуль не магу знайсці месца іх пахавання. Ведаю, што за сувязь з партызанамі дзядзькі былі забітыя фашыстамі ў раёне вёскі Малыя Гарадзяцічы».

Савалуцкая груша

У самым пачатку вайны на Любаншчыне былі спалены вёскі Чабусы (згарэла 208 хат) і Камуна (210 хат пераўтварыліся ў попел).

Кніга «Памяць» Любанскага раёна. З успамінаў жыхаркі в. Камуна А. Шыкуновай (Адзярыхі):

«Акупанты паказалі свой звярыны твар з першых дзён з'яўлення ў Камуне, назва якой асацыіравалася, відаць, з самым ненавісным для іх словам «камунізм». У пачатку ліпеня гітлераўцы прыехалі з Любані на некалькіх машынах у нашу вёску. Пачалі з гвалту і рабаўніцтва. Забіралі з хат самае каштоўнае і патрэбнае, выганялі з хлявоў жывёлу. Тое, што не маглі забраць і вывезці, аблілі бензінам і падпалілі. Запалілі і асобныя хаты. Ворагі ўжо ад'язджалі, калі здарылася нечаканае: з хмызнякоў нехта кінуў у калону машын гранату. Гітлераўцы раз'юшыліся, вярнуліся, сагналі з вёскі жыхароў у будынак МТС і збіраліся ўсіх знішчыць. На шчасце, у Камуне яшчэ з часоў мінулай вайны было некалькі сем'яў немцаў, якія ведалі родную мову. Яны здолелі пераканаць фашысцкае начальства, што рабіць злачынства нельга. Над людзьмі злітаваліся, але вёску спалілі амаль поўнасцю, ацалела толькі некалькі хат наводшыбе каля лесу».

Падчас першай карнай аперацыі пад кодавай назвай «Бамберг», якая пачалася ў сакавіку 1942 года, супраць партызан і мірных жыхароў былі накіраваны тры пяхотныя і адзін артылерыйскі палкі, два асобныя батальёны паліцыі, кавалерыйскі эскадрон і авіяэскадрылля. У першы дзень наступлення карнікі расстралялі і павесілі каля 300 чалавек, спалілі Савалуцк, Ямінск, Палічнае.

Лідзія Бабко і Кацярына Вялічка ведаюць пра трагічныя падзеі  часоў мінулай вайны ад сваіх бацькоў і старэйшых сваякоў.

Савалуцк — адзіная з вогненных вёсак Любаншчыны, якая пасля вайны не адрадзілася. Трагедыя здарылася тут у маі 1942 года. У суседняй вёсцы Азярное знаходзіўся штаб 258-й партызанскай брыгады. Партызаны папярэдзілі жыхароў лясной вёскі аб чарговай карнай аперацыі немцаў. Людзі пакінулі свае хаты, пайшлі ў лес, схаваліся ў куранях, якія самі ж дагэтуль змайстравалі. А вось выратаваць вёску не змаглі — усе 13 хат згарэлі ў агні.

— Жыхары Савалуцка, якія перажылі вайну, перасяліліся ў суседнія вёскі, дзе засталося па некалькі хат, — расказвае настаўнік грамадазнаўства Сароцкай сярэдняй школы Любанскага раёна, краязнаўца Анатоль Вялічка. — Аднаўляць сваю вёску не хапіла сілы. Ды і не было каму. Хто ў асноўным застаўся? Жанчыны ды дзеці. Нягледзячы на тое, што тут ужо даўно не жывуць людзі, сцежка сюды не зарастае. Да памятнага знака — гэта адзінае, што нагадвае аб тым, што некалі тут была вёска, — з экскурсіяй, а таксама ў рамках памятных мерапрыемстваў прыязджаюць як дзеці, так і дарослыя.

Анатоль Вялічка каля мемарыяльнага каменя ў памяць спаленай вёсцы Савалуцк.

Гэта стала магчымым дзякуючы ганароваму грамадзяніну Любанскага раёна, найбольш яркаму прадстаўніку беларускай лясной навукі Аляксандру Мацвейку, які разам з мясцовымі ўладамі вырашыў увекавечыць памяць сваёй вёскі. Памятны знак быў адкрыты падчас мітынгу 2 ліпеня 2005 года. З гэтай нагоды Анатоль Вялічка напісаў верш:

У нашым Любанскім краі

Савалуцк бы Хатынь.

Яе вогненных вёсак

Я ў вайну напаткаў.

Сярод хат тых згарэлых

Камень памяці стаў.

Яшчэ адным напамінам аб тым, што некалі тут, сярод лесу, жылі людзі, выхоўвалі дзяцей, з'яўляецца невялікая груша-дзічка, якая расце каля памятнага знака. Дрэва — сведка трагедыі вёскі. Нягледзячы на пажар, які разгарэўся тут вясной 1942 года, яно выжыла. Аб тым, як напакутаваліся ў вайну жыхары вёскі, сведчыць сухая палова дрэва. Аднак, нягледзячы на ўсе выпрабаванні, жыццё людзей, хоць і не ў Савалуцку, але працягнулася — гэта сімвалізуе другая палова грушы, якая кожнай вясной зелянее і квітнее. А побач з дрэвам маладняк расце. Так і ў жыцці атрымалася: у людзей, якія павінны былі загінуць, з'явіліся нашчадкі.

Пад покрывам лесу

У жніўні 1942 года з мэтай ачысткі раёна дзеяння партызан Акцябрска-Любанскай зоны былі спалены вёскі Верачагошч і Рэдкавічы (са 151 хаты ўцалелі толькі дзевяць). У верасні 1942 года гітлераўцы часткова знішчылі вёску Мардзвілавічы.

Кніга «Памяць» Любанскага раёна. З успамінаў Марыі Шаплыкі (жыхаркі вёскі Сарачы), да вайны жыла ў Рэдкавічах:

«Наша хата стаяла наводшыбе, была абсаджана кустамі. Партызаны заўсёды нам перадавалі, калі едуць карнікі, а мы папярэджвалі ўсіх вяскоўцаў. Звычайна я, старэйшая — мне было ўжо шэсць гадоў, — бегла да найбліжэйшай хаты. Людзі хуценька збіралі клункі з самым неабходным — і ў лес. Напярэдадні вайны маці нарадзіла хлопчыка, з-за яго аднавяскоўцы ніколі не бралі нас з сабой: маўляў, будзе крычаць, усіх выдасць. Бацька быў у партызанах, мама адна з трыма малымі вымушана была хавацца. Аднойчы мы начавалі ў нейкай канаве, было цёмна, холадна, пад нагамі хлюпала гразь. Страшна: калыхне вецер куст — здаецца, немцы ідуць. Маленькі плача... Мама ўзяла хусцінку і заткнула яму рот. Так і сядзелі, пакуль не развіднела. Кожны раз, вярнуўшыся ў вёску, мы не далічваліся адной ці дзвюх хат. Спачатку фашысты палілі пабудовы, што стаялі на ўскраіне, а ў 1942-м ператварылі ў попел амаль усе Рэдкавічы. Згарэла і наша хата разам з усім скарбам. Суседка дала нам такую-сякую вопратку, і мы падаліся ў Верачагошч, дзе жылі родзічы. Але хутка немцы дабраліся і сюды. Жыхары вымушаны былі перасяліцца ў лес. Амаль год туліліся ў зямлянках, па некалькі сем'яў у кожнай».

Мірныя жыхары, якіх партызаны папярэджвалі аб карных аперацыях гітлераўцаў, наспех пакідалі свае хаты. Людзі ўжо прызвычаіліся пастаянна жыць у трывозе і гатоўнасці па першым сігнале хавацца ў лесе. «У мяне заўсёды стаялі напагатове калёсы, — успамінаў жыхар вёскі Старасек І. Дайнека. — Як толькі аб'яўлялі трывогу, я адразу запрагаў каня, браў самае неабходнае — адзенне, прадукты і з усёй сям'ёй спяшаўся ў лес, дзе ў самых глухіх месцах загадзя былі падрыхтаваны сховішчы. Так, у трывозе і страху вандравалі ўсю вайну...»

У карнай аперацыі «Русалка», якая праводзілася супраць партызан і мірнага насельніцтва Любанскага і іншых раёнаў вясной 1943 года, былі задзейнічаны каля 20 ахоўных батальёнаў, авіяцыя, дапаможныя сілы паліцыі, нават падраздзяленні вермахта. У барацьбе з партызанамі істотных поспехаў нацысты не дабіліся, таму вырашылі пераключыцца на мірных жыхароў. Карнікі 25-га ахоўнага батальёна расстралялі 695 бязвінных людзей: жанчын, старых і дзяцей. Больш як тысяча маладых людзей была схоплена і вывезена на прымусовыя работы ў Германію. Падчас аперацыі нацысты знішчылі вёскі Пагной, Дворышча, Малыя Гарадзяцічы, Прыклінец, Абоз. Часткова былі спалены Вялікія Гарадзяцічы і Дварэц.

Трагедыя ў Дварцы

Жыхары ваеннага Дварца (тады населены пункт называўся Шостая брыгада) дагэтуль жывуць у сваёй вёсцы. Летась Ніна і Аляксандр Ахрамейкі адсвяткавалі 60-годдзе сумеснага жыцця. Калі карнікі палілі вёску, Ніна Раманаўна была яшчэ малая — гадкоў пяць усяго. Аляксандру Маркавічу на момант трагедыі было дзевяць, таму вайну, калі і хацеў бы забыць, не можа...

Яго бацька памёр да вайны. Маці адна выхоўвала шасцярых дзяцей: у сям'і раслі пяцёра хлопцаў і адна дзяўчына. Жыццё і так было няпростае. Калі ж пачалася вайна, стала яшчэ цяжэй: галоўных карміцеляў, двух старэйшых сыноў, забралі на фронт.

— Партызаны знаходзіліся ў кожнага на кватэры, жылі яны і ў нас, — успамінае Аляксандр Маркавіч. — Вядома, хто ж хацеў чужых людзей прымаць у хату? Але хочаш — не хочаш, а трэба. Аднойчы ўсім жыхарам вёскі было сказана пакідаць хаты і хавацца ў лесе. Так усе і зрабілі. Там пабудавалі зямлянкі. І мы, дзеці, з мамай (я быў самы малодшы) пабудавалі прыстанішча з галін і хвойных лапак. Так і жылі некаторы час, пакуль на тыф не захварэў брат Фёдар. Ён быў вельмі добрым шаўцом: у свае 14-15 гадоў рамантаваў партызанам адзенне, абутак.

Маці разам з хворым сынам вымушана была вярнуцца ў вёску — у хаце ўсё ж цяплей. З імі пайшоў і Саша. Пераначавалі толькі ноч. «На наступны дзень — зноў трывога, трэба было ўцякаць у лес, а брату стала яшчэ горш: Федзя ўжо не мог ісці, — расказвае сведка тых падзей. — Мы з мамай пайшлі шукаць каня, каб завесці хворага брата ў лес. Каня знайшлі хутка, а запрэгчы яго ў павозку ў мамы не атрымалася. Я яшчэ гэтага не ўмеў. Пайшлі шукаць дапамогу. Сустрэлі мужчыну з суседняй вёскі. Ён запрог каня, і мы паехалі да сваёй хаты. Калі пад'язджалі, убачылі, што па вёсцы ў белых халатах ланцужком ідуць немцы. Я сказаў маме, што трэба ўцякаць. Каня прывязалі на ўскрайку вёскі і сышлі глыбока ў лес. Доўга сядзелі, а пад вечар вярнуліся ў вёску і хутчэй пайшлі ў сваю хату».

У хаце Анатоля Вялічкі захоўваецца шмат памятных здымкаў родных, якія ведаюць пра трагічныя падзеі на Любаншчыне ў гады фашысцкай акупацыі.

Тое, што яны там убачылі, Аляксандр Маркавіч дагэтуль не можа забыць. На падлозе ляжаў мёртвы Фёдар. Фашысты закалолі яго штыком. Маці сама пахавала сына.

Вёску спалілі пазней. На шчасце, жыхары знаходзіліся ў лесе. Своечасова пакінулі падпольную рэдакцыю, якая некаторы час размяшчалася ў хаце Марфы Мігун, і супрацоўнікі газет «Звязда» і «Чырвоная змена» — выхад выданняў у Дварцы быў адноўлены ў студзені 1943 года.

Людзі вярнуліся з лесу на папялішча. Усе хаты, а іх у вёсцы налічвалася каля 30, былі спалены. «Засталася адна недабудаваная, якую ўзводзіў сабе мой старэйшы брат Піліп, — заўважае Аляксандр Маркавіч. — На ёй не было даху, стаяў толькі зруб, вось ён і ацалеў. Пасля вайны хату дабудавалі, там і жылі».

Не ўсе жыхары Дварца вярнуліся на папялішчы. Трагічны лёс напаткаў сям'ю Марыі Ахрамейкі. У той час, як навокал лютавалі карнікі, разам з дочкамі (дзве дарослыя і адна падлетак) жанчына жыла ў курані, які пабудавалі ў лесе. Калі пачалася аблава на партызан, небяспечна было заставацца нават там. Аднак гаспадыня прыняла рашэнне не ўцякаць: адна з яе дачок таксама захварэла на тыф.

— Бабуля не магла пакінуць хворую дачку, таму засталася, — расказвае яе ўнучка Кацярына Вялічка. — Разам з ёй у курані яшчэ былі дзве дачкі і ўнучка. Партызаны папярэджвалі іх, каб уцякалі: казалі, што карнікі могуць прыйсці і сюды. Бабуля сказала, што ніхто нікуды не пойдзе: маўляла, што будзе адной, тое будзе і ўсім.

Немцы не пашкадавалі нікога. Забілі яшчэ і ненароджанае дзіця — адна з дачок Марыі Ахрамейкі была цяжарная. «Калі ўсё сціхла, мая мама-партызанка пайшла паглядзець, што ў іх у курані робіцца, — працягвае Кацярына Вялічка. — І цётка яе, і сёстры, і пляменніца былі нежывыя. Адна Вольга, стрыечная сястра, падавала прыкметы жыцця. Яе параніла ў жывот, але куля, відаць, разрыўная была — Вольга была яшчэ жывая. Абвязала яе рану белай прасцінай, якую знайшла ў хаце, паставіла побач шклянку з вадой, а сама кінулася на ўцёкі — карнікі прачэсвалі лес».

На другі дзень разам з сябрам сям'ю пахаваў бацька Кацярыны Вялічкі. Сярод загінулых былі яго жонка і дачка. У адну магілу паклалі яшчэ жанчыну з дзяўчынкай, якім таксама не пашчасціла выратавацца. Гэтую брацкую магілу, якая знаходзіцца ў лесе, даглядае сям'я Кацярыны Данілаўны. Гэта іх асабістая ініцыятыва, маральны абавязак перад тымі, хто не дажыў да Перамогі. У гонар загінулых жонкі, дачкі і цешчы бацька Кацярыны Вялічкі назваў сваіх дачок, якія нарадзіліся ў другім шлюбе.

«Пах гарэлага чалавечага мяса трымаўся ў паветры»

Напярэдадні апошняй буйной карнай аперацыі фашыстаў на Любаншчыне «Марабу», мэтай якой было знішчэнне партызанскіх злучэнняў, якія дзейнічалі ў тыле ворага, нацысты спалілі вёску Фёдараўка. Трагедыя адбылася тут у лютым 1944 года. Як і ў многіх выпадках, партызаны загадзя папярэдзілі мясцовых жыхароў аб тым, што трэба пакінуць вёску. Адны паверылі і сышлі ў лес. Другія разлічвалі, што іх не крануць: маўляў, сваяк служыць у паліцыі. Фашысты не пашкадавалі нават іх. У Фёдараўцы загінулі некалькі сем'яў — усяго 14 чалавек.

У гэты сумны спіс пашчасціла не трапіць Мікалаю Мазаніку. Яшчэ ў пачатку студзеня партызаны паведамілі, што ў бок вёскі ідзе карны атрад. Разам з многімі яго сям'я збегла ў лес.

«Прыйшоўшы на месца, карнікі спалілі вёску, выбралі найлепшы тутэйшы дом, загналі ў яго ўсіх астатніх жыхароў і падпалілі, — успамінаў Мікалай Мазанік. — Немец стаў у дзвярах, з аўтамата страляў па людзях. Калі дом моцна загарэўся, немец зачыніў дзверы і пайшоў. Пажылому мужчыну па прозвішчы Коўган куля трапіла прама ў жывот. Мужчына быў у поўнай прытомнасці. Ён папрасіў: «Анета, ты можаш хадзіць. Вылазь праз акно — дом гарыць. І раскажы, як мы гінем». На наступны дзень я захацеў прайсці і паглядзець на тое, што нарабілі ў Фёдараўцы фашысты. Вёска яшчэ дымілася, дагаралі драўляныя падмуркі хат. Ляжалі спаленыя людзі, чарапы іхнія абгарэлыя былі белымі, як снег. Карціна была страшная. Такое я бачыў упершыню. Колькі тады мне было? Дванаццаць-трынаццаць гадоў. Пах пажару, пах гарэлага чалавечага мяса трымаўся ў паветры два-тры дні. Ды і потым часам гэты пах адчуваўся. Пасля я пайшоў на хутар. На хутары быў адзін згарэлы чалавек. Хто ён такі — я не ведаю. Пасля сабраліся аднавяскоўцы, сваякі, сабралі абгарэлыя астанкі людзей і пахавалі ў агульнай магіле на могілках...»

Некаторыя вёскі гарэлі ледзь не кожны год. І адраджаліся — як птушкі Фенікс. Не далічылася Любаншчына пасля вайны толькі аднаго населенага пункта. Аднак памяць аб Савалуцку жыве і будзе жыць: пакуль там, на могілках спаленай вёскі, цвіце груша-дзічка, пакуль нашчадкі народа-пераможцы ідуць да памятнага знака, пратоптваючы сярод ляснога зарасніку сцяжынку.

Вераніка КАНЮТА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА


Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 131 ад 31 сакавіка 2022 года.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?