Вы тут

Апошняя мяжа. Каму прысвечаны мемарыял у лясах Аўгустоўскай пушчы


За кіламетр ад вёскі Доргунь, што стаіць каля самай дзяржаўнай граніцы на Гродзеншчыне, нечакана трапляе на вочы невялікі ўказальнік: «Помнік абаронцам дзяржаўнай граніцы». Побач высіцца драўляны крыж і пачынаецца даволі шырокая, нібы палас, дарожка, якая вядзе ў лес. Раптам збоку з'яўляецца помнік, а праз метраў сто — падмурак былой пабудовы са звонам у цэнтры. На гранітнай пліце — надпіс: «У гэтым месцы 22 чэрвеня 1941 года з 4 гадзін раніцы змагалася з фашыстамі 4-я пагранічная застава Аўгустоўскага пагранічнага атрада...»


Будавалі хутка

Застава будавалася перад самым пачаткам вайны, у лесе, непадалёку ад Аўгустоўскага канала. Адразу за ёй, праз нейтральную паласу, пачыналася граніца з Польшчай. Застава будавалася спешна. Мясцовы жыхар Іван Змітровіч, якому тады было 15 гадоў, добра запомніў інжынера Корнева, які жыў у іх на кватэры і ўсе дакументы і чарцяжы захоўваў у сейфе. Месцічы бачылі, як вазілі лес і складалі галоўны будынак заставы, а таксама дом для сем'яў афіцэраў. Тут жылі жанчыны і дзеці. Яшчэ на заставе былі памяшканні для коней і пагранічных сабак.

Колькасць асабовага складу дакладна не ўстаноўлена. Лічыцца, што тут было каля 40 чалавек. Начальнікам заставы прызначылі вопытнага 33-гадовага Феадосія Кірычэнку, які да гэтага меў 10-гадовы стаж пагранічнай службы. Менавіта такі выбар прафесіі прывёў яго, ураджэнца Запарожскай вобласці, сюды, у Аўгустоўскі лес.

Заходняя Беларусь толькі што аб'ядналася з Усходняй, і ў лесе яшчэ верхаводзілі бандыты. За разгром адной з банд Кірычэнка атрымаў імянную зброю ад наркама ўнутраных спраў СССР.

Умацаваць граніцу

Вясной 1940 года на новай граніцы пачынаецца будаўніцтва Гродзенскага ўзмоцненага раёна пад нумарам 68. Гэту лінію доўгатэрміновай абароны неафіцыйна назавуць «лініяй Молатава» з-за «пакта Молатава — Рыбентропа». Будаўнічыя работы кантралюе генерал Дзмітрый Карбышаў. Некалькі разоў ён наведвае заставу Кірычэнкі і нават застаецца начаваць. А самога начальніка заставы за ўдзел у будаўніцтве інжынерных сетак доўгачасовых агнявых пунктаў (дотаў) узнагароджваюць імянным наручным гадзіннікам.

— «Лінія Молатава» — умоўная назва. У 1939 годзе граніца перамясцілася на 300 кіламетраў на захад, разам з тым было відавочна, што вайны з Германіяй не пазбегнуць, таму новую тэрыторыю неабходна было ўмацаваць. Планавалася ўстанавіць уздоўж яе 600 дотаў, больш за 200 прыходзілася на ўчастак Аўгустоўскага пагранатрада. Менавіта гэтыя доты на беларуска-польскай граніцы павінны былі спыніць ворага ў выпадку нападзення, — расказаў загадчык кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных дысцыплін ГрДУ імя Я. Купалы Сяргей Піваварчык. — Паралельна сюды сталі накіроўвацца войскі са старой граніцы. Штаб будаўніцтва знаходзіўся ў Гродне. Планавалася завяршыць работы ў 1943 годзе.

Згодна з інфармацыяй, якая пасля вайны збіралася ў відавочцаў тых падзей, немцы, якія ў гэты час акупіравалі Польшчу і стаялі каля самай граніцы з СССР, нават цыгарэты прапаноўвалі пагранічным нарадам па гэты бок. Было відаць, як яны падвозяць снарады да сваіх дотаў, знімаюць з гармат чахлы. Нямецкія самалёты раз-пораз парушалі граніцу і ляталі зусім нізка. Адкрываць агонь па ім было забаронена, каб не справакаваць канфлікт. У той час сюды ўжо закідваліся нямецкія дыверсійныя групы, а на сумежнай тэрыторыі з'явіліся буйныя механізаваныя падраздзяленні. Між тым эвакуіраваць сем'і пагранічнікам не дазвалялася. Маўляў, гэта можа насцярожыць немцаў.

Як ваявала застава

Ёсць звесткі, што ўжо ў 1 гадзіну 40 хвілін 22 чэрвеня 1941 года нямецкія разведчыкі пачалі перастрэлку, у ходзе якой загінулі шэсць пагранічнікаў. У гэты момант начальнік заставы Кірычэнка адпраўляе чырвонаармейца Палтаўскага з данясеннем у камендатуру, якая знаходзілася ў найбліжэйшым пасёлку Сапоцкін. Той сядае на каня і мчыць праз лес кіламетраў дзесяць. Па адной з версій, ён вярнуўся, калі на заставе яшчэ ішоў бой, каб паведаміць, што дапамогі не будзе, бо Сапоцкін гарыць. Іншыя крыніцы, ды і сам Палтаўскі пазней скажуць, што, калі вярнуўся, на заставе нікога не засталося. Ён адзіны, хто выжыў. Пазней далучыцца да дзеючай Чырвонай Арміі і працягне ваяваць.

...А пакуль Палтаўскі выконвае даручэнне начальніка, застава спрабуе стрымаць атаку немцаў. Кулямётчык Громаў чэргамі адбівае наступленне ворага. Фашысты пачынаюць з артылерыйскага абстрэлу, потым адпраўляюць лёгкія танкі з чорнымі крыжамі на вежах. Кірычэнка аддае загад: «Памром, але з заставы не сыдзем!».

На пачатку пятай атакі ў жывых застаецца дзевяць байцоў. Маўчыць кулямёт Громава, куля трапіла яму ў грудзі. Напрыканцы атакі толькі камандзір і два байцы трымаюць абарону. Немцы пачынаюць мінамётны агонь. Успыхваюць канюшня і драўляныя пабудовы. Кірычэнка адпраўляе двух байцоў з кулямётам на гарышча, а сам закідвае фашыстаў гранатамі. Дзясяткі ворагаў застаюцца на полі бою. Раптам за камандзірам выбухае міна, асколак якой прабівае фуражку. Замаўкае апошні кулямёт...

Камандзір загінуў з канём

Мясцовы краязнаўца, загадчык Сапоцкінскага школьнага музея Андрэй Янулевіч, расказаў, што школьнікі збіралі ўспаміны мясцовых жыхароў аб тых падзеях. Месцічы прызналіся, што хавалі пагранічнікаў там, дзе тыя загінулі. Дзе смерць напаткала — на полі альбо ў лесе, — там і хавалі. Каго разам, каго паасобку. Казалі, што жанчын і дзяцей сярод загінулых не было, напэўна, змаглі пакінуць заставу перад абстрэлам.

Захаваўся аповед пра тое, што Кірычэнка загінуў разам з канём, і яго так з ім і пахавалі. Магчыма, ён, цяжка паранены, імчаўся ў бок вёскі, калі конь упаў ад выбуху. Потым, калі астанкі пераносілі ў брацкую магілу ў Сапоцкін, косці каня аддзялілі.

У 1965 годзе сюды, у Сапоцкін, звозілі астанкі знойдзеных у наваколлі пагранічнікаў і чырвонаармейцаў, месцы пахаванняў якіх паказалі мясцовыя жыхары. На брацкай магіле стаіць помнік — воін. На гранітных плітах — каля тысячы прозвішчаў тых, хто загінуў у гэтых мясцінах. Магчыма, яшчэ нямала стыхійных магіл часоў вайны засталося на гэтай зямлі. Перыядычна сюды прыязджае віцебскі пошукавы атрад, і кожны раз яго ўдзельнікі падымаюць байцоў. Вядзецца работа па вызначэнні іх прозвішчаў.

Каханне і развітанне

На месца гібелі камандзіра ў 1990-я гады прыязджалі яго сёстры з Запарожжа. Па ўспамінах мясцовых жыхароў, яны вельмі плакалі, але больш гэтыя мясціны не наведвалі. Не прыязджала сюды і жонка Кірычэнкі. Мая калега, журналістка з Гродна, гадоў дваццаць таму адшукала яе ў Мінску. Ад яе даведалася, што Канстанціну, так звалі жонку, з месячнай дачкой на руках пры першых выбухах муж адправіў у вёску. Пакінуўшы заставу, маладая жанчына знайшла прытулак у мясцовай сядзібе, дзе жылі некалькі сем'яў.

...З Феадосіем яна пазнаёмілася ў Капыльскім раёне. Маладую настаўніцу накіравалі на працу ў сельскую школу. Непадалёку ад пасёлка стаялі пагранічнікі, тут да 1939 года праходзіла граніца, якая раздзяляла Заходнюю і Усходнюю Беларусь. Феадосій проста на вуліцы падышоў да дзяўчыны і ў ходзе гутаркі прызнаўся, што яму параілі ажаніцца з ёй. Маўляў, сціплая, ні з кім не гуляе. Канстанціне Фёдар (так ён сябе назваў) таксама спадабаўся. Вясёлы, жартуе, з ім было лёгка. Так і пажаніліся. А пасля ўладкавання новай граніцы пераехалі на гэту самую заставу пад Гродна. У маі 1941 года ў іх нарадзілася дачка Люда. Малады бацька нарадавацца ёй не мог. Канстанціне таксама падабалася жыццё на заставе: новы дом, чысціня, парадак, ежа гатовая.

А напярэдадні нямецкага ўварвання ёй прысніўся сон, быццам мужа забілі, а дачка моцна плача. Расказала сон мужу, але ён адмахнуўся: маўляў, ніхто мяне не заб'е. А праз некалькі хвілін пачуліся выбухі, у пакой зайшоў Фёдар і скамандаваў бегчы з дачкой у вёску. Развітаўшыся, даў загад заставе: «У ружжо!»

Жанчына з дзіцем на руках пабегла ў першую ад лесу доўгую хату, былы панскі дом. Тут і засталася. Ніхто з мясцовых яе не выдаў. Сама полька, Канстанціна мела добрыя адносіны з мясцовым насельніцтвам. Падчас акупацыі перажыла яшчэ адно гора — у выніку хваробы страціла дачку.

Пасля вайны жанчына вярнулася да бацькоў у Заслаўе. Тут выйшла замуж за настаўніка, ветэрана вайны. Але гродзенскую зямлю і тую заставу, дзе перажыла страты дарагіх ёй людзей, так і не здолела наведаць.

Трымаліся да апошняга

Кажуць, што сюды напачатку 1950-х гадоў прыязджаў той самы Палтаўскі, які выжыў, бо падчас абстрэлу скакаў на кані з данясеннем у Сапоцкін. Пабываў ён і на месцы былой заставы. На той час там было зарослае поле, рэшткі акопаў і бліндажа. Доўгі час стаяў паблізу падбіты нямецкі танк. Ніякіх знакаў увекавечвання пагранічнікаў тады не было. Меліся прычыны.

Пасля вайны ўспамінаць перыяд яе пачатку не хацелася. Асабліва падзеі, якія датычацца абаронцаў дзяржаўнай граніцы. Маўляў, яны не стрымалі ворага. Немцы менш чым за тыдзень былі ўжо ў Мінску.

У сваю чаргу, ёсць успаміны аб першым дне вайны начальніка Аўгустоўскага пагранатрада Гурыя Здорнага. Сапраўды, сілы ў пагранічнікаў былі немалыя. У склад атрада ўваходзіла больш за дзве тысячы чалавек. Разам з імі абарону на граніцы з Германіяй трымалі яшчэ два пагранічныя атрады. Гэта дадаткова некалькі тысяч. Але яны апынуліся сам-насам з ворагам, без падтрымкі арміі, без сувязі, амаль без зброі. Згодна са спецыфікай сваёй службы, пагранічнікі павінны ўтрымліваць мяжу паўгадзіны, пакуль падыдзе рэгулярная армія. 22 чэрвеня 1941 года яны палову сутак адбівалі атакі ворага. Пакуль амаль усе не паляглі.

— Застава Кірычэнкі трымалася даўжэй за іншых, хоць была самая невялікая, — расказвае краязнаўца Андрэй Янулевіч. — Яны стрымлівалі ворага больш за 10 гадзін, пры гэтым мелі на ўзбраенні толькі кулямёт Максіма, тры кулямёты Дзегцярова і каля сарака вінтовак сістэмы Мосіна. У кожнага байца — па чатыры ручныя гранаты. Такі камплект разлічаны да гадзіны інтэнсіўнага бою, потым павінны былі падысці асноўныя сілы, якія б дапамаглі пагранічнікам трымаць абарону. Але тым ранкам дапамога не прыйшла.

Адноўлены мемарыял

У 1956 годзе Гродзенскі гарвыканкам прыняў рашэнне аб устаноўцы помніка на месцы загінулай заставы. Вясной 2006 года тут пачаліся маштабныя работы па стварэнні мемарыяльнага комплексу. Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік Гродзенскай пагранічнай групы Надзея Масевіч, работы працягваліся некалькі гадоў. Сродкі на рэканструкцыю паступілі з абласнога бюджэту, Дзяржаўнага пагранкамітэта, былі ахвяраванні асабовага складу групы.

— Пачалі з пошуку. Трэба было даведацца, як выглядала застава. Дапамог мясцовы жыхар, у якога захаваўся стары фотаздымак. Такім чынам удалося ўстанавіць, дзе знаходзіўся адміністрацыйны будынак. Пачаліся даволі працаёмкія работы па раскопцы падмурка. Жыхары расказалі, што будынак, складзены з трывалага бруса, практычна не быў пашкоджаны, але немцы разабралі яго дзеля будаўнічага матэрыялу. Цяпер на гэтым месцы стылізаваны падмурак з элементамі былых памяшканняў, у тым ліку печ з дымаходам. У цэнтры былога будынка — звон, які ўстаноўлены на пастамент, а ўнізе — гранітная дошка з імёнамі загінулых байцоў. Тут пазначаны 19 прозвішчаў, бо, на жаль, не ўсе ўстаноўлены і па сёння, — з горыччу распавяла Надзея Масевіч.

Удалося аднавіць і бліндаж. Пазней з'явіліся акопы і супрацьтанкавыя «вожыкі» — яны перадаюць атмасферу таго часу.

Праз два гады работы на мемарыяльным комплексе завяршылі. З'явіліся шырокія дарожкі, уздоўж якіх пасадзілі туі. З другога боку ўстаноўлены інсталяцыі ў выглядзе бетонных зорак з фрагментамі баёў. Тут заўсёды сочаць за парадкам. Пастаянна вядзецца санітарная ачыстка лесу. Штогод праводзяцца суботнікі.

— Работы па добраўпарадкаванні вядуцца не толькі на гэтым комплексе, — запэўніла Надзея Масевіч. — На ўчастку адказнасці Гродзенскай пагранічнай групы, а гэта звыш 300 кіламетраў, знаходзіцца больш чым 50 знакавых месцаў, звязаных з гераічнымі падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, і не толькі.

У склад турыстычнага маршруту

Імя Феадосія Кірычэнкі носіць пагранічная застава «Польныя Багатыры». Тут устаноўлены бюст камандзіра, адсюль пагранічныя нарады атрымліваюць загад на ахову дзяржаўнай граніцы. Гераічны пагранічнік навечна занесены ў спіс асабовага складу заставы.

Доўгі час было мала вядома пра баі ў Аўгустоўскім лесе. Храналогію тых падзей збіралі па крупінках, дзякуючы ўспамінам мясцовых жыхароў. Падобны лёс у суседніх застаў, якімі камандавалі Віктар Усаў і Аляксандр Сівачоў. Па 10—12 гадзін трымалі яны абарону цаной свайго жыцця. Толькі пасля гібелі ўсіх пагранічнікаў вораг мог рушыць далей. На кожнай з гэтых застаў стаяць помнікі з імёнамі загінулых байцоў.

— Тут на граніцы стаялі не толькі пагранічнікі — былі рэгулярныя часці, будаўнічыя, інжынерныя батальёны. Але не ўсе ў поўнай ступені ўзброены. У маі 1941-га сюды перакінулі 56-ю і 27-ю стралковыя дывізіі, якія занялі пазіцыю 68-га Гродзенскага ўзмоцненага раёна. Самі доты занялі кулямётна-артылерыйскія гарнізоны, — удакладняе Андрэй Янулевіч.

Уладкаванне так званай «Лініі Молатава» было не завершана. Тым не менш заходняя граніца ў лясах Аўгустоўскай пушчы стаяла да апошняга жывога пагранічніка. Брацкімі магіламі сталі для многіх доты. Пад вёскай Доргунь, каля былой заставы Кірычэнкі, ёсць доты з мемарыяльнымі дошкамі. Некаторыя агнявыя пункты маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Да памятных месцаў прыязджаюць студэнты і школьнікі — кладуць кветкі і запальваюць лампадкі.

Доўгі час тэрыторыя ўваходзіла ў пагранічную зону, таму наведаць гэтыя мясціны мог не кожны. Цяпер усе абмежаванні зняты. Мемарыяльны комплекс у Доргуні, як і некаторыя доты, уключаны ў турыстычныя маршруты па Аўгустоўскім канале.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота Гродзенскай пагранічнай групы, Сапоцкінскага школьнага музея і Сяргея Піваварчыка

Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 131 ад 31 сакавіка 2022 года.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.