Вы тут

Ладдзя перамогі над роспаччу


Галоўная культурная падзея апошняга студзеньскага дня аказалася надзвычай гарачай — паводле прыёму, які зладзілі гледачы Белдзяржфілармоніі аўтарам і выканаўцам музычнага твора «Ладдзя Роспачы». Прэм'еру анансавалі як сусветную, таму што твор упершыню ў свеце прагучаў са сцэны ў Мінску. Але і па сутнасці яно так: «Ладдзя Роспачы» вартая шырокай увагі, і няхай увесь свет пачуе і ўсвядоміць: чалавек можа кінуць выклік самым змрочным падзеям, як герой здолеў кінуць выклік Смерці. Толькі не трэба дзівіцца назве, усё правільна: цуд Уладзіміра Караткевіча для беларускай культуры ў тым, што яго аповесці ўсё яшчэ даюць глебу для роздуму іншым творцам. Нездарма ў рэпертуары Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі цяпер дзве оперы паводле Караткевіча — «Сівая легенда» Дзмітрыя Смольскага і «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Солтана. І пасля былі задумы ў беларускіх кампазітараў працягу ўвасаблення сюжэтаў Караткевіча на сцэне. А вось Сяргею Бельцюкову ўдалося зрабіць так, каб «Ладдзя Роспачы» набыла музычнае гучанне. Праўда, праз паэтычны падмурак Леаніда Дранько-Майсюка, які фактычна стаў лібрэта. І ў гэтым таксама дзіва, бо чытальнік і выканаўцы партый галоўных герояў даносілі з вялікай сцэны беларускае паэтычнае слова — і авацыі ў гэты вечар належалі і яму. Разам з бліскучай музыкай — беларускай па сутнасці (Сяргей Бельцюкоў, дарэчы, зямляк Караткевіча, родам з Аршаншчыны). У зале — суладдзе, сугучнасць, супадзенне (па эмоцыях дакладна) самых розных людзей: ад захопленых музыкай слухачоў філармоніі да прадстаўнікоў музычнай супольнасці. З думкай пра тое, што беларуская культура — цуд, бо здольная сілкаваць сваёй жыццёвай сілай і несці надзеі, — мы размаўлялі з аўтарамі оперы, якія не думалі пра сенсацыю, а проста рабілі сваю справу, як яны ўмеюць: годна, таленавіта і адказна, як таго вымагаў абраны матэрыял.


— «Ладдзя Роспачы» — мой самы любімы твор Уладзіміра Караткевіча. З першага прачытання мяне зачаравала шчаслівая бесклапотнасць Гервасія Вылівахі, рагачоўскага рыцара. Гэты чалавек умее жыць весела, ніколі не бянтэжыцца. Можа выкінуць неверагодны жарт, не абыходзіцца без фортэляў. У любой складанай сітуацыі заўсёды знаходзіць выйсце. Нікога і нічога не баіцца, здатны на тое, каб выйграць шахматную партыю ў Смерці. Ён шукаў смерць і застаўся жывы, — адзначае паэт Леанід Дранько-Майсюк. — Недзе ў годзе 2016-м я сустрэўся з нашым знакамітым дырыжорам Міхасём Казінцом. Ён быў не толькі багаты творца, але і вельмі цікавы суразмоўца, таму што быў багаты жыццём. Мы загаварылі пра Караткевіча. Ён прызнаўся, што «Ладдзя Роспачы» — гэта яго любімы твор. Я сказаў, што для мяне «Ладдзя Роспачы» гучыць як оперная музыка. І раптам ён задаў нечаканае пытанне: ці мог бы я напісаць лібрэта? Я адказаў, што лібрэта, напэўна, напісаць не змагу — жанр не зусім мой. Але паэму скласці магу. Пасля таго ў мяне паэма паводле аповесці Караткевіча «Ладдзя Роспачы» склалася з 14 карцін і атрымала назву «Рагачоўскі рыцар». У свой час я прачытаў яе Міхасю Казінцу. Ён адзначыў, што гэта сапраўды літаратурны твор, і трэба думаць, як яго ажывіць у музыцы. Прайшоў час, не стала Міхася Казінца. Паэма заставалася проста літаратурным творам да таго, як пра яго даведаўся кампазітар Сяргей Бельцюкоў.

Насамрэч да таго паэт і кампазітар супрацоўнічалі. Яны аўтары гімна Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Леанід Дранько-Майсюк запрашаў Сяргея Бельцюкова на прэзентацыю сваёй кніжкі «Скарб», якая адбылася ў межах Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі. Некаторыя вершы з гэтай кнігі натхнілі кампазітара на напісанне рамансаў. А восенню 2021 года Сяргей Бельцюкоў запрасіў паэта ў малую залу імя Шырмы Белдзяржфілармоніі на аўтарскі канцэрт. Там сярод іншых твораў прагучалі рамансы на вершы Леаніда Дранько-Майсюка. Пасля была прапанова напісаць разам яшчэ нешта. І паэт даслаў паэму «Рагачоўскі рыцар». Яна спадабалася Сяргею Бельцюкову, ён стаў працаваць, а недзе праз пару месяцаў паведаміў, што піша оперу — бо ёсць драматычныя хады і можна яе ўспрымаць як лібрэта.

— Музыка мне спадабалася. Цудоўныя галасы. Але асабліва ўзрадавала, што прагучала паэзія — чытальнікам выступіў Валерый Анісенка. Бо часам здараецца так, што цудоўнае знікае ў цудоўным: калі мы слухаем оперу, то не заўсёды прыслухоўваемся да слоў, магчыма, гэта спецыфіка жанру. А мне хочацца, каб беларускае слова гучала выразна са сцэны. Падчас канцэртнага выканання нашага сумеснага твора гэта адбылося. Самае галоўнае, што нас аб'яднаў Караткевіч. Гэта той пісьменнік, які дагэтуль уплывае на развіццё беларускага мастацтва наогул: на наша кіно, на жывапіс і графіку, на скульптуру, на айчынную музыку, тэатр, у тым ліку на оперу і балет. Караткевіч — творча багаты, цікавы сюжэтна, так што я ўпэўнены: будуць з'яўляцца асобы, якія па-новаму прачытаюць Караткевіча і напішуць свае творы. Я ўспамінаю свае сустрэчы з ім у 1982—1983 гадах — мы часта кантактавалі тады. Але я не думаў, што нашы сустрэчы адбудуцца на такім узроўні, калі яго цікавая проза вырасце ў маю паэзію. Так проста гэта не бывае. У гэтым ці вялікае натхненне, ці творчае шчасце, — прызнаецца Леанід Васільевіч. — У чым вечнасць гэтага твора Караткевіча? Ён надзённы, сучасны. У тым, што цяперашнім беларусам, каб адчуваць сябе шчаслівымі, трэба вучыцца ў Гервасія Вылівахі. Бо вера ў радасць, вера ў здаровы смех заўсёды дапамагае разгубленаму чалавеку знайсці сваю пэўную дарогу. Нам бракуе веры ў здаровы смех. А ў Караткевіча гэта ёсць. І ў нашай прасторы неабходная вясёлая мудрасць пісьменніка, яго жаданне ў кепскім знаходзіць добрае. У гэтым наша нацыянальная светлагляднасць паводле Караткевіча.

Падобна, такое ж адчуванне ў гледачоў, якія праявілі неверагодную цікавасць да прэм'еры канцэртнага выканання оперы — аншлаг у зале, квіткі былі раскуплены загадзя. У гэтым адказ скептыкам наконт цікавасці да беларускіх музычных твораў — каб толькі іх гралі. Але мэта і мара кампазітара — каб твор прагучаў як мінімум неаднойчы, бо закладзеная Караткевічам ідэя і яго сюжэт таго вартыя.

— Да творчасці Уладзіміра Караткевіча я звяртаюся з пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Тады ўжо хацеў напісаць балет «Дзікае паляванне Караля Стаха», але ў той жа час да пастаноўкі ў тэатры планавалася опера Уладзіміра Солтана, і мне прыйшлося гэтую работу прыпыніць. А ў 2009 годзе да мяне звярнуўся Уладзімір Байдаў, кіраўнік ансамбля «Класік-авангард», з просьбай напісаць твор да юбілею Уладзіміра Караткевіча. Тады я напісаў «Вандроўкі» па казках Уладзіміра Караткевіча для чытальніка і ансамбля, якія мелі добрыя водгукі. Я быў натхнёны зваротам да твораў Уладзіміра Караткевіча і пачаў працаваць над операй супольна з Навумам Гальпяровічам, які быў аўтарам лібрэта. Разам мы стварылі оперу-фэнтэзі «Лятучы галандзец» паводле аднаго з апавяданняў Уладзіміра Караткевіча для Дзяржаўнага музычнага тэатра, але пастаноўка не адбылася з шэрагу прычын. А калі працаваў з кінарэжысёрам Вячаславам Нікіфаравым падчас здымак стужкі «Тум-Пабі-Дум», то ён распавёў, што хацеў бы зрабіць фільм «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Тады зноў узнікла думка пра оперу — праца над ёй у мяне пачалася, працягваецца і цяпер. Але год таму Леанід Дранько-Майсюк даслаў паэму «Рагачоўскі рыцар». Прачытаўшы яе, я нечакана для сябе пачуў усю оперу і нават уявіў, як яна магла б увасобіцца на сцэне — ува мне нібыта здарыўся выбух. І пачалася работа над творам «Ладдзя Роспачы», — згадвае Сяргей Бельцюкоў.

Напэўна, цяжка ўявіць, што кампазітар, якому ніхто нічога не замаўляў, атрымаўшы паэму, сядае і пачынае пісаць оперу. Прычым робіць гэта вельмі хутка. Потым звяртаецца ў вядучы калектыў — Дзяржаўную харавую капэлу Рэспублікі Беларусь імя Р. Шырмы, паказвае клавір галоўнаму дырыжору Вользе Янум, а яна гатовая ўзяць твор у работу. Далей кампазітар сам робіць аркестроўку, паказвае яе мастацкаму кіраўніку і галоўнаму дырыжору Дзяржаўнага камернага аркестра Беларусі, заслужанаму артысту Расіі Яўгену Бушкову, а той літаральна на наступны дзень кажа, што гатовы гэта выканаць. Як у казцы!.. А потым пачынаецца праца, далучаюцца салісты нацыянальнай оперы. На прэм'еры тры галоўныя партыі спявалі Таццяна Траццяк, Крысціна Нікалаева-Рудкевіч, Віктар Мендзелеў...

— І вось мы выйшлі на сцэну. Дадзены варыянт я пазіцыянаваў як канцэртную версію оперы для хору, салістаў, чытальніка і сімфанічнага аркестра. Хор — фактычна пэўная дзеючая асоба, ён шмат апавядае і ўсё прайграе эмацыянальна. Але ў сцэнічнай версіі, якую мы таксама робім, усё будзе вырашацца па-іншаму. Там замест чытальніка з'явяцца іншыя ролі — лібрэта ствараецца двухактовае, з іншым падыходам, паводле якога можа быць зроблена сцэнічнае ўвасабленне з пэўнымі касцюмамі і дэкарацыямі, работай над вобразамі. Цяпер мы прадставілі канцэртны варыянт, каб было зразумела, як усё вырашана ў гукавым ключы, — падсумоўвае Сяргей Пятровіч. — Лічу, што гэта перамога перш за ўсё творчасці Уладзіміра Караткевіча, які стварыў такі яркі твор, як «Ладдзя Роспачы», што можа натхніць кампазітара...

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.