Вы тут

Васіль Ткачоў — выдатны беларускі драматург, публіцыст і гумарыст


Хутка ляціць час — несупынны, незваротны. І падуладны толькі чалавечай памяці. Менавіта чалавек можа віртуальна спыніць яго, успомніць патрэбных людзей, да драбніц узнавіць тыя альбо іншыя падзеі даўніны, калі мае да іх непасрэднае дачыненне.


Напярэдадні гадавіны з дня адыходу ў лепшы свет выдатнага беларускага пісьменніка, драматурга, публіцыста і гумарыста Васіля Ткачова я таксама ўспомніў гэтага творцу, незабыўны чорны дзень 13 лютага 2022 года. Тады ранкам мне патэлефанаваў старшыня Быхаўскага раённага Савета дэпутутаў Вячаслаў Сідарэнка, паведаміў жахлівую вестку пра сябра, з якім многія гады падтрымліваў творчыя стасункі, і адразу спытаў: «Ці паедзеш на пахаванне?» Мой адказ, на вялікі жаль, быў адмоўны. Якраз у тыя дні мяне моцна трымаў у сваіх кіпцюрах ковід, не збівалася высокая тэмпература, і я амаль не ўставаў з ложка.

Хавалі ж Васіля Юр’евіча не ў Гомелі, дзе ён жыў, тварыў, а на могілках вёскі Іскань Быхаўскага раёна Магілёўшчыны, у якой прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады слыннага літаратара. Тут знайшлі апошні прытулак і яго бацькі, простыя сельскія настаўнікі, побач з імі пахавалі сына. Не ў вёсцы Гута суседняга Рагачоўскага раёна, дзе нарадзіўся, а ў нашай Іскані. Было ж знакамітаму творцу 74 гады. На пахаванне, казалі потым, прыйшла ўся вёска, прыехалі чыноўнікі ды пісьменнікі з Гомеля, Рагачова. Нікога не было толькі з Быхава. Я яшчэ тады ў гэтым моцна засумняваўся, але ўсе сумневы развеяла жонка нябожчыка — Валянціна, калі ёй патэлефанаваў.

З Васілём Юр’евічам мая першая сустрэча адбылася ў рэдакцыі Быхаўскай раённай газеты «Маяк Прыдняпроўя» ў другой палове сямідзясятых гадоў мінулага стагодзя, калі ён пасля заканчэння Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча Савецкай Арміі і Ваенна-марскога флоту ўжо служыў у армейскай газеце Туркестанскай ваеннай акругі, адкуль прыехаў да бацькоў у адпачынак. Завейным зімовым днём завітаў і да нас. Калегі сустрэлі зграбнага старшага лейтэнанта Ткачова вельмі цёпла, а ён у кабінеце рэдактара Георгія Барысава расказваў нам пра сваё нялёгкае, але насычанае падзеямі вайсковае жыццё, цікавіўся навінамі нашага калектыву. Ведаў жа ўсіх, бо яшчэ ў школныя гады друкаваўся ў раёнцы, а недзе ў 1975-м пабачыла свет яго першая кніжка апавяданняў для дзяцей «Хітры Данік». Забягаючы наперад, скажу: з-пад пяра гэтага творцы выйшла 28 кніг для дзяцей і дарослых, 70 п’ес, якія ставіліся не толькі ў беларускіх тэатрах, але і ў шэрагу іншых краін, асабліва на постсавецкай прасторы.

Жыццю і шматграннай творчасці Васіля Ткачова я прысвяціў ладны артыкул «Клічуць родныя сцяжынкі», які затым уключыў у сваю кнігу «Вяртанне», што выйшла з друку ў 2013 годзе, акурат напярэдадні Дня беларускага пісьменства, які на пачатку верасня ладзіўся ў Быхаве. Сюды з абласной пісьменніцкай дэлегацыяй горада на Слжы прыязджаў і Васіль Юр’евіч. Падчас той сустрэчы, нягледзячы на святочныя клопаты, мы ўсё ж знайшлі крыху часу, каб пагутарыць ды прыгадаць Васілёву творчую вечарыну ў сакавіку 2012 года. Яна праходзіла тады ў Доме культуры мікрараёна Быхаў-1. Раней гэта быў Дом афіцэраў славутай Чырванасцяжнай 57-й марской ракетаноснай авіяцыйнай дывізіі, якая пасля распаду Савецкага Саюза пера­базіравалася на Далёкі Усход Расійскай Федэрацыі. Дык вось у глядзельнай зале названай установы культуры не было дзе яблыку ўпасці. Гледачы не толькі ўважліва слухалі Васіля Ткачова, яго былога класнага кіраўніка Галіну Шульга з Ісканскай васьмігадовай школы, намесніка дырэктара Абідавіцкай сярэдняй школы Наталлю Сычову, старшыню райкама прафсаюзаў работнікаў культуры Наталлю Абросімаву, мяне, галоўнага рэдактара мясцовай раённай газеты, але і дружна рагаталі, калі ім чыталі некаторыя гумарэскі з кніжак «Карасі на пяску», «Смех на прызбе».

Між іншым, гэтак жа надзвычай прыязна, весела праходзіла юбілейная сустрэча Васіля Ткачова з нагоды яго 65-годдзя ў Доме культуры аграгарадка Хатоўня на Рагачоўшчыне, у які да землякоў ён завітаў разам з вядомым беларускім творцам Уладзімірам Гаўрыловічам, старшынёю Гомельскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, слынным пісьменнікам-гумарыстам Міхасём Сліваю (Кавалёвым) з Рагачова. Кавалёў, дарэчы, некалі таксама працаваў карэспандэнтам у Быхаўскай раёнцы, таму мы з ім вельмі добра знаёмыя. Нават зараз памятаю, як закончыў на тамаш­няй сцэне сваё кароткае выступленне вершам, у якім былі радкі:

…І тады ўбачыць поўня

З недасяжнай вышыні,

Як рагоча ўся Хатоўня

У вячэрняй цішыні.

Некалькі незабыўных творчых сустрэч з чытачамі, гледачамі правёў пісьменнік і ў сувязі са сваім 70-годдзем з дня нараджэння. Адна з іх ладзілася ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры, куды ён хацеў узяць па дарозе з Гомеля ў Магілёў і мяне, пра што зараней патэлефанаваў. Забраніраваў нават месца ў аўтобусе. На вялікі жаль, паехаць з ім не атрымалася, аб чым вельмі шкадую па сёння.

Пасля таго, як не стала дарагога нам Васіля Юр’евіча, па-ранейшаму падтрымліваю творчыя і сяброўскія стасункі з Міхасём Слівам. Ён у лютым мінулага года з-за хваробы таксама не трапіў на пахаванне. Затое праз чатыры месяцы даслаў мне надзвычай актуальную, хвалюючую публікацыю з фотаздымкам у рагачоўскай раённай газеце «Свабоднае слова». Там паведамлялася, што на тэрыторыі Журавіцкага сельсавета знаходзіцца 16 помнікаў воінам Савецкай Арміі, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. Таму ў апошні дзень мая на грамадзянскіх могілках вёскі Гута адбылося ўрачыстае адкрыццё яшчэ аднаго мемарыяла, але ўжо землякамаднавяскоўцам, жыццё якіх абарвалася ў страшныя дні ваеннага ліхалецця. Ініцыятарам такой добрай справы стаў выдатны беларускі пісьменнік Васіль Ткачоў. Ён паспеў зрабіць усё неабходнае, каб пакінуць нашчадкам успамін аб тых людзях, якія калісьці жылі побач з яго бацькамі. Да Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы Гута налічвалася 104 двары — 12 з іх знішчылі нямецка-фашысцкія акупанты. У баях з ворагамі загінулі 32 чалавекі, 15 — прапалі без вестак. У Год гістарычнай памяці, на журавіцкай зямлі з’явілася мемарыяльная пліта з высечанымі на камені паўсотнямі прозвішчаў, імёнаў людзей, якія не вярнулася з фронту, загінулі ў роднай вёсцы падчас нацысцкага тэрору.

На адкрыццё помніка сабраліся мясцовыя жыхары, школьнікі, родныя і знаёмыя пісьменніка. Старшыня Журавіцкага сельвыканкама Таццяна Драздова выказала шчырую падзяку жонцы і дзецям Васіля Юр’евіча за тое, што яны не толькі падтрымалі добрую справу роднага чалавека, але і разам з неабыякавымі людзьмі давялі яе да лагічнага завяршэння. А Міхась Кавалёў зазначыў, што Васіль Ткачоў паклапаціўся аб земляках, як цяпер модна казаць, крэатыўна: іх мову, рысы характару і асаблівасці паводзін увасобіў у героях многіх сваіх твораў, а ў памяць аб тых, хто не вярнуўся з вайны, вырашыў устанавіць мемарыял. І гэта зроблена!

Старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч паведаміў вяскоўцам, што на доме, у якім жыў Васіль Ткачоў, плануецца размясціць адпаведную мемарыяльную дошку, упершыню прайшоў на Гомельшчыне творчы конкурс імя Васіля Ткачова сярод гумарыстаў. Было б цудоўна, выказаў пажаданне прамоўца, каб у літаратурным спаборніцтве, якое плануецца праводзіць штогод, абавязкова бралі ўдзел юныя літаратары — землякі пісьменніка, які пайшоў з жыцця.

Ад сябе з гэтай нагоды дадам: будзе справядліва і лагічна, калі неўзабаве ў горадзе Рагачове адну з вуліц назавуць імем Ганаровага грамадзяніна Рагачоўскага раёна Васіля Ткачова, а ў Быхаўскім раёне яго імя прысвояць бібліятэцы ў аграгарадку Абідавічы, паколькі ў вёсцы Іскань бібліятэкі ўжо няма.

На прыклад тут далёка хадзіць не трэба. Да Дня беларускага пісьменства 2013 года Быхаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы прысвоілі імя знакамітага беларускага вучонага, журналіста і пісьменніка Барыса Стральцова. Больш за тое, з левага боку на ўваходзе ў раённы цэнтр культуры, дзе месціцца бібліятэка, замацавалі і ўрачыста адкрылі мемарыяльную дошку з адпаведным надпісам і барэльефам нашага слыннага земляка з вёскі Хутар.

Васіль Юр’евіч вельмі любіў родную Беларусь, свой народ і землякоў, да якіх часта прыязджаў. У гэтым чарговы раз глыбока пераканаўся, калі ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» за 2 ліпеня 2010 года ўбачыў надрукаваны ліст да мяне пад загалоўкам «Светла ад тваіх герояў». Ён настолькі пранікнёна, пяшчотна ўспамінаў у ім сваіх былых аднавяскоўцаў — франтавіка Васіля Шурмялёва, калгасніка Івана Чутнікава, франтавікоў-журналістаў раёнай газеты «Маяк Прыдняпроўя» Георгія Барысава — сябра цудоўнага паэта Аляксея Пысіна, Іосіфа Варановіча, Ілью Дрыганта, былога стралка-радыста, які са сваім экіпажам лятаў бамбіць Берлін, Фёдара Крываногава, іншых знаёмых яму людзей і герояў нарысаў маёй кнігі «Урокі мужнасці», што я і зараз хваляваўся, калі чытаў той шчыры ліст з высноваю: «Добрую кнігу ты напісаў, Мікола. Дзякуй. Я зноў пабываў на любай сэрцу Быхаўшчыне, сустрэўся з тымі людзьмі, якіх, на вялікі жаль, ужо няма сярод нас.

Сустрэўся дзякуючы табе. І мне было светла ад тваіх герояў».

Светла і мне, дарагі Васіль Юр’евіч, ад такіх прыязных, шчырых радкоў, ад усведамлення таго, што іх можна смела аднесці да станоўчых герояў тваіх кніг і да цябе самога — патрыёта, годнага сына беларускага народа.

Мікола ЛЕЎЧАНКА

Фота з сайта СПБ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.