Вы тут

Валянціна Быстрымовіч. «Крэатыўныя зубрылкі»


Вясна ўступіла ў свае правы ўжо ў красавіку і набірала абароты. Бярозы зазелянелi ліпкай і яшчэ зусім маленькай лістотай, адхоны чыгункі і наша гара пакрыліся залацістым дываном дзьмухаўцоў. Усё ажывае і радуецца, птушачкі ціўкаюць, а мы ў клопатах: заканчэнне навучальнага года, падрыхтоўка да іспытаў. Восьмы класс як нiяк. 


Фота: pixabay.com

Але вясной ёсць яшчэ адна важная рэч: вясной самы прыгожы загар — залацісты. У чэрвені ўжо такога не будзе, будзе цёмны. Не выглядаць жа нам белымі паганкамі ў пачатку лета з-за экзаменаў! Мы заняліся пошукам аптымальнага рашэння, як сумясціць гэтыя дзве справы.

Каб дасягнуць мэты — яе трэба спачатку абазначыць. І мы вызначылі сваю мэту так: напісалі плакаты «Даеш экзамен!» і павесілі ў сваіх пакоях. Узялі падручнік і адправіліся загараць на дах нашай веранды. Веранда з боку саду, а, значыць, мы не на вачах у суседзяў.

У канцы красавіка яшчэ недастаткова цёпла, але на даху веранды сонца награвае чорны руберойд. Але ветрык халодны з палёў з-за чыгункі. Мы настойліва загаралі, сінеючы ад холаду, і рыхтаваліся да іспыту на даху. Затое ні мух, ні камароў.

Пісалі формулы і доказы тэарэм на руберойдзе крэйдай. Спачатку я, поўзаючы па даху, чарціла і даказвала тэарэму, а потым мая сяброўка Галка. Крэйда дрэнна пісала на руберойдзе, але мы вучыліся і загаралі. Заклала нас баба Маня, яна спытала ў мамы: «А што гэта ў вас дзеўкі на даху на кукішках поўзаюць у негліжэ? Гэта мода такая, ці што іншае?»

Маму шакавала такая вестка, і яна зладзіла нам допыт з прыхільнасцю. А тата злазіў на дах. Спусціўшыся, ён доўга смяяўся: «Дахавыя Піфагоры ўвесь дах спісалі! За вішні перажываць не варта будзе! Птушкі будуць аблятаць і дах, і гарод!»

Аб нашым крэатыўным метадзе вучобы хутка загаварыў увесь завулак, і мы больш на дах не лазілі, туды была накіравана ўвага суседзяў. І ўсяму віной была пільнасць бабы Мані. Вось ужо цікаўная! Не разумее яна крэатыўнага падыходу да пытання.

У суботу мае бацькі з’ехалі ў вёску, а Галка адпрасілася да мяне начаваць, сказала, што будзем вучыць адказы на экзаменацыйныя пытанні па матэматыцы. У нас была новая ідэя — мы даказвалі тэарэмы — пісалі і чарцілі крэйдай на падлозе.

Падлога ў нас прыгожая, чырвона — карычневая з бляскам. Мы размалявалі яе ва ўсіх пакоях. Пісалі і даказвалі, чарцілі і даказвалі. Потым выціралі анучай і зноў пісалі і даказвалі... амаль да раніцы. Калі прыехалі бацькі, мы спалі: Галка на канапе, а я, не распранаючыся, на ложку. Мама вылупіла вочы: «У нас рамонт прайшоў? Столі бялілі?»

Наша бліскучая падлога сапраўды была, як пасля рамонту. «Як хочаце, але вымывайце падлогу да бляску!» — сказала мама і пайшла ў краму. Мы мылі падлогу, некалькі разоў мянялі ваду, але яна заставалася бялявай, цьмянай і з разводамі. Зайшла баба Маня, даведаўшыся, у чым мы правініліся, параіла дадаць у ваду алею і сышла.

Я збегала на кухню і плюхнула паўбутэлькі алею ў вядро з вадой. Бялявыя разводы зніклі і падлога заблішчала, толькі стала ліпкай. Аказваецца, алею трэба было дадаць ўсяго дзве сталовыя лыжкі на вядро, а не літр на паўвядра.

«Цяпер намыльвайце анучы мылам і вымывайце падлогу па кавалачку, пакуль алей не прысох», — сказала засмучаная мама і стала нам дапамагаць. Мы патрацілі шмат часу на мыццё падлогі, але метад выявіўся дзейсным. Можна сказаць, што мы зрабілі адкрыццё, як удасканаліць памяць. Мы ад кропкі да кропкі запомнілі тэарэмы і формулы, якія даказвалі на падлозе. І экзамен здалі выдатна.

Валянціна БЫСТРЫМОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі. 

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.