Вы тут

Модныя штаны — падабраць на свой густ і стыль. Актуальныя тэндэнцыі


Не за гарамі вясна, а гэта значыць, што прыйшоў час паклапаціцца пра стыльныя акцэнты нашага гардэроба. Асновай моднага жаночага вобраза сёння ўсё часцей становяцца штаны: класічнага ці дзёрзкага фасону, пастэльнага ці яркага колеру, скураныя ці з тканіны. Элемент жаночага адзення настолькі ўніверсальны, што кожная зможа падабраць на свой густ і стыль. Якія ж штаны будуць у трэндзе гэтай вясной? «Алеся» пацікавілася, што раяць насіць дызайнеры модных дамоў.


Адзначым: мода сёння як ніколі дэмакратычная, значную ўвагу надае зручнасці ды камфорту. Адсюль на модных паказах столькі фасонаў шырокіх штаноў, якія не перашкаджаюць рухам, з мяккіх і ўтульных тканін. Але і модніцам, якія палююць на кідкія рэчы, ёсць што выбраць, каб на іх абарочваліся на вуліцы. У старых фасонах з’яўляюцца новыя «разыначкі» , а трэнды з мінулага гучна стукаюцца ў дзверы.

Класіка нон-стоп

Гадоў дваццаць таму ў аддзелах жаночага адзення лідзіравалі штаны «нямаркіх» расфарбовак, менавіта іх мы імкнуліся выбіраць. Сёння стэрэатыпы засталіся ў мінулым, але гэта не значыць, што вы павінны адправіць «у ссылку» на антрэсоль штаны класічнага крою сіняга і чорнага колераў. Зусім наадварот. Па-першае, без іх не абыдзецца ні адна бізнес-лэдзі, збіраючыся на дзелавую сустрэчу. Прамы крой і акцэнтаваныя стрэлкі як бы сігналізуюць навакольным аб стрыманасці і спакойнай упэўненасці ўладальніцы такіх штаноў. Па-другое, такі ўбор ідэальны для любога ўрачыстага мерапрыемства. І доўгатэрміновая інвестыцыя, бо класіка не старэе.

Парада жанчынам элегантнага ўзросту: набывайце базавыя рэчы і не ганіцеся за ўльтрамоднымі навінкамі, якія хутка састарэюць.

Вышэй ці ніжэй стану, вось у чым пытанне

Штаны з завышаным станам упэўнена крочаць па подыўмах. Многіх радуе гэтая тэндэнцыя, бо далёка не ўсім даспадобы яе супрацьлегласць. Зрэшты, мадэлі з нізкай пасадкай таксама ўключаны дызайнерамі ў розныя актуальныя камбінацыі. І ўсё-такі мы апладзіруем завышанай таліі па шматлікіх прычынах: такія штаны візуальна падаўжаюць сілуэт і ногі, хаваюць недахопы фігуры і падыходзяць дамам любога ўзросту. Да таго ж такія штаны лёгка спалучаць і з дзелавым, і з вячэрнім верхам. Выключэнне складаюць, мабыць, толькі штаны з завышаным станам і поясам, але і да гэтай мадэлі без цяжкасцяў падбераце «кампаньёна», ідэальным стане вадалазка. 

«Палаца» — гэта пра Італію

Да радасці дам, шырокія штаны (як і ўпадабаны шматлікімі беларускамі варыянт — штаны палаца) не збіраюцца саступаць сваё лідэрства ў трэндах. Складкі, якія мякка струменяцца, схаваюць недасканаласці фігуры, а ўладальніцам бездакорных формаў нададуць нязмушанасці ды лёгкасці. Камфортнасць — безумоўная перавага такога адзення. Крой можа пашырацца дадолу ці быць прамым, пасадка высокай ці нізкай. Дарэчы, назву «палаца» шырокім штанам прыдумала легендарная Како Шанэль пасля паездкі ў Італію, а папулярнасці ім дадала не менш легендарная Марлен Дзітрых. Укладваючы грошы ў пакупку гэтых штаноў, якія будуць яшчэ доўга ў трэндзе, вы не пралічыцеся. Насіць іх можна з любым абуткам — як спартыўным, так і з высокім абцасам. Што да верху, варыяцыі бясконцыя, модныя дызайнеры рэкамендуюць дапоўніць штаны палаца рэчамі ў стылі «аверсайз».

З вайсковага ўжытку

Як і многія навінкі моднага адзення, штаны карга літаральна ўварваліся ў жаночы гардэроб са стылю «мілітары». Сёння лэдзі з задавальненнем носяць штаны з вялікімі накладнымі кішэнямі на гузіках або на зашпільках-маланках, размешчаных па баках штанін. Вясна — выдатны час для такіх штаноў, бо яны цудоўна будуць глядзецца з кароткай курткай, паўпаліто, паліто-понча, бомберам, трэнчам, худзі, надаючы спартыўнаму стылю асаблівы шык. З утульнасцю як якасцю гэтай мадэлі цяжка паспрачацца. Карга колеру хакі з грубымі чаравікамі — адна з улюбёных камбінацый маладых людзей абодвух полаў. Дамы ж, якім «за», часцей выбіраюць карга чорнага ці карычневага колераў, а з прыходам сапраўднага цяпла — гарчычнага, тэракотавага, бэжавага, белага. І правільна робяць.

Незабытае старое

Засумавалі па эпосе рок-н-ролу і хіпі? Фэшн-індустрыя парадуе вас вяртаннем у трэнды штаноў клёш, прычым чым штаніны даўжэйшыя, тым рэч больш модная. Хочацца параіць дамам не забываць аб асцярожнасці, калі яны выбіраюць мегадоўгія клёшы: у натоўпе вам могуць наступіць на штаніну, і тады цяжка не страціць раўнавагу. Да такіх штаноў падыдуць модныя пінжакі, трэнчы, блэйзеры і практычна любы абутак. Можна сфарміраваць сваё аблічча ў стылі «боха» ці апрануцца ў скураны верх — усё залежыць ад вашай індывідуальнасці.

Яшчэ адно прывітанне, на гэты раз з недалёкага мінулага — штаны-«бананы». Ці падыдуць менавіта вам штаны, мехаватыя на сцёгнах і завужаныя ўнізе? Адкажа толькі люстэрка. Можна меркаваць, што дамам з шырокімі сцёгнамі варта паставіцца да такой мадэлі з доляй крытыцызму. У цэлым жа штаны дастаткова ўніверсальныя, іх лёгка дапоўніць верхам у спартыўным стылі.

Ці агаляць шчыкалатку?

Калі на модны Алімп упэўнена ўварваліся штаны, штаніны якіх літаральна валакуцца па зямлі, то і супрацьлеглая тэндэнцыя, па законах дыялектыкі, жывее ўсіх жывых. Папулярным штанам, якія прыадкрываюць шчыкалатку, не пагражае застацца без прыхільніц. Насіце іх увесну з моднымі бацільёнамі, красоўкамі, чэлсі — калі выбіраеце такую мадэль штаноў, да абутку трэба паставіцца ўважліва. Вузкія скарочаныя штаны сёння носяць і ў офіс, і на рамантычнае спатканне. Але і скарочаныя шырокія штаны (кюлоты) па-ранейшаму ў трэндзе. Яны палюбіліся модніцам усіх узростаў. Сярод прапаноў фэшн-індустрыі на вясну-2023 — кюлоты з разнастайных матэрыялаў, ад звычайнай касцюмнай тканіны да скуры і дэніму.

Ах, гэтыя разрэзы!

Можна з упэўненасцю сказаць, што гэтай вясной штаны з разрэзамі працягнуць сваё трыўмфальнае шэсце па мінскіх вуліцах. Прамыя ці завужаныя штаны, але «разыначка» ў выглядзе разрэзаў на баках або спераду ператварае іх ва ўльтрамодную навінку. Глядзяцца такія штаны арыгінальна (пакуль яшчэ!) і цалкам упісваюцца ў трэнд функцыянальнасці і камфортнасці. Разрэзы могуць быць невялічкія або даволі глыбокія, колеры стрыманыя або яркія. У залежнасці ад гэтага штаны падыходзяць для офіса ці для рамантычнай вечарынкі. 

Ружовы вельвет, каляровая скура

З чаго будуць шыць модныя штаны новага сезона? Акрамя касцюмных тканін, фэшн-індустрыя прапануе скуру, вельвет, трыкатаж. І, вядома, дэнім, куды ж без яго.

Скураныя штаны глядзяцца нязменна стыльна і дадаюць да вобраза лэдзі, якая іх выбірае, нотку дзёрзкасці ды выкліку. Зусім не абавязкова дапаўняць іх чорнай курткай-касухай або скураным жа пінжаком, як гэта робіць бесшабашная моладзь. Калі вам «за», з дапамогай скураных штаноў вы можаце стварыць цалкам элегантны вобраз. Нюанс: гэтай вясной, акрамя класічных чорных, у трэндзе штаны з каляровай скуры (экаскуры), а ўльтрамоднымі будуць мадэлі з лакавай скуры.

Утульна і камфортна ўвесну будзе ў штанах з вельвету, прычым мадэльеры прапануюць такія штаны ў палітры ад далікатных ружовых адценняў да цёмна-сініх. Яшчэ адзін прыемны для цела трэнд — штаны з мяккага, эластычнага трыкатажу.

Што датычыцца джынсаў, іх матэрыял па-за часам і можа дазволіць сабе быць у традыцыйным сінім і блакітным колерах — ахаладжэнне сімпатый прыхільніц яму не пагражае.

Яркія, як сонца

Дарэчы, аб колерах. Забягаючы наперад (да летніх дзён), можна ўпэўнена прарочыць з падачы фэшн-дызайнераў: у трэндзе будуць яркасць і адсутнасць стэрэатыпаў. Актуальныя разнастайныя прынты, у тым ліку з узорамі са свету фаўны і флоры, геаметрыя, шатландскія матывы, клетка, палоска і нават гарох. Фаварыты ў свеце колераў: аранжавы, цытрынава-жоўты, фуксія, фіялетавы, бэжавы, малочны, чырвоны, пясочны, зялёны, блакітны. Калі вам 50+, ніхто не кіне ў вас камень, калі вы надзенеце сонечна-аранжавыя штаны, але падумайце, ці суадносіцца такі ўбор з вашым індывідуальным стылем. А вось штаны ў разнастайных адценнях бэжавага — яшчэ адзін трэнд сезона-2023 — проста мастхэў для вас, яны зоймуць месца ў гардэробе любой дамы і ўпішуцца ў базавую калекцыю без цяжкасцяў.

Агата СЛАВІНА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».