Вы тут

Як жывуць і каго чакаюць у госці жыхары адрэзанай вадой Палянаўкі


«Звязда» працягвае сачыць за развіццём паводкавай сітуацыі на тэрыторыі Веткаўскага раёна Гомельшчыны. Нагадаем, што ў канцы студзеня жыхары пасёлка Палянаўка і найбліжэйшага садовага таварыства з-за падтопленай дарогі аказаліся ізаляванымі. Заложнікамі «вялікай вады» стала звыш двух дзясяткаў вяскоўцаў. Для людзей, якія мусяць дабірацца ў Гомель на працу, у найбліжэйшы аграгарадок Старое Сяло ва ўрачэбную амбулаторыю, у аптэку, школу, краму, была арганізавана лодачная пераправа. Некалькі дзён таму адталую не ў пару пойму зноў скаваў лёд — пераправа на лодках стала немагчымая. Карэспандэнт «Звязды» разам з супрацоўнікамі Веткаўскай выратавальнай станцыі і камандай рэагавання ў надзвычайных сітуацыях Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа па лядовым маршруце адправілася наведаць палянаўскіх «аўстраўлян».


Лядовы кардон

Самаму маленькаму жыхару адрэзанага паводкай садовага таварыства — два гадкі. Вова разам з маці і братам Уладзіславам амаль штодзень у суправаджэнні супрацоўнікаў Таварыства выратавання на водах перасякаюць шлях па лёдзе ад свайго дому да ўскраіны аграгарадка Старое Сяло. Гэта ўжо «вялікая зямля»: можна на транспарце дабрацца да Гомеля. Сям’я Колыхавых зімуе на лецішчы чацвёрты год. Але і без горада ніяк: муж працуе ў абласным цэнтры, некалькі разоў на тыдзень наведвае спецыялізаваную школу старэйшы сын. Выбіраюцца Святлана з хлопчыкамі і час ад часу да доктара ў горад. Цяпер без дапамогі ратавальнікаў не абысціся. Апрануўшы дзяцей і жанчыну ў выратавальныя камізэлькі, спецыялісты Таварыства выратавання на водах праводзяць па лёдзе сям’ю да садовага таварыства.

І для жыхароў лецішча, і для месцічаў пасёлка Палянаўка ўжо другі раз з пачатку паводкі прыйшла гуманітарная дапамога ад Беларускага Чырвонага Крыжа. Валанцёры каманды рэагавання Гомельскай абласной арганізацыі БЧК і супрацоўнікі Веткаўскай выратавальнай станцыі вязуць у пасёлак на санях прадуктовыя наборы. Просьбы аб той ці іншай дапамозе палянаўскія пенсіянеры перадаюць праз ратавальнікаў. Непасрэдна па тэлефоне жыхары пасёлка і садовага таварыства звязваюцца, калі неабходна дабрацца з Палянаўкі. Самастойна і неарганізавана перасякаць гэты без нечага кіламетровы адрэзак замерзлай поймы ратавальнікі катэгарычна забараняюць.

— Лёд на гэтым шырокім падтопленым участку неаднастайны — ёсць месцы з таўшчынёй лёду больш за 10 сантыметраў, а там, дзе плынь, — таўшчыня менш за 10 сантыметраў, што вельмі небяспечна для пераходу нават невялікай групы людзей, — перасцерагае спецыяліст Гомельскай абласной арганізацыі Таварыства выратавання на водах Мікіта Лісоўскі.

Ужо былі выпадкі, калі людзі самі выходзілі на лёд і правальваліся, на шчасце, усё абышлося, кажуць ратавальнікі. Спецыялісты Веткаўскай выратавальнай станцыі Таварыства выратавання на водах абышлі ўсіх жыхароў і з кожным правялі індывідуальную гутарку: пераканалі, што самастойна выходзіць на лёд, асабліва па незацверджаным маршруце, вельмі небяспечна.

Трымацца сцежкі

Абавязкова ўсе, хто выходзіць на лёд, мусяць быць у выратавальных камізэльках, прайсці інструктаж па тэхніцы бяспекі ад ратавальніка. Падчас руху па лёдзе неабходна трымаць дыстанцыю не менш за пяць-сям метраў, каб мінімізаваць нагрузку на пэўных участках. Аранжавы ланцужок фігур людзей добра відаць на белай роўнядзі замёрзлай поймы. Цяпер па лёдзе дарога ў Палянаўку нашмат карацейшая, чым калі была лодачная пераправа. Маршрут падрыхтаваны вельмі грунтоўна.

— Перад пачаткам дзяжурства праводзіцца разведка таўшчыні лёду, увесь маршрут прастукваецца, вымерваюцца самы тоўсты і самы тонкі ўчасткі. Па самым тонкім — таўшчыня лёду не павінна быць менш за 7-9 сантыметраў з разліку да 100 кілаграмаў на аднаго чалавека. Ёсць участкі, дзе таўшчыня лёду і 30 сантыметраў. Маршрут устанаўлівалі 29 студзеня, тады мы на гэтым участку абышлі кожны метр, і выбралі самы бяспечны кірунак для пешай сцежкі. Маршрут зацвердзілі і кожны дзень пераправяраем, — звяртае ўвагу на слупкі-маячкі і стужку ўздоўж сцежкі (тыя месцы дзе самы тонкі лёд) выконваючы абавязкі начальніка Веткаўскай выратавальнай станцыі Таварыства выратавання на водах Сяргей Сілкін.

За дзень дзяжурным яго падраздзялення даводзіцца каля сямі разоў схадзіць у Палянаўку, каб перавесці людзей. Гэта без уліку таго, што ратавальнікам яшчэ трэба самім дабрацца да вёскі, каб прынесці выратавальныя камізэлькі. Пік пераходу — з шасці гадзін раніцы, калі людзям трэба перабрацца на сушу, каб ехаць на працу ў горад. Жыхары Палянаўкі, хваляць ратавальнікі, вельмі дружна і арганізавана падыходзяць да пытання. Збіраюцца па пяць-сем чалавек, каб перайсці за адзін рэйс. Просяць правесці па лёдзе ў магазін па прадукты, у школу, амбулаторыю. Ужо былі просьбы даставіць у пасёлак работнікаў электрасетак, газавай службы. Дзяжураць на маршруце ратавальнікі да дзесяці гадзін вечара. У начны час на экстранныя выклікі рэагуюць ужо спецыялісты МНС.

«Мы — рамантыкі на востраве»

Калі лядовы кардон пераадолены, яшчэ амаль два разы па столькі ж, як па лёдзе, да Палянаўкі дабірацца пешшу ўздоўж поля. Валанцёраў Беларускага Чырвонага Крыжа ўжо чакаюць палянаўскія мужчыны: прыгналі міні-трактар, каб давезці сані з грузам і людзей у пасёлак. Тут іх сустракаюць як добрых знаёмых.

— Кажуць, што бяда гуртуе, а мы і так заўсёды былі дружныя ў вёсцы. Цяпер толькі што часцей бачымся, збіраемся, — перадае настрой аднавяскоўцаў Ала Антоненка. Усе палянаўскія сем’і, а жыве ў пасёлку 21 чалавек, высыпалі на вуліцу сустракаць гасцей.

— Мы — рамантыкі на востраве, — кажа Ала Антоненка. — У мінулыя гады, калі вада прыходзіла вясной, было нармальна. Бо практычна ў кожнай сям’і свае лодкі, таму мужчыны паехалі, прывезлі, што трэба. Не прыходзілася звяртацца, каб столькі сіл дзеля нас задзейнічалі. Мы абавязкова будзем пісаць ліст з падзякай у Таварыства выратавання на водах, будзем прасіць, каб адзначылі службу хлопцаў і асабліва Сяргея Васільевіча Сілкіна, бо ён дапамагае нам вырашыць любую праблему, звонім яму асабіста. Удзячныя мы і старшыні нашага сельскага Савета, які не пакідае нас без увагі, — прашу перадаць ад імя ўсіх жыхароў Палянаўкі.

Палянаўскія «астравіцяне» спадзяюцца на больш спакойную вясновую паводку.

— Думаем, хопіць ужо з нас, чакаем вясны. Я ўжо, калі хадзіла ў аграгарадок, грунт купіла, расаду трэба сеяць, а як жа! А так па прадукты некаторыя ходзяць, я хаджу рабіць уколы ў нашу амбулаторыю, а так без справы імкнёмся не хадзіць, вядома, каб не моцна трывожыць хлопцаў-ратавальнікаў, — дзеліцца Ніна Кавалькова. — Дачка і сын у горадзе перажываюць, просяць, каб не хадзілі самі па лёдзе ні ў якім разе. Звоняць-перажываюць і сябры, усе нас падтрымліваюць.

Не можа выйсці на вуліцу, таму сустракае гасцей з гасцінцамі праз акно адна з найстарэйшых жыхароў пасёлка Зінаіда Радзівонаўна Целяпнёва.

— Азёры тут з двух бакоў, а мы як зайцы на востраве, — кажа жанчына. — Мне хутка 85 гадоў, жыву адна, а дзеці ў Гомелі. Настойваюць, каб мяне забраць, а я не хачу ў кватэру, супраціўляюся.

Гатовыя адрэагаваць аператыўна

Мэта візіту ў населены пункт валанцёраў Беларускага Чырвонага Крыжа — не толькі перадаць харчовыя наборы, але і ацаніць індывідуальныя патрэбнасці найбольш уразлівых катэгорый людзей, дапамагчы, пры неабходнасці, ім адрасна, звяртае ўвагу начальнік арганізацыйна-кадравага аддзела Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа Арцём Карпенка.

— Беларускі Чырвоны Крыж узаемадзейнічае з упраўленнем МНС Гомельскай вобласці, абласной арганізацыяй Таварыства выратавання на водах, якія манітораць паводкавую сітуацыю ў рэгіёне. У выпадку неабходнасці мы гатовыя прыбыць на дапамогу да людзей у любым населеным пункце вобласці.

У Палянаўку прывезлі гуманітарную дапамогу другі раз. Цяпер уразлівых грамадзян, якія не могуць, як раней, пераплываць на лодцы разам са спецыялістамі Таварыства выратавання на вода, больш. У вёсцы шмат людзей у сталым узросце, якія з прычыны фізічнага стану не могуць пайсці пешшу па лёдзе. Зразумела, што цяпер і аўтакрамы не могуць даехаць, таму было прынята рашэнне здзейсніць у населены пункт другі рэйд з дапамогай. Каб не толькі даставіць прадукты харчавання, але і яшчэ раз ацаніць патрэбнасці людзей у адраснай гуманітарнай дапамозе. Мы будзем і надалей сачыць за развіццём сітуацыі, калі яна будзе пагаршацца, зноў прыбудзем з дапамогай. Калі ў іншых населеных пунктах таксама будзе неабходнасць у падтрымцы нашых валанцёраў і дастаўцы гуманітарнага грузу, мы гатовыя аператыўна адрэагаваць, — падкрэсліў Арцём Карпенка.


Гомельскае абласное ўпраўленне МНС вядзе штосутачны маніторынг паводкавай сітуацыі ў рэгіёне. У некаторых раёнах узровень вады ў рэках крыху падае, дзесьці працягвае расці. Усяго па вобласці падтоплена больш за паўтысячы нежылых і дачных дамоў, 17 жылых дамоў, некалькі ўчасткаў дарог. На асаблівым кантролі сітуацыя ў Петрыкаўскім, Мазырскім, Жлобінскім раёнах, а таксама ў Гомелі. Камісіяй па надзвычайных сітуацыях Гомельскага аблвыканкама ўзгоднены міжведамасны план узаемадзеяння для прыняцця мер рэагавання ў адпаведнасці з сітуацыяй. Створаны рэзерв больш за 200 месцаў, куды пры неабходнасці будуць эвакуіраваны жыхары падтопленых тэрыторый. Вызначана тэхніка для транспарціроўкі людзей.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Веткаўскі раён

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.