Вы тут

«Вогненныя вёскі. Нельга забыць»


Чэрыкаў падчас акупацыі быў цэнтрам акругі, у які ўваходзіла 10 раёнаў сучасных Магілёўскай, Гомельскай і Смаленскай абласцей. Знішчэннем насельніцтва тут займалася некалькі акупацыйных устаноў. Дагэтуль Васіль Максіменка па крупінках вышуквае інфармацыю, каб разабрацца ў заблытаных трагічных гісторыях расправы з мірным насельніцтвам. Асабліва жорстка тут абыходзіліся з яўрэямі, на іх было аб'яўлена сапраўднае паляванне. Сёння пра гэтыя жахлівая часы нагадваюць помнікі. Але на іх толькі частка імёнаў. Васіль Максіменка сабраў шмат новага матэрыялу пра падзеі тых часоў, знайшоў сотні новых прозвішчаў, якія не былі ўлічаны. Летась, напрыклад, ён удакладніў інфармацыю па вёсках Рагаліна, Бакуновічы і Сененка. Інфармацыя пра іх была, але не поўная і часам супярэчлівая. Злавесную ролю ў лёсе вёсак сыгралі здраднікі з ліку мясцовых.


Тэма генацыду — невычэрпная

— Сёння не тайна, што былі выпадкі, калі пад выглядам партызан насельніцтва знішчалі паліцаі, — кажа даследчык. — На Чэрыкаўшчыне так было з Бакунавічамі. Мясцовыя жыхары расказвалі, што тыя былі вельмі вынаходлівыя ў сваіх здзеках: рабавалі, гвалтавалі, забівалі..

Васіль Максіменка — гісторык, краязнаўца, педагог, кіраўнік чэрыкаўскай пошукавай групы «Звязда», якая працуе ў складзе Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага клуба «Віккру». За час педагагічнай дзейнасці стварыў на Чэрыкаўшчыне чатыры музеі — у вёсцы Вепрын, дзе працаваў настаўнікам гісторыі, два музеі — этнаграфічны і гісторыка-краязнаўчы — у сярэдняй школе № 1, а таксама «Помніць СССР» — на базе Чэрыкаўскага цэнтра дзіцячага і юнацкага турызму, краязнаўства і экскурсій. Ён жа аўтар трох кніг: «Гістарычны інтэр'ер Чэрыкава і яго наваколля», «Нарыс гісторыі і прыроды Чэрыкаўскага краю» і «Чэрыкаўскае Прысожжа: погляд у мінулае і сучаснае». Член раённай камісіі па стварэнні гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць» Чэрыкаўскага раёна. Працаваў у Дзяржархіве Расійскай Федэрацыі, Нацыянальным архіве Беларусі, ізраільскім архіве Яд ва-Шэм. Дзякуючы пошукавай і архіўнай дзейнасці ўстанавіў больш чым 300 прозвішчаў ахвяр вайны. Кажа, што матэрыялу цалкам хапае на стварэнне новай кнігі пра вайну.

— Гэта тэма для мяне святая, — кажа ён. — Мой бацька — Стэфан Макаравіч — франтавік, ваяваў, быў цяжка паранены ў баях на Проні пад Чавусамі. Дзед Макар Сямёнавіч там жа знік без звестак. Спадзяюся, што атрымаецца даведацца пра яго лёс. Тэма генацыду адна з балючых. Гэтую работу вяду з савецкіх часоў, калі працаваў настаўнікам, неаднаразова ездзіў у Падольскі архіў Мінабароны Расійскай Федэрацыі, вывучаў інфармацыю па сельсаветах, апытваў грамадзян. Тэма невычарпальная. За час акупацыі ў раёне было спалена часткова або поўнасцю 82 населеныя пункты, расстраляна і закатавана больш за паўтары тысячы чалавек. На прымусовую працу ў Нямеччыну фашысты вывезлі болей чым 450 жыхароў раёна.

Апошні дзень Сененкі

Маленькая вёсачка, дзе было ўсяго шэсць двароў, прыпыніла сваё існаванне 20 сакавіка 1942 года. На тэрыторыі раёна гэта быў першы цалкам спалены населены пункт.

— Было некалькі меркаванняў наконт таго, што стала прычынай карнай аперацыі, — расказвае Васіль Максіменка. — Расстраляць, спаліць, закатаваць маглі за сувязь з партызанамі. Але тут крыху іншая гісторыя. І ў ёй замешаны былы партызан, а пасля — памагаты акупантаў Фёдар Бравы.

Здраднікі з ліку сваіх былі найбольш небяспечнымі і вераломнымі. Асабліва калі валодалі сакрэтнымі звесткамі пра тых жа падпольшчыкаў. Перад тым, як пагадзіцца працаваць на акупацыйны рэжым, Фёдар Бравы ваяваў у Чэрыкаўскім партызанскім атрадзе, якім камандаваў сакратар падпольнага райкама партыі Георгій Храмовіч, чалавек для раёна легендарны, мужны і самаахвярны. Шмат чаго зрабіў для вызвалення Чэрыкаўшчыны.

— Ён ведаў Фёдара Бравага з лепшага боку, у атрадзе нават наблізіў яго да сябе, — расказвае суразмоўнік. — Па інфармацыі Храмовіча, баец дзейнічаў смела, быў добрым разведчыкам. З біяграфіі Бравага ён ведаў, што той быў ураджэнцам Сталінграда, пэўны час працаваў назіральнікам у турме.

Падчас разгрому атрада Фёдар Бравы быў схоплены і трапіў у гестапа. Там ён не вытрымаў катаванняў і здаў амаль усіх падпольшчыкаў, якіх ведаў. Па яго звестках былі арыштаваныя і пакараныя 17 чалавек Дубраўскай падпольнай арганізацыі. Ён жа здаў і кіраўніка Вепрынскай падпольнай арганізацыі Васіля Боміхава, які хаваўся ў сваёй знаёмай у вёсцы Сененцы. Паляванне на падпольшчыка і стала прычынай знішчэння вёскі.

Гітлераўцы прыбылі ў Сененку раніцай 20 сакавіка 1942 года і адразу ж акружылі дамы. У вёсцы пражывалі 21 чалавек, 14 з іх былі расстраляныя. Паліцаі па загадзе немцаў выганялі людзей на вуліцу, а дамы падпальвалі. Васіля Боміхава, які пачаў адстрэльвацца, ранілі і захапілі ў палон. Але перад гэтым ён паспеў забіць немца і параніць двух паліцаяў. Яго вывезлі ў Чэрыкаў, пасля катаванняў расстралялі непадалёк ад горада.

Пра тую страшную раніцу Васілю Максіменку расказвала ў 1990-я гады жыхарка вёскі Ганна Віктараўна Падабед, якая цудам пазбегнула смерці:

«Страшна ўспамінаць, як у нашу Сененку прыляцеў карны атрад. Прашамацелі па суседніх пасёлках Багунаўцы, Лысаўцы. За дапамогу партызанам арыштавалі дзвюх дзяўчын, Паўла Ісачанку, жонку Антона Юдзянкова і іншых. У адну хату сабралі ўсіх і паліцая з немцам пільнаваць прыставілі. А адзін немец з перакладчыкам павезлі ў лес дырэктара школы Івана Попеля з сынам. Туды ж потым і іншых арыштаваных з хаты забралі і ўсіх расстралялі. Людзей сагналі глядзець на расправу. Жах: няшчасных людзей білі прыкладамі да крывавага месіва, а потым пускалі ў іх кулю. Крыкі іх і зараз чую.

А пасля расстрэлу паліцаі хадзілі па хатах, і немец пагражаў, што іх падпаляць. І хаты пыхкалі як свечкі, хаця вакол ляжаў снег. Калі ў каго хлеў ацалеў або склеп — шчасце. Бульба і зерне пагарэлі. Людзі крычалі і плакалі. Скацінка да іх ціснулася і дрыжала. Змітрок Асмалоўскі, у якога часта знаходзіліся партызаны, схаваўся ў падпечку і застаўся жывы. Хатку яго патушылі. Дапамог Бог добраму чалавеку. Увесну адбудоўваліся людзі, як маглі».

Змітрок Асмалоўскі — стараста вёскі. Захаваліся ўспаміны Георгія Храмовіча, які ўспамінае яго як чалавека, які дапамагаў партызанам і падпольшчыкам зброяй і прадуктамі харчавання. «Гэта быў стараста, звязаны з райкамам партыі да таго, як яго разграмілі. Яго дом падпалілі, а ён схаваўся пад падлогай. Людзі патушылі пажар, і ён выратаваўся», — пісаў Храмовіч.

Падпольшчыкаў выдавалі здраднікі.

У сваёй кнізе ён таксама згадвае, што абавязкі старасты Сененкі выконваў і Антон Апанасавіч Юдзянкоў, які забяспечваў партызан харчаваннем, адзеннем і абуткам і не выконваў распараджэнняў акупантаў па здачы збожжа, мяса і іншых падаткаў. Пасля нямецкай расправы вёска больш не аднавілася, цалкам знікла з карты раёна.

З кнігі «Памяць» Чэрыкаўскага раёна:

«...У верасні 1943 года гітлераўцы спалілі вёскі Бакаў, Гойкаў, Гарадзец, Міхалін, Прыпёчына, Рагаліна, Сакалоўку, Таржоў, Шароеўку. Амаль кожная вёска на Чэрыкаўшчыне ў гады акупацыі стала вогненнай. Беліца, Багданаўка, Вінаград, Вымач, Грыўкі, Язёры, Ялоўка, Заазер'е, Звязда, Карма, Крывая Слабада, Латышчына, Маёраўшчына — усяго 26 вёсак, дзе былі часткова спаленыя дамы і забіта насельніцтва».

Паліцаі пад выглядам партызан

Калі Васіль Максіменка толькі пачынаў займацца тэмай генацыду і працаваў у архіве ЗАГСа Чэрыкаўскага райвыканкама, ніяк не мог уцяміць, чаму насупраць прозвішчаў жыхароў вёскі Бакунавічы напісана — «забіты партызанамі». У спісе было 32 чалавекі, у тым ліку дзеці. Пачаў раскручваць тэму, апытваць насельніцтва і хутка зразумеў, у чым справа. Аказалася, што на тэрыторыі раёна, у прыватнасці ў Бакунавічах, пад выглядам партызанскага атрада дзейнічалі паліцаі.

— Немцамі спецыяльна рабіліся такія групы, — кажа ён. — Плануючы акцыю ў Бакунавічах, яны нават дату выбралі святочную для савецкіх грамадзян — 7 лістапада.

Бяда здарылася ў 1942 годзе. Па загадзе немцаў паліцаі, пераапранутыя ў партызанаў, уварваліся ў вёску і прыступілі да выканання свайго жудаснага крывавага сцэнарыя. Яны выводзілі жыхароў у двор і расстрэльвалі, а дамы спальвалі. Гэта быў першы прыклад масавай расправы з мясцовым насельніцтвам акупантаў.

Па звестках, якія захоўваюцца ў электроннай базе даных Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь «Беларускія вёскі, спаленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны», у Бакунавічах у той дзень, 7 лістапада 1942 года, было спалена 95 дамоў са ста і забіта 32 чалавекі з 380.

— Перад карнай аперацыяй вёску бамбілі, — удакладняе даследчык. — Усе, з кім я размаўляў, расказвалі пра гэта. Як высветлілася, тут дзейнічаў партызанскі атрад «За Радзіму», які потым перарос у брыгаду «Перамога». Фашысты такім чынам распраўляліся з сем'ямі партызан.

На другі дзень пасля Хатыні

Жыхароў вёскі Рагаліна расстрэльвалі тройчы. Першыя былі пакараныя 26—27 чэрвеня 1942 года. Усе яны ўваходзілі ў падпольную групу, створаную былым дырэктарам мясцовай школы Васілём Гапеевым. Падпольшчыкі былі арыштаваныя па даносе здрадніка Якава Калінкіна. Калі іх вялі на расстрэл, выратавацца змог толькі Гапееў.

— Я размаўляў са сведкам, на вачах якога гэта адбылося, — расказвае Васіль Максіменка. — На той час ён быў хлапчуком, пасвіў разам з таварышам кароў. Яны бачылі, як людзей вялі на расстрэл, раптоўна адзін з іх пабег, і па ім пачалі страляць. Гэта і быў Гапееў, яго, як потым высветлілася, толькі крыху паранілі. Пасля гэтага ён стварыў яшчэ адзін партызанскі атрад, які называўся «Трынаццаць». Гэты атрад пасля зліўся са Слаўгарадскім партызанскім атрадам, дзе Гапееў быў прызначаны камісарам.

Другая група рагалінцаў была расстраляная 3 верасня 1942 года. Сярод пакараных былі зусім маладыя, у прыватнасці дваццацігадовы настаўнік Аляксей Алесаў.

А 28 сакавіка 1943 года, на наступны дзень пасля Хатыні, карнікі лютавалі ў вёсцы на поўную сілу. У той дзень на вуліцы Рагаліна быў забіты адзін з паліцаяў, які раздаваў нарады на работу. Яго таварыш паведаміў пра гэта ў гарнізон, які размяшчаўся ў вёсцы Язёры, і адтуль прымчаліся ў вёску карнікі на конях. Прыехалі і паліцаі з Рынкаўскага гарнізона. Як казалі відавочцы, якія выжылі, вёска напоўнілася здраднікамі з бела-чырвона-белымі павязкамі на рукавах.

Усіх жыхароў сагналі да сямігадовай школы, збіраліся там спаліць. Аднак у апошні момант з Чэрыкава прыехалі немцы і прынялі іншае рашэнне. Людзей расстрэльвалі сем'ямі разам з дзецьмі, некаторым малым не было года.

З успамінаў відавочцы Надзеі Нямцовай:

«Пасля таго, як у вёсцы забілі паліцая, з гарнізонаў у Язёрах і Рынкаўцы наехала шмат паліцэйскіх. Арыштавалі майго бацьку, маці, незамужнюю цётку, сястру бацькі, якая жыла з намі, і бабулю 80 гадоў. Забралі і нас, траіх дзяцей. Усіх сагналі ў цэнтр, дзе раней знаходзіўся клуб. У той час там стаяла школа. Потым прыехала нямецкая машына, і нам сказалі, каб жанчыны і дзеці ішлі па дамах, а мужчыны засталіся каля школы. Маці пасадзілі на адну фурманку з бабуляй. Затым забралі на іншую падводу бацьку, а цётка засталася каля школы. Немцы выбралі 9 чалавек, павезлі іх па старой дарозе на Чэрыкаў і ва ўрочышчы Бутчына расстралялі. Астатніх мужчын адправілі ў Язёры. Нас, траіх дзяцей, загналі ў хатку, а бацьку, маці, бабулю і цётку пакінулі ў казарме. Там жа былі Варка Галайда і Ніна Майсеенка з груднымі дзецьмі. Бацьку майго білі, заганялі іголкі ў пальцы, знялі боты і забілі за казармай. Паліцаі не дазволілі забраць ягонае цела. А маці, цётку Вольгу Гапееву і бабулю расстралялі каля Святога возера.

Перад гэтым мяне і двух братоў — самаму малодшаму было толькі тры годзікі — паліцай падвёў да казармы, дзе стаяла мама. У яе быў разбіты ўвесь твар. Яна нас абняла, пацалавала, і яе забралі двое паліцаяў, а нам сказалі: «Ідзіце дадому...»

Адну групу сяльчан расстралялі перад Язёрамі, другую — ва ўрочышчы Бутчына. Дакладна не вядома, колькі загінула жыхароў Рагаліна, мяркуецца — каля 60 чалавек. Вёска была спалена да апошняга дома ў верасні 1943 года.

Кніга «Памяць» Чэрыкаўскага раёна. З успамінаў Еўдакіі Саўкінай:

«...Схапілі таксама майго бацьку Якава Іванавіча, разам з іншымі яго расстралялі пад Язёрамі. Пазней нашы жанчыны даведаліся аб месцы расстрэлу нашых вяскоўцаў. Трэба было ж загінулых пахаваць. Хаця гэта магло каштаваць жыцця. Употай дабраліся да магілы, лепш сказаць, да ямы. Без рыдлёвак, рукамі адкопвалі сваіх блізкіх, выцягвалі іх на паверхню. Сярод жанчын я была самая маладая, нягледзячы на страх перад немцамі, нябожчыкамі, выкапала, пазнала свайго бацьку. На чацвёрты дзень пасля расстрэлу жыхары вёскі павезлі загінулых на калёсах на вясковыя могілкі. Немцы і паліцаі, даведаўшыся пра гэта, пачалі з Язёр абстрэльваць могілкі. Цяжка знайсці словы, каб перадаць жудаснасць ваеннага часу. Не дай Бог, каб некалі гэта паўтарылася...»

Здзекам не было мяжы

У Чэрыкаўскім раёне вялася поўнамаштабная работа па знішчэнні насельніцтва. Падпольшчыкаў і тых, хто спачуваў партызанам, расстрэльвалі, вешалі, спальвалі. Дагэтуль невядомымі застаюцца дзясяткі, сотні імёнаў...

З акта аб зверствах нямецкіх захопнікаў у Чэрыкаве:

«...Зарэгістраваны шматлікія факты здзекаў фашыстаў з жанчын і дзяўчат, якіх нямецкія салдаты публічна гвалтавалі на вачах у людзей на плошчах і вуліцах...

...Немцы выкарыстоўвалі мясцовае насельніцтва для размініравання мінных палёў, якія пакідала пасля сябе Чырвоная Армія. Немцы звязвалі калгаснікаў ланцугамі і гналі перад сабой. У выніку гэтага падарваліся на мінах калгаснікі Фрол Отчаў, Міхаіл Шрамаў і шматлікія іншыя...

... Здзекам немцаў не было межаў. Зімой 1941 года яны сагналі болей чым 400 калгаснікаў і гараджан на будаўніцтва моста праз Сож. Нямецкаму афіцэру падалося, што работы ідуць марудна, і ён прымусіў грамадзян распрануцца нагала і легчы на снег. Усе без выключэння былі збіты...

...Асабліва па-зверску распраўляліся фашысты з ваеннапалоннымі, выпрабоўвалі іх голадам. Цалкам галодных, змучаных людзей яны пагналі з Чэрыкава ў Чавусы за 40 кіламетраў. Тых, хто падаў, заколвалі штыкамі. У дарозе загінула 73 чалавекі...

Помнік на месцы расстрэлу.

...З першага дня нямецкія вылюдкі пачалі сістэматычна знішчаць насельніцтва. Ад адзіночных расстрэлаў паступова перайшлі да масавых. Так, напрыклад, у кастрычніку 1941 года гітлераўцы аб'явілі аб перасяленні ўсяго яўрэйскага народа горада ў іншае месца. З гэтай мэтай каля 500 яўрэяў былі сагнаныя да народнага дома. Пасля гэтага іх прыгналі ва ўрочышча Маставое, што каля млына, і расстралялі...».

Васіль Максіменка ў сваіх кнігах, дзе размова ідзе пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, неаднаразова расказвае пра расстрэльныя месцы, якія існавалі на тэрыторыі раёна.

Недалёка ад Чэрыкава, за мостам праз раку Сож, знаходзіцца мемарыял мясцовым жыхарам. У 1978 годзе ветэраны Захар Прасянцоў і Георгій Сотнікаў звярнуліся ў райкам партыі з просьбай, каб на месцы расстрэлу падпольшчыкаў, партызан, разведчыкаў і мірных жыхароў быў устаноўлены помнік. Перад гэтым Сотнікаў напісаў ліст у раённую газету, дзе паведаміў, што за мостам праз Сож, па дарозе Чэрыкаў — Краснаполле, на краі лесу ў гады нямецкай акупацыі былі спрэс могілкі расстраляных людзей. Фашысты забаранялі прыбіраць целы пакараных, іх разрывалі драпежныя звяры і птушкі, зносіла вясновымі паводкамі. Толькі некаторыя з іх мясцовыя жыхары змаглі таемна забраць і пахаваць на могілках.

«Жудасная карціна была на тым месцы, — сведчыў ветэран. — Мінула каля трыццаці гадоў, але яно ніяк не пазначана. У іншых месцах, дзе былі расстраляныя нашы грамадзяне, устаноўлены помнікі. А тут нябожчыкі, якія загінулі ад рук здраднікаў і фашыстаў, яшчэ чакаюць увекавечання... Месца расстраляных людзей — узлесак Ліменскага лясніцтва, квадрат № 2, паблізу дарогі Чэрыкаў — Краснаполле».

Па прыблізных звестках тут было забіта каля 268 чалавек.

— Асабіста я праз архівы ўстанавіў імёны 52 чалавек, якія дагэтуль нідзе не былі ўлічаныя, — сведчыць Васіль Стэфанавіч. — Месца прыкметнае, абочына старой Гронаўскай дарогі. Першым тут расстралялі Ісаака Шэрмана 3 студзеня 1942 года. Яшчэ адно трагічнае месца — па дарозе на Крычаў у раёне торфараспрацовак. Там 7 лістапада 1941 года забілі па розных даных ад 300 да 500 яўрэяў. Іх сабралі каля народнага
дома пад выглядам, што перасяляюць на новае паселішча, павялі ў бок гэтага месца і расстралялі. Увогуле, за час акупацыі на тэрыторыі Чэрыкаўскага раёна з улікам новых даных было знішчана больш чым дзве тысячы чалавек.

З акта аб зверствах нямецкіх захопнікаў у Чэрыкаве:

«...Напярэдадні свайго адступлення фашысцкія варвары падпалілі Чэрыкаў. З 839 збудаванняў засталося толькі 23. Былі ўзарваныя і згарэлі тры школы, ветэрынарны тэхнікум, аўташкола, народны дом, лесапільны завод, дзве бальніцы, лазня, леспрамгас, райхарчпрам, дзве хлебапякарні, райкам, райвыканкам і іншыя пабудовы...

...Адступаючы пад націскам Чырвонай Арміі, немцы ў вар'яцкай лютасці задаліся мэтай ператварыць Чэрыкаў у пустыню. Тых, хто не хацеў сыходзіць з дому альбо спрабаваў схавацца ў лесе, забівалі ці жывымі кідалі ў агонь. Так загінулі Васіль Шынкароў, Раман і Ефрасіння Старавойтавы і іншыя...».

Сцяг БССР быў зноў узняты над Чэрыкавам 1 кастрычніка 1943 года. Чэрыкаўскі раён вызвалялі войскі Бранскага фронту, непасрэдна Чэрыкаў — часткі 413-й Далёкаўсходняй стралковай дывізіі 50-й арміі Бранскага фронту ва ўзаемадзеянні з 15-м і 720-м партызанскімі атрадамі і часткова сіламі партызанскага палка «Трынаццаць». У вызваленні раёна таксама прынялі ўдзел воіны 283-й, 324-й і 385-й стралковых дывізій. За плячыма чырвонаармейцаў 50-й арміі заставаліся сотні кіламетраў баявога шляху, вызваленыя Калужская, Арлоўская, Бранская вобласці, усходнія раёны Магілёўшчыны. У аператыўнай зводцы Саўінфармбюро на ўвесь Савецкі Саюз у гэты дзень прагучала: «1 кастрычніка на Магілёўскім напрамку нашы войскі, працягваючы развіваць наступленне, авалодалі горадам Чэрыкавам, а таксама занялі 340 другіх населеных пунктаў, сярод якіх райцэнтр Магілёўскай вобласці Краснаполле...»

Нэлі ЗІГУЛЯ

г. Чэрыкаў

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.