Вы тут

Мяняць культуры і сямействы. Плануем градкі па правілах


Бывалыя агароднікі вядуць нататнікі, дзе адзначаюць любімыя сарты, малююць схему ўчастка з указаннем культур, якія раслі на тых ці іншых градках. Часу гэта займае няшмат, а карысць велізарная. Бо дакладная схема дазваляе скласці ідэальны план пасадак з улікам севазвароту.


Галоўнае правіла — расліны не варта вырошчваць на адным месцы больш за два гады запар, а лепш мяняць культуры на градках кожны год. Больш за тое, мяняць трэба не толькі культуры, але і сямействы, да якіх яны адносяцца. Напрыклад, бульба і тамат адносяцца да сямейства паслёнавых, і таму на наступны год пасля бульбы нельга вырошчваць памідоры. Ці пасля капусты нельга вырошчваць радыску, а пасля морквы — пятрушку.

У раслін аднаго сямейства агульныя хваробы і шкоднікі, яны назапашваюцца ў глебе, і ўраджайнасць рэзка зніжаецца.

Падобныя культуры выносяць з грунту адны і тыя ж элементы сілкавання.

Некалькі згладзіць усе гэтыя негатыўныя з'явы дапамагае ўнясенне арганічных угнаенняў, якія папаўняюць глебу пажыўнымі рэчывамі, аднак ніяк не знішчаюць інфекцыю і шкоднікаў. Таму выконваць севазварот ці хаця б пладазмен трэба! Гэта датычыцца і вялікіх палёў, і маленькіх градак.

Выключэннем з гэтага правіла служаць бульба і кукуруза, якія можна вырошчваць на адным месцы некалькі гадоў запар, пры гэтым не назіраецца рэзкага зніжэння ўраджайнасці і іншых негатыўных з'яў. Але гэта не значыць, што бульбу можна вырошчваць на адным участку дзесяць гадоў запар.

Даваць «адпачываць» зямлі трэба і ад бульбы.

Пры размяшчэнні гародніны на градках варта ўлічваць і наяўнасць шматгадовых раслін. Напрыклад, паблізу ад хрэну нельга высейваць насенне іншых прадстаўнікоў сямейства капусных, бо ранняй вясной на ім з'яўляецца капусная блыха, якая з радасцю перакінецца і на іншыя расліны.

Пры распрацоўцы севазвароту трэба ўлічваць, што большасць шкодных мікробаў захоўваюць сваю жыццяздольнасць у глебе не больш за 5 гадоў, і калі вы вытрымаеце гэты тэрмін, то яны загінуць ад бяскорміцы. На аснове гэтай асаблівасці распрацавана сістэма чатырох квадратаў, якая прадугледжвае вяртанне раслін на ранейшае месца праз 4 гады. Такім чынам, напрыклад, можна цалкам пазбавіцца ад кілы капусты. Пасля выяўлення хваробы на градцы нельга вырошчваць не толькі капусту, але і іншых прадстаўнікоў сямейства крыжакветных на працягу чатырох гадоў. Калі ў перыяд такога каранціну пасееце там, напрыклад, рукалу, то споры кілы ажывуць, і тэрмін каранціну трэба будзе адлічваць ізноў.

Каб спрасціць працэс севазвароту, можна ўзяць за правіла сартаваць усё насенне на чатыры групы: ліставыя, пладовыя, караняплоды і бабовыя. Агарод у думках дзелім на чатыры ўчасткі. На першым вырошчваем пладовыя. На другім — караняплоды, на трэцім — бабовыя, на чацвёртым — ліставыя. У наступным годзе зрушваем усе расліны на адну пазіцыю (пладовыя — на чацвёрты ўчастак, ліставыя — на трэці і г. д.). Такім чынам атрымліваецца лёгка выконваць севазварот. Культуры вяртаюцца на ранейшае месца толькі праз тры гады і не трэба складаных разлікаў і планавання.

Чаргаваць культуры на ўчастку трэба не толькі з улікам сямействаў, але і па патрабавальнасці да ўрадлівасці грунту.

«Аматараў смачна паесці» (крыжакветныя, гарбузовыя) вырошчваюць на самым урадлівым участку, куды восенню ўносяць максімум угнаенняў.

У наступным годзе на іх месцы (але ўжо без унясення арганікі) сеюць другую па патрабавальнасці да сілкавання групу — паслёнавыя.

На трэці год займаюць гэтыя градкі парасонавымі.

На чацвёрты год сеюць бабовыя, якія самі ўзбагачаюць глебу азотам і паляпшаюць яе структуру. Плюс восенню ўносяць на гэтыя градкі мінеральныя ўгнаенні і гной. А вясной ізноў высейваюць тут насенне першай групы раслін.

Памятка: Прыналежнасць раслін да сямействаў

  • Астравыя — салата, артышок, эстрагон, салатны цыкорый, сланечнік
  • Бабовыя — бабы, віка, гарох, лубін, соя, фасоля, сачавіца
  • Грэчкавыя — рэвень, шчаўе, грэчка
  • Капусныя — дайкон, усе віды капусты, крэс-салата, ліставая гарчыца, радыска, рэдзька, рэпа, хрэн, рукала
  • Цыбульныя — усе віды цыбулі, чарэмшына, часнок,
  • ракамболь
  • Амарантавыя — буракі сталовыя, шпінат, мангольд
  • Паслёнавыя — баклажан, бульба, перац, тытунь, тамат, фізаліс
  • Сельдэрэйныя (парасонавыя) — аніс, кервель, каляндра, морква, пастарнак, пятрушка, сельдэрэй, кмен, кроп, фенхель
  • Гарбузовыя — кавун, дыня, кабачок, агурок, патысон, гарбуз, лагенарыя, мамордзіка
  • Ясноткавыя — базілік, ісоп, маяран, меліса, мята перачная, чабер

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі. 

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.