Вы тут

Неасцярожнае абыходжанне з агнём пагражае сур'ёзнымі наступствамі


Летась у краіне адбылося 5958 пажараў, на якіх загінулі 627 чалавек. З пачатку гэтага года (па стане на 30 студзеня) супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях зафіксавалі 487 пажараў, вогненная стыхія забрала 66 жыццяў...


Многіх трагедый можна было б пазбегнуць, калі б людзі не ігнаравалі звычайныя правілы бяспекі. У прыватнасці, не забываліся патушыць цыгарэту або ўвогуле не курылі ў памяшканні. На жаль, неасцярожнае абыходжанне з агнём падчас курэння — адна з найбольш частых прычын пажараў, якія заканчваюцца гібеллю людзей. Калі ж чалавек пры гэтым яшчэ знаходзіцца ў стане алкагольнага ап'янення, наўрад ці можна разлічваць на спрыяльны зыход падзей.

Дапамога прыйшла своечасова

Па папярэдняй інфармацыі, менавіта непатушаная цыгарэта стала прычынай пажару ў адной з кватэр у шматпавярховіку Наваполацка ў нядзелю. Паведамленне аб узгаранні ратавальнікам паступіла пасля дзесяці раніцы — супрацоўнікі МНС неадкладна выехалі на месца здарэння.

Калі прыбылі па ўказаным адрасе, з акна на другім паверсе пяціпавярховага дома на ўсю моц ішоў дым. «Адкрытага гарэння не было відаць, — расказвае ратавальнік Уладзімір Мажэйка. — Увайшоўшы ў пад'езд і падняўшыся на патрэбны паверх, я ў складзе звяна газадымаахоўнай службы ўвайшоў у памяшканне. У кватэры быў захламлены праход, нам прыйшлося яго расчышчаць, каб прайсці. Далей, выявіўшы ачаг узгарання, мы адразу ж прыступілі да тушэння і адначасовага пошуку пацярпелых. Пры абследаванні некалькіх пакояў нічога не выявілі, але, зайшоўшы на кухню, у дыме я ўбачыў жанчыну, якая ляжала на падлозе без прытомнасці. Разам з таварышам Артурам Юшчанкам мы вынеслі яе ў пад'езд і перадалі калегам, якія на вуліцы перадалі пацярпелую брыгадзе хуткай дапамогі. У гэты час мы працягнулі абследаванне вышэйшых паверхаў».

Выратаваная жанчына 1966 года нараджэння пасля агляду была шпіталізавана ў бальніцу з апёкамі рознай ступені цяжкасці і атручэннем прадуктамі гарэння. Як распавёў ратавальнік Максім Баравіцкі, у кватэры на трэцім паверсе, якая размяшчалася над той, дзе адбылося ўзгаранне, было шмат дыму. У ёй супрацоўнік МНС выявіў чатыры чалавекі, у тым ліку дзіця 2017 года нараджэння. Усе былі выведзены на свежае паветра. Пасля агляду медыкамі пацярпелых адпусцілі дадому. У выніку пажару ў кватэры, дзе адбылося ўзгаранне, былі пашкоджаны канапа і пасцельныя рэчы, закураны сцены і столь.

У панядзелак падраздзяленні Міністэрства па надзвычайных сітуацыях тушылі пажар у Клецку. Да прыбыцця ратавальнікаў на дапамогу пацярпелым паспяшаўся неабыякавы прахожы, які ўбачыў узгаранне ў жылым доме. Мужчына выцягнуў з задымленай кватэры сына гаспадыні 2003 года нараджэння.

— Праязджаючы на машыне, я ўбачыў дым, — расказаў Сяргей Дамашэвіч, — і накіраваўся туды. У акне на першым паверсе заўважыў маладога хлопца, ён махаў рукамі. Я дастаў яго праз акно, апусціў на зямлю. Ужо чулася сірэна пажарных машын.

Як заўважыў намеснік начальніка Клецкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Алег Груша, пасля прыбыцця падраздзяленняў хлопец ужо знаходзіўся на вуліцы. «Ратавальнікі аднеслі яго ў пажарную машыну, ён быў лёгка апрануты, — звярнуў увагу супрацоўнік МНС. — Калі прыбыла хуткая дапамога, маладога чалавека перанеслі ў машыну медыкаў».

Пажар быў ліквідаваны. Эвакуацыя жыхароў дома не спатрэбілася. З папярэднім дыягназам «атручэнне прадуктамі гарэння» брыгадай хуткай медыцынскай дапамогі пацярпелы быў дастаўлены ў Клецкую ЦРБ. Прычына пажару высвятляецца.

Пазбегнуць пажару

Начны пажар у Смаргоні, які адбыўся ў ноч на 22 студзеня, забраў жыцці чатырох чалавек. Паведамленне аб тым, што па вуліцы Чырвонаармейскай у райцэнтры гарыць прыватны жылы дом, паступіла дыспетчару службы «101» Смаргонскага раёна. Мясцовая жыхарка паведаміла, што з будынка выбіваюцца клубы дыму, а ўнутры могуць знаходзіцца людзі.

Ужо праз пяць хвілін пасля паведамлення першыя аддзяленні пажарных прыбылі да месца здарэння. «Драўляны будынак гарэў знутры, полымя выбівалася на дах, — згадаў дэталі той ночы старшы інструктар-ратавальнік Дзмітрый Сільвановіч. — Да нашага прыбыцця мясцовы жыхар увайшоў у дом і вынес на вуліцу жанчыну ў беспрытомным стане. Брыгада хуткай дапамогі шпіталізавала яе ў цэнтральную раённую бальніцу.

Уключыўшыся ў апараты на сціснутым паветры, работнікі МНС пачалі тушэнне пажару і пошук людзей унутры будынка. Пры правядзенні разведкі ў адным з пакояў знайшлі 37-гадовую жанчыну, 36-гадовага гаспадара дома, дваіх мужчын 38 і 37 гадоў. Усе — без прыкмет жыцця. Устанаўленнем прычыны і абставін трагедыі займаюцца супрацоўнікі Следчага камітэта. Спецыялісты сцвярджаюць, што хутчэй за ўсё да бяды прывяло курэнне.

Наступствы нядаўняга пажару ў Наваполацку.

Менавіта з-за гэтай згубнай звычкі не ўдалося пазбегнуць эвакуацыі жыхароў аднаго са шматпавярховікаў у Віцебску. «Ужо пад'язджаючы да месца паведамлення, мы ўбачылі клубы дыму, якія ішлі з-за дома, — распавёў ратавальнік Ягор Сцяпанаў. — Каля ўваходу ў пад'езд тоўпіліся відавочцы, з балкона другога паверха пяціпавярхоўкі ішоў чорны дым. Разам з таварышамі Дзянісам Халаньковым і Уладзіславам Казлоўскім мы зайшлі ў пад'езд. Бачнасць была мінімальная, усё зацягнута дымам. Дзверы ў кватэру аказаліся не замкнутыя. Мы ўвайшлі ўнутр, у калідоры на падлозе адразу знайшлі жанчыну. Яна была ў прытомнасці, але паводзіла сябе неадэкватна. Мы ўзялі яе на рукі і вынеслі ў пад'езд. Адразу вярнуліся назад і ў дальнім пакоі, дзе ўжо на ўсю моц гарэў ложак і маёмасць, на падлозе знайшлі двух мужчын — абодва былі без прытомнасці. Мы вынеслі іх з кватэры. Аднаго перадалі ратавальнікам медыцынскай службы атрада «Віцязь». Алена Міхальчанка да прыезду «хуткай» аказвала мужчыну першую дапамогу. Вынесшы другога мужчыну, стала зразумела, што ён загінуў».

У той час, як супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях спраўляліся з узгараннем і аказвалі дапамогу пацярпелым, у цэнтр аператыўнага ўпраўлення МНС Віцебска патэлефанавала жанчына з трэцяга паверха гэтага ж дома. Яна сказала, што ў яе кватэры шмат дыму, выйсці самастойна яна не можа, усе лесвіцы таксама ў дыме. Адразу ж у кватэру накіраваліся ратавальнікі і вывелі жанчыну на свежае паветра. З атручэннем прадуктамі гарэння яе шпіталізавалі ў бальніцу.

Ратавальнікі працягвалі разведку на вышэйшых паверхах. З іх былі эвакуіраваны яшчэ 13 чалавек, у тым ліку трое дзяцей. Як стала вядома з абставін праверкі, гаспадыня кватэры, у якой адбыўся пажар, памерла летась. У кватэры застаўся пражываць яе сын, труп якога і знайшлі ратавальнікі на месцы пажару. Мужчына нідзе не працаваў, злоўжываў спіртным. Напярэдадні пажару ў яго ў гасцях знаходзіліся знаёмыя мужчына і жанчына — абодва беспрацоўныя. Іх пазней шпіталізавалі ў бальніцу з атручэннем прадуктамі гарэння. Прычынай пажару, як і ў большасці выпадкаў з гібеллю людзей, стала неасцярожнасць з агнём падчас курэння.

— Большасць тых, хто ў мінулым годзе загінуў на пажарах, знаходзілася ў стане алкагольнага ап'янення, — адзначае афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Анастасія ШВАЙБОВІЧ. — У сувязі з гэтым хочацца парэкамендаваць людзям, якія не могуць адмовіцца ад згубнай прыхільнасці курыць дома, рабіць гэта з выкананнем правілаў бяспекі. Каб пазбегнуць трагедыі, катэгарычна забараняецца кідаць непатушаныя цыгарэты на падлогу, недапушчальна курыць у ложку. Недакуркі варта складаць у попельніцу або металічную пасудзіну — пажадана напоўненую вадой. Пераканайцеся ў тым, што патушаная цыгарэта не толькі не гарыць, але і не тлее. Не стварайце небяспеку сабе і тым, хто жыве побач з вамі. Своечасова выявіць узгаранне і, адпаведна, пазбегнуць пажару, дапаможа аўтаномны пажарны апавяшчальнік.

Цвярозы погляд

Міністэрства па надзвычайных сітуацыях праводзіць акцыю «Бяспека — у кожны дом!», якая накіравана на папярэджанне пажараў і гібелі людзей ад іх. На першым этапе акцыі ў цэнтры ўвагі ратавальнікаў былі асобы, якія злоўжываюць алкаголем і вядуць асацыяльны лад жыцця. Адпаведныя прафілактычныя мерапрыемствы прайшлі ў аддзяленнях дзённага знаходжання наркадыспансераў, цэнтрах бяспекі, апорных пунктах грамадскага правапарадку і пунктах прыёму другаснай сыравіны. Пад дэвізам «цвярозы погляд на бяспеку» свае намаганні ў папярэджанні пажараў аб'ядналі ратавальнікі, прадстаўнікі Чырвонага Крыжа, органаў унутраных спраў, духавенства, ветэраны МНС і добраахвотнікі.

На другім этапе ўвага арганізатараў акцыі скіравана на састарэлых грамадзян з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, жыхароў сельскіх населеных пунктаў, студэнтаў, а таксама навучэнцаў выпускных класаў школ. Як для моладзі, так і для старэйшага пакалення, падрыхтавана нямала цікавых тэматычных гутарак, конкурсаў, квэстаў, у тым ліку будзе арганізавана работа інтэрактыўных пляцовак. Не пакінуць без увагі і наведвальнікаў тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання.

На фінальным этапе акцыі, які пройдзе 9 і 10 лютага, ратавальнікі разгорнуць інтэрактыўныя пляцоўкі ў месцах масавага знаходжання людзей, а таксама падрыхтуюць канцэртную праграму. Падчас акцыі будуць задзейнічаны магчымасці работы ў анлайн-фармаце праз сацыяльныя сеткі і месенджары: заняткі, лекцыі праз інтэрнэт, адраснае рассыланне буклетаў і бяспечнай карэспандэнцыі, а таксама тэлефонныя зносіны ў фармаце «На сувязі ратавальнікі...» для людзей з абмежаваным кантактам — адным словам, усё дзеля таго, каб надзвычайных сітуацый стала як мага менш, а лепш — каб іх увогуле не было.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.