Вы тут

Аб'яднаць і падтрымаць ініцыятывы


«Дэпутацкі клуб», прысвечаны аб'яўленаму Прэзідэнтам Беларусі Году міру і стварэння, прайшоў у агенцтве «Мінск-Навіны». Для ўдзелу ў дыскусіі былі запрошаны старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Андрэй Бугроў, старшыня РГА «Белая Русь», член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Алег Раманаў, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Лісковіч, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве Аксана Гайдук, дэпутат Мінгарсавета, рэктар Белдзяржуніверсітэта культуры і мастацтваў Наталля Карчэўская, дэпутат Мінгарсавета, галоўны ўрач 21-й цэнтральнай раённай паліклінікі Заводскага раёна сталіцы Наталля Мысліўчык, а таксама маладыя актывісты БРСМ, «Белай Русі», Мінгарсавета. Мадэратарам сустрэчы выступіў старшыня праўлення Беларускага саюза журналістаў Андрэй Крывашэеў.


— Ужо па першых публічных выступленнях кіраўніка дзяржавы зразумела, якая тэматыка будзе ляжаць у аснове ключавых акцый і форумаў, прывязаных да Года міру і стварэння. Гэта і ваенна-патрыятычнае, і духоўна-маральнае выхаванне. Гэта захаванне сямейных традыцый моцнай беларускай сям'і. Гэта эканоміка, а таксама сацыяльная абарона, — адзначыў Андрэй Крывашэеў.

Ён выказаў меркаванне, што паўдзельнічаць у мерапрыемствах Года міру і стварэння можна на любым узроўні — свайго пад'езда, двара, мікрараёна, горада і краіны ў цэлым.

Алег Раманаў адзначыў, што важным вымярэннем Года міру і стварэння з'яўляецца забеспячэнне грамадзянскай згоды. І ў гэтым аспекце па-ранейшаму актуальнай застаецца тэма асветы. А таксама інфармацыйная работа, у прыватнасці, з новымі медыя. Гэта «Тэлеграм», «Інстаграм», дзе рэгулярна фарміруецца вялікая плынь інфармацыі, якая ўплывае на свядомасць людзей, і тут неабходна ствараць свой кантэнт — прывабны, цікавы, нясумны, каб быць значным суб'ектам інфармацыйнай палітыкі.

— Грамадства з'яўляецца моцным, калі яно згуртаванае ўстойлівымі сувязямі ўзаемадапамогі, падтрымкі, удзелу, салідарнасці. А яны ўсталёўваюцца падчас сумеснай дзейнасці — у працы, праектах, акцыях, у тым ліку палітычных, дзе людзі адчуваюць плячо адзін аднаго. І мы мусім такім чынам яднаць грамадства, — дадаў Алег Раманаў.

Як бачаць рэалізацыю Года міру і стварэння у рэгіёнах, расказаў Віктар Лісковіч.

— Найперш, гэта праект «Цягнік памяці — 2023», які працягне традыцыю 2022 года і пройдзе пад патранажам Саюзнай дзяржавы. Стартуе акцыя 22 чэрвеня, і адзін з прыпыначных пунктаў — горад Уфа, дзе пройдзе юбілейны Х Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, — расказаў сенатар.

Цікавы праект плануецца летам і ў Свіслацкім раёне пад назвай «Бацькава булка». Ён будзе праходзіць другі раз.

— Нарадзіўся праект пасля наведвання хлебазавода кіраўніком нашай дзяржавы. Яму спадабаўся адзін з рэцэптаў, і гэтаму вырабу далі назву «Бацькава булка», а потым нарадзіўся і фестываль, — расказаў Віктар Лісковіч. — Мерапрыемства будзе арганізавана не толькі для работнікаў сельскай гаспадаркі, але і гандлю, вытворцаў хлебабулачных вырабаў.

А пачаўся Год міру і стварэння ў Баранавічах выдатным фестывалем «Берасцейскія сані», які таксама прайшоў другі раз пад патранатам губернатара Брэсцкай вобласці. Мерапрыемства сабрала ўвесь рэгіён і прадэманстравала ўсё тое пазітыўнае, чым сёння ганарыцца Брэстчына.

У сталіцы ў Год міру і стварэння гатовы аб'яднаць і падтрымаць любыя ініцыятывы.

— Сёння многія гатовы працаваць валанцёрамі, браць актыўны ўдзел у развіцці сваіх суполак, мясцовага самакіравання, працаваць у тэрытарыяльных органах грамадскага самакіравання, не атрымліваючы пры гэтым ніякай асабістай выгады, — звярнуў увагу Андрэй Бугроў. — Гэта накіравана на развіццё сваіх тэрыторый, свайго горада. Таксама мы будзем падтрымліваць сацыяльныя праекты, праводзіць рэканструкцыю, рамонты сацыяльных аб'ектаў, у бюджэце прадугледжаны адпаведныя затраты. Я ўпэўнены, што сталіца пакажа прыклад удзелу ў стваральнай працы. Мы хочам развівацца і жыць у сваёй краіне — мірнай, бяспечнай, прыгожай, дагледжанай.

Пра прыклады маладзёжных ініцыятыў расказала Наталля Карчэўская.

— Цікавая ідэя ўзнікла падчас дыялогавай пляцоўкі. Адзін са студэнтаў спытаў, ці было б падтрымана стварэнне клуба рэканструкцыі. Пасля ён асабіста падышоў да мяне, і цяпер яны самастойна гэтым займаюцца: падрыхтавалі палажэнне, распрацавалі лагатып, прыдумалі назву. Лічу, што важна даваць маладым такую магчымасць — займацца тым, што цікава ім самім, а не прапанавана дарослымі.

Гэта меркаванне падтрымаў і сакратар камітэта БРСМ Белдзяржуніверсітэта, выкладчык філалагічнага факультэта Міхаіл Дзегцярэнка. Адна з такіх маладзёжных ініцыятыў — Беларускі студэнцкі патрыятычны форум, прымеркаваны да Дня народнага адзінства, які прайшоў летась.

— Гэта студэнцкая ініцыятыва, якая нікім не была прадыктаваная. І мы прыцягнулі ўвагу да міжуніверсітэцкага супрацоўніцтва не проста на ўзроўні адукацыйных праграм, а на ўзроўні ўзаемадзеяння студэнцкіх саветаў. Пасля гэтага форуму аб'ездзілі ўсю Беларусь. Нас запрашаюць на свае мерапрыемствы розныя навучальныя ўстановы, і мы рыхтуем глебу для далейшай змены кадраў і выхавання новых маладзёжных лідараў.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.