Вы тут

Старшыня сельвыканкама ўзнагароджаны ганаровым знакам


Для Андрэя Мацкевіча, які ўзначальвае Парэцкі сельвыканкам Гродзенскага раёна, гэта ўзнагарода асаблівая. Яна звязана з самымі знакавымі месцамі — помнікамі і мемарыяламі на тэрыторыі сельскага Савета, якіх тут пяць. Летась пад кіраўніцтвам старшыні ўсе месцы масавых пахаванняў Вялікай Айчыннай вайны адрамантаваны, а некаторыя набылі новы выгляд.


Фота Мікалая Лапіна.

Ініцыятарам узнагароды стаў абласны ваенкамат, дзе пастаянна сочаць за станам помнікаў і абеліскаў. Як паведаміў начальнік кірунку ідэалагічнай работы і сацыяльнай абароны ваеннага камісарыята Гродзенскай вобласці Віталь Садавенка, менавіта ў Парэцкім сельсавеце выкананы найбольш значны аб'ём работ па аднаўленні памятных аб'ектаў. Пры гэтым адзначалася асабістая заслуга старшыні сельвыканкама.

— Гэта чалавек, які не толькі спадзяецца на фінансаванне з дзяржаўнай кішэні, але і сам ездзіць па сваіх нешматлікіх прадпрыемствах, шукае спонсараў, каб не толькі дзесьці падфарбаваць, а зрабіць сапраўды грунтоўную работу, дасканала аднавіць аб'ект, — заўважыў прадстаўнік ваенкамата. — Вялікая работа праведзена па рэканструкцыі помніка ў вёсцы Бабіна, на месцы масавых расстрэлаў мірных жыхароў у гады вайны. Помнік стаіць амаль што ў лесе, там у вёсцы ўсяго 3-4 хаты, тым не менш, яго адрамантавалі, можна сказаць, зрабілі нанова. Прыемна, што чалавек з такой увагай ставіцца да гэтай тэмы.

— Помнік у вёсцы Бабіна патрабаваў даволі значнай рэканструкцыі, таму рашэнне аб яго аднаўленні прымалася на ўзроўні не толькі сельвыканкама, але і Гродзенскага райвыканкама. Былі выдаткаваны сродкі, агульны кошт склаў 11 тысяч рублёў. Усе работы вяліся па вызначанай працэдуры, згодна з аб'ёмамі, — зазначыў Андрэй Мацкевіч.

У выніку помнік не толькі адрамантавалі, а практычна адбудавалі нанова. Замянілі надмагільную пліту, паклалі плітку, зрабілі агароджу. Паколькі манумент знаходзіцца на ўзвышшы, былі ўсталяваны сходні, якіх раней не было. Сучасным штрыхом на мемарыяле стала металічная табліца з QR-кодам, дзе з дапамогай спецыяльнага дадатку можна атрымаць інфармацыю аб тым, што тут здарылася ў студзені 1943 года.

Дарэчы, поўную гісторыю тых падзей апісаў у сваёй кнізе «Мая родная вёска Бабіна» яе карэнны жыхар, навуковец, доктар філалагічных навук, прафесар Мікалай Даніловіч. Кніга выйшла ў свет у мінулым годзе невялікім накладам. Сам аўтар расказаў, што падчас карнай аперацыі фашысты забілі яго прадзеда і амаль ўсю яго сям'ю разам з іншымі вяскоўцамі, а вёску спалілі. Па словах Мікалая Даніловіча, яго маці, якая вярнулася сюды пасля вайны, стала клапаціцца аб устаноўцы помніка.

— Маці даглядала гэту брацкую магілу да апошніх дзён, купляла кветкі са сваёй пенсіі. Мы нават побач паставілі лаўку, на якой яна доўга сядзела вечарамі і малілася, — расказвае Мікалай Аляксандравіч. — Цяпер у вёсцы амаль нікога не засталося, але за помнікам ёсць нагляд. Летась яго значна аднавілі, дзякуючы старшыні Парэцкага сельвыканкама Андрэю Мацкевічу тут правялі дасканалы рамонт. Мясцовыя ўлады сочаць за парадкам, прыязджаюць траву падкошваць.

Паводле слоў старшыні сельвыканкама, за кожным помнікам замацаваны арганізацыі і навучальныя ўстановы.

— Мы з удзелам многіх службаў пастаянна аб'язджаем нашы памятныя месцы, сочым за іх станам, — расказвае Андрэй Мацкевіч. — Кожны год мы робім бягучы рамонт усіх помнікаў. Усе арганізацыі на тэрыторыі сельсавета ведаюць, што канкрэтна ім трэба зрабіць, мне нават нагадваць не трэба...

Андрэй Мацкевіч лічыць, што знак «За асаблівы ўклад ва ўвекавечанне памяці абаронцаў Айчыны» — гэта ўзнагарода не толькі яго, але і заслуга ўсяго раёна. Захаванню помнікаў і мемарыялаў надаецца вялікая увага. У пачатку года сумесна з раённым Саветам дэпутатаў плануецца работа па аднаўленні помнікаў, згодна з дзяржаўнай праграмай.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Дагледжаная памяць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.