Вы тут

«Абеліскі параненай зямлі». Не зарасце лясная сцяжына


Нямала помнікаў ахвярам вайны стаіць у лясах, на ўзбочынах, на месцы былых вёсак. Іх даглядаюць, пра іх клапоцяцца.

На мітынгу ў Брэсцкай крэпасці 22 чэрвеня мінулага года былі агучаны лічбы помнікаў і памятных месцаў Брэстчыны — іх амаль тысяча дзвесце. У тым ліку — 407 брацкіх магіл, 22 вайсковыя пахаванні, 14 мемарыяльных комплексаў, 73 абеліскі, 343 помнікі, 11 стэл. Практычна кожны населены пункт мае сумную, а то і трагічную старонку гісторыі перыяду ваеннага ліхалецця. Вялікая колькасць помнікаў усталявана ў лясах, — у нас кожны метр зямлі, лічы, гісторыя. Помнік часам можна сустрэць далёка ад населенага пункта, нават ад дарогі.


Новы побач са старым

Гады са два таму ў вёсцы Павіцце Кобрынскага раёна расказалі гісторыю, якая вельмі кранула. Адзін падарожнік, які аказаўся расійскім бізнесменам, убачыў у лесе помнік. Яго так уразіла, што сціплы абеліск за пяць кіламетраў ад населенага пункта не закінуты, не зарослы бур'яном, а дагледжаны і добраўпарадкаваны, што выпадковы госць захацеў неяк адзначыць гэтых людзей. У выніку сельскі Дом культуры атрымаў спонсарскую дапамогу на новае ўбранне сцэны. Тое, што для нас выглядае паўсядзённым і натуральным, на старонні погляд падалося асаблівым.

Помнік у адным з лясоў Брэстчыны.

Такім помнікам, што стаяць часта нават у глыбіні лясоў, мы ведаем лік, відаць, прыблізна. Сярод іх сустракаюцца нават цікавыя аўтарскія работы, шмат тыповых савецкіх манументаў другой паловы ХХ стагоддзя, але найбольш простых прымітыўных, якія нярэдка ўстанаўлівалі самі жыхары. Ды за кожным з іх — свая гісторыя трагедыі, свае ахвяры. Тыя з помнікаў, якія даводзілася бачыць аўтару гэтых радкоў у розныя гады, выклікаюць гонар за суайчыннікаў. Бо месцічы не пакідаюць знакі памяці разбурацца, не забываюць прыходзіць да іх, даглядаюць, падтрымліваюць.

Вядома, час і прырода разбураюць надмагіллі, але многія з іх цяперашняе пакаленне аднаўляе. Часцей ставяць новы памятны знак побач са старым, аддаючы даніну пашаны папярэднікам. Падобны прыклад давялося ўбачыць падчас камандзіроўкі ў Кобрынскім раёне.

Недалёка ад вёскі Корчыцы ўстаноўлены знак на месцы гібелі сям'і Загрэбаў, дзе расстралялі сем чалавек. Аб гэтым расказала настаўніца Хідрынскай школы Ірына Назарук.

— У Загрэбаў, як і ў большасці вяскоўцаў, была вялікая сям'я, у адной хаце жылі тады некалькі яе пакаленняў. Гэтыя людзі дапамагалі партызанам, і нехта ж выдаў, казалі, што вясковы стараста. 15 лютага 1943 года ў цэнтры вёскі каля крыжа сабралі ўсіх жыхароў. Людзям загадалі ісці ў будынак школы на сход. Там аб'явілі, што сям'я Загрэбаў і Надзея Нікіцюк будуць пакараныя за сувязь з партызанамі. Усім загадалі выйсці, а названым было сказана заставацца. Людзі выйшлі і чакалі побач. Калі выводзілі ахвяраваных на смерць, адзін з немцаў, што аказаўся чалавекам, выпхнуў хлопчыка Мішу ў натоўп. Канвойны прапаноўваў таксама ратавацца і 12-гадовай дзяўчынцы, але маці не адпусціла ад сябе дачку. Людзі вырашылі потым, што яна пабаялася, каб немцы ці паліцаі не паглуміліся з яе, і аддала перавагу смерці... Такім чынам, з сям'і выратаваліся два хлопчыкі: Міша і яго брат Павел, які, на шчасце, быў у бабулі. А вось маці сямейства і бабулю Аксеню, як вынікае з памятнай пліты, яе дарослых сына і дачок, іх дзяцей, у тым ліку трохгадовую Кацярыну, іх 19-гадовую суседку Надзею расстралялі...

Людзі, хоць і разышліся, але з вокан бачылі, як вялі асуджаных. 32-гадовая Ганна была на дзявятым месяцы цяжарнасці, ёй было цяжка ісці, яна раз-пораз нахілялася і брала ў рот снег. А калі ўжо ляжала, малое яшчэ доўга варушылася ўнутры мёртвай маці. Як вядома, 15 лютага — Грамніцы, быў даволі халодны дзень, але, як толькі іх расстралялі, раптам пайшоў дождж. Усе ўспрынялі гэта як знак: нябёсы плакалі над нявіннымі ахвярамі.

Спачатку на гэтым месцы ўзвышаўся крыж, пастаўлены сваякамі забітых. Сціплы абеліск з зорачкай паставілі недзе на рубяжы 60—70-х гадоў. Яго падтрымлівалі, рамантавалі, але ён стаў разбурацца, і ў пачатку 2000-х намаганнямі раённай улады ўстанавілі мармуровую пліту з імёнамі і прозвішчамі расстраляных, паднавілі і стары помнік. Цяпер яго даглядаюць вучні мясцовай школы, сельвыканкам, нераўнадушныя вяскоўцы.

Ад Ора да Арла

У суседнім з Хідрынскім, Кісялевіцкім, сельсавеце такіх помнікаў таксама нямала. Адзін з іх стаіць у полі, акружаным лясамі, у памяць аб спаленай вёсцы. Некалі на беразе Днепра-Бугскага канала стаяла зусім невялікая вёска з назвай Арол. Яе ўтварылі былыя хутаране, якіх аб'ядналі ў паселішча. Людзі расцілі хлеб, гадавалі дзяцей. Побач праходзіла чыгунка, на якой у вайну партызаны не раз праводзілі паспяховыя дыверсіі. За гэта і знішчылі акупанты ўвесь Арол. 22 снежня 1943 года жыхароў сагналі ў крайнюю хату Івана Хамука, закідалі гранатамі і спалілі. Потым падпалілі ўсе астатнія хаты.

Каля былой вёскі Арол.

Пасля вызвалення астанкі 27 чалавек, якія загінулі ў агні, былі пахаваны за вёскай на пагорку ў брацкай магіле. Вёска больш не адрадзілася. Цяпер пра трагедыю нагадвае помнік-валун з мемарыяльнай табліцай. Вучні і настаўнікі Кісялевіцкай школы праводзяць тут памятныя мерапрыемствы, ускладаюць кветкі, згадваюць пра ахвяры вайны. Старшыня Кісялевіцкага сельскага Савета Іван Будзько сказаў, што на месца трагедыі Арла прыходзяць вясной прыбраць, а кветкі прыносяць 9 Мая, на Радаўніцу, у дзень знішчэння вёскі.

А ў вёсцы Балоты гэтага сельсавета некалі вясковая грамада самастойна ўвекавечыла памяць абаронцы Радзімы. Малады афіцэр Мікалай Сілаў загінуў у баях пры вызваленні. Цела яго з дакументамі знайшлі на полі і пахавалі па-людску на вясковых могілках, паставілі сціплы помнік. З часам ён зусім амаль разбурыўся. І два гады таму за сродкі сельвыканкама зрабілі новы помнік 26-гадоваму лейтэнанту з Падмаскоўя, які назаўсёды застаўся ў беларускай вёсцы Балоты.

Каля вёскі Ор.

Адсюль, калі паехаць па дзівінскай трасе на поўдзень, то і двух дзясяткаў кіламетраў не будзе да вёскі Ор. Ва ўрочышчы Ор, у глыбіні лесу, таксама ўстаноўлены помнік на брацкай магіле. Тут пахаваны салдаты, афіцэры, партызаны, якія загінулі ў 1944-м, пры вызваленні. Мясцовыя жыхары расказвалі, што пахаванні пачаліся яшчэ летам 1941 года, калі ў вёску зайшлі немцы. Акупанты знайшлі некалькі чырвонаармейцаў-акружэнцаў і расстралялі. Потым тут хавалі партызан, якія гінулі ў перастрэлках. У 1944-м былі асабліва жорсткія баі, страты неслі абодва бакі. Немцы хавалі сваіх на ўзгорку, у іх яшчэ ваявалі мадзьяры, румыны, харваты. Вясной, як растане снег, мясцовыя жыхары знаходзілі трупы людзей і асабліва не разбіралі, свой ці чужы — закопвалі на месцы, ведалі: Богам залічыцца. Пасля вайны было перапахаванне. Дзе помнілі — адкапалі. Звезлі ў адно месца, так паявілася брацкая магіла. Пазней паставілі абеліск. Яго даглядала не адно пакаленне школьнікаў. Пасля таго, як школы паблізу пазакрывалі, помнік і прылеглую тэрыторыю трымае ў парадку лясніцтва пры падтрымцы мясцовай улады.

Пад нахіленымі крыжамі

Работнікі Нікарскага лясніцтва Нацыянальнага парку «Белавежская пушча» даглядаюць унікальны помнік ахвярам фашызму ў Пружанскім раёне. «Крыжы, якія падаюць» — так ён называецца. Больш за сорак гадоў таму ўзвялі гэтую кампазіцыю па праекце польскіх архітэктараў. Першы раз мне давялося ўбачыць гэты помнік зімой. На фоне белага снегу нахіленыя крыжы глядзяцца вельмі нават незвычайна. Што цікава, з розных бакоў вялізныя бетонныя стэлы выглядаюць па-рознаму. Калі глядзець прама, яны падобныя да слупоў і перакладзін, ступіш крок улева або ўправа — падасца, што манумент нахілены ўперад, а глянеш на яго збоку — узнікае аптычны эфект, што крыжы вось-вось упадуць на зямлю.

Тут расстралялі больш за сто вяскоўцаў. Равок крыху воддаль за крыжамі да гэтай пары прыкметны, тут і знайшлі спачын нявінныя людзі. Іх закатавалі ў пачатку жніўня 1941 года. Не раз адзначалася, што ў іншых месцах акупанты пачалі лютаваць пазней, калі адчулі супраціўленне насельніцтва, калі сталі нагадваць аб сабе партызаны. А тут толькі прыйшлі, пачалі забіваць мясцовых актывістаў, а разам з імі і тых, хто пад руку трапіць. Людзей зганялі ў лес некалькі дзён, а з лесу яны ўжо не вярнуліся. Жыхарка Белага Ляска Вольга Улезла расказвала аўтару гэтых радкоў, як яе сваячка трапіла пад аблаву за тое, што спявала ў вясковым клубе. Яна вельмі добры голас мела, а яшчэ малое дзіця гадавала. Тая самадзейная артыстка таксама ў брацкай магіле...

Сярод забітых — найбольш жыхароў вёскі Белавежа, а таксама суседніх паселішчаў, якія пасля вайны сталі тэрыторыяй Польшчы. А брацкая магіла жыхароў суседняй вёскі Чадзель Пружанскага раёна цяпер знаходзіцца ў Польшчы. Такія вось зігзагі гісторыі...

Другога жніўня, у дзень расстрэлу, каля крыжоў на нашым баку заўсёды збіраюцца людзі. Вось і мінулым летам прайшло памятнае мерапрыемства. Богаслужэнні над брацкай магілай правялі святары праваслаўнай і каталіцкай канфесій. Гук метранома падчас хвіліны маўчання ў векавым лесе прагучаў асабліва пранізліва, было такое ўражанне, што нават птушкі замаўчалі... Людзі згадвалі, як у такую ж лагодную летнюю пару забівалі ні ў чым не вінаватых землякоў.

Прыязджаюць дзеці і ўнукі

Пра тое, што ў глыбіні лесу, далекавата ад шашы, ёсць вёска, чалавеку несвядомаму і здагадацца было б цяжка. Недасведчаны падарожнік спачатку можа наткнуцца на помнік, а потым ужо разгледзець вёску. Як было некалі з адным знакамітым беларускім аграрыем, але пра гэта крыху пазней.

Лескі ў Камянецкім раёне — адна з вогненных вёсак Беларусі. Яе лёс у многім вызначыла месцазнаходжанне. Сама назва пра тое гаворыць. Карнікі лічылі такія паселішчы патэнцыяльна небяспечнымі, магчымымі ачагамі партызанскага руху. Таму 4 мая 1943 года ўсіх жыхароў сагналі на край сяла, на ўзлесак і расстралялі. Хаты спалілі. Падрабязна аб трагедыі Лесак расказана ў нумары нашай газеты за 24 студзеня. На помніку, узведзеным у 1980-я гады, высечаны прозвішчы бязвінных ахвяр: цэлыя сем'і па пяць, восем, дванаццаць чалавек, усе пакаленні: прабабулі, бабулі, маці, дзеці-немаўляты... Цяпер у гадавіну трагедыі тут збіраюцца вяскоўцы, прыязджаюць далёкія сваякі загінулых. У 2013—2014 гадах помнік адрамантавалі за кошт раённага бюджэту. Найперш спілавалі старыя дрэвы. Сам помнік атынкавалі і пафарбавалі. Вакол паклалі новую плітку, зрабілі дарожкі, паставілі лаўкі. Лескі пасля вайны адрадзіліся. Праўда, цяпер засталася жменька жыхароў. Улетку, вядома, бывае весялей, прыязджаюць нашчадкі былых жыхароў. Іх дзеці, дарэчы, прымаюць удзел у доглядзе помніка. «Кожны год паднаўляем помнік, — расказвае старшыня Рэчыцкага сельскага Савета Наталля ШОСЦІК. — Ён стаіць у лесе, вільгаць з дрэў аказвае негатыўны ўплыў на фарбу і матэрыялы манумента, касметычны рамонт патрабуецца рэгулярна».

А да васьмідзясятых гадоў тут быў зусім сціплы абеліск, пастаўлены недзе ў пачатку 1960-х. Пра трагедыю землякоў аўтару гэтых радкоў некалі расказвала жыхарка вёскі Ганна Мікалаеўна Цыбуля. У брацкай магіле пахаваныя родныя яе мужа. Сам ён прыйшоў з вайны на папялішча, знайшоў толькі магілу. Потым аднаўляў хату. Дык вось яна расказвала, што ў іх вёску стаў заязджаць кіраўнік сельгаспрадпрыемства «Відамлянскае» Міхаіл Страпко, калі землі іх былога калгаса далучылі да названай гаспадаркі. Цікавіўся, як жывуць людзі, у чым маюць патрэбу.

Пазней Міхаіл Страпко расказаў карэспандэнту газеты, што да гэтай вёскі ў яго асабліва трапятлівае стаўленне. У далёкія 1980-я гады ён, малады аграном знакамітага на ўвесь Саюз калгаса «Савецкая Беларусь», на службовым пікапе прывозіў хлеб людзям. Аўтакрамы сюды не хадзілі, стацыянарнай крамы таксама не было. Рабіць гэта распарадзіўся тагачасны старшыня калгаса двойчы Герой Сацыялістычнай Працы Уладзімір Бядуля. Уладзімір Лявонцьевіч у свой час натрапіў у лесе на помнік і стаў высвятляць яго гісторыю. А калі даведаўся пра гаротныя Лескі, пачаў усяляк дапамагаць яе жыхарам. Наступнікі прадоўжылі традыцыю Бядулі.

Зараз у Лесках засталіся тры пастаянныя жыхары. Але ў памятныя дні прыязджаюць нашчадкі ахвяр і іх сваякоў. «Іх ніхто не арганізоўвае, яны самі прыязджаюць з вянкамі, кветкамі, прымаюць удзел у памятных мерапрыемствах, прывозяць сваіх дзяцей і ўнукаў», — расказала кіраўнік мясцовай улады.

У глыбіні Шчэбрынскага лесу

І яшчэ пра адзін, не зусім звычайны, помнік хочацца сказаць. У лесе, які называюць Шчэбрынскім, паміж вёскамі Радванічы і Франапаль давялося наткнуцца на сціплы абеліск. Было гэта даўно, гадоў дзесяць таму. Звярнула ўвагу на цэнтральную шыльду, якая змяшчае вельмі абстрактны тэкст, нешта накшталт «Бясстрашным і мужным воінам і партызанам». На адваротным баку помніка прымацавана дошка, на якой напісана, што ў лістападзе 1942 года тут быў расстраляны адважны партызанскі разведчык Гаўрылюк Іван Аляксандравіч са сваёй сям'ёй.

Тагачасны сакратар Радваніцкага сельскага Савета Таццяна Кавалевіч адразу пацвердзіла здагадку: так, у 1942 годзе фашысты расстралялі Гаўрылюка Івана Аляксандравіча, яго жонку і сына, а таксама Белавежу Пятра Фёдаравіча з жонкай і сынам. Таццяна Якаўлеўна тады параіла звярнуцца да старажыла тутэйшых мясцін Дзмітрыя Пархаца з Малых Радванічаў. І не памылілася.

Крыжы, якія падаюць.

Аказалася, Пархацы былі суседзямі Гаўрылюкоў. Як расказаў Дзмітрый Іванавіч, раней яго дзяды, бацькі жылі ў вёсцы Камяніца, пазнейшая назва — Падлессе Камяніцкае. Але пры Польшчы іх землі адышлі пад ваенны палігон Войска Польскага. А ўзамен улады выдзелілі адселеным людзям месца пад хутары. Вось Пархацы і пабудаваліся фактычна на ўскрайку лесу. Побач была сядзіба мясцовага ляснічага, якая адначасова з'яўлялася лясніцтвам. Там жыў з сям'ёй Іван Гаўрылюк. З яго сынам Лёнькам ды з Лёшам Белавежам Дзмітрый разам гуляў. Пры гэтым Дзмітрый Іванавіч добра памятаў, што ён быў старэйшы з хлопцаў. Лёню і Аляксею на пачатак вайны не споўнілася і дзесяці. Ляснічы Іван Аляксандравіч быў чалавекам адукаваным, у доме захоўвалася шмат кніг. І яшчэ, што ўрэзалася ў памяць Дзмітрыя Пархаца, сядзіба-леснічоўка выглядала надзвычай прыгожа. Драўляная пабудова была выраблена нейкім майстрам з вялікім густам. Нават агароджа з арэшніку ўяўляла сабой маляўнічае відовішча. Недалёка жыў і ляснік Пётр Белавежа.

Навакольныя лясы абумовілі партызанскі рух з самага пачатку вайны. У недалёкіх ад Брэста лясных масівах хаваліся ўсе, хто мог схавацца ад ворага. Спачатку партызаншчына была стыхійнай. Дзмітрый Пархац са сваім бацькам побач з уласным хлявом сустрэлі аднойчы старшыню Тэльмінскага сельсавета Івана Салейку з таварышамі. Гэтыя людзі адразу падаліся ў лес, бо ведалі, што вораг не пашкадуе. Потым уцекачы сталі арганізоўвацца, да іх далучыліся чырвонаармейцы, якія адступалі, цярпелі паражэнне. І паступова навакольныя лясы станавіліся партызанскай базай. Зразумела, што партызаны стараліся паўсюль займець сваіх людзей. Але ж ніхто не хваліўся падобнымі сувязямі. Вядома, людзі не ведалі, што да ляснічага прыходзяць з атрада па інфармацыю. Не ведалі аж да таго часу, пакуль не адбылася трагедыя...

У Шчэбрынскім лесе.

Пра тое, што сталася з Гаўрылюкамі і Белавежамі, Дзмітрый даведаўся ад Аляксандры Данілюк, дзяўчыны, якая прыбірала ў леснічоўцы. Яна прыбегла, як заўсёды, ранкам на працу, а там поўна немцаў са зброяй, з сабакамі. Спачатку схапілі і яе, але, распытаўшы, хто такая, адпусцілі. А іх, Гаўрылюка і Белавежу, іх жонак і сыноў — хлопчыкаў 10-11 гадоў — расстралялі.

Засталіся ўспаміны былога дырэктара Радваніцкай школы Уладзіміра Пятровіча Ласковіча. Ён сведчыў, што Івана Гаўрылюка расстралялі асобна ад сям'і. Спачатку яго па-зверску катавалі ў камендатуры, а потым, ужо мёртвага, прыцягнулі, прывязаўшы да каня, за шэсць кіламетраў з Палесся Радваніцкага. Гэты здзек з цела ўбачыла сям'я, да якой ён і далучыўся каля ўласнай хаты, каб пайсці ў вечнасць.

Ці самі карнікі вылічылі Івана Гаўрылюка, ці хто выдаў яго сувязь з партызанамі — ніхто дакладна не ведае. Вядома, што ў адзін міг загубілі дзве сям'і, у тым ліку ні ў чым не павінных жанчын і дзяцей. Недзе ў 1970-х гадах на месцы іх спаленых немцамі сядзіб паставілі сціплы знак памяці. Раней сюды вяла даволі шырокая дарога, нават раённыя мерапрыемствы праводзілі, прымеркаваныя да памятных дат. Але з часам дарога рабілася непрыкметнай, зарастала. Праўда, помнік даглядаюць супрацоўнікі лясніцтва, не забывае і сельсавет. Не так даўно паставілі новую агароджу. Паводле слоў старшыні Радваніцкага сельскага Савета Наталлі Драневіч, гэтай вясной таксама помнік паднавілі, дагледзелі.

...Сюды, як не ведаеш дарогі, без праважатых не трапіш. Мясціна ж пасярод лесу. Як і да другога помніка, здымак якога даўно захоўваю. Зрабіла яго падчас адной з камандзіровак, а лакацыю з гадамі забылася. Але ж галоўнае, што і сярод лесу да яго не зарастае сцяжына, аднаго з тых, які ўразіў выпадковага падарожніка, госця нашай краіны.

Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 131 ад 31 сакавіка 2022 года.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.