Вы тут

У Гродне прайшла цырымонія ўшанавання лаўрэатаў прэміі імя Аляксандра Дубко


Узнагароды атрымалі 14 творцаў, якія вылучыліся сваімі дасягненнямі ў сферы культуры і мастацтва. Кожны з іх стаў лепшым у сваёй намінацыі сярод артыстаў, музейных работнікаў, народных майстроў, пісьменнікаў, артыстаў, рэжысёраў, музыкантаў і іншых дзеячоў творчых устаноў. За 25 год існавання прэміі яе лаўрэатамі сталі больш за 300 чалавек, некаторыя адзначаны прэміяй некалькі разоў. 


Прэмія лічыцца вельмі прэстыжнай у творчым асяроддзі Гродзеншчыны. Заснавана яна былым кіраўніком рэгіёна Аляксандрам Дубко ў 1999 годзе. Лаўрэатамі першай прэміі сталі дзевяць чалавек. Паступова кола намінацый пашырылася. Пасля таго, як Аляксандра Дубко не стала, прэмія стала насіць яго імя. А ўсе цырымоніі праходзяць з удзелам жонкі Эммы Нікіфараўны Дубко. Не стала выключэннем і сёлятняя, 25 па ліку ўрачыстасць. Лаўрэатаў традыцыйна павіншаваў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік. Ён адзначыў, што з кожным годам вылучыць пераможцаў становіцца ўсё цяжэй. 

— Мы бачым, наколькі багата талентамі наша зямля. І гэта крыніца невычэрпная, бо з кожным годам канкурэнцыя сярод лаўрэатаў расце. Справа, якую пачаў наш знакаміты зямляк Аляксандр Дубко, жыве і працягваецца. Я ўпэўнены, што гэты конкурс разлічаны на многія дзесяцігоддзі. Ён запатрабаваны сярод творцаў, якія адчуваюць падтрымку дзяржавы, а гэта дазваляе глядзець з аптымізмам у будучае, — зазначыў кіраўнік рэгіёна. — Таму нашы мастацтва і культура будуць і надалей ісці ў напрамку беражнага захавання традыцый і развіцця новых граняў. Мы бачым пераймальнасць пакаленняў, у нас сёння ёсць лаўрэат, бацька якога таксама атрымаў гэту прэмію. 

Гаворка ідзе аб музыканту з аграгарадка Парэчча Гродзенскага раёна Паўлу Мазюку. Трыццаць год таму тут быў створаны аркестр, які сёння вядомы далёка за межамі раёна. Пётр Мазюк — бацька Паўла — з’яўляецца адным з кіраўнікаў аркестра і лаўрэат прэміі імя Дубко. Сёлета гэту эстафету падхапіў яго сын, які іграе ў аркестры і вучыць дзяцей у музычнай школе. Як прызнаўся сам Павел, за 10 год працы ў яго нямала званняў лаўрэата і ўзнагарод, але гэта прэмія для яго, маладога музыканта, асабліва ганаровая і з’яўляецца добрым стымулам для далейшых дасягненняў. 

У намінацыі «Народны майстар» віншаванні прымала Алена Міхед са Слоніма. Жанчына прадставіла ўзоры сваёй працы — традыцыйную народную вышыўку. Яна працуе майстрам народных промыслаў і рамёстваў у Слонімскім раённым цэнтры культуры, народнай творчасці і рамёстваў, кіруе дзіцячым гуртком па вышыўцы. Прызналася, што пастаянна спасцігае новыя тэхнікі, імкнецца адрадзіць старажытныя ўзоры Прынёманскага краю. Кажа, што вышыўка зараз вельмі запатрабаваная, яна прыгожа глядзіцца на сучасным адзенні, запатрабаваны і вышытыя рушнікі. 

Цікавыя работы падчас цырымоніі прадставіў Анатоль Бандзюкевіч, пераможца ў намінацыі «Мастак года». Лаўрэат прэміі імя Дубко жыве ў Навагрудку, тут можна ўбачыць цікавы праект міні-музея макетаў «Страчаная спадчына», адным з аўтараў якога і з’яляецца Анатоль Бандзюкевіч. А яго макет гарадской ратушы атрымаў Дыплом ІІ ступені на абласным конкурсе макетаў «Архітэктурныя помнікі малой Радзімы».

У ліку лаўрэатаў — дырэктар Іўеўскага музея нацыянальных культур Кацярына Маскалевіч. Установа з’яляецца адзінай у сваім родзе ў Беларусі і які адлюстроўвае здабыткі шматнацыянальнай культуры краю. Пад кіраўніцтвам Кацярыны вядзецца фарміраванне пастаяннай экспазіцыі, якая аб’ядноўвае розныя рэлігіі на адной тэрыторыі. 

Амаль ніводнага свята ў Гродзенскім раёне не праходзіць без удзелу народнага фальклорнага гурта «Жывіца», якім кіруе рэжысёр Людміла Касянчук. Часта калектыў выязджае на абласныя і рэспубліканскія фестывалі і конкурсы. У таленавітасці гурта ўпэўніліся і гледачы падчас урачыстай цырымоніі ўручэння прэміі імя Дубко. Людміла Касянчук — адна з лаўрэатаў прэстыжнай прэміі. Лічыць, што гэта ўзнагарода ўсяго калектыва. Дарэчы, сёлета гурт плануе аднавіць многія народныя абрады і пабываць у фальклорных экспедыцыях. 

Уручэнне прэміі традыцыйна праходзіць у студзені і прыстасаванна да дня нараджэння Аляксандра Дубко. У гэтым годзе Аляксандру Дубко — Герою Беларусі — 14 студзеня споўнілася б 85 год. Яго працоўны шлях пачаўся ў 1960 годзе з пасады агранома. Кіраваў сельгасгаспадаркамі, узначальваў Гродзенскі аблвыканкам. У 1998 па яго ініцыятыве ўладамі было прынята рашэнне аб зацверджанні прэміі Гродзенскага аблвыканкама «За творчыя дасягненні ў вобласці культуры і мастацтва». У 2012 годзе прэмія імя Дубко пачала прысуджацца яшчэ і таленавітай моладзі ў сферы адукацыі. 

Маргарыта УШКЕВІЧ 

Фота: Мікалай ЛАПІН

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.