Вы тут

Кіраўнік НАН Уладзімір Гусакоў — пра тэхналагічную незалежнасць і фінансавую эфектыўнасць


Апошнім часам навука сутыкаецца са шматлікімі новымі выклікамі: пандэмія, змяненне клімату, якое цягне змяненне ўмоў вядзення сельскай гаспадаркі, санкцыйны ціск на эканоміку. Сусветная эканоміка становіцца іншай. Адбываецца разбурэнне існуючага светапарадку, абвастрэнне супрацьстаяння паміж найбуйнейшымі эканомікамі. Сёння на першы план выходзіць праблематыка стварэння бяспекі, у тым ліку гуманітарнай. Пра тое, як акадэмічным вучоным удаецца трымаць руку на пульсе, старшыня прэзідыума акадэмік Уладзімір ГУСАКОЎ расказаў у інтэрв’ю журналісту «Звязды».


Новае слова ў навуцы

— Уладзімір Рыгоравіч, традыцыйна напрыканцы года ў акадэміі падводзяць вынікі конкурсу на саісканне прэмій НАН, называюць лаўрэатаў прэмій маладых вучоных і вызначаюць ТОП-10 вынікаў дзейнасці акадэмічных вучоных. Не маглі б вы спыніцца на самых актуальных і перспектыўных навуковых распрацоўках вашых калег? Ці ёсць насамрэч прарыўныя вынікі?

На выстаўцы «Беларусь інтэлектуальная» Уладзімір Гусакоў знаёміць Кіраўніка дзяржавы з дасягненнямі акадэмічнай навукі. Фота: БелТА.

— Перш за ўсё, конкурсы мы праводзім, ставячы розныя мэты. Наогул, любое спаборніцтва — магутны стымул. У навуковым асяроддзі гэта азначае і матывацыю да творчасці, і папулярызацыю дасягненняў, і імкненне да таго, каб увесь час «павышаць планку» кампетэнцый. Таму ў сістэме Акадэміі навук дзейнічае цэлая сістэма прэмій, узнагарод і заахвочванняў, арыентаваная на найбольш поўнае раскрыццё патэнцыялу вучонага.

Другая частка пытання патрабуе невялікага каментарыя. Для кожнага чалавека стварэнне чагосьці новага — заўсёды прарыў. Гэта сведчанне таго, што ён здолеў выйсці за рамкі штодзённасці, пакінуў «зону камфорту», паспрабаваў сказаць новае слова. Сапраўдны вучоны жыве ў пастаянным творчым пошуку, адкрывае новыя веды, стварае інавацыйныя аб’екты і тэхналогіі, жыве ў даследчай прасторы, якая дынамічна змяняецца. Прычым гэта прастора актыўна прырастае ў аб’ёме. Множацца створаныя задзелы. Гэта азначае, што атрыманне кожнай прынцыпова новай крупінкі ведаў патрабуе павышанай самааддачы. З іншага боку, чым шырэйшае кола ведаў, тым больш абласцей нязведанага. Такім чынам, мы бачым дуалізм навукі, калі складанасць адкрыцця новых заканамернасцяў расце, але разам з тым павялічваецца і верагоднасць іх здзяйснення. Па сутнасці, на стыку гэтых рознанакіраваных вектараў і нараджаецца прарыўны вынік.

Вынікі, атрыманыя акадэмічнымі вучонымі, з поўным правам можна аднесці да катэгорыі прарыўных, прычым у плане не толькі навуковым, але і практычным. Адзначу, што пералікі ТОП-распрацовак, якія мы фарміруем, праходзяць строгую працэдуру адбору і экспертнай ацэнкі высокага ўзроўню, якая завяршаецца калегіяльным разглядам на Бюро Прэзідыума НАН Беларусі.

Так, па выніках 2022 года ў ТОП найлепшых дасягненняў і распрацовак НАН Беларусі ўвайшлі ў фізікаў — тэорыя ўзбуджэння рэзанансаў у асіметрычных актыўных фатонных структурах і яе прымяненне да розных тыпаў метаматэрыялаў. У галіне тэхнічных навук — сістэма магнітна-зондавага кантролю дэфектнасці сталёвага пракату, а таксама прататып рухальнай устаноўкі для звышгукавых лятальных апаратаў.

У галіне біятэхналогій для прымянення ў ахове здароўя — высокаэфектыўныя антытаксічныя супрацьпухлінныя прэпараты новага пакалення на аснове прыродных стэроідаў, высокаактыўны генна-інжынерны штам для атрымання вакцын новага пакалення з патэнцыйна ўзмоцненай імунагеннасцю, а таксама абгрунтаванне эфектыўнасці пазаклеткавых везікулаў мезенхімальных ствалавых клетак для аднаўлення нервовых тканак. У прадстаўнікоў аграрнай навукі — комплекс найноўшых тэхналогій і тэхнічных сродкаў захавання і падтрымання працаздольнасці закрытых меліярацыйных сістэм. Найлепшым таксама быў прызнаны аўтарскі калектыў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі за раскрыццё тэмы Вялікай Айчыннай вайны ў розных жанрах кампазітарскай творчасці.

Хачу падкрэсліць: згаданыя ТОП-распрацоўкі — толькі вяршыня, калі казаць метафарычна, «даследчага Алімпу», у аснове якога знаходзяцца дзясяткі і сотні акадэмічных распрацовак па найбольш актуальных навуковых напрамках, якія адказваюць самым строгім крытэрыям навізны, практычнай значнасці і эфектыўнасці прымянення.

Касмічная дзяржава

— Восенню 2022 года ў Нацыянальнай акадэміі навук прайшоў VІІІ Беларускі касмічны кангрэс. Адной з найважнейшых падзей мінулага года стала стварэнне кластара «Навукова-вытворчая карпарацыя «Белкосмас». Ці можна сёння з упэўненасцю казаць аб стварэнні ў нашай краіне касмічнай галіны? Патлумачце, калі ласка, як рэалізацыя касмічных праграм уплывае на беларускую эканоміку і чаму для нас так важна быць касмічнай дзяржавай?

— Перш за ўсё, дазволю нагадаць, што на Нацыянальную акадэмію навук Беларусі ўскладзена правядзенне адзінай дзяржаўнай палітыкі, рэгуляванне дзейнасці ў галіне даследавання і выкарыстання касмічнай прасторы ў мірных мэтах. Для рэалізацыі гэтых і іншых задач у касмічнай сферы ў НАН Беларусі ў 2015 годзе было створана і паспяхова функцыянуе Агенцтва па касмічных даследаваннях.

«Навукова-вытворчая карпарацыя «Белкосмас» — гэта яшчэ адна кластарная ініцыятыва НАН Беларусі, агульная колькасць якіх набліжаецца да 80. Карпарацыя створана для рэалізацыі і развіцця перспектыўных праектаў у касмічнай галіне. Яе ўдзельнікамі сталі акадэмічныя арганізацыі — Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі, УП «Геаінфармацыйныя сістэмы», дзяржаўнае прадпрыемства «НПЦ шматфункцыянальных беспілотных комплексаў», а таксама арганізацыі, з якімі мы актыўна супрацоўнічаем — Кітайска-Беларускае СЗАТ «Авіяцыйныя тэхналогіі і комплексы» і ТАА «КБ Беспілотныя верталёты». Такі склад удзельнікаў прадыктаваны іх кампетэнцыямі ў вырашэнні найважнейшых задач карпарацыі.

Прывяду ключавыя з іх. Гэта выпрацоўка палітыкі і стратэгіі развіцця Беларусі ў касмічнай сферы, распрацоўка прапаноў па фарміраванні праграм і праектаў, правядзенне навуковых даследаванняў у касмічнай сферы, распрацоўка новай канкурэнтаздольнай аэракасмічнай тэхнікі.

Стварэнне карпарацыі «Белкосмас» з’яўляецца планамерным крокам у развіцці касмічнай галіны ў нашай краіне. Прычым, адказваючы на ваша пытанне, адзначу, што адлік у стварэнні гэтай галіны трэба весці нават не з запуску першага касмічнага апарата, а з моманту, калі беларускія і расійскія вучоныя і практыкі прыступілі да яго праектавання, гэта значыць, амаль 20 гадоў таму. Вядома, што поўнамаштабнае выкарыстанне эфектаў развіцця касмічнай галіны стала магчымым ужо пазней, калі мы не толькі наладзілі бесперабойнае паступленне здымкаў з арбіты, але і іх лічбавую апрацоўку з выкарыстаннем суперкамп’ютарных магутнасцяў, створаных у Акадэміі навук. Звесткамі, атрыманымі сістэмай дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, карыстаюцца многія міністэрствы і ведамствы: ад абаронных і МНС да міністэрстваў сельскай і лясной гаспадаркі.

Цяпер у касмічнай галіне Беларусі задзейнічана больш як 20 навуковых і вытворчых арганізацый і працуюць каля 4 тысяч кваліфікаваных спецыялістаў, сфарміравана інфраструктура.

У ліку перспектыўных напрамкаў мы бачым рэалізацыю нацыянальнай касмічнай праграмы на 2021–2025 гады, развіццё сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, прымяненне вынікаў касмічнай дзейнасці ў інтарэсах дакладнага земляробства, вывучэння Антарктыкі, павышэння патэнцыялу нацыянальнай сістэмы спадарожнікавай сувязі і вяшчання, навігацыйнай, геадэзічнай і картаграфічнай дзейнасці на аснове касмічных тэхналогій. Буйныя вектары — распрацоўка новых матэрыялаў для касмічных апаратаў, удзел у міжнародных праектах па вывучэнні Месяца, Марса і іншых аб’ектаў далёкага космасу.

Хачу асабліва адзначыць актыўнае ўзаемадзеянне з Дзяржкарпарацыяй «Раскосмас» па беларуска-расійскім праекце ў галіне пілатаванай касманаўтыкі, а таксама па стварэнні сумеснага касмічнага апарата дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі новага пакалення, які валодае звышвысокай дакладнасцю адлюстравання на ўзроўні найлепшых сусветных дасягненняў.

Уплыў касмічнай галіны на эканоміку шматвектарны. Ён уключае і іміджавы складнік, бо ўваходжанне Беларусі ў клуб касмічных дзяржаў самым непасрэдным чынам сведчыць аб высокатэхналагічным патэнцыяле нашай навукі і прамысловасці. Асабліва ў эканамічным плане: даныя, атрыманыя сістэмай дыстанцыйнага зандзіравання, дазваляюць адсочваць стан пасеваў, лясных масіваў, воднай сістэмы, розных аб’ектаў (дарог, трубаправодаў, збудаванняў), вызначаць неабходнасць прыняцця рашэнняў і канкрэтных дзеянняў, прычым з аптымізацыяй выдаткаў часу і капітальных выдаткаў.

На «перадавой» вірусалогіі

— Літаральна з першых дзён фіксацыі пандэміі каранавіруса Акадэмія навук актыўна ўключылася ў вырашэнне гэтай праблемы. Наколькі далёка мы прасунуліся ў гэтым напрамку? Якія яшчэ захворванні акрамя ковіду ў прыярытэце ў плане стварэння айчынных вакцын?

— Так, вы маеце рацыю. Акадэмія навук была ў перадавым атрадзе навукоўцаў і спецыялістаў па праблематыцы пандэміі каранавіруса. Мы дапамаглі поўнасцю ўкамплектаваць прыборамі і абсталяваннем некалькі даследчых лабараторый у Мінскай і Гомельскай абласцях, прапанавалі найноўшыя апараты і матэрыялы для выяўлення, ацэнкі, прафілактыкі і бяспекі, лекавыя сродкі для барацьбы з наступствамі каранавіруса, такія як «Рываксан».

Па ініцыятыве Акадэміі навук створана і функцыянуе Рэспубліканская міжведамасная рабочая група па пераадоленні СОVІD-19. Наладжана ўзаемадзеянне НАН Беларусі з Міністэрствам аховы здароўя, у тым ліку па пытаннях вытворчасці дыягнастычных тэст-сістэм і высокакаштоўных прэпаратаў, прымянення ствалавых клетак у лячэнні СОVІD-19, вытворчасці антысептыкаў і інш.

Выкарыстоўваем і такую інтэграцыйную платформу, як Міжнародная асацыяцыя акадэмій навук. У яе структуры арганізаваны Навуковы савет па вірусалогіі.

Мяркую, нялішнім будзе яшчэ раз адзначыць, што намі сумесна з Міністэрствам аховы здароўя створана беларуская вакцына супраць каранавіруса. Праведзены яе даклінічныя выпрабаванні, устаноўлена бяспека і эфектыўнасць вакцыны для фарміравання супрацьвіруснага імунітэту. Цяпер вакцына праходзіць клінічныя выпрабаванні. Тым самым вырашана прынцыпова новая для Беларусі задача. У стратэгічным плане надзвычай важна тое, што мы фарміруем і развіваем міждысцыплінарны калектыў і навуковую школу, якія будуць здольныя аператыўна распрацоўваць лекавыя сродкі супраць новых небяспечных інфекцый.

Створаны Цэнтр эксперыментальнай і прыкладной вірусалогіі, каб засцерагчы краіну на перспектыву. Цяпер завяршаюцца рамонтна-будаўнічыя работы і вядзецца аснашчэнне гэтага Цэнтра неабходным абсталяваннем. Адна з яго задач — вытворчасць вакцын рознага тыпу, у тым ліку вакцын ад грыпу. Калі раней гэта былі імпартныя пастаўкі, то зараз мы будзем распрацоўваць вакцыны самастойна. Навукова-метадалагічныя задзелы ў нас створаны, практычныя напрацоўкі таксама ёсць. Гэта дазваляе прыступіць да вытворчасці вакцын рознага прызначэння і спектра прымянення як у сістэме ахове здароўя, так і для жывёлагадоўлі.

— Брэндам акадэмічных навукоўцаў сталі прэпараты, створаныя ў рамках імпартазамяшчэння, аналагі вельмі дарагіх замежных лекаў. Ва ўмовах санкцый лекавая незалежнасць краіны выходзіць ці не на першы план. Што плануецца рабіць далей у гэтым напрамку?

— Адзначу, што з пачатку 2021 да кастрычніка 2022 года ў сістэме Акадэміі навук выраблена і рэалізавана больш чым 4,5 мільёна ўпаковак лекавых сродкаў і біялагічна актыўных дабавак агульным коштам больш як 115 мільёнаў рублёў. Мы не толькі забяспечылі крытычнае імпартазамяшчэнне, але і наладзілі экспартныя пастаўкі ў Расію і Казахстан.

На гэты час акадэмічныя вучоныя распрацавалі больш за 120 найменняў высокатэхналагічных лекавых прэпаратаў, фармсубстанцый і БАДаў. Мы вырабляем лекавыя сродкі рознай накіраванасці: ад антырэфлюкснай да лячэння рассеянага склерозу. Асноўная доля прэпаратаў — вельмі важнага анкалагічнага профілю. Многія з іх у поўным сэнсе слова ратавалі жыцці людзей. Не толькі дзякуючы ўнікальнаму складу, высокай якасці, якая не саступае сусветным аналагам, але і, што істотна, іх цэнавай даступнасці.

Сучасная дыягнастычная прадукцыя (61 рэгістрацыйнае пасведчанне) уключае радыеімунныя і імунаферментныя наборы, экспрэс-тэсты. Усё гэта дзякуючы таму, што ў сістэме НАН Беларусі створаны і паспяхова працуе фармацэўтычны кластар. Унікальнасць і наш моцны бок — поўны цыкл вытворчасці лекавых прэпаратаў. У прыватнасці, мы валодаем шырокім асартыментам фармсубстанцый, якія выкарыстоўваюцца для лячэння пухлінных захворванняў (лейкозаў, раку лёгкага), для агульнай хіміятэрапіі. Прычым значная частка з іх — таргетныя прэпараты новага пакалення, якія ўздзейнічаюць не на ўвесь арганізм, а толькі на пашкоджаныя хваробай клеткі.

Праводзіцца напрацоўка гатовых лекавых форм, вырабляюцца ўласныя амінакіслоты і дыягнастычныя апараты. Наша фармпрадукцыя вылучаецца высокай якасцю, што, у прыватнасці, пацвярджаецца яе рэгістрацыяй за мяжой. Толькі ў бягучым годзе зарэгістравана чатыры прэпараты ў Расіі.

Перспектыўны кірунак — нарошчванне кампетэнцый у таргетнай тэрапіі. Патлумачу: яна блакіруе рост ракавых клетак з дапамогай умяшання ў механізм дзеяння канкрэтных таргетных (мэтавых) малекул, якія вызначаюць канцэрагеноз і рост пухліны, а не проста перашкаджаюць размнажэнню клетак, што хутка дзеляцца (як пры традыцыйнай хіміятэрапіі). Гэта азначае, што і пабочных рэакцый будзе значна менш, чым пры класічных падыходах да лячэння анкалагічных захворванняў.

Нядаўна акадэмічныя прадпрыемствы прыступілі да вытворчасці новых таргетных прэпаратаў для лячэння пухлін печані і нырак. Цяпер прапрацоўваецца магчымасць стварэння лекаў на аснове монакланальных антыцелаў.

Таксама распрацаваны два імпартазамяшчальныя анкагематалагічныя прэпараты, якія поўнасцю біяэквівалентныя імпартным аналагам. Пакет дакументацыі перададзены ў Цэнтр экспертыз і выпрабаванняў у ахове здароўя для атрымання дазволу на рэалізацыю гэтых прэпаратаў, з якімі плануецца выхад на рынкі Беларусі і Расіі.

У цэлым, Акадэмія навук працуе ў цеснай каардынацыі з прадпрыемствамі фармацэўтычнай прамысловасці. Цяпер з упэўненасцю можна канстатаваць, што галіна не проста выдужала ў вельмі складаных умовах, але і працягвае развівацца.

Кансалідацыя інавацыйнага патэнцыялу

— Нацыянальная акадэмія навук выступіла з прапановай аб стварэнні ў Беларусі буйнога аб’яднання ў галіне мікраэлектронікі. Чым выклікана такая патрэба?

— Калі казаць вельмі коратка, Акадэмія навук прапанавала аб’яднацца ўсім вытворцам і распрацоўшчыкам ( не толькі Акадэміі навук, але і Міністэрства прамысловасці, іншых міністэрстваў і ведамстваў). Мы павінны вырашаць праблему ў комплексе: ад вытворчасці чыпаў да лічбавых двайнікоў, стварэння электронных сістэм для галін народнай гаспадаркі.

Для глыбейшага раскрыцця гэтай вельмі важнай тэмы лічу неабходным спыніцца на ёй больш падрабязна. Так, у Беларусі пытанні захавання і падтрымання сфарміраванай яшчэ пры Савецкім Саюзе сур’ёзнай базы ў сферы мікраэлектронікі, а таксама яе далейшага ўмацавання пастаянна знаходзяцца на кантролі кіраўніка дзяржавы. Пільная ўвага кіраўніцтва краіны забяспечыла дастаткова паспяховае функцыянаванне на працягу ўсіх гадоў суверэннага развіцця вядомых беларускіх прадпрыемстваў (ААТ «Інтэграл», ААТ «Планар» і іншых). Таксама гэта дало магчымасць падтрымаць асноўны кадравы патэнцыял, у першую чаргу, высокакваліфікаваных навуковых супрацоўнікаў. Цяпер гэта высокатэхналагічная галіна можа з поўным правам лічыцца лакаматывам росту.

Рашэннем Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Міністэрства прамысловасці, Міністэрства адукацыі, Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта створаны міжведамасны кластар «Мікра-, опта- і ЗВЧ-электроніка», які працуе з 2017 года. У яго ўвайшлі практычна ўсе вядучыя навукова-даследчыя арганізацыі і вытворчыя прадпрыемствы, якія спецыялізуюцца на электроннай кампанентнай базе. У Акадэміі навук у 2018 годзе сфарміравана Дзяржаўнае навукова-вытворчае аб’яднанне «Оптыка, оптаэлектроніка і лазерная тэхніка», якое выконвае асноўныя навуковыя даследаванні і распрацоўкі.

У якасці яшчэ аднаго прыкладу мэтанакіраванай сумеснай дзейнасці вучоных і практыкаў можна прывесці распрацоўку Перспектыўнага плана супрацоўніцтва Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, ВНУ, ААТ «Інтэграл» і ААТ «Планар» на 2021–2025 гады. Гэтымі ключавымі гульцамі сканцэнтраваны асноўны навуковы патэнцыял, тэхналагічныя ланцужкі і сфарміраваны рынкавыя нішы.

Адным з асноўных вынікаў работы вышэйзгаданых кластара і аб’яднання стала распрацоўка «Канцэпцыі развіцця мікраэлектроннай прамысловасці ў Рэспубліцы Беларусь да 2030 года». Яна змяшчае ў абагульненым выглядзе падыходы, напрамкі і ўмовы развіцця ў краіне мікраэлектронікі і паўправадніковай прамысловасці.

Карэнныя задачы развіцця мікраэлектронікі разглядаліся нядаўна на спецыяльнай нарадзе ў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Кіраўнік дзяржавы даў мэтавыя даручэнні па комплексным забеспячэнні галіны на прынцыпова новых узроўнях у рамках агульнанацыянальнага стратэгічнага і праграмнага дакумента, які павінен улічваць міжнародныя рэаліі і прадугледжваць эфектыўнае функцыянаванне вядучых галін і прадпрыемстваў краіны на базе айчынных распрацовак.

У Беларусі захаваліся і развіваюцца навуковыя школы і кірункі, занятыя стварэннем сучасных мікраэлектронных тэхналогій і іх прымяненнем. Адначасова бягучая сітуацыя патрабуе аператыўнай кансалідацыі навукова-інавацыйнага патэнцыялу, дакладнай спецыялізацыі і фармулявання канчатковых мэт і задач. У снежні 2022 года ў акадэмічным НДІ радыёматэрыялаў была адкрыта ўнікальная галіновая лабараторыя па распрацоўцы крытычных тэхналогій і вытворчасці кампанентаў для мікраэлектронікі. Тут, у лабараторыях і так званых «чыстых» вытворчых памяшканнях, на найноўшым абсталяванні будзе распрацоўвацца і вырабляцца па замкнёным комплексе аперацый высокатэхналагічная прадукцыя, унікальная на прасторы СНД, у тым ліку звышвысокачастотныя электронныя кампаненты і мікраэлектрамеханічныя сістэмы.

Развіццё ўласнай мікраэлектроннай вытворчасці з’яўляецца важным элементам нацыянальнай бяспекі і тэхналагічнай незалежнасці краіны, устойлівасці і канкурэнтаздольнасці айчыннай прамысловасці. Таму настолькі актуальнае стварэнне моцнай інтэграцыйнай структуры вертыкальнага тыпу, здольнай аб’яднаць вытворчыя прадпрыемствы і навуковыя арганізацыі па кааперацыйным ланцужку з адзіным функцыянальным падпарадкаваннем. Асноўная мэта такой магутнай структуры — забеспячэнне ўстойлівага функцыянавання і мэтавага развіцця наяўнай сістэмы мікраэлектронікі, а таксама фарміраванне і развіццё экасістэмы мікраэлектроннай вытворчасці па падабенстве вядучых краін. Таксама неабходна аператыўна стварыць цэнтр навучання і стажыроўкі спецыялістаў і распрацоўшчыкаў айчыннай электроннай кампанентнай базы і высакакласных тэхнолагаў мікраэлектроннай вытворчасці.

Вядома, усё гэта можа і павінна рэалізоўвацца ў кааперацыі з аналагічнымі расійскімі цэнтрамі і кластарамі, на што накіравана падпісанае ў верасні 2022 года міжурадавае пагадненне ў галіне развіцця мікраэлектронных тэхналогій, праектавання і вытворчасці электроннай кампанентнай базы і электроннага машынабудавання. У цесным узаемадзеянні беларускімі і расійскімі вучонымі і практыкамі вядзецца работа па вызначэнні пераліку неабходных для расійскай прамысловасці электронных кампанентаў, выпуск якіх будзе асвоены на беларускіх прадпрыемствах.

Штучны інтэлект і ІТ-трэнды

— Летась у НАН прайшла Першая выстаўка-форум ІT-Акадэмгорада «Штучны інтэлект у Беларусі». Гэта менавіта той кірунак, які найбольш бурна развіваецца ў свеце. Каб сістэмы штучнага інтэлекту працавалі без збояў і прыносілі карысць, трэба вызначыць правілы гульні і планамерна ўкараняць у рамках лічбавага развіцця краіны ў цэлым. Скажыце, а ці ёсць у нас стратэгія развіцця штучнага інтэлекту? Ахапіць усе кірункі немагчыма. Дзе, на вашу думку, укараненне штучнага інтэлекту можа прынесці найбольшы прыбытак?

— Ваша ацэнка наконт бурнага развіцця штучнага інтэлекту абсалютна слушная. Прычым гэты феномен, які некалі быў сферай інтарэсаў фантастаў, цяпер набыў практычнае ўвасабленне. Яго элементы шырока выкарыстоўваюцца ў электронных прыладах, тэхналогіях распрацоўкі вялікага спектра тавараў і паслуг: ад беспілотнай тэхнікі, электроннай кампанентнай базы, найноўшых вылічальных сродкаў, прылад для камунікацыі і фармсубстанцый да захоўвання і апрацоўкі вялікіх даных на аснове нейрасетак. Штучны інтэлект — неад’емная частка «разумных» прадпрыемстваў і гарадоў, а таксама «электроннага ўрада».

Сёння вядучыя дзяржавы свету фарміруюць нацыянальныя праграмы развіцця інтэлектуальных тэхналогій. Не стаяць у баку ад сусветных трэндаў і беларускія вучоныя. Акадэмія навук імкнецца павышаць цікавасць да актуальных вектараў навукова-тэхнічнага прагрэсу, паказваючы і шырока прасоўваючы нашы найноўшыя распрацоўкі. Яскравым пацвярджэннем гэтага стала арганізаваная намі Першая выстаўка-форум ІТ-Акадэмгограда «Штучны інтэлект у Беларусі». На ёй было прадстаўлена больш за 100 праектаў — ад дакладнай сельскай гаспадаркі да інтэлектуальнай сістэмы аховы здароўя. Важна, што гэта былі гатовыя рашэнні, распрацаваныя 32 арганізацыямі краіны. Тым самым мы не толькі прадэманстравалі айчынныя дасягненні ў галіне штучнага інтэлекту і робататэхнікі, але і ўмацавалі кааперацыю ў гэтай галіне акадэмічнай, універсітэцкай і галіновай навукі, адпрацавалі механізмы каардынацыі ўзаемадзеянняў для атрымання эфектыўных рашэнняў.

Лічбавыя двайнікі і лічбавізацыя ў шырокім плане, камп’ютарызацыя, праграмнае забеспячэнне, распрацоўкі ў галіне мікраэлектронікі цяпер найбольш актуальныя. Беларускія вучоныя працуюць у тым ліку ў галіне мікраэлектроннага забеспячэння машынабудавання. Актуальны напрамак — беспілотны транспарт. У трэндзе і разумныя сістэмы ў сферы аховы здароўя, адукацыі, ЖКГ, а таксама «разумныя гарады».

У рамках форуму з удзелам ключавых спецыялістаў былі абмеркаваны перспектывы развіцця дадаткаў штучнага інтэлекту ў Беларусі і за мяжой, вызначаны першачарговыя меры па падрыхтоўцы кваліфікаваных кадраў для гэтай сферы. Адзначу, што беларуская супольнасць штучнага інтэлекту па шэрагу кірункаў уваходзіць у лідзіруючую групу ў свеце. У прыватнасці, гэта інтэлектуальная ахова здароўя, інтэлектуальная апрацоўка здымкаў з высокім распазнаваннем.

Адказваючы на ваша пытанне ў «эканамічнай» плоскасці, хачу перавесці яго ў плоскасць атрыманых комплексных эфектаў, пачынаючы з пытанняў бяспекі (харчовай, кібербяспекі і інш.) да ўзроўню і якасці жыцця людзей. Універсальнасць прымянення штучнага інтэлекту такая, што, стартаваўшы ў адной кропцы (відзе дзейнасці, галіне), мы абавязкова атрымаем спалучаныя вынікі ў іншых. Больш важна абраць сферы максімальнага прыкладання намаганняў, якія адпавядаюць нашым найлепшым кампетэнцыям.

У якасці прыкладаў новых вынікаў сусветнага ўзроўню назаву нейронавыя сеткі для ідэнтыфікацыі аб’ектаў дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, алгарытм распазнання стану расліннасці па даных аэрафотаздымкі, алгарытм адсочвання аб’ектаў відэакамерай, якая рухаецца. Распрацаваны таксама мадэлі і алгарытмы аптымальнага праектавання зараднай інфраструктуры электробусаў.

Акадэмічнымі вучонымі ў супрацоўніцтве з профільнымі спецыялістамі створаны прыкладныя інфармацыйныя сістэмы агульнанацыянальнага маштабу: «Клініка» і «Вэб-паліклініка», пералівання крыві. Нашы распрацоўкі забяспечваюць функцыянаванне дзяржаўнай сістэмы навукова-тэхнічнай інфармацыі. Створаны комплекс аўтаматызаванага складання лічбавых карт і праграмнае забеспячэнне для рухомага навігацыйна-тапаграфічнага комплексу.

Акадэмія навук актыўна працуе і ў галіне так званага «жалеза», перш за ўсё, суперкамп’ютараў. У Акадэміі створаны Рэспубліканскі суперкамп’ютарны цэнтр калектыўнага карыстання на базе суперкамп’ютарных канфігурацый СКІФ. У ліку найноўшых машын — суперкамп’ютар для геалагічных даследаванняў і офісны суперкамп’ютар з супервысокай для гэтага класа тэхнікі прадукцыйнасцю — 100 тэрафлопс.

На аснове нашых суперкамп’ютарных тэхналогій у цяперашні час функцыянуюць комплекс для правядзення выпрабаванняў элементаў аўтатранспартных сродкаў, сістэма мадэлявання і інжынернага аналізу карданных перадач, сістэма разліку гідрамеханічных трансмісій, тэлемедыцынская сістэма дыстанцыйных кансультацый па лічбавых флюараграфічных даследаваннях, цэнтралізаваная сістэма электроннай выпіскі лекавых сродкаў. Развіваецца базавая інфраструктура інфармацыйных тэхналогій для пошуку радовішчаў вуглевадародаў і калійных соляў, інфармацыйна-тэхналагічная сістэма аналізу геолага-геафізічнай інфармацыі для разведкі радовішчаў нафты і газу, і іншыя аб’екты, якія задаюць контуры новай эканомікі.

Стратэгічнае значэнне будзе мець сфарміраваная Акадэміяй навук у рамках развіцця кластарнай ініцыятывы — ІT-горада — навуковая база штучнага інтэлекту для апрацоўкі вялікіх даных і рэалізацыі канцэпцыі «Інтэрнэт усяго». Гэта складнікі паспяховага рашэння задачы па ператварэнні Беларусі ў ІТ-краіну, якую паставіў кіраўнік дзяржавы і якую мы паэтапна ўвасабляем.

Інтэлектуальныя сістэмы для сельскай гаспадаркі

— А што робіцца ў краіне для развіцця дакладнага земляробства?

— Перш за ўсё, трэба разумець, што «дакладная сельская гаспадарка» — гэта зборны тэрмін, які інтэгруе земляробства, жывёлагадоўлю, механізацыю, перапрацоўку ў адзіны комплекс, цэласны і ўзаемазвязаны. «Дакладнасць» мае на ўвазе наяўнасць складанай сеткавай арганізацыі, сістэмы сэнсараў і датчыкаў, вылічальных рэсурсаў, баз вялікіх даных, выканаўчых механізмаў. Усё гэта дазваляе максімальна дакладна разумець «патрэбы» жывёл і раслін, аптымізаваць склад кармоў і ўгнаенняў, колькасць апрацовак пасеваў і гэтак далей. Гэта высокія тэхналогіі ў прамым і пераносным сэнсе, бо ў дакладнай сельскай гаспадарцы шырока выкарыстоўваюцца даныя дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, якія атрымліваюцца са спадарожнікаў і беспілотных лятальных апаратаў.

У НАН Беларусі распрацаваны і апрабаваны элементы дакладнага земляробства па ўсім спектры. Яны ўжо прымяняюцца ў арганізацыях па ўсёй краіне. Прывяду некалькі прыкладаў. Так, нашымі навукоўцамі быў распрацаваны алгарытм правядзення прасторавага аналізу, у якім выкарыстоўваюцца геаінфармацыйныя сістэмы для вылучэння блізкіх па аграхімічных уласцівасцях і прадукцыйнасці ўчасткаў. Ён сур’ёзна скарачае выдаткі на хімічны аналіз узораў глебы. Задачу дакладнага дазіравання пры дыферэнцыраваным унясенні мінеральных угнаенняў дазваляе вырашаць спецыяльная методыка.

Мы ствараем сістэму дыстанцыйнага маніторынгу стану сельскагаспадарчых культур на ўсіх узроўнях: ад асобнай гаспадаркі да раёна, вобласці, краіны. Сістэма дае магчымасць паскорыць працэсы збору інфармацыі і павысіць аператыўнасць ацэнкі стану пасеваў сельскагаспадарчых культур, забяспечыць магчымасці для аптымізацыі выкарыстання існуючых рэсурсаў.

На выстаўцы «Беларусь інтэлектуальная» Цэнтральны батанічны сад НАН прадставіў калекцыю цытрусавых — лімоны, кумкваты, каламандзіны, грэйпфруты, памяло.

Вучонымі створаны камплект абсталявання і праграмнага забеспячэння для сістэмы дыстанцыйнага маніторынгу машынна-трактарных агрэгатаў, распрацаваны алгарытм работы абсталявання для дыферэнцыраванага ўнясення ўгнаенняў па карт-заданні. Інфармацыйна-кіравальны бартавы камп’ютар для машынна-трактарных агрэгатаў забяспечвае збор і адлюстраванне асноўных параметраў на дысплеі, перадачу даных на сервер і рэалізацыю функцыі паралельнага руху. Нашы сістэмы даюць магчымасць кантраляваць работу тэхнікі і аптымізаваць рабочую каляіну, весці абмер палёў, улічваць іх карту, ураджайнасць, працоўны час і прадукцыйнасць машын, пратакаліраваць працэсы.

Акадэміяй навук распрацавана Нацыянальная аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма ідэнтыфікацыі, рэгістрацыі, прасочвальнасці жывёл і прадукцыі жывёльнага паходжання. Яна дае магчымасць у рэжыме рэальнага часу атрымаць інфармацыю аб стане здароўя і ветэрынарным дабрабыце кожнай сельскагаспадарчай жывёлы, а таксама аб усіх пастаўках вырабленай мяса-малочнай прадукцыі ад ідэнтыфікаваных жывёл. Сістэма забяспечвае комплексны падыход да фарміравання «скразной» бяспекі харчовых ланцужкоў: ад жывёл да гатовых прадуктаў.

Цяпер работы вядуцца па стварэнні тэхналагічных модульных рашэнняў для кіравання вытворчымі працэсамі на аснове інтэлектуальных лічбавых тэхналогій, якія накіраваны на аптымізацыю функцый аб’ектаў (кадры, біялагічныя аб’екты, тэхнічныя сродкі) і максімізацыю эфектаў.

Але на ўкараненні падыходаў дакладнай сельскай гаспадаркі нельга спыняцца. ІТ-тэхналогіі неабмежаваныя. Трэба прымаць у разлік не толькі ўласна вытворчы працэс у аграсектары, бо на яго ўплываюць многія знешнія фактары: энергарэсурсы, угнаенні, тэхніка і гэтак далей. Трэба аналізаваць такія фактары, як сыравіна, яе перапрацоўка, рэалізацыя прадукцыі ў гандлёвых сетках. Гэта значыць, што ў перспектыве павінна быць створана мадэль «дакладнага народна-гаспадарчага комплексу», дзе ўсё ўлічваецца і пралічваецца для атрымання аптымальнага рашэння ў маштабах краіны.

Пошук у нанамаштабе

— З нанатэхналогіямі звязваюць пяты і шосты тэхналагічны ўклады. Многія краіны ўключыліся сёння ў гонку па распрацоўцы новых матэрыялаў, каб не ўпусціць глабальнага тэхналагічнага лідарства. Ці можам мы канкурыраваць на гэтым полі?

— У галіне нанатэхналогій і нанаматэрыялаў намі створаны сэнсары магнітнага поля для прымянення ў вырабах ракетна-касмічнай тэхнікі, праграмна-апаратны комплекс для зборкі і маніпулявання мікра- і нанааб’ектамі, намнога таннейшы за замежныя аналагі, тэхналогіі і тэхніка кантролю і сертыфікацыі нанапамерных матэрыялаў і кампазітаў на іх аснове і шматлікае іншае.

Для аэракасмічнай галіны мы стварылі электрамагнітны экран, які абараняе электронныя прылады спадарожнікаў. Яскравы прыклад — выкарыстанне такіх экранаў на японскім спадарожніку, які даслаў здымкі з арбіты Меркурыя. Нашы навукоўцы таксама дапамаглі вырашыць праблему электрамагнітнай сумяшчальнасці для электрацягнікоў «Штадлер».

На індустрыяльнае прымяненне арыентавана ўнікальнае навукова-даследчае абсталяванне для правядзення трыбатэхнічных выпрабаванняў, а таксама лінейка антыфрыкцыйных і зносаўстойлівых матэрыялаў, якія прымяняюцца ў кавальска-штамповачнай вытворчасці і пры вырабе аўтатрактарнай і сельскагаспадарчай тэхнікі.

Даследаванні працэсаў спякання крэмнію і вугляроду з нанадабаўкамі дазволілі сфарміраваць канструкцыйныя элементы для стварэння палегчаных падкладак аптычных люстэркаў вялікага памеру для сістэм дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі.

Шырокую вядомасць набыло ўнікальнае мікраўгнаенне «Нанаплант», якое вырабляецца з 2020 года і вырашае задачы абароны і павышэння прадукцыйнасці раслін.

У інтарэсах развіцця электратранспарту створаны матрычны кампазітны матэрыял з трохмернай вугляроднай сеткай з мадыфікаванага нанапорыстага шкловугляроду. На яго аснове выраблены лабараторны тэставы суперкандэнсатар з удзельнай магутнасцю 360,6 Вт/кг для прылад бесперабойнага сілкавання, якія патрабуюць хуткай зарадкі элементаў сілкавання.

Сінтэзаваны новыя метал-паўправадніковыя нанаструктуры з выкарыстаннем паўправадніковых нанакрышталёў — квантавых кропак і наначасціц золата рознай формы для прымянення металічных нанаструктур у святловыпраменьвальных прыладах, уключаючы святлодыёды і дысплеі.

Гэты невялікі экскурс па розных прыкладных галінах акадэмічных нанатэхналагічных распрацовак паказвае, што мы не толькі не адстаём ад сусветнай навукі па шэрагу магістральных напрамкаў, але і з’яўляемся лідарамі.

Электронная візітка краіны

— Год таму ў структуры Цэнтральнай навуковай бібліятэкі быў створны Цэнтр энцыклапедычных выданняў. Якія задачы перад ім пастаўлены? Замахнуцца на стварэнне электроннай «Беларускай энцыклапедыі» было смела. Што ўжо ўдалося зрабіць?

— Цікавасць да энцыклапедычнай дзейнасці, так бы мовіць, «у крыві» ў чалавецтва. Усвядомленае імкненне да назапашвання, апрацоўкі і перадачы ведаў — прэрагатыва чалавека. А энцыклапедыя — гэта вяршыня ў пірамідзе ведаў, якую вызначаюць сістэмнасць, усебаковасць, дакладнасць і насычанасць інфармацыяй. Усе гэтыя якасці ўласцівыя і для акадэмічнай навукі. Таму стварэнне ў 2021 годзе Цэнтра энцыклапедычных выданняў у Акадэміі навук — лагічнае і даўно наспелае рашэнне.

Аднак мы паставілі задачу выйсці на якасна новы ўзровень, які адпавядае патрабаванням сучаснасці, перш за ўсё, па забеспячэнні алічбоўкі і даступнасці ў рэжыме 24/7 (кругласутачна сем дзён на тыдзень). Вядома, з рахункаў нельга скідваць і так званыя «цвёрдыя носьбіты». Думаю, многія чытачы аддаюць перавагу прамому тактыльнаму і візуальнаму кантакту з выданнем, якое ўтрымлівае «мудрасць стагоддзяў», атрымліваючы такім чынам эмацыянальны зарад. І ўсё ж такі, мы павінны быць у трэндзе глабальных змен інфармацыйнага поля, сучасных спосабаў работы з данымі і запытамі спажыўцоў. Варта прызнаць, што кніжныя энцыклапедычныя выданні, дасягнуўшы ў канцы ХХ стагоддзя свайго піка, зараз саступаюць месца электронным прадуктам. Некаторыя краіны поўнасцю спынілі выпуск друкаваных энцыклапедый і перавялі іх на інтэрнэт-платформы.

Энцыклапедычная справа ў Беларусі налічвае прыкладна 100 гадоў. Папросту кажучы, Беларуская акадэмія навук і Энцыклапедыя — равеснікі. Думаю, дакладны ўзрост нараджэння беларускай Энцыклапедыі ўстановяць гісторыкі, як нядаўна яны паспяхова, з дакладнасцю да дня, вызначылі дату нараджэння НАН Беларусі, якую мы ўпершыню адзначылі 13 кастрычніка 2022 года.

Цяпер намі распрацаваны праект першага беларускага энцыклапедычнага сайта «Беларуская энцыклапедыя» (bеlаrusеnс.bу). Па сутнасці, яго змест будзе ўяўляць сабой лічбавую шматтомную нацыянальную краіназнаўчую энцыклапедыю міжнароднага ўзроўню. Электронная энцыклапедыя заклікана акумуляваць усебаковую, коратка і даступна выкладзеную інфармацыю аб мінулым і сучаснасці Беларусі, яе прыродзе, рэсурсах, эканоміцы, навуцы, культуры і сацыяльнай сферы. Яна павінна змяшчаць і папаўняць сістэматызаваныя навукова вывераныя веды, прапагандаваць дасягненні краіны, паказваць яе магчымасці, месца і ролю ў свеце, павышаць пазнавальнасць і аўтарытэт нашай краіны. Цяпер актыўна працуем над уступным томам — тэматычнай энцыклапедыяй «Рэспубліка Беларусь».

Натуральна, Энцыклапедыя павінна адыгрываць важную ролю ў захаванні інфармацыйнага суверэнітэту краіны, задавальняць узрослы попыт на дакладныя звесткі. У кантэксце Года гістарычнай памяці работа была сканцэнтравана на тэматыцы «Беларусь у Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнах», а таксама, у кантэксце памнажэння нацыянальнага багацця, на раздзеле «Прырода». У далейшым плануем разгарнуць работы па дзесяці іншых тэматычных раздзелах з наступным пашырэннем прадметнага энцыклапедычнага поля.

Новая «Беларуская энцыклапедыя» павінна стаць неад’емнай часткай грамадска-палітычнай сістэмы беларускай дзяржавы, служыць прапагандзе айчынных дасягненняў, адыгрываць важную ролю ў захаванні інфармацыйнага суверэнітэту краіны. Праект будзе садзейнічаць фарміраванню патрыятычнага мыслення ў моладзі, павысіць пазнавальнасць і ролю Беларусі на міжнароднай арэне.

Фінансавая аддача

— Уладзімір Рыгоравіч, вы неяк сказалі, што навуковыя інстытуты павінны ўмець зарабляць грошы. Гэта патрабаванне часу. Ці можна лічыць Акадэмію навук самадастатковай у фінансавым плане?

— Адказ адназначны — так! Доказ — просты: дастаткова паглядзець на сухія радкі бухгалтарскай справаздачнасці і статыстыкі і супаставіць аб’ёмы фінансавання акадэмічнай навукі з прыцягненнем бюджэтных сродкаў і яе плацяжы ў бюджэт. Гэтыя сумы, як мінімум, роўныя. Кажучы мовай эканамістаў, мы забяспечваем безумоўную бюджэтную эфектыўнасць.

Трэба падкрэсліць, што на Акадэмію навук у нас прыпадае менш за трэць агульных выдаткаў па краіне, якія ідуць на навуку. Прычым у акадэмічнай навуцы доля бюджэтных сродкаў складае таксама прыкладна адну трэць. А дзве траціны рэсурсаў — гэта сродкі ад камерцыйных кантрактаў і вытворчай дзейнасці саміх навукоўцаў. Колькасць асвоеных новаўвядзенняў вырасла ў краіне за апошнія гады амаль на чвэрць, і ў сувязі з гэтым больш чым удвая (да 10 мільярдаў долараў ЗША) павялічыўся аб’ём выпуску навукаёмістай і інавацыйнай прадукцыі. Па сутнасці, гэта вынік укаранення распрацовак вучоных.

Асабліва адзначу, што бюджэтныя сродкі на навуковыя даследаванні строга прывязаны да выкананых праграм і праектаў, у якіх прапісаны канкрэтныя вынікі. Гэта аплачаны дзяржавай заказ навуцы, у тым ліку і па тых напрамках, якія не паддаюцца прамой камерцыйнай ацэнцы. Тут маюцца на ўвазе харчовая і інфармацыйная бяспека, сацыяльна-культурнае развіццё, захаванне і прымнажэнне нацыянальнага здабытку, і, вядома, навуковае забеспячэнне комплексу пытанняў па праблематыцы гістарычнай памяці.

Акадэмія навук цвёрда прытрымліваецца курсу на развіццё пазабюджэтных форм і напрамкаў прыцягнення сродкаў: ад работы па заказах, у тым ліку замежных, да фарміравання ўласнай вытворчай базы і ўдзелу вучоных у камерцыялізацыі вынікаў сваіх даследаванняў. Практычна ў кожнай навуковай арганізацыі акадэміі дзейнічаюць камерцыйныя гаспадарча-разліковыя структуры. Паказальным з’яўляецца прыклад хіміка-фармацэўтычнага кластара, які працуе на поўную магутнасць, стварае і выпускае фармсубстанцыі, лекавыя сродкі і біялагічна актыўныя дабаўкі «пад ключ». Цяпер у НАН Беларусі функцыянуе больш за 100 вытворчасцяў, шэраг галіновых лабараторый і міжнародных даследчых цэнтраў.

Усё гэта дае магчымасць Акадэміі навук паспяхова вырашаць статутныя задачы, працаваць на эканоміку краіны і адначасова ўносіць буйны ўклад у сусветную скарбніцу ведаў і аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці.

Гутарку вяла Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Лізаветы ГОЛАД і Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Паразмаўлялі з урачом-эпідэміёлагам Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алінай Емашовай.