Вы тут

Поле нашай агульнай памяці. Беларусы і расіяне адзіныя ў сваіх памкненнях захаваць гістарычную праўду


Пра гэта казалі ўдзельнікі пленарнага пасяджэння міжнароднай канферэнцыі «Гэта трэба — не мёртвым! Гэта трэба — жывым: Буйніцкае поле — поле памяці» . Гэта думка гучыць на працягу ўсіх чатырох дзён міжнароднай канферэнцыі, якая праходзіць з 24 па 27 студзеня. Пісьменнікі Беларусі і Расіі наведвалі месцы славы і смутку Магілёўшчыны, пабывалі ў Борках на месцы мемарыяльнага комплексу памяці спаленых вёсак Магілёўшчыны, паглядзелі пранізлівую філасофска-лірычную трагедыю, створаную па матывах паэм беларускага пісьменніка Алеся Казекі «Медуніца» і «Марыйка», падвялі вынікі літаратурнага конкурсу сярод моладзі, прысвечанага Году гістарычнай памяці і ўшанаванню памяці савецкага пісьменніка Канстанціна Сіманава. У пленарным пасяджэнні канферэнцыі прынялі ўдзел кіраўніцтва Магілёўскай вобласці, высокія госці з Беларусі і Расіі, прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, міністэрстваў, Прадстаўніцтва Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы, Беларускага фонду міру, старшыні Саюзаў пісьменнікаў Беларусі і Расіі, кіраўнікі ВНУ, грамадскіх арганізацый. 


На мерапрыемстве ішла размова пра важнасць тэмы. Невыпадкова гэты год аб’яўлены Годам міру і стварэння.

— Галоўнае — пачуць пасыл Прэзідэнта і зрабіць усё, што магчыма, для міру, — падкрэсліў старшыня праўлення Беларускага фонду міра Максім Місько. — Знаходзячыся ў такіх месцах, як Буйніцкае поле, мы разумеем важнасць захавання гістарычнай памяці. Размаўляючы пра вайну, мы думаем перш за ўсё пра мір. І з урокаў мінулага мы ў наш крызісны час павінны зрабіць правільныя высновы і прыняць рашэнне, з кім і куды мы будзем ісці далей.

Нельга пераацаніць ў справе барацьбы за мір літаратурнае слова. Мікалай Іваноў, старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў Расіі, адзначыў, што пісьменнікі — не палітыкі, але яны павінны фарміраваць у грамадстве такі парадак дня, на падставе якога палітыкі прымалі б рашэнні.

— Нашы сустрэчы, размовы, круглыя сталы — гэта, вядома, погляд у будучае. У Расіі ёсць тры ратных полі — Прохараўскае, Барадзінскае і Кулікоўскае. Усе яны звязаныя паміж сабой. Гэта не проста абазначэнні. У нас на іх праходзяць фестывалі, літаратурныя конкурсы. Ёсць цудоўная літаратурна-патрыятычная прэмія «Прохараўскае поле», якой мы адзначаем і аўтараў з Беларусі. Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч — лаўрэат гэтай прэміі. Мы абмяркуем палажэнне аб прэміі «Буйніцкае поле». І тады чатыры ратныя полі злучацца... Перамогу вельмі лёгка абылгаць, мы бачым, як на гэта затрачваюцца мільярды. Таму трэба Перамогу абараняць, такія сустрэчы і ёсць абарона нашай Перамогі.

Пра цеснае супрацоўніцтва гаварыла кіраўнік Прадстаўніцтва Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску Марыяна Шчоткіна. Яна звярнула ўвагу на тое, што сёння шмат увагі надаецца сумесным беларуска-расійскім патрыятычным і сацыяльным маладзёжным праектам. Напрыклад, з 33 тых, што запланаваны на гэты год, 14 разлічаны менавіта на моладзь. Яна таксама падкрэсліла, што вельмі важная работа праводзіцца пісьменнікамі нашых краін. У выніку плённага супрацоўніцтва створаны ўнікальныя серыі кніг «Абараняючы Айчыну», «Подзвіг народа бессмяротны». Марыяна Шчоткіна перадала падзяку кіраўніцтву Магілёўскай вобласці за арганізацыю такога важнага мерапрыемства ад Дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі Дзмітрыя Мезенцава. 

Выступаючы на пленарным пасяджэнні, намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі адзначыў: 

— Інфармацыя стала стратэгічным рэсурсам. Скажэнне гісторыі абярнулася сапраўднай пагрозай для краіны. Нам трэба развенчваць варожую ідэалогію, фарміраваць поле агульнай бяспекі. Нам ёсць што абараняць.

Падчас пасяджэння былі разгледжаны пытанні ўмацавання міру і сяброўства паміж народамі Саюзнай дзяржавы, творчыя формы захавання гістарычнай памяці ў дзейнасці пісьменніцкіх аб’яднанняў Саюзнай дзяржавы, перспектыўныя пытанні ўвекавечання памяці абаронцаў адзінай Айчыны ў канцэпцыі развіцця мемарыяльнага комплексу «Буйніцкае поле».

Намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка азнаёміў прысутных з канцэпцыяй стварэння музея і зазначыў, што неабходна выпрацаваць адзіны комплексны падыход да ідэі ўвекавечання памяці абаронцаў Айчыны «Буйніцкае поле — поле памяці». 

Пра тое, што гэты праект можа стаць магутнай ідэалагічнай зброяй, выказаўся старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка.

— Мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле» мае выключна важнае значэнне ва ўвекавечанні памяці абаронцаў Магілёва і ў патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення, таму мае патрэбу ў далейшай рэканструкцыі і музеефікацыі, каб стаць годным месцам для правядзення мерапрыемстваў патрыятычнага характару.

— Канферэнцыя падсумавала дні, насычаныя важнымі мерапрыемствамі, звязанымі з героіка-патрыятычным выхаваннем грамадства, — падкрэсліў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар-галоўны рэдактар «Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч. — Яе ўдзельнікі абмяркоўвалі тэмы супрацы грамадства, розных сацыяльных груп насельніцтва ў справе выхавання сапраўднага патрыёта, чалавека, які ведае пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Спадзяюся, што тыя праекты, якія нарадзіліся падчас канферэнцыі, яшчэ мацней злучаць нашы народы.

Па выніках сустрэчы быў падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве. Бакі выказалі намеры супрацоўнічаць у адукацыйнай, культурнай, навуковай і асветніцкай сферах. І адзін з галоўных напрамкаў — захаванне гістарычнай памяці пра Вялікую Айчынную вайну.

Удзел у канферэнцыі прынялі таксама памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк, кіраўнік прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь Юрый Макушын, дарадца Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Сяргей Афонін, першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Валерый Грамада і іншыя. 

Арганізатары мерапрыемства — Магілёўскі аблвыканкам, Магілёўскае абласное аддзяленне Беларускага фонду міру, Магілёўскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі ў супрацоўніцтве з Саюзам пісьменнікаў Расіі і Саюзам пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота БелТА

Магілёўскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.