Вы тут

Урокі экалагічнага выхавання — ад беларускіх пісьменнікаў і дзіцячага часопіса «Вясёлка»


Роднае слова заўжды ўважлівае да прыродных з’яў, да адносін чалавека і прыроды, да прыгажосці маляўнічых краявідаў нашай Беларусі. Пераконвае ў гэтым і адметная, анталагічнага характару, вельмі прывабная кніга, складзеная да 65-гадовага юбілею дзіцячага часопіса «Вясёлка». Разам, пад адной вокладкай, сабраны творы класікаў і пісьменнікаў-сучаснікаў, якія ў апошнія пяць гадоў друкаваліся на старонках папулярнага дзіцячага выдання.


«Месяц за месяцам — год./ Пералічу ўсе да кожнага./ Круціцца дзён калаўрот/ З першага дня й да апошняга» — пачынае свой паэтычны каляндар «Месяц за месяцам» паэт Анатоль Зэкаў. А першы месяц зімы захоплены мастак слова разгледзеў наступным чынам: «Студзень снежнымі вазамі/ Снег навальвае ў сумёты;/ Ну, а люты маразамі/ Запалохвае заўсёды...» Зімовыя настроі гучаць і ў вершах Навума Гальпяровіча, які малюнак выкладае «на белым палатне зімы,/ дзе дрэў графічныя карункі...». Сапраўды, следам за паэтам так і хочацца выступіць мастаком на снежным палатне...

Укладальнікамі кнігі «Вясёлка: вершы, апавяданні, казкі, п’есы, гульні», якую ў пачатковай школе можна чытаць, пэўна, цэлы год, выступілі Эліна Сапажкова, Анастасія Радзікевіч. Дарэчы, Анастасія Віктараўна — галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка». А рэдактарам кніжнага выдання з’яўляецца вядомы дзіцячы пісьменнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, аўтар многіх кніг Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі, які некалькі дзесяцігоддзяў узначальваў рэдакцыйны калектыў часопіса «Вясёлка». Пісьменнік і зараз працягвае працаваць у мастацкай літаратуры, да юнага чытача штогод прыходзяць яго новыя кнігі. У афармленні выдання выкарыстаны малюнкі знакамітага кніжнага графіка Сяргея Волкава, які, напэўна, не адну сотню кніг для дзяцей аформіў за сваё багатае кніжнае, мастакоўскае жыццё.

Прыемна, што «вясёлкаўцы» заўсёды ўважлівыя да класічнай літаратуры. Часам вершы, апавяданні, казкі, узноўленыя публікацыяй у часопісе, а следам і ў кнізе, уражваюць тымі прывабнымі фарбамі, моўнымі дыяментамі, якія прыдумалі папярэднікі сучасных літаратараў. Як, прыкладам, і Міхась Чарот — у анталогіі змешчаны яго верш «Вясну пяю», які, відавочна, нарадзіўся ці не стагоддзе назад:

Зямлю цалуе неба сінь

Сваім чырвоным сонцатварам,

І песню ночы «ква-кум-бінь»

Пяюць мне сонныя выгары.

 

У высі зорак сенажаць

Вартуе месяц — дзед двухрогі,

Не хоча раніцу спаткаць

І лесам хмар ідзе, бязногі.

 

Вясёлы птушак перазвон

Гудзе на воблачнай званіцы...

Бязмоўнай цішы гіне сон,

Як сонца выплыве крыніцай.

Такімі прыцягальнымі і сёння, праз многія гады пасля напісання, падаюцца творы Васіля Віткі, Кандрата Крапівы, Эдзі Агняцвет, Паўлюка Пранузы, Уладзіміра Паўлава, Алеся Ставера, Івана Муравейкі, Паўлюка Труса, Канстанцыі Буйло, Алеся Пісьмянкова, Тодара Кляшторнага, Максіма Лужаніна, Анатоля Вялюгіна, Міхася Стральцова, Еўдакіі Лось, Алеся Гаруна, Міколы Гамолкі, Сяргея Грахоўскага, Юрася Свіркі, Пятра Глебкі, Язэпа Пушчы... Часам вельмі простыя, вельмі лёгкія, здаецца, зусім паветраныя радкі паэзіі і прозы валодаюць дзіўнай, незвычайнай, магнетычнай сілай прыцягнення. Як вось і гэтыя словы паэта-песенніка Алеся Ставера, якія даўно сталі песняй, што кожны раз сваім гучаннем зачароўвае беларусаў. Ды і не толькі беларусаў...

Каб любіць Беларусь нашу мілую,

Трэба ў розных краях пабываць.

Разумею цяпер, чаму з выраю

Жураўлі на Палессе ляцяць.

 

Што ім тыя пагоды паўднёвыя!

Што ім пышны платанавы рай,

Калі клічуць іх далі сасновыя

І азёрны рабінавы край.

Колькі разоў ні чытаеш, колькі разоў ні слухаеш гэтыя радкі, гэтыя словы — штораз па душы і сэрцы разліваецца цяпло замілавання прыгажосцю роднай старонкі. Мастацкія творы выхоўваюць густы, уцягваюць юнага чытача ў прастору асэнсавання багаццяў навакольнага асяроддзя, а значыць — і нагадваюць пра паважлівае стаўленне да лясоў і квітнеючых лугоў, да рэк і азёр...

Уражлівым і прывабным падаецца раздзел кнігі «Нашы меншыя браты». Таццяна Чэкед, Канстанцін Якубчык, Леанід Дранько-Майсюк, Змітрок Марозаў, Ганад Чарказян, Ірына Цуканава, Ганна Лукашэвіч, Канстанцін Рухчанскі, Рыгор Бабчанок, Расціслаў Бензярук, Ніяна Загарэўская, Уладзімір Шулякоўскі, Васіль Жуковіч і Маргарыта Прохар расказваюць у вершах і прозе пра коцікаў і шчанюкоў, пра хатніх жывёл, якія для герояў твора і для саміх аўтараў сталі роднымі істотамі. Ёсць нават «Калыханка для кацянят», якую прыдумаў Расціслаў з берасцейскай Жабінкі: «Ноч прыйшла, і ціха стала./ Кошка дзетак спаць паклала/ І спявала: „Кацяняты,/ Ходзіць дзядзька-сон ля хаты,/ Хто хутчэй засне ў зацішку,/ Той у сне убачыць мышку,/ А нясплюху-небараку/ Напалохае сабака“./ Кошка, спеўшы калыханку,/ Дрэмле з дзеткамі да ранку». Дарэчы, наўмысна падкрэсліўшы, што Расціслаў Бензярук з Жабінкі, хацелася б звярнуць увагу на тое, што прысутнасць розных геаграфічных адрасоў у кнізе відавочная — і таму, што яе старонкі запоўнены творамі аўтараў з розных куточкаў Беларусі, і зместам, які заводзіць нас у пэўныя рэгіёны краіны...

«Вясёлкаўская» анталогія — добры мастацкі прыродазнаўчы падручнік, які будзе карысным і самім школьнікам, і іх настаўнікам. Не сумняваюся, што будзе карысным і бацькам, якія хацелі б бачыць сваіх дзетак у гармоніі з навакольным светам, з той прыродай, якая ў нас штодня перад вачыма.

Кніга выйшла ў выдавецтве «Адукацыя і выхаванне». Несумненна, яна патрапіць у школьныя бібліятэкі. Але каго зацікавіў расповяд пра выданне, зазірніце ў кнігарні «Белкнігі», якія ёсць па ўсёй краіне, — вы знойдзеце гэтае выданне не толькі ў Мінску, але ў Гомелі і Брэсце, у Магілёве і Салігорску, у Барысаве і Наваполацку... «Вясёлка» толькі ўпрыгожыць, зробіць шмат багацейшай вашу хатнюю бібліятэку.

Кастусь ЛЕШНІЦА

Малюнкі Сяргея ВОЛКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.