Вы тут

Дзяржпалітыка ў смеццевай сферы Беларусі. Для павелічэння чысціні асяроддзя і змяншэння адходаў


Штогод у нашай краіне ўтвараецца да 60 мільёнаў тон адходаў вытворчасці. Узровень іх выкарыстання (без уліку буйнатанажных адходаў) складае каля 80 %, а традыцыйных відаў другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР), якія адносяцца да адходаў вытворчасці (макулатура, шклабой, палімерныя адходы, зношаныя шыны) — 90 %. У рэспубліцы ўстаноўлена амаль 400 тысяч кантэйнераў для ДМР, якія пасля перапрацоўваюцца. «Аднак першасная ўвага ў краіне надаецца памяншэнню стварэння адходаў як такіх і замене пластыкавай тары экалагічна бяспечнай», — расказалі спецыялісты.


Біяраскладанню — так, ПВХэтыкеткам — не

Для стварэння і забеспячэння экалагічна бяспечнага і эканамічна эфектыўнага абыходжання з цвёрдымі камунальнымі адходамі (ЦКА) і ДМР у краіне рэалізуецца Нацыянальная стратэгія па абыходжанні з імі, а таксама Канцэпцыя стварэння аб’ектаў па сарціроўцы і выкарыстанні ЦКА і палігонаў для іх захавання. «Папярэджанне ўтварэння адходаў, памяншэнне іх аб’ёмаў, перапрацоўка, выкарыстанне смецця для вырабу энергіі, выканання работ і паслуг, абясшкоджванне адходаў — у выглядзе падобнай іерархіі ў праекце новага закона па абыходжанні з адходамі вызна-чаны асноўныя прынцыпы дзяржаўнай палітыкі ў смеццевай сферы», — кажуць эксперты.

— У краіне зарэгістравана 1888 аб’ектаў па выкарыстанні адходаў, дзе праводзіцца ацэнка іх уздзеяння на навакольнае асяроддзе і праектна-тэхнічных умоў на прадукцыю, якая вырабляецца з адходаў. Дакументацыя на такія аб’екты падлягае дзяржаўнай экалагічнай экспертызе, — расказала Кацярына Нясцюк, кансультант упраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

У галіне тэхнічнага рэгулявання палімернай упакоўкі Дзяржкамітэтам па стандартызацыі за апошнія два гады распрацавана 40 дзяржстандартаў на падставе міжнародных і еўрапейскіх стандартаў у галіне вызначэння патрабаванняў да экалагічна бяспечнай упакоўкі, у тым ліку біяраскладальнай.

— Праходзіць працэдура ўнутрыдзяржаўнага ўзгаднення праекта змен у тэхнічны рэгламент Мытнага саюза аб бяспецы ўпакоўкі, які вызначае патрабаванні да ўпакоўкі, у тым ліку палімернай. А таксама звязаныя з гэтым патрабаванні да захоўвання, транспарціроўкі і ўтылізацыі адходаў упакоўкі, — паведаміў Максім Тарасаў, начальнік упраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды.

У тэхрэгламент уводзіцца тэрмін «біяраскладальная ўпакоўка», якая здольная падвяргацца кампасціраванню і біяраскладанню пад уздзеяннем мікраарганізмаў. А таксама «ўпакоўка, цалкам створаная з матэрыялаў прыроднага паходжання» (драўніны, драўнянага валакна, цэлюлозы, неламініраваных паперы і кардону, бавоўны, джуту, ільну, пянькі, пергаменту, пергаміну і інш.).

Сярод іншых змен у тэхрэгламент — абмежаванне на прымяненне этыкеткі з полівінілхларыду на ўпакоўцы з поліэтылентэрафталату. «Адпаведна са стратэгічнымі накірункамі развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года, каб выпрацаваць агульныя навукова-абгрунтаваныя падыходы ў абмежаванні вытворчасці аднаразовых пластыкаў, у тым ліку пакетаў, мяркуецца вывучыць пытанне аб увядзенні паэтапнай забароны на ўвоз і вытворчасць такіх пластыкаў», — дадаў прадстаўнік Мінпрыроды.

— Па ініцыятыве беларускага боку актыўна прасоўваецца пытанне аб магчымасці ўвядзення на пляцоўцы ЕАЭС адзінай меры нетарыфнага рэгулявання ў дачыненні да адходаў з пластмас, якія ўвозяцца на мытную тэрыторыю саюза (гэта дазволіць кантраляваць іх колькасць і аб’ёмы). Па-пярэдне вядома, што гэтая ініцыятыва падтрымана іншымі ўдзельнікамі, — сказаў ён.

Мэта — 90 %

Штогод у Беларусі ствараецца каля 4 млн тон цвёрдых камунальных адходаў (73 % з іх «вы-рабляе» насельніцтва). Сістэма абыходжання з ЦКА пастаянна ўдасканальваецца і сёння ахоплівае ўжо ўсю краіну. «Пры гэтым збор адходаў бяспечны для здароўя чалавека і наваколля», — сцвярджае Аляксей ФІЛАНОВІЧ, начальнік аддзела водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі і добраўпарадкавання Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

— Укараненне з 2012 года прынцыпу дадатковай адказнасці вытворцаў дазволіла стварыць да-датковыя эканамічныя стымулы для павелічэння збору другаснай сыравіны за кошт частковай кампенсацыі расходаў па іх збору, а таксама стала дадатковай крыніцай інвестыцый у сістэму абыходжання з камунальнымі адходамі, — гаворыць спецыяліст.

Летась у краіне сабралі 790 тысяч тон другасных матэрыяльных рэсурсаў. Па выніках мінулага го-да, узровень выкарыстання камунальных адходаў у Беларусі дасягнуў 31,1 % — гэта ўтрая больш, чым было дзевяць гадоў назад. Да 2025 года трэба дасягнуць мяжы ў 64 %, а да 2035-га — 90 %.

«Адпаведна з нацыянальнай стратэгіяй у Беларусі рэалізуецца шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на ўдасканаленне работы сістэмы абыходжання з камунальнымі адходамі. За апошнія пяць гадоў на гэта накіравана каля 30 млн еўра. Мадэрнізацыя сістэмы мае на мэце пераход ад раён-най сістэмы кіравання адходамі да рэгіянальнай са стварэннем 30 буйных комплексных аб’ектаў па сарціроўцы і выкарыстанні ЦКА, кожны з якіх будзе абслугоўваць па 3–6 адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак», — удакладніў прадстаўнік ЖКГ.

— Сёлета такія прадпрыемствы будуюцца ў Баранавічах, Оршы, Бабруйску, — сказаў ён. — Да 2025 года падобныя рэгіянальныя комплексы, як мяркуецца, пачнуць працаваць у Ваўкавыску і Мінску. Энергетычнае выкарыстанне адходаў будзе развівацца за кошт укаранення тэхналогій па спажыванні альтэрнатыўнага (РДФ-паліва) у цэментнай прамысловасці. Прымяненне такога віду энергіі дазволіць зменшыць колькасць адходаў, якія захоўваюцца на палігонах, а таксама знізіць спажыванне прыроднага газу, а магчыма, і цалкам заменіць выкарыстанне яго і вугалю на заводах. Тэхналагічная лінія па выкарыстанні РДФ-паліва ўведзена на заводзе «Краснасельскбудматэрыялы». У перспектыве такое паліва будзе прымяняцца яшчэ на двух цэментных заводах: у Крычаве і Касцюковічах.

Нацыянальная стратэгія мае на мэце таксама ўвядзенне тэхналогіі кампасціравання арганічнай часткі ЦКА: рэшткаў ежы і раслін. Летась у Мінску ўведзена лінія па кампасціраванні арганічных адходаў на базе прадпрыемства «Мінскзелянбуд». Эксперты лічаць, што ў выніку ўсіх гэтых мерапрыемстваў да 2035 года колькасць захоўваемых на палігонах адходаў паменшыцца на 38 %.

Для сарціроўкі ЦКА і перапрацоўкі пластыка

За год у краіне ствараецца 280 тысяч тон пластыкавых адходаў (гэта прыкладна 30 «смеццевых» кілаграмаў, «вырабленых» кожным беларусам). «Для мінімізацыі выкарыстання пластыкавай упакоўкі ў Беларусі з 2020 года рэалізуецца план з 19 мерапрыемстваў, які прадугледжвае, у прыватнасці, навуковыя даследаванні і асвету насельніцтва, а таксама выкарыстанне бяспечнай экаўпакоўкі і скарачэнне імпарту пластыкавай тары», — нагадаў Аляксей Філановіч.

— Да 2025 года запланавана стварэнне 16 рэгіянальных аб’ектаў па сарціроўцы і выкарыстанні ЦКА, у тым ліку па перапрацоўцы адходаў палімернай упакоўкі. Сумарная магутнасць сарціровачных прадпрыемстваў складзе каля 1,2 млн тон камунальных адходаў у год, а на фінансаванне такіх комплексаў прадугледжана звыш за 1,4 млн рублёў.

Уводзіцца ў эксплуатацыю палігон для захавання адходаў у Брэсцкай зоне абслугоўвання. Буду-юцца тры рэгіянальныя аб’екты па сарціроўцы камунальных адходаў для Баранавіцкага, Аршанскага і Бабруйскага рэгіёнаў, распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя (ПКД) па Гомельскім аб’екце. Перадпраектныя і перадінвестыцыйныя дакументы ёсць для Лідскага і Пухавіцкага рэгіёнаў. На Пінскі, Полацкі і Ваўкавыскі комплексы па сарціроўцы ўжо распрацоўваецца ПКД, пачата аналагічная праца і для Магілёўскага аб’екта. «Прынята рашэнне аб будаўніцтве вытворчага ком-плексу па сарціроўцы ЦКА ў сталіцы з выдзяленнем ДМР, вырабам тэхнічнага грунту і РДФ-паліва», — дадаў спецыяліст.

Летась уведзены ў эксплуатацыю смеццесарціровачны завод у Віцебску магутнасцю 100 тысяч тон у год. На прадпрыемстве «Белдругпалімер» займаюцца перапрацоўкай палімерных адходаў па-вышанай забруджанасці з вырабам высакаякасных рэгранулятаў поліэтылену і поліпрапілену.

— Пластык любога віду раскладаецца 450–500 гадоў, а адходы, якія трапляюць у глебу, змянша-юць яе ўрадлівасць і колькасць жывых мікраарганізмаў. Толькі 12 % ад агульнага аб’ёму ўтвараемага пластыкавага смецця спальваецца, і ўсяго 9 % — ідзе на паўторнае выкарыстанне. Так што неабходна прымяняць сучасныя тэхналогіі для перапрацоўкі пластыкавага смецця, — расказаў Вадзім Кіцікаў, дырэктар Інстытута жыллёва-камунальнай гаспадаркі НАН Беларусі. — Утылізацыя пластыкавых адходаў на звалках — як ні дзіўна — найбольш дарагая тэхналогія. Тэрмічная ўтылізацыя пластыку — спальванне на заводах пры тэмпературы вышэй за 1000 °С для атрымання цеплавой ці электрычнай энергіі. Асноўная праблема такога спосабу — ачыстка дыма-вых газаў, паколькі пры спальванні пластыку выдзяляюцца дыяксіны і фураны.

Так што, на думку экспертаў, пакуль адной з найбольш прымальных мер для барацьбы са смеццем сапраўды з’яўляецца перапрацоўка адходаў у сыравіну і выкарыстанне іх для вырабу РДФ-паліва.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.