Вы тут

Яраслаў Іваноў: Падчас «Студэнта года» я прайшоў каласальны шлях


Тытул найлепшага студэнта краіны атрымаць няпроста, і справа тут не толькі ў выдатна падрыхтаваных творчых і конкурсных нумарах, але і ў асобе прэтэндэнта. Актыўны ўдзел у студэнцкім жыцці, добрыя стасункі з сябрамі і бацькамі, хобі і адкрытасць да новага — вось тое, што вылучае маладых хлопцаў і дзяўчат, якія спаборнічаюць у конкурсе. Знаёмцеся: студэнт трэцяга курса Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Яраслаў Іваноў. Хлопец паспяхова вучыцца, займаецца творчасцю і працуе. У будучыні марыць паступіць у магістратуру і атрымаць дыплом эканаміста. Аб тым, якія эмоцыі адчуў, калі зразумеў, што перамог, і якія ўзаемаадносіны склаліся з іншымі ўдзельнікамі конкурсу «Студэнт года», Яраслаў распавёў «Чырвонцы. Чырвонай змене».


— Цікава, чаму ты выбраў менавіта гэтую ВНУ?

— Пачну здалёк: яшчэ з 5 класа я марыў стаць праграмістам — работа перспектыўная, можна працаваць з любой кропкі свету. Але ў 11 класе пайшоў на курсы і зразумеў, што ўсё ж такі гэта не маё. Мой сябар Уладзіслаў Мірончык, з якім мы вучыліся ў віцебскай гімназіі № 8, распавёў мне аб ВДТУ з такога пункту гледжання, што тут можна не толькі атрымаць адукацыю, але і раскрыць сябе як творчую асобу, развівацца ва ўсіх кірунках, якія цікавыя. Я не прагадаў!

— Чым адметная вучоба на факультэце інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі?

— Тэхнічную спецыяльнасць я абраў у тым ліку і таму, што мой бацька інжынер. З самага дзяцінства мяне цікавілі правады, лямпачкі і ўсё, што звязана з электронікай. Я атрымаю прафесію інжынера-канструктара, асноўная мая праца будзе заключацца ў стварэнні чарцяжоў, мадэляў для станкоў і машын. Канешне, у такой рабоце таксама ёсць пэўная творчасць, але для мяне гэтага недастаткова. Пасля заканчэння вучобы хацеў бы паступіць у магістратуру і атрымаць дыплом па эканоміцы, таму што гэтая галіна мяне таксама цікавіць.

— Як ты вырашыўся ўдзельнічаць у «Студэнце года — 2022»?

— Штуршком стала мая першая паездка на рэспубліканскі конкурс, калі я дапамагаў Уладзіславу. Тады сказаў сябе, што хачу прыехаць на яго менавіта як удзельнік. Я танцую ўсё сваё жыццё, пачынаў з харэаграфічнага ансамбля «Зорька», удзельнікам якога быў адзінаццаць гадоў. Без танцаў сябе не ўяўляю і ні пры якіх умовах не адмовіўся б ад іх. Так пачаў ісці да пастаўленай мэты: палепшыў сярэдні бал паспяховасці, прайшоў адбор на вобласці, і «рэспубліка» аказалася наша!

— Хто падтрымліваў, натхняў і дапамагаў на шляху да перамогі?

— Вядома ж, бацькі — гэта была каласальная падтрымка, нягледзячы на тое, што часу для стасункаў амаль не было. Таксама мая дзяўчына Лера Фомчанка, «Каралева студэнцтва — 2021», для яе мая перамога была нават важнейшая, чым для мяне, адчуваў моцную падтрымку і ад сяброў. Таксама наш студклуб і рэктар Андрэй Аляксандравіч Кузняцоў — людзі, якія датычныя да нашай агульнай перамогі. Хачу адзначыць, што наш рэктар заўсёды цікавіцца, віншуе нас, калі мы дабіваемся сваіх мэт. Упэўнены: кожны студэнт яго вельмі паважае.

— А якія стасункі склаліся з астатнімі канкурсантамі?

— Спачатку я хваляваўся, але з першых майстар-класаў мы знайшлі кантакт: не было і ноткі спаборніцтва, сапраўды ўсе працавалі ў камандзе. Нягледзячы на маштабнасць і адказнасць конкурсу, усе згуртаваліся і былі адзін за аднаго.

— Яраслаў, якія эмоцыі былі падчас таго, калі абвясцілі, што ты — пераможца?

— У першыя дні яшчэ сам не ўсведамляў, што адбылося. Напэўна, у большай ступені радаваўся за свайго кіраўніка Алесю Анатольеўну Чыслову, таму што ў яе яшчэ не было найлепшага «Студэнта года».

А калі стаяў на сцэне і назвалі маё імя, адразу хацеў пайсці да сваёй каманды, якая была за кулісамі, каб падзяліцца радасцю. Але зразумеў, што гэта будзе не вельмі прыгожа. Два дні пасля перамогі не вылазіў з Іnstagram, мяне ўсе віншавалі, а ў думках было: «З якой нагоды вы ўсе мне пішаце? Што адбылося?» Да ўсведамлення свайго новага статусу яшчэ трэба прыйсці...

— Чым ты займаешся ў вольны час?

— У мяне яго няшмат: я такі чалавек, які не любіць ляжаць на канапе. Звычайна мой дзень распісаны з раніцы да вечара. У першую чаргу гэта ўніверсітэт, дзе я не толькі вучуся, але і займаюся творчасцю: у нас круглы год праходзяць конкурсы, як рэспубліканскія, так і абласныя. Таксама мая машына — яна патрабуе даволі шмат часу. Я працую на двух работах: у «Віцебскгазе» і дапамагаю бацьку сябра збіраць і манціраваць карнізы і жалюзі.

Мінулым летам я стаў часткай рэжысёрска-пастановачнай групы на «Славянскім базары ў Віцебску». Разам з вопытнымі старэйшымі калегамі прымаў удзел у арганізацыі двух конкурсных дзён і фіналу самога форуму. У лістападзе працаваў адміністратарам на Міжнародным фестывалі сучаснай харэаграфіі ІFMC.

Калі ёсць вольны час, дапамагаю бацькам на дачы. Усё дзяцінства правёў з бабуляй і дзядулем у вёсцы. Там былі і драўляныя мячы, і буданы з усяго, што пад руку трапіцца, і лазня, і праца. Мусіць, таму, калі я зараз прыязджаю ў вёску, адчуваю спакой: ніякіх гукаў машын, толькі я, спевы птушак і ўласныя думкі. Канешне, нельга забываць аб тым, што трэба ўдзяляць час сваёй дзяўчыне і сябрам. Мы любім збірацца разам і гуляць у настольныя гульні.

— Ці ёсць у цябе прынцып, якім кіруешся па жыцці?

— Ён гучыць так: «Аддавай больш, чым атрымліваеш сам». Нават вяртаючыся да майго эмацыянальнага стану адзначу: пасля конкурсу я больш быў рады за дырэктара свайго студклуба, чым за сябе. У жыцці ў мяне таксама складваецца так: я дапамагу сябру, падстаўлю плячо, каб ён быў шчаслівы. Таму гэты прынцып мне вельмі блізкі.

— Якую параду даў бы актыўнай моладзі, якая працуе на карысць свайго ўніверсітэта?

— У першую чаргу, дзейнічаць і ніколі не здавацца. Таму што такія конкурсы — каласальны шлях, які трэба пераадолець. І калі ты здасіся на сярэдзіне, то ўсё жыццё будзеш аб гэтым сваім рашэнні шкадаваць. А, дайшоўшы да канца, у якасці пераможцы ці не, як мінімум зможаш сабе сказаць: «Ты малайчына». Трэба паставіць мэту і спрабаваць яе дасягнуць.

Арына КАРПОВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.