Вы тут

Тры пакаленні Вашчанкаў прадстаўлены на адной выстаўцы


Заснавальнік творчай дынастыі — Гаўрыла Харытонавіч Вашчанка. Сёлета мы адзначаем 95-годдзе з дня нараджэння мастака. Мінула ўжо амаль дзевяць гадоў, як яго няма побач з намі. Але ён пакінуў такую спадчыну, што не толькі творчая, але наогул беларуская грамадскасць удзячная яму. На выставе прадстаўлены творы народнага мастака Беларусі Гаўрылы Вашчанкі і яго нашчадкаў — сына Канстанціна і ўнучкі Ангеліны. 


«Бег» Гаўрыла Вашчанка

Выстаўка цікавая не толькі імёнамі. Па-першае, яна раскрывае асобу мастака Гаўрылы Вашчанкі крыху інакш (асабліва праз творы, якія знаходзяцца ў калекцыі сям’і, рэдка паказваліся раней). Па-другое, яна адлюстроўвае змену пакаленняў у мастацтве, якія фіксуюць свой час і яго ідэі. Па-трэцяе, паказвае, як мяняецца мастацкая мова пакаленняў і формы адлюстравання рэчаіснасці. На адкрыцці выстаўкі цікава было назіраць за тым, як гледачы розных узростаў рухаліся па зале (экспазіцыя займае увесь другі паверх Палаца мастацтва), спыняючыся ля тых твораў, якія выклікалі ў іх найбольш эмоцый. Але напачатку ўсіх прыцягваў ўсё ж скульптурны партрэт Гаўрылы Харытонавіча (праца Уладзіміра Слабодчыкава). 

— Калі я пісала кнігу пра Гаўрылу Харытонавіча, вельмі важным было тое, што ўдавалася пагаварыць з ім у майстэрні. Я запомніла словы, якія ён гаварыў, калі мы разважалі пра мастацтва. Пра сваю творчасць аднойчы сказаў так: можна хадзіць на пленэры, займацца эцюдамі. Але карціна нараджаецца ў галаве. Яна нараджаецца ад тэмы, якую хочаш раскрыць. Яна павінна быць моцная сама па сабе, але мастак павінен яе ўзмацніць яшчэ больш. Таму што тэма, думка павінна быць данесена да гледача, каб ён яе пачуў, — узгадвае першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч. — Мы праходзім па выставе і чуем думкі Гаўрылы Харытонавіча. 

Гэта думкі найперш пра Беларусь, якую ён адчуваў і адлюстроўваў — і на ўзроўні сімвалаў, і на ўзроўні выбару колераў, і на ўзроўні адметнага жыцця духу. Ураджэнец Гомельшчыны, ён мог стаць чыгуначнiкам, але хлопец паехаў вучыцца мастацтву ў Кiеў — манументальныя роспiсы будынка Вярхоўнага Суда Украіны даверылi студэнту з Беларусі. Пасля працаваў на кiнастудыi iмя Даўжэнкi. Вышэйшую мастацкую адукацыю атрымаў у Львове. Працаваў у Малдове. Але калi з’явілася магчымасць, вярнуўся ў Беларусь.

У экспазіцыі прадстаўлены і творы з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Па іх адразу разумееш, што было блізка яго сэрцу: Палессе, яго краявіды, дух, колеры i адценнi. Калі Беларусь называюць «край буслоў», то, напэўна, не ў малой ступені дзякуючы творам Гаўрылы Вашчанкі. Буслоў у яго шмат, яны розныя ў розных карцінах. Ёсць лірычныя, ёсць клапатлівыя за будучыню і птушанят, ёсць імклівыя, палёт iх высокі і вольны. А ёсць трывожныя: накрыў зямлю Чарнобыль... 

Прадстаўлены работы і са збору Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў. Але асноўная частка работ з калекцыі сям’і, і дзякуючы ім можна пабачыць Гаўрылу Харытонавіча розным. Ёсць карціны, дзе Вашчанка вельмі камерны, чалавечы, захоплены імгненнем жыцця. Яны іншыя па вобразнасці, святле, каларыце і колеравай гаме. Яго называюць майстрам вялiкiх памераў — і гэта так, пераканаюцца гледачы. Але лiрыка i цеплыня ёсць у кожнай працы. Што значыць паэзiя ў жывапiсе, можна зразумець тут. 

«Труна» Канстанцін Вашчанка.

— У нас на курсе ён расказаў аднойчы ўсходнюю мудрасць: не трэба лавіць матылькоў, стварайце сад, і гэтыя матылькі самі прыляцяць туды, — згадвае былы вучань Уладзімір Зінкевіч, які цяпер узначальвае кафедру манументальнага мастацтва ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтва. — Гаўрыла Харытонавіч перавярнуў усё наша творчае жыццё тым, што перад намі паўстаў не толькі выдатны мастак, але і чалавек, які мог арганізаваць асяроддзе — маральнае, духоўнае, пачуццёвае, у якім была выхавана вялікая колькасць таленавітых людзей. Па сутнасці, пры яго ўдзеле была сфарміраваная не толькі кафедра, але і супольнасць выдатных асоб. Місія гэтага чалавека была — выхоўваць іншых людзей, зрабіць іх больш тонкімі, прыгожымі, таленавітымі. 

Народны мастак Уладзімір Тоўсцiк лiчыць: мы бачым беларускага мастака, геніяльнага па свайму маштабу мыслення, па пачуццёвасці, тонкасці. Гэта творца сваёй зямлі. Гэта мастак таго часу, у які ён жыў. Ён даваў глебу для развіцця іншым мастакам. І гэта бачна на прыкладзе яго ўласнай сям’і. Канстанцін і Ангеліна ствараюць сваё мастацтва.

Трыпціх «Idea Fix» Канстанцін Вашчанка.

Перад экспазіцыяй сына ёсць работа «Косцік», якую ў свой час набыў Нацыянальны мастацкі музей. Яна тут нiбыта пралог, пераход у іншы мастацкі сусвет. Але па ёй можна адчуць, як бацька ставіўся да свайго сына. Падчас адкрыцця Канстанцін Вашчанка быў нешматслоўны. Той момант, калi лепш глядзець, чым гаварыць. Яго творы па большасці выкананыя ў змяшанай тэхнiцы, прадстаўлена iнсталяцыя. Іх аб’ядноўвае думка пра чалавека ХХI стагоддзя i яго ўнутраныя хiстаннi ды пошукi. Канстанцiн Вашчанка — графiк, якi працуе і ў жывапісе, стварае арт-аб’екты. Шануе даўнюю традыцыю асветніцтва ( прымаў удзел у скарынаўскiм праекце), на гэты раз прадставіў творы, злучаныя адным настроем. I ў гэтым таксама ёсць асветніцтва, толькi iншага гатунку: зазiрнi, чалавек, унутр сябе, што ты там бачыш?..

«Глядзець у вочы!» Канстанцін Вашчанка.

Яго дачка Ангеліна ў Акадэмii мастацтваў абрала кафедру графiкi, стварае розныя па тэхнiцы творы — афорты, лiтаграфii. Цікавая работа пад назвай «Ён ёсць», у якой праглядвае твар у пакутах — не як на iконе, але як частка жывога: гэта графiка на дрэве. На адной з літаграфій можна пазнаць яе знакамітага дзеда, народнага мастака Беларусі. Сімвалічная назва: «Натхненне».

«Кентаўр» Ангеліна Вашчанка.

Ланцуг жыцця — ланцуг мастацтва. 

«Жар купальскага вогнішча» Гаўрыла Вашчанка.

 

Ларыса ЦIМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.