Вы тут

«12 апосталаў» у інтэр'еры. Супрацоўнік міліцыі з Гродна і яго знакамітыя караблі


Калекцыя Паўла Навакольскага складае больш за 20 стэндавых мадэляў. Калі ўлічваць, што на выраб адной можа спатрэбіцца некалькі гадоў — гэта нямала. Праўда, большасць засталася ў Гродзенскім абласным цэнтры тэхнічнай творчасці, адкуль пачалося яго захапленне яшчэ ў 13-гадовым узросце. Пасля перапынку Павел вярнуўся да суднамадэліравання і стварыў некалькі вельмі складаных і прыгожых копій караблёў з цікавай баявой гісторыяй.


Захапленне караблямі пачалося з прыгодніцкіх кніг аб далёкіх марскіх вандроўках. У падлетка з'явілася жаданне далучыцца да гэтых незвычайных падарожжаў. Так ён трапіў у гурток па суднамадэліраванні ў Гродзенскім абласным цэнтры тэхнічнай творчасці. Гурток паспяхова працуе і цяпер. Павел, як і многія іншыя гурткоўцы, марыў аб паступленні ў ваенна-марское вучылішча ў Калінінградзе.

Ён наведваў «Мадэліраванне» да 10 класа. Прымаў удзел у многіх рэспубліканскіх спаборніцтвах. Выканаў нарматыў кандыдата ў майстры спорту па суднамадэліраванні. А калі прыйшоў час вызначацца з будучай прафесіяй, вырашыў пайсці па слядах бацькі, супрацоўніка міліцыі, які заўчасна пайшоў з жыцця. Хлопец паступіў у Беларускі інстытут правазнаўства. На некаторы час заняткі суднамадэльнай творчасцю прыпыніліся.

Зараз Павел Навакольскі служыць у Кастрычніцкім РАУС Гродна старшым участковым інспектарам па справах непаўналетніх. Кажа, што клопатаў хапае і па рабоце, і ў сям'і — у яго падрастае двое сыноў, 6 і 9 гадоў. Вольнага часу застаецца зусім мала, але Павел знаходзіць гадзіну-другую ў выхадныя дні, каб заняцца сваім хобі. Да таго ж менавіта дзякуючы працы з'явіліся сродкі, каб набываць матэрыялы для мадэляў, а каштуе гэта нятанна. Напрыклад, сабекошт адной з мадэляў складае каля 900 долараў.

Карабель адразу звяртае на сябе ўвагу, хоць і стаіць у куту пакоя. Гэта флагман расійскага імператарскага флоту пачатку ХІХ стагоддзя «12 апосталаў» — адзін з самых магутных ваенных караблёў свайго часу. Як ён калісьці выглядаў, можна ўбачыць на карціне, на фоне якой якраз і стаіць макет. Праўда, мастак намаляваў усю флатылію з раздзьмутымі белымі парусамі. На мадэлі яны таксама ёсць, але скручаны, нібы карабель стаіць на рэйдзе. Чаму так?

— Парусы сабраны, іх немагчыма расправіць, таму што яны займаюць вельмі шмат месца і хаваюць дэталіроўку карабля, адцягваюць на сябе шмат увагі, — тлумачыць Павел. — Парусы трэба крухмаліць, каб стварыць эфект напоўненасці ветрам. Але тады карабель будзе падобны на белы шар. Я раблю па прынцыпе, каб было ўсё відаць, таму і наступная мадэль будзе таксама са складзенымі парусамі. Такі ў мяне падыход, хтосьці зробіць па-іншаму, я выбраў менавіта так.

Каб максімальна наблізіць макет да арыгінала, трэба правесці вялікую падрыхтоўчыую работу. Напрыклад, на стварэнне «12 апосталаў» майму суразмоўцу спатрэбілася тры гады. Амаль палову часу заняў пошук чарцяжоў. Складанасць яшчэ і ў тым, што арыгінала не засталося. Падобны карабель «Віктары» захаваўся ў флоце Вялікабрытаніі. Праўда, толькі ў якасці музея. Таму і чарцяжы ў асноўным на англамоўных інтэрнэт-платформах.

Аналагічная сітуацыя склалася падчас мадэліравання нямецкага лінкора «Бісмарк». Работа над ім заняла два гады. Паколькі чарцяжоў не ўдалося знайсці, мадэль стваралася па здымках і кадрах кінахронікі. Дарэчы, лёс лінкора быў нядоўгі, ён патоплены падчас Другой сусветнай вайны, літаральна праз некалькі гадоў пасля пабудовы. А вось новы праект інспектара — карабель «Канстытуцыя» — да гэтага часу на плаву. І гэта адзіны ва ўсім свеце ваенны парусны карабель, які можа плаваць. І хоць ён прышвартаваны ў Бостане ў якасці музея, з 1780 года і да нашага часу ўваходзіць у склад ваенна-марскіх сіл ЗША. Паколькі ёсць яго рэальныя здымкі, рабіць гэту мадэль не так складана.

Увогуле, праца даволі карпатлівая. На драўляны корпус судна, памерам 1,5-2 метры, мацуецца мноства дэталяў з металу і пластыку. Частка набываецца праз інтэрнэт, але большасць робіцца сваімі сіламі. Напрыклад, выразаюцца з пэўных парод дрэў элементы корпуса, мачты, рэі, карабельныя пабудовы, іншыя дэталі. У якасці інструментаў пад рукой павінны быць скальпель, пінцэт, мікрадрылі, такія ж свердлы, міні-такарны станок, аэрограф для афарбоўкі.

— Вядома, можна купіць гатовы набор і скласці карабель згодна са схемай. Але гэта атрымаецца звычайная цацка. Такі набор прыдатны для тых, хто пачынае мадэліраванне, толькі вучыцца гэтаму. Мне гэта не падыходзіць, бо мадэль павінна быць максімальна набліжана да рэальнасці. Гэта не цацка, а зменшаная копія арыгінала. У гэтым сутнасць стэндавага мадэліравання. Таму свае караблі я ствараю з нуля, — кажа Павел.

Ён лічыць, што творчасць — добрая разгрузка для любога чалавека. Падчас работы ёсць магчымасць сабрацца з думкамі, аднавіць свой энергетычны патэнцыял. Наогул, змена роду дзейнасці карысная. Да таго ж бачны вынік працы. А караблі — гэта заўсёды прыгожа.

Дома ў Паўла знаходзяцца мадэлі, створаныя за перыяд яго работы ў міліцыі, ды адно з першых суднаў, якое зроблена больш за 20 гадоў таму, яшчэ ў 8 класе. Праўда, карабель пацярпеў ад увагі ката, які заскочыў на тэлевізар і зваліў яго на падлогу. Такія недарэчнасці каштуюць канструктару нерваў. З таго часу кот мадэлі не чапае, а пашкоджаны карабель Павел збіраецца адрамантаваць.

Караблі — не адзіныя творы гродзенскага інспектара. Ёсць у яго арсенале і знакаміты ваенны танк «Тыгр», а яшчэ — зменшаная копія аўтамабіля ЗІС-110. 70-сантыметровы экспанат поўнасцю з металу, таму яго вага дасягае 15 кілаграмаў. Там усё адчыняецца: дзверы, капот, багажнік... Салон, рухавік дэталізаваныя на сто працэнтаў. Менавіта на такім лімузіне ездзіў Сталін, пакуль не перасеў на больш браніраваны аўтамабіль. Ёсць ахвотныя купіць гэту мадэль за 1,5 тысячы рублёў, але Павел не мае мэты штосьці прадаваць. Сапраўды, калі ўлічваць, што на выраб толькі аднаго карабля траціцца 2-3 гады жыцця, якімі грашыма гэта можна адмераць?

— Хобі прыносіць мне задавальненне. Падабаецца і сам працэс стварэння мадэлі, і вынік. Лічу вельмі важным мець нейкія захапленні. Калі ў маіх сыноў з'явіцца жаданне чымсьці займацца альбо яны захочуць праявіць сябе ў якой-небудзь справе, з радасцю іх падтрымаю. І гэта неабавязкова павінна быць мадэліраванне. Бо ўсе мы розныя і ў кожнага свае здольнасці. Важна развіваць талент, гэта дапамагае спраўляцца і з прафесійнымі абавязкамі, — рэзюмуе Павел.

З ім згодная і жонка Анастасія. Яна працуе ў абласным упраўленні МНС, а ў вольны час піша карціны. Яе вельмі натхняе творчасць Ван Гога, Далі, Пікасо і імпрэсіяністаў. У кватэры каля дзясятка копій знакамітых мастакоў.

Вось так маладая сям'я служачых стварае вакол сябе прыгажосць у простай кватэры звычайнай гарадской «панэлькі». Кожны, хто прыходзіць да іх, у першую чаргу звяртае ўвагу на караблі Паўла і карціны Анастасіі. Яны радуюць вока і прыводзяць душу ў захапленне больш, чым раскошныя і вычварныя інтэр'еры.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.