Вы тут

Валянціна Быстрымовіч. «Варта было прыраўнаваць»


Апошнія гады Мікалай і Рыта Новы год сустракалі ўдваіх. Але гэтым разам з раніцы рыхтавалі стол, будуць госці — даўні сябар Валодзя з дамай. Валодзю шэсцьдзясят два, ён спакойны і добры, а жыве адзін, разведзены.


Фота: pixabay.com

Апошні час Валодзя павесялеў. Закруціў раман з цырульніцай, ходзіць з ёй на вячэрнія сеансы ў кіно і зарульвае ў рэстараны. Пазнаёміліся яны празаічна, разгаварыліся, калі тая акуратна састрыгала Валодзю валасы вакол лысіны.

Муж і жонка былі рады гасцям. Мікалаю семдзесят, а Рыце пад шэсцьдзясят. Знаёмыя, з якімі раней сустракалі святы, зараз аддаюць перавагу святкаваць дома. Яны сядзелі за сталом і глядзелі тэлевізар. Госці спазняліся, патэлефанавалі, што будуць пазней.

Прабілі куранты, яны павіншавалі адно аднаго, выпілі шампанскага і раптам Мікалай, гледзячы на жонку, выпаліў: «Я люблю цябе». Яна здзіўлена прыўзняла брыво. «Ты такая прыгожая», — адказаў ён на яе позірк. Рыта ўсміхнулася: «Ужо не тыя святы, раней весяліліся з запалам: танчылі, жартавалі. А цяпер усе паважна, высакародна і сумна. Вярнуць бы энергію, тэмперамент, весялосць!»

Госці прыйшлі пасля паўночы. Валодзя прадставіў бландзінку гадоў пяцідзесяці: «Знаёмцеся, Дыяна». Селі за стол. «Чаму аддаяце перавагу?» — Мікалай прапанаваў даме напоі на выбар. «Каньячку, мабыць», — усміхнулася яна і з разуменнем паглядзела ў яго вочы.

Калі б позірк быў зазыўны, Мікалай, напэўна, насцярожыўся б, а гэта быў з разуменнем позірк. Валасы Дыяны былі распушчаныя, накладныя вейкі і пухленькія губкі рабілі яе сэксуальнай, толькі апушчаныя шчокі казалі — дама ва ўзросце.

Дыяна зазірнула ў вочы Мікалаю раз, потым яшчэ. І ён адчуў, як узмацнілася цыркуляцыя крыві ў яго жылах, а душа натхнілася і ўзляцела, хутка-хутка замахаўшы крыламі. Пара выпітых чарак знізілі самакантроль, і ён захоплена пераглядаўся з бландзінкай.

Рыта заўважыла, як загарэліся вочы мужа, выпрасталася спіна, і ён корпусам падаўся наперад, як бы скарачаючы адлегласць паміж сабой і Дыянай. Мікалай стаў каментаваць канцэрт. Гісторыі з жыцця артыстаў так і сыпаліся, ён з задавальненнем разбіраў паднаготную зорак.

Рыта раней не заўважала цікавасці мужа да асабістага жыцця іншых і была здзіўленая яго ведамі. Бландзінка смяялася, перакульвала з ім чарку за чаркай і прымала актыўны ўдзел у размове. Некаторыя, абмяркоўваючы знакамітасцяў, адчуваюць сябе датычнымі да гэтага кола. Рыту яшчэ больш здзівіла, калі яе інтэлігентны муж стаў сыпаць непрыстойнымі анекдотамі ў прысутнасці жанчын.

Мікалай быў натхнёны і энергічны, падобна, забыўся пра жонку, якой паўгадзіны таму з пяшчотай прызнаваўся ў каханні. Валодзя патроху цадзіў віно і глядзеў канцэрт. Часам усміхаўся жартам. Позіркі госці і Мікалая сустракаліся, пружынілі, сутыкаліся, казыталі. «Выглядаеце, як у сорак!» — рабіў кампліменты мужчына.

Нішто не выслізнула ад пагляду дасведчанай жанчыны: «Стары к..., падумала Рыта, — ды пайшоў ён...». Ёй было непрыемна і няёмка і, папрасіўшы прабачэння, яна пайшла спаць, пакінуўшы мужа сам-насам з гасцямі. «Павышае самаацэнку», — супакоіла яна сябе і лягла. Успомніўся сон, які бачыла ў мінулую ноч: быццам яна з мужам у горадзе, да іх падыходзіць жанчына і глядзіць у яго вочы, а ён глядзіць на яе. Рыта стаіць побач, але муж пра яе забывае, і яна разумее: «У іх каханне, што б я ні зрабіла, нічога не змяніць». Каб звярнуць на сябе ўвагу, бярэ мужа за руку, але ён выдзірае руку.

Прачнулася ў халодным поце і падзякавала Сусвету, што гэта ўсяго толькі сон. І вось, сон у руку. Бландзінка прыцягнула ўвагай і навізной, і муж захапіўся. Вядома, прыемна адчуць цягу ў семдзесят, нават памаладзеў.

Коля заўсёды быў добрым мужам, што на яго найшло? Вочы яму зараз далонькай прыкрый, дык ён будзе глядзець на аб’ект свайго любавання скрозь пальцы. І бывае ж такое ў мужчын! Яна чула голас мужа і смех бландзінкі, але, будучы з 6 раніцы на нагах, махнула на ўсё рукой і заснула.

Пачынала віднець. Рыта прачнулася ад таго, што муж увайшоў і ўзяў камплект бялізны для гасцей. Чула, як ён кінуў бялізну на канапу, што было зусім на яго не падобна. Госці клаліся трохі паспаць. Мікалай вярнуўся, лёг на другі край ложка і накрыўся амаль з галавой. Рыта адзначыла: калі яна прысунулася бліжэй, ён адсунуўся.

«Злуецца, — зразумела яна, — дарма стараўся». У рэчаіснасці Мікалай прыняў жарты бландзінкі ўсур’ёз. Ён выйшаў за госцяй на кухню дапамагчы і рассыпаўся ў кампліментах. Затым абняў за талію і прапанаваў сустрэцца. Накаціла: «Эх...».

Але атрымаў ветлівую ўсмешку, здзіўлены позірк і ветлівую адмову. А ўсё так добра складвалася, чатыры гадзіны ён расказваў, сам дзівячыся, адкуль што бярэцца. І глядзела яна на яго зацікаўлена. Урэшце, гэта яна яму строіла вочкі.

Раніцай жонка патэлефанавала дачцэ. «Падаражэлі тэлефонныя размовы з сённяшняга дня», — сказаў ён скрозь сон. «Што ты такі эканомны з раніцы, — адказала яна, — няўдала ўзмахнуў у апошні раз крылом?» «Чаму ў апошні? Ты што? Мяне хаваеш?» — зло адказаў ён і адвярнуўся, павіснуўшы над краем ложка.

Яму было моташна: «Каб яна правалілася гэтая Дыяна», — ён быў засмучаны і пераможаны. Госці сышлі, а жонка завіхалася на кухні. Яму хацелася, каб і яна сышла, яе ўсмешлівы пагляд прыніжаў. «Ты мяне зняважыла сваімі падазрэннямі», — сказаў ён жонцы, але яна не адказала.

Вось як споўнілася яе навагодняе пажаданне энергіі, тэмпераменту і весялосці. Яна разумела, як яму няёмка. Што ж зробіш? І ў старой бывае промах, і ў старога. Затое адчулі сябе маладзей у гэты вечар. Мікалай яшчэ суткі хадзіў змрочны і маўчаў, а Рыта хавала ўсмешку і думала: «Напэўна, варта было яго прыраўнаваць учора, яму было б прыемна».

Валянціна БЫСТРЫМОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.