Вы тут

Да 29 студзеня можна пабачыць выставу пра касманаўтыку ў НЦСМ


«На пыльных сцежках далёкіх планет застануцца нашы сляды» — такія радкі напісаў у «Гімне касманаўтаў» Уладзімір Вайновіч у далёкім 1960 годзе. Мінула з той пары больш за 60 гадоў, а чалавецтва працягвае захоўваць мару аб пакарэнні самых далёкіх планет незнаёмых галактык. 


Зала Алеся Родзіна.

Касмадром

Да 29 студзеня ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў можна пабачыць лірычна-дакументальную выстаўку «Чакайце нас, зоркі», прысвечаную савецкай касманаўтыцы, візуальнаму вобразу космасу. Куратар і аўтар ідэі — вядомая беларуская фатограф Дзіна Даніловіч. Пад яе кіраўніцтвам мастацкая група паспрабавала прааналізаваць тагачасныя ідэі з сучаснага пункту гледжання, выкарыстоўваючы мову сённяшняга мастацтва. Выстаўка ахоплівае перыяд ад пачатку «касмічнай эры» ў 1960-х да ранніх 1990-х. 

— Для мяне гэтая выстаўка дакладна не толькі пра космас, — адзначае Дзіна Даніловіч напаўіранічна. — А пра вялікую надзею. Нават мару. Таму «Чакайце нас, зоркі» з’явілася замест каляднай выстаўкі. У гэты Новы год неабходна загадваць маштабныя, касмічныя жаданні. 

Назва «Чакайце нас, зоркі» з’явілася дзякуючы альбому з карцінамі знакамітага касманаўта Аляксея Леонава і мастака Андрэя Сакалова. Работы творчага тандэма таксама прадстаўлены на экспазіцыі. Зашыфравана ў назве адначасова і вялікая надзея, што зоркі дачакаюцца, і прызнанне, што мара яшчэ не спраўдзілася. 

Экспазіцыя ўключае ў сябе плакаты, відэа-арт, саўндарт, скульптурныя аб’екты, інсталяцыі, фотаздымкі, жывапісныя і графічныя работы. 

Цэнтральнае месца займаюць архіўныя фотаі відэаматэрыялы, бездакорныя плакаты савецкага часу на тэму космасу і навукова-тэхналагічнага прагрэсу. Звязана гэта перадусім з тым, што работа над выстаўкай пачалася з архіваў. 

На арбіце 

Больш чым падрабязна раскрываецца масавае захапленне навукай, тэхнікай і касманаўтыкай. На наведвальніка са сцен глядзяць шчаслівыя і захопленыя падлеткі, якія мараць дакрануцца да чагосьці невымоўна вялікага. 

— У нас прынята гаварыць пра матэрыяльную спадчыну, якая засталася ад Савецкага Саюза, аднак у экспазіцыі хацелася закрануць і духоўную, — распавядае куратарка праекта.

— На маю думку, сучаснікам зараз не хапае той апантанасці і захопленасці з адценнем наіўнасці, што транслявалася ў савецкі час. Не толькі ў тэме космасу. 

Мары аб касмічнай светлай гуманістычнай будучыні сталі генеральнай і вызначальнай ідэяй савецкага перыяду. Гагарын, Паповіч, Церашкова, Леонаў і іншыя былі зоркамі ў СССР. За іх жыццём сачылі, іх манеры і знешнасць капіравалі. Яны былі ўзорамі ідэальнага савецкага грамадзяніна. Кожнае другое дзіця марыла стаць касманаўтам. 
Частка экспазіцыі — прадметы, звязаныя з асобай Юрыя Гагарына і яго сям’ёй. Пасля трагічнай гібелі першага касманаўта ў 1968 годзе, пра захаванне памяці аб яго подзвігу, клапацілася маці, заснавальніца Мемарыяльнага музея імя Юрыя Гагарына. Аўтары выстаўкі імкнуліся не прадэманстраваць парадныя і вядомыя выявы героя СССР, а паглядзець на яго як на простага чалавека, на лёс і гісторыю. 

Іван Міско на адкрыцці выстаўкі.

Таксама наведвальнікі выстаўкі маюць магчымасць пазнаёміцца бліжэй з матэрыяламі аб іншых савецкіх касманаўтах: як яны працавалі ў касмічнай прасторы, як праходзіла іх жыццё ў горадзе Звёздным, як адбываецца падрыхтоўка да палёту на касмадроме Байканур. Прыцягваюць увагу фотаздымкі з так званага «касмічнага вяселля» — шлюбнай цырымоніі касманаўтаў Валянціны Церашковай і Андрыяна Мікалаева. Сярод гасцей — Юрый Гагарын, Мікіта Хрушчоў, Сяргей Каралёў. Удзялілі ўвагу і касманаўтам-беларусам Уладзіміру Кавалёнку і Пятру Клімуку, якія ўдзельнічалі ў паўнавартасных навуковых экспедыцыях на зямной арбіце. 

Захапленне касмічнай тэматыкай закра¬нула кожную сферу жыцця савецкага чалавека. Мноства вуліц былі перайменаваны ў гонар першых касманаўтаў, з’явіліся караблі, цягнікі, музеі ў вялікіх і маленькіх гарадах і вёсках, шматлікія кінатэатры з касмічнай тэматыкай у назве. Хлопчыкаў, якія нарадзіліся 12 красавіка 1961 г. называлі ў гонар Юрыя Гагарына. Крамы «Космас», піёны сорту «Космас», скульптуры касманаўтаў, незлічоныя кнігі навуковай фантастыкі... 

Вялікая ўвага — менавіта лакальнаму аповеду — Беларусі. Зала, прысвечаная святкаванню ў розных гарадах БССР палёту ў космас першага чалавека, ласкава называецца куратарам «эйфарычная». Баранавічы, Мінск, Магілёў — у розных гарадах рэспублікі людзі выходзілі на вуліцы з плакатамі, факеламі, каб прывітаць савецкага чалавека, які казку пераўтварыў у быль. 

З той пары вобразы касманаўтаў і ракет сталі абавязковай часткай усіх масавых мерапрыемстваў і парадаў. Без перабольшвання можна сказаць, што дасягненні савецкіх канструктараў Каралёва, Барміна, Чэламея, Келдыша — адно з найвялікшых адкрыццяў у сусветнай гісторыі. 

Капсула на Зямлю 

Дакументальныя сведчанні эпохі на выстаўцы спалучаюцца з мастацкімі творамі беларускіх аўтараў на касмічную і тэхналагічную тэмы. У залах НЦСМ дэманструюцца работы фатографа Ігара Саўчанкі, тэхналагічныя карціны Аляксандра Некрашэвіча, абстракцыі Сяргея Крыштаповіча, графіка Арлена Кашкурэвіча і Міхаіла Дайліды, а таксама касмічная ікона Георгія Паплаўскага. 

У Беларусі далёкімі планетамі адным з першых, яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя, зацікавіўся Язэп Драздовіч, слынны беларускі этнограф і мастак. Так, у серыі карцін «Касмавізіі» ён прадэманстраваў свае роздумы на тэму жыцця на Сатурне і іншых планетах. Для Дзіны Даніловіч было вельмі важна, каб след беларускага творцы прысутнічаў на выстаўцы. 

На фоне бясконцага і бязмежнага зорнага неба дэманструюцца скульптурныя работы Івана Міско. Аўтар сябраваў з многімі савецкімі і расійскімі, а таксама знаёмы з замежнымі касманаўтамі. 

У межах выстаўкі «Чакайце нас, зоркі» адбылася апошняя прыжыццёвая дэманстрацыя карцін беларускага мастака-авангардыста Алеся Родзіна. Вядомы сваім эксперыментальным жывапісам і сапраўды маштабнымі карцінамі, ён неаднаразова звяртаўся да космасу і касмаганічных сюжэтаў. 

Асобная зала ў экспазіцыі працягвае архіўную тэму, даследуючы феномен захаплення ўсім паранармальным у познесавецкі перыяд. Праз відэаўрыўкі з фільмаў Андрэя Таркоўскага «Люстэрка», «Салярыс», тэлевізійных перадач з Кашпіроўскім, Чумаком і жанчынай, якая сцвярджала, што яе выкралі іншапланецяне, аўтары запрашаюць гасцей выстаўкі абдумаць прычыны такой моцнай і рэзкай перамены ў грамадстве. Чаму ж космас з чыстай і светлай ідэі пераўтварыўся ў варожы свет, амбасадарам якога ў канцы 1990-х стаў кыштымскі карлік, яшчэ вядомы як Алёшанька. 

Неабходна ўдзяліць увагу і візуальнаму афармленню. Выстаўка займае два паверхі ў галерэі НЦСМ і выглядае падкрэслена гарманічна. Непаўторную атмасферу дапамагаюць стварыць сінія і чырвоныя фарбы, колеры ізаляцыйнай стужкі і кумачовай тканіны. Яскравае святло, зоркі на сценах і столі, паўцемра асобных залаў... 

У экспазіцыі прадстаўлены творы з фондаў Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, Музеязапаведніка Ю. А. Гагарына (Расійская Федэрацыя), Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Музея гісторыі горада Мінска, Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, а таксама творы сучасных беларускіх аўтараў. 

Яна ЦЭГЛА 

Фота са старонкі НЦСМ у Facebook

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.