Вы тут

Валянціна Быстрымовіч «Вішневая наліўка цёткі Ніны»


Галка на ганку абкідала снег з ботаў, а я ўжо па яе твары бачыла — нясе новую ідэю. «Слухай, — звярнулася яна да мяне з парога, — а калі мы не паступім у інстытут пасля школы, што год будзем рабіць?». Я паціснула плячыма... «Трэба падстрахавацца і атрымаць запасную прафесію!» — з веданнем справы выдала яна. Слова «прафесія» адразу настроіла мяне на сур’ёзную размову.


Сяброўка працягнула аб’яву. На жаўтлявым лістку было напісана, што абвешчаны набор на курсы сакратароў-машыністак. Заняткі ўвечары, узрост — без абмежаванняў. «Узрост без абмежаванняў» — для нас, мы вучыліся ў восьмым класе. А атрымаць прафесію яшчэ ў школе — гэта крута. Мы і так лічылі сябе прасунутымі, а  калі яшчэ і прафесія?! Уменне друкаваць спатрэбіцца на любой працы, будзь мы следчымі або настаўнікамі. Ідэяй атрымаць прафесію мы загарэліся адразу, але курсы былі платныя.

На здзіўленне, бацькоў доўга пераконваць не давялося. Нашы довады аб дадатковай прафесіі былі прынятыя адразу, і нам далі грошай. Курсы размяшчаліся ў будынку ДТСАФ на іншым канцы горада, давядзецца ездзіць з перасадкай, і дарога зойме больш за гадзіну.

Прыехаўшы на першы занятак крыху раней, мы знайшлі тут яшчэ курсы кіроўцаў, секцыю скачкоў з парашутам і многае іншае. Адразу пайшлі запісвацца ў секцыю парашутыстаў, але ... нас не прынялі. «Прыходзьце гадкі праз тры. Вам трэба падрасці!» — сур’ёзна сказаў мужчына ў ваеннай форме.

На занятках сядзела каля дваццаці сімпатычных дзяўчат на высокіх абцасах і з прычоскамі. На іх фоне мы былі не проста дробнымі, а дзятвой. Мы пабаялiся, што нас адсюль таксама папросяць, але пра ўзрост ніхто не спытаў. На сталах стаялі пішучыя машынкі: партатыўныя, простыя і электрычныя. Нам сказалі, што лягчэй за ўсё друкаваць на электрычнай машынцы, не трэба з сілай стукаць па клавішах, і вяртанне карэткі механізаванае, але іх усяго дзве. Таму будзем на іх трэніравацца па чарзе.

Мы вывучалі працэс і набівалі пальцы. Стукалі па адной клавішы, пакуль палец аўтаматычна не рэагаваў на гэтую літару. Якім пальцам друкаваць літару, аказваецца, строга вызначана. Напрыклад: указальным правай рукі трэба друкаваць літары — а, т, м..., а мезенцам — ж, э, х..., і ніяк інакш. Да таго ж трэба навучыцца друкаваць дзесяццю пальцамі хутка, пісьменна і ўсляпую. Будзе экзамен на хуткасць і пісьменнасць. Падобна на тое, мы тут і мову падцягнем. А яшчэ быў важны прадмет — справаводства.

Больш за ўсё нас здзівіла, што пішучая машынка можа выкарыстоўвацца як музычны інструмент. Нават ёсць музычны твор «П’еса для пішучай машынкі з аркестрам». Пальцы пасля заняткаў нылі, але паступова падушачкі станавіліся больш цвёрдымі.

Мы жылі на канцавым прыпынку. Адпраўляючыся на курсы, залазілі на задняе сядзенне аўтобуса і вучылі ўрокі на заўтра. Наша паспяховасць у школе павысілася. Але на зваротным шляху аўтобус заўсёды быў поўны...

Праз тры месяцы хуткасць друкавання ў нас была добрая. Заставалася здаць іспыт і атрымаць пасведчанне. Гэта быў наш першы экзамен, і мы хваляваліся. Ніколі не думала, што буду перад іспытам так перажываць!

Быў канец траўня, але спякота стаяла ліпеньская, каля трыццаці градусаў. Мы з Галкай збіраліся на іспыт. Надзелі белыя кашулі і цёмныя спадніцы. Я зайшла за сяброўкай, яна мітусілася: то валасы начосвала, то туфлі чысціла. Я зразумела, што яна таксама дрэйфiць.

«Баішся?» — спыталася я. Яна паглядзела на мяне і нічога не адказала. Было ясна — баімся. «Слухай, — прапанавала яна. — У мамы ёсць вішнёвая наліўка, давай вып’ем крыху для адвагі. Яна смачная».

Я ніколі не піла вішнёвай наліўкі, і наогул спіртнога, але вырашыла трошкі выпіць для адвагі. Наліўка стаяла на акне ў трохлітровай банцы. Колер у яе быў прыгожы — каралавы! Толькі з-за аднаго колеру яе варта было паспрабаваць. Хаця самі вішні былі злёгку выцвілыя.

Галка наліла грамаў па 30. «Ад гэтага не ап’янеем — норма валяр’янкі для заспакаення», — сказала яна. Мы паспрабавалі на смак каралавую вадкасць. Пілі паціху, цадзілі скрозь зубы, каб рассмакаваць. Яна была духмянай, салодкай і смачнай. Ніякіх зменаў у сваім стане мы не адчулі.

«Смялей стала?» — спытала Галка. «Не», — адказала я. «Смачная?» — удакладніла сяброўка. Я кіўнула. «Давай яшчэ вып’ем?» — прапанавала яна. Я заўсёды згаджалася з Галкай, бо з ёй было весела і цікава.

Налілі па чарцы. Выпілі смакуючы. Нічога не адчулі. Вырашылі яшчэ крыху дадаць. На прыпынак прыйшлі вясёлыя, страх перад іспытам знік. На прыпынку перасадкi нашага аўтобуса доўга не было, і мы вырашылі паехаць іншым маршрутам па паралельнай вуліцы, праўда, прыйдзецца трохі прайсці. Так і зрабілі, селі на аўтобус № 8. Я няўпэўнена выйшла з аўтобуса і прысела на лаўку на прыпынку.

Галка прысела побач: «Трэба ісці, інакш спознімся!». Якое ж было маё здзіўленне, калі я не змагла падняцца! Ногі мяне не трымалі. Гэта было дзіўна і палохала. Са мной такога не было. «Я не магу ісці, — сказала я. — Падобна, я п’яная». Галка вылупіла вочы: «Як не можаш ісці?». «Не магу, — сказала я, сама не разумеючы, як такое можа быць. — Ідзі адна». «Трымайся за мяне. Я цябе не кіну», — сказала Галка. І мы пайшлі. Я абапіралася на яе і ледзь валакла ногі.

Абмінулі два дамы, за якімі, па нашых разліках, павінна быць дарога, а за ёй ДТСАФ. І ... сюрпрыз! Нас ад мэты аддзяляла лётнае поле былога аэрадрома. Гэта было нечакана, мы пра яго не ведалі. «Што будзем рабіць? — спытала я без усялякай надзеі. — Можа, не пойдзем, а паляжым тут трошкі?».

Галка абурылася: «З глузду з’ехала! Столькі хадзілі на курсы і не атрымаем пасведчанне?! Трэба ісці!». Ісці было трэба, але я ўжо не магла. Нават вісець на плячы ў Галкі было невыносна. І Галка, як сапраўдны баявы таварыш, пагрузіла мяне да сябе на плечы і павалакла на экзамен. Упэўнена, яна б мяне і з поля бою вынесла.

Добра, што вакол нікога не было. Гэта было жудасна, Галка, абліваючыся потам, валакла мяне на сабе праз поле здаваць іспыт. Я адчувала сябе жудасна. Сяброўка ўсё ж такі дацягнула мяне, і мы ў прыбіральні доўга мыліся халоднай вадой.

Гэта нас працверазіла. Кофтачкі нашы былі мокрыя ад пырскаў і прыліпалі да цела, валасы таксама. Так і з’явіліся на экзамен. Мы трымаліся з усіх сіл.

Выкладчык паглядваў на нас з падазрэннем, але хмель ужо вычхаўся. Мы стараліся, аддрукавалі тэкст з хуткасцю 145 знакаў у хвіліну, хоць для «выдатна» дастаткова было і 142. Атрымалі пасведчанні, і ехалі дадому ўжо зусім нармальныя.

Але той страх, што мяне не слухаюцца ногі, я дагэтуль памятаю. Пашанцавала, што перад іспытам час дзеяння вішнёвай наліўкі скончыўся. Яна яшчэ доўга стаяла ў цёткі Ніны на акне, прыцягваючы сваім прыгожым каралавым колерам. Але мы да яе больш не падыходзілі.

Валянціна БЫСТРЫМОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.