Вы тут

Чым будзе здзіўляць навуковая выстаўка «Беларусь інтэлектуальная»?


Выстаўка «Беларусь інтэлектуальная» пройдзе ў Нацыянальны выставачным цэнтры «БелЭкспа» з 20 да 22 студзеня. У выхадныя дні яе змогуць наведаць не толькі мінчане, але і жыхары з іншых рэгіёнаў краіны, студэнты, школьнікі і ўвогуле ўсе, хто захапляецца навукай.


— Паверце, што там будзе, што паглядзець і чаму здзівіцца, — запэўнівае першы намеснік Старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей Чыжык. — Яшчэ на стадыі фарміравання экспазіцыі мы рабілі ўстаноўку на тое, каб яна была насамрэч новай, свежай і каб уражвала. І хоць даручэнне аб арганізацыі гэтай выстаўкі было дадзена кіраўніком дзяржавы менавіта нам, выстаўка будзе міжведамасная, бо Нацыянальная акадэмія навук — далёка не ўся навука ў краіне. У Беларусі сёння зарэгістравана 239 навуковых арганізацый: 78 з іх знаходзяцца ў структуры НАН, 35 — у ведамстве Міністэрства адукацыі, 26 адносяцца да Міністэрства аховы здароўя, 18 — да Міністэрства прамысловасці і гэтак далей. У выстаўцы будуць удзельнічаць 20 ведамстваў.

Уся экспазіцыя падзелена па некалькіх кластарах: сярод іх — «Штучны інтэлект, ІT-тэхналогіі і робататэхніка», «Інавацыйнае прыборабудаванне», «Электратранспарт і яго базавыя кампаненты», «Абараназдольнасць і ваенная навука», «Экалогія і прыродакарыстанне», «Біятэхналогіі», «Фармацыя, ахова здароўя, медыцына», «Аграпрамысловы комплекс і харчаванне», а таксама «Прастора маладзёжных ініцыятыў». Чакаецца, што на выстаўцы будзе прадстаўлена каля 400 узораў, у тым ліку буйнагабарытная тэхніка ад Мінпрама, якая размесціцца на вулічнай пляцоўцы побач з выставачным цэнтрам.

«Выстаўка максімальна інтэрактыўная. Фізікі прадэманструюць зусім новыя рэчы, напрыклад, перадачу інфармацыі ў космасе з дапамогай лазера. Гэта найважнейшая задача для далейшага асваення касмічнай прасторы, — падкрэсліў Сяргей Чыжык. — Будзе паказана перадача тэлевізійных файлаў з высокім распазнаннем пры дапамозе лазернага промня. Таксама прадставяць і сістэму хуткага тэст-аналізу на вірус шляхам сканавання прабірак з узорамі. Прадставяць звышадчувальныя цеплавізарныя сістэмы, а таксама лазерныя дальнамеры, якія вымяраюць з дакладнасцю да міліметра адлегласці да 1 кіламетра, сістэмы для выяўлення ваганняў, у прыватнасці ў раёне БелАЭС. Акрамя таго, прэзентуюць новыя матэрыялы, у прыватнасці штучныя беларускія ізумруды. Нам удаецца вырасціць насамрэч буйныя экзэмпляры — памерам з грэцкі арэх, да 50 каратаў. Гэта высокае дасягненне.

Акадэмія навук прадставіць таксама тры ўзоры электратранспарту: два каркасныя электрамабілі і спорткар. Узровень іх лакалізацыі блізкі да 90 працэнтаў. І, самае галоўнае, будуць прадстаўлены кампаненты. Гэта нашы эфектыўныя электрарухавікі, якія прыняты на вытворчасць «Магілёўліфтмашам», айчынная электроніка (завод «Вымяральнік»). Кампаненты прадставяць і рэзідэнты «Вялікага каменя». Пакажам, як мы прасунуліся па электраназапашвальніку. Сёння гэта ключавое пытанне. Літый-іонныя ячэйкі для батарэй у асноўным пастаўляюцца з Кітая. А мы прадставім натрый-іонныя ячэйкі: літый замяняецца на натрый, гэта значыць, на больш танны матэрыял. Але гэта пакуль толькі лабараторны вынік.

Як заўважыў міністр адукацыі Андрэй Іванец, сёння ва ўніверсітэтах і тэхнапарках пры ВНУ працуюць 2 тысячы даследчыкаў. А ўвогуле ў краіне кожны пяты даследчык — малады вучоны. Пры адборы ўдзельнікаў, навуковыя вынікі якіх будуць прадстаўлены ў «Прасторы маладзёжных ініцыятыў», перавага аддавалася лаўрэатам спецфонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, выпускнікам Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, пераможцам рэспубліканскага конкурсу «100 ідэй для Беларусі».

«Сёння ў нашай краіне створаны ўсе ўмовы для падтрымкі і выяўлення талентаў, пачынаючы са школы, — падкрэсліў Андрэй Іванец. — Фактычна два гады ў пілотным рэжыме функцыянуе Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк. Цяпер там рэалізоўваецца ўжо 15 адукацыйных праграм — ад космасу да біятэхналогій. Штомесяц каля 150 хлопчыкаў і дзяўчынак праходзяць праграмы навучання, якія ўключаюць і выкананне ўласных навукова-даследчых работ. Гэта адбываецца на базе навуковых арганізацый сістэмы Міністэрствы адукацыі, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, іншых міністэрстваў і ведамстваў. Больш за тое, з прыняццем Указа № 2 кіраўніка дзяржавы выбудавана новая траекторыя прафесійнага і адукацыйнага развіцця найбольш паспяховых выпускнікоў дзіцячага тэхнапарка. Па рэкамендацыі Назіральнага савета тэхнапарка маладыя людзі, якія паспяхова прайшлі навучанне, змогуць паступаць ва ўніверсітэты па гутарцы, без экзаменаў. Гэта вельмі важна для таго, каб таленавітыя дзеці прыходзілі ў вядучыя ВНУ, а пасля ішлі на навуковыя і інавацыйныя прадпрыемствы. Пералік спецыяльнасцяў і ВНУ, якія будуць адпавядаць пятнаццаці профілям навучання ў тэхнапарку, куды яго выпускнікі змогуць паступаць без экзаменаў, будзе вызначаны да 15 лютага».

На выстаўцы «Беларусь інтэлектуальная» ўніверсітэцкая навука прадставіць відэаспектральнае абсталяванне, у тым ліку тое, што ўжо выкарыстоўваецца на расійскім сегменце Міжнароднай касмічнай станцыі. Але маладыя навукоўцы БДУ распрацавалі ўжо новае пакаленне сістэмы арыентацыі відэаспектральнай апаратуры «САВА-2» . Будзе прадстаўлены і новы ўніверсітэцкі нанаспадарожнік, які ў БДУ плануюць запусціць на арбіту ў бягучым годзе. Яго кампановачная база і магчымасці, у тым ліку і ў плане выкарыстання ў адукацыйным працэсе, істотна пашырыліся ў параўнанні з першым нанаспадарожнікам, запушчаным на арбіту ў 2018 годзе.

У медыцынскім раздзеле будуць прадстаўлены імпланты, штучны клапан сэрца, эндапратэз каленнага сустава, вектарная канструкцыя ДНК-вакцыны для лячэння анкалагічных захворванняў. Адназначна наведвальнікаў зацікавіць біяраскладальная «разумная» ўпакоўка, біяраскладальны аналаг тэтрапака і харчовы 3D-прынтынг, які дазваляе рэалізаваць ідэі персаналізаванага харчавання.

Асобна будуць прадстаўлены навуковыя распрацоўкі, накіраваныя на патрыятычнае выхаванне.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.