Вы тут

«Абняць неабдымнае»: да 100-годдзя з дня нараджэння Віктара Грамыкі


Выставай «Абняць неабдымнае», што працуе ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, мастацкая супольнасць адзначае 100-годдзе з дня нараджэння творцы — народнага мастака Беларусі Віктара Грамыкі. 


Віктар Грамыка нарадзіўся 1 студзеня — яго заўсёды віншавалі і з днём нараджэння, і з Новым годам, за што ён шчыра дзякаваў, бо цаніў кожны пражыты год і нават дзень. І доўгае жыццё — гэта як падзяка за зробленае: ветэран вайны, ён пасля яе стаў аднаўляць Беларусь праз мастацтва, у тым ліку працуючы пэўны час на пасадзе старшыні Беларускага саюза мастакоў (якраз у часы будаўніцтва Палаца мастацтва), выкладаў і рыхтаваў новае пакаленне мастакоў. Але карціны, што стварыў Віктар Грамыка, лепш за ўсё распавядаюць пра каштоўнасць кожнага імгнення, дадзенага чалавеку, пра выклік, які людзі гатовыя кінуць смерці, каб абараніць жыццё на прыгожай (такой прыгожай, што нельга пакінуць, ненаталіўшыся!) зямлі. 

Варта звярнуць увагу на пейзажы Віктара Грамыкі, каб адчуць яго ўлюбёнасць у жыццё. Іх напаўняе святло — мастак выбіраў колеры, якія не пакідаюць шанцу цемры, і ўмеў даць надзею там, дзе яе, здаецца, не магло быць наогул. І зразумела, чаму. Гэта асабістае, перажытае, асэнсаванае. І асабліва зразумелае ў часы, калі выяўляецца крохкасць жыцця... 

Калі вайна прыйшла ў Беларусь, Віктар Грамыка атрымаў атэстат аб заканчэнні школы. Ён тады ўжо не сумняваўся ў абраным шляху: быць мастаком. І сваё ўменне маляваць не стаў адкладаць на час пасля вайны. І хто ведае, магчыма, яно дапамагала яму ў складаныя хвіліны... Юнак стаў падпольшчыкам групы Заслонава, пасля партызаніў, выдаваў газету «Народны мсціўца». І пры магчымасці маляваў, рабіў партрэты людзей, з якімі зводзіў лёс. Сёння цяжка ўявіць, як удалося захаваць радасны погляд на свет юнаку, што неаднаразова быў сведкамі трагедыі — нездарма ж ён быў узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I ступені і Чырвонай Зоркі, Айчыны III ступені, медалямі «За адвагу», «Партызану Айчыннай вайны» I ступені. А можа, яго якраз выратавала здольнасць несці святло ў сабе і ствараць у змроку? 

Грамыка нібыта з таго часу прыняў пазіцыю: мір там, дзе людзі, якія яго прагнуць. За што часам, ужо будучы прафесійным мастаком, падвяргаўся крытыцы за надта асабістую трактоўку тэмы вайны. Яму не быў уласцівы пафас, для яго важным быў боль, праз які прайшлі людзі. Варта паглядзець ўсяго на адну карціну Віктара Грамыкі, каб адчуць і адчай, і прагу жыцця адначасова. «1941 год. Над Прыпяццю» — твор выключны. Ён створаны ў 1970-м. Але пакуль у свеце будзе неспакойна, ён будзе актуальны. Загінулы воін сціскае ў руках вінтоўку ля берагу крывавай ракі. Побач маўклівая жанчына і дзяўчынка, якая нібыта імкнецца да некага дакрычацца... Вайна — гэта найперш пакуты і страты. Незваротныя страты. А праз іх — пакуты для тых, хто застаўся жыць. Ёсць раны, якія не загойваюцца, і пра гэта можна казаць метафарычна. У часы, калі ў пашане быў гераічны падыход, Віктар Грамыка абраў праўдзівы падыход. І ў выніку быў ўзнагароджаны срэбраным медалём імя Грэкава, якім адзначаюць лепшыя творы батальнага жывапісу. Гэты яго твор — наогул адзін з самых выразных на тэму вайны ў беларускім мастацтве. 

Пасля вайны Віктар Грамыка ажыццявіў сваю мару, атрымаў прафесійную мастацкую адукацыю ў Мінску, пасля сам выкладаў у альма-матэр. Абіраўся ганаровым членам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, яго творчасць адзначана медалём Францыска Скарыны, Міжнароднай прэміяй імя Міхаіла Шолахава, ордэнам Францыска Скарыны. Мастак пакінуў пасля сябе шмат прац, якія знаходзяцца ў калекцыях не толькі беларускіх музеяў.

Карціну «1941 год. Над Прыпяццю» можна паглядзець у Мінску не толькі падчас юбілейнай выстаўкі. Сёння, калі шмат гавораць пра беларускі боль і калі востра адчуваецца каштоўнасць жыцця, нашы класікі дапамагаюць вызначыцца з уласнымі думкамі. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.