Вы тут

Кнігі для дзяцей і падлеткаў. Гісторыі пра сяброў — міфалагічных і рэальных


Ягор Конеў. Дамавічкі Шушык і Жуля. Мінск, Выдавецкі дом «Звязда», 2022

Ці ведаеце вы што-небудзь пра баль дамавічкоў? А хто такая Марэна і чаму яна невідушчая? Ягор Конеў напісаў новую кнігу пра забаўных і страшных істот з беларускага фальклору. Папярэдняя яго кніга «Прыгоды дамавічкоў» у Выдавецкім доме «Звязда» выйшла ажно трыма выданнямі, стаўшы сапраўдным бестселерам. 


Казачная гісторыя пераносіць чытача ў той час, калі ў хату да дамавічка Шушыка завітала бяздомная дамавушка Жуля. Сяброўства паміж імі напачатку зусім не склалася, але далейшыя падзеі прымусілі дамавічкоў, а дакладней упартага «аднаасобніка» Шушыка, хоцькі-няхоцькі шукаць паразуменне і згоду. Ды і хіба можна паасобку супрацьстаяць лютай Марэне, якая прыйшла ў вёску, каб знішчыць усё жывое? І пражэрлівы Кадук аказаўся пераможаны, бо дамавічкі не раз уратавалі адно аднаго ад пагібелі. Здолелі пераканаць Старога Лесавіка падзяліцца з імі старажытным закляццем, а спрацавала яно толькі таму, што Шушык і Жуля сталі нарэшце сапраўднымі сябрамі. Бо з выпакутаваных прызнанняў лясных нячысцікаў — і з уласнага досведу зведалі: калі дбаць адно пра сябе, «мусіш незлічонымі начамі сядзець у жальбе і наракаць на ўласную долю». 

Аўтар на аснове цікавага матэрыялу з народнай міфалогіі здолеў стварыць арыгінальную казку, якая распавядае пра важныя жыццёвыя каштоўнасці. Можна не сумнявацца, што і другая кніга пра незвычайных сяброў з вёскі Зарэчча прыйдзецца даспадобы чытачам. 

Алег Ждан-Пушкін. Урод. Мінск, Выдавецкі дом «Звязда», 2023

Два года таму ў Выдавецкім доме «Звязда» пабачыла свет кніга аўтара «Прынцэса» з падзагалоўкам «Маленькая аповесць з прызнаннем і загадкай» — пра васьмікласнікаў сталічнай школы, пра першую закаханасць і сяброўства. У сваёй новай кнізе Алег Ждан-Пушкін зноў звяртаецца да аўдыторыі чытачоў-падлеткаў. 

Увага да адчуванняў братоў нашых меншых, спроба паглядзець на чалавека іх вачыма, урэшце, пачуць іх крыўды на жорсткасць «гаспадара прыроды» маюць даўнюю традыцыю ў беларускай літаратуры. Дастаткова прыгадаць хрэстаматыйнае апавяданне «Сонечны зайчык» Вячаслава Адамчыка. У творах класікаў найчасцей сваё шчырае спачуванне прадстаўнікам царства жывёл, якія церпяць пакуты, выказваюць дзеці («Яшчэ раз першы снег» Янкі Брыля, «Алені» Івана Пташнікава). Маленькая аповесць Алега Ждана-Пушкіна «Урод» мае падзагаловак «Гісторыя сабакі, які марыў здзейсніць подзвіг» і створана ў рэчышчы гэтай класічнай традыцыі. Чатырохлапы герой твора мянушку «Урод» атрымаў ад людзей за сваю асаблівасць — занадта вялікія вушы. Сабака доўгі час бадзяўся, адусюль гнаны, пакуль не прыбіўся да лецішча, дзе адпачываў разам з бацькамі школьнік Андрэй. Ад хлопчыка і зазнаў паратунак: увосень Андрэю ўдалося ўгаварыць бацькоў забраць свайго вернага сябра з сабой у горад. З гэтага моманту ў сабакі пачалося новае, шчаслівае жыццё, у якім ён вывучае новы для сябе свет, разважае і марыць. 

Акрамя маленькай аповесці, у кнізе змешчаны аповеды «Ліпа ў нашым саду» і «Гукі флейты» — пра дабрыню і спагаду да тых, хто жыве побач і мае патрэбу ў дапамозе, абароне ці проста шчырай падтрымцы. 

Алена БРАВА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.