Вы тут

Супраць мірных жыхароў фашысты знялі з фронту баявыя падраздзяленні


За тры гады нямецка-фашысцкай акупацыі жыхары Уздзенскага раёна зведалі гора напоўніцу. 18 населеных пунктаў былі поўнасцю знішчаны. Жыхары 15 з іх, якім пашчасціла не згарэць зажыва, знайшлі ў сабе сілы аднавіць свае паселішчы. Нягледзячы на боль ад страты блізкіх ім людзей, яны здолелі працягнуць там жыццё. Тры вёскі паўтарылі лёс Хатыні — Старына, Рудкова і Астравок назаўжды зніклі з геаграфічнай карты Беларусі. Але не з памяці людзей.


Мемарыяльны комплекс на месцы спаленай вёскі Літавец.

Гісторыю гэтых населеных пунктаў даследуюць вучні Дзешчанскай сярэдняй школы Уздзенскага раёна. Пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі Ліліі Жукоўскай дзеці вывучаюць архівы, ажыццяўляюць пошук успамінаў, якія яшчэ пры жыцці пакінулі сведкі трагедый, распрацоўваюць віртуальныя экскурсіі па месцах спаленых вёсак і здзяйсняюць рэальныя — каб навесці парадак каля помнікаў, якія з'яўляюцца адзіным напамінам аб тым, што некалі тут віравала жыццё.

Літавец палілі на свята

Расказваючы пра спаленыя вёскі свайго раёна, школьнікі не могуць абысці ўвагай вёску Літавец. Цяпер гэты кавалак зямлі, на якім некалі размяшчаўся невялікі населены пункт, а зараз — вялікая брацкая магіла, адносіцца да Дзяржынскага раёна. Да 1939 года лясная вёска была часткай Уздзеншчыны. Літавец знаходзіўся на самай мяжы двух раёнаў — літаральна на лініі, што раздзяляе іх на геаграфічнай карце Беларусі.

Трагедыя ў Літаўцы здарылася, калі праваслаўныя веруючыя адзначалі вялікае свята — Абразанне Гасподне. Ці думаў тады хтосьці з мясцовых жыхароў, што гэты светлы дзень стане для іх чорным?! Ужо няма тых, хто памятае тыя падзеі, якія адбыліся тут 14 студзеня 1943 года. Хіба толькі чорныя таполі, якія маўкліва хістаюцца ў розныя бакі, — быццам хочуць пра нешта сказаць, але не могуць...

На пачатак 1941 года ў Літаўцы пражывала 227 жыхароў. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, 12 мужчын прызвалі ў Чырвоную Армію. Яшчэ дзесяць чалавек у 1942 годзе папоўнілі шэрагі партызанскіх атрадаў Нікіціна, 25-годдзя Кастрычніка, імя Варашылава і атрада «Баявы».

Тутэйшыя мясціны былі аблюбаваныя партызанамі. Баі з нацыстамі, дыверсіі супраць іх — народныя мсціўцы не хаваліся па лясах і не прасілі прытулку ў мірнага насельніцтва. Мясцовыя жыхары па ўласным жаданні ўключаліся ў барацьбу з ворагам. Хто не адважваўся ўзяць у рукі зброю, той дапамагаў партызанам ежай, адзеннем. Такі моцны і надзейны тыл, які забяспечвалі народным мсціўцам мясцовыя жыхары, безумоўна, уплываў на баяздольнасць партызан. З лета 1942 года ў Літаўцы дыслакаваўся атрад «Баявы» пад камандаваннем старшага лейтэнанта Жаўрыда. 20 снежня 1942 года недалёка ад вёскі прайшоў бой, у якім загінулі чатыры нямецкія салдаты і два партызаны. У тым баі народныя мсціўцы страцілі свайго камандзіра па прозвішчы Жаўрыд і камандзіра дыверсійнай групы лейтэнанта Міхаіла Запольскага.

8 студзеня 1943 года на тэрыторыі Мінскага, Уздзенскага і Дзяржынскага раёнаў супраць партызан і мірнага насельніцтва гітлераўцы распачалі карную аперацыю «Якаб». Карнікі планавалі знішчыць партызанскія атрады ў паўднёвым, паўднёва-ўсходнім і ўсходнім кірунках ад Мінска, расправіцца з насельніцтвам партызанскіх зон. Для рэалізацыі сваіх зверскіх планаў немцы нават не пабаяліся зняць некаторыя баявыя падраздзяленні з фронту. Вядома, не абышлося без батальёнаў СС, жандармерыі і мясцовых паліцэйскіх пад камандаваннем штурмбанфюрэра Рэйнгольда Брэдэра. Усяго супраць партызан і мірных грамадзян было накіравана больш як 7200 чалавек!

Настаўніца гісторыі Дзешчанскай сярэдняй школы Уздзенскага раёна Лілія Жукоўская разам з вучнямі вывучае гісторыю спаленых вёсак  і распрацоўвае па іх віртуальныя экскурсіі.

— Марознай раніцай 14 студзеня 1943 года нямецкі абоз накіроўваўся ў бок вёскі Вялікая Уса Уздзенскага раёна, — расказвае настаўніца гісторыі Дзешчанскай сярэдняй школы Лілія Жукоўская. — Калі немцы праязджалі каля вёскі Літавец, то пачулі стрэл. Карнікі вырашылі, што гэта страляюць партызаны, і ўвесь абоз накіравалі ў вёску. Яны заходзілі ў кожны дом у пошуках народных мсціўцаў. Расправа была бесчалавечнай: людзей прымушалі станавіцца ў ланцужок, узяўшыся за рукі. У кожнага члена сям'і пускалі кулю. Затым падпальвалі іх дамы.

Цэлай гітлераўцы пакінулі толькі школу, не кранулі і некалькі хат. Неўзабаве не стала і іх — праз тыдзень у Літавец наведаліся паліцэйскія і спалілі пакінутыя будынкі.

У тую жудасную раніцу, калі карнікі палілі вёску і забівалі яе жыхароў, у хаце сям'і Колас гуляў суседскі хлопчык Аляксандр Караневіч. Калі сюды са злачыннай місіяй уварваліся немцы, ён схаваўся пад печчу — Саша адзін з нямногіх, хто ў той дзень застаўся ў жывых. Выжыла і гаспадыня хаты. Куля трапіла Аляксандры Колас у сківіцу. А паколькі ў самы страшны момант у сваім жыцці ўся сям'я трымалася за рукі, то і яна ўпала разам з іншымі. Гітлераўцы былі ўпэўнены, што забілі ўсіх. Ноччу жанчына знайшла прытулак у суседняй вёсцы Самадураўшчына.

Жывой пашчасціла застацца і Ганне Берастоўскай. Яна жыла на ўскраіне вёскі. Як толькі карнікі ўвайшлі ў Літавец, разам з двума дзецьмі змагла схавацца ў лесе. Толькі таму, што не былі ў той жудасны дзень у хаце, пазбеглі фашысцкай расправы і сёстры Браніслава і Марыя Жукоўскія, Клаўдзія Васільеўна Рускевіч, Аляксандра Трафімаўна Трыч, Мая Ігнатаўна Рагатка, Вікторыя Аляксандраўна Ласкова, Надзея Ігнатаўна Пятроўская.

Ахвярамі карнікаў сталі 196 чалавек. Сярод іх — 58 дзяцей. Не пашкадавалі фашысцкія нелюдзі немаўлят, якія ціха спалі ў калысках, — відаць, уяўлялі для іх вялікую пагрозу... Усе 42 хаты былі ператвораны ў попел.

Валодзя Фурс, юны жыхар суседняй вёскі Аляксандрава, пасля трагедыі быў у Літаўцы. Eн бачыў у адным з дамоў абгарэлыя трупы забітых дзеда і бабулі пад каляскай, у якой ляжалі мёртвыя маленькія дзеці. Старыя, відаць, хацелі сабой закрыць малых, аднак гэта не выратавала нікога.

Моладзь не забывае аб бязвінна загінулых жыхарах Рудкова.

На трэці дзень пасля таго як карнікі палілі Літавец, на папялішча прыйшоў і жыхар вёскі Аляксандрава Сямён Шыбко. Як ён у якасці сведкі расказваў у 1947 годзе падчас допыту органамі ўнутраных спраў, хадзіў спецыяльна паглядзець, што там засталося. Па словах Сямёна Шыбко, у Літаўцы былі адны папялішчы і ніводнай жывой душы.

Пасля вайны вёска не аднавілася. На гэта былі як мінімум дзве прычыны. Па-першае, асабліва не было каму яе адбудоўваць — выжылі лічаныя людзі, і то дзеці ды жанчыны. Па-другое, ці хацелі яны працягваць жыццё там, дзе страцілі самае дарагое, што ў іх было?!

У 1956-м на ўскраіне Літаўца з'явіўся невялікі помнік партызанам атрада «Баявы». Памяць жыхароў спаленай вёскі і самога населенага пункта, які не паўстаў з попелу, увекавечылі толькі праз 43 гады пасля трагедыі — у 1986 годзе тут быў створаны мемарыяльны комплекс «Літавец». Mемарыял узводзілі грамадой, у будаўніцтве ўдзельнічалі камсамольцы Дзяржынскага раёна. Урачыстае адкрыццё мемарыяла адбылося 5 ліпеня 1987 года.

У цэнтральнай частцы былой вёскі з'явіўся барэльеф. На лясной паляне пастаўлены ўязны знак, побач — бэлькі, узнятыя над зямлёй: яны сімвалізуюць тое, што засталося ад хаты, спаленай фашыстамі. На адной з бэлек — назва вёскі, на другой — надпіс, які расказвае аб тым, што тут адбылося ў студзені 1943 года. Сімвалічная вуліца вядзе да цэнтра былой вёскі — цяпер тут барэльеф, на якім адлюстравана мірнае жыццё вяскоўцаў. Ад слоў, выбітых на ім, стыне кроў, замірае дыханне: «Ні жудасць не астудзіць, ні мароз зямлю, дзе крык жывы травой прарос. Агонь у напаміне, ва ўспаміне. Прыйдзі адчуць, што прысак тут не стыне».

Спаленыя жыўцом жыхары вёскі Старына пахаваныя на вясковых могілках  у Валодзьках. Кожная ахвяра ўвекавечана пайменна.

— Пытанні «Завошта загубілі мірных людзей?», «Чаму тут паўтарылася Хатынь?» набываюць асаблівую вастрыню на саміх папялішчах, дзе стаялі хаты сялян, — заўважае Лілія Жукоўская. — Перад кожнай зніклай хатай усталяваны сімвалічны парог чорнага колеру і белыя бярвенні падмурка жылля. Глядзіцца, як лаўка, але сесці на яе страшна. Стаіш побач з ёй і ясна ўяўляеш жах, які адчувалі безабаронныя людзі перад смерцю.

Новае жыццё Старыны

Уздзенскую вёску Старына карнікі знішчылі таксама ў пачатку студзеня — толькі на год раней, у 1942-м. Населены пункт, які складаўся ўсяго з дзясятка двароў, быў цалкам спалены разам з яе 47 жыхарамі марозным днём 2 студзеня.

«Сагналі немцы людзей у адну хату майго свёкра Дзядзюлі, — распавядала ў сваіх успамінах Л. Дзядзюля. — Мужчын аддзялілі, каб яны гналі ў Валодзькі жыўнасць, якую забралі ў сялян. Кароў прыгналі ў гумно. Мужчын пратрымалі да ночы. Потым іх ставілі пад капеж гумна і стралялі ў патыліцы. Былі сярод іх і бацька з сынам, ляжалі яны забітыя, абняўшы адзін аднаго. Жанчын і дзяцей выводзілі з хаты і расстрэльвалі. У сям'і майго мужа было восем дзяцей. Сястра мужа Марыя Дзядзюля была забіта першай. Толькі ўдалося выратавацца адной дзяўчынцы, якая схавалася ў падпечку. Забітых мужчын пагрузілі на воз і павезлі туды, дзе ляжалі астатнія. Забітыя праляжалі ўсю ноч. На наступны дзень гітлераўцы сабралі іх, паклалі рад дроў і рад з людзей — аблівалі іх бензінам, і яны гарэлі. Распавядалі, што ў адной мёртвай цяжарнай вывалілася з жывата дзіця. Яго цельца потым жанчыны загарнулі ў анучы, каб пахаваць. Выкапалі яму, згрэблі людскі прах і ўсё, што засталося ад дарослых забітых, закапалі».

У 1975 годзе ў памяць аб мірных жыхарах на месцы былой вёскі быў устаноўлены абеліск. З цягам часу ў суседніх Валодзьках з'явілася вуліца імя вёскі Старына — так удзячныя нашчадкі захавалі памяць населенага пункта, якога няма на сучасных картах. Аднак фактычна вёска працягвае жыць — суседнія Валодзькі так разрасліся, што занялі тэрыторыю былой Старыны. Могілкі спаленай вёскі, якія яшчэ некалькі гадоў размяшчаліся на пустцы, цяпер практычна з усіх бакоў акружаны новабудоўлямі. Жыццё працягваецца.

Сучаснае насельніцтва гэтай тэрыторыі з павагай ставіцца да мінулага свайго краю. Трагічны лёс вёскі Старына настолькі ўсхваляваў мясцовага жыхара Вадзіма Лойку, што той вырашыў абнавіць сціплы пашкоджаны часам помнік, добраўпарадкаваць гэтае памятнае месца. У выніку ў 2020 годзе ў знак памяці і смутку аб бязвінна загінулых тут былі ўстаноўлены вялікі валун, званіца, высаджана алея дрэў.

Арганізатару мемарыяла, ганароваму грамадзяніну Уздзеншчыны Вадзіму Лойку — ужо за 80. Дагэтуль ён памятае сведку трагедыі ў вёсцы Старына. «Вельмі мала дакументаў аб самой вёсцы і тых падзеях, — звяртае ўвагу ён. — Памятаю пажылую жанчыну, якая змагла ацалець, звалі яе Алена Мацкевіч. Яна прыходзіла да стэлы па святах, расказвала нам пра 2 студзеня 1942 года. Гадоў пятнаццаць Алены Васільеўны няма з намі, з жывых няма каму нагадаць аб падзеях вайны. Але затое ёсць гэтае месца».

Помнік на месцы зніклай назаўсёды Старыны.

Вадзім Лойка прызнаецца: камень гэты ўстанавіў па загадзе сэрца. «Прыходзіш сюды і заміраеш, камень нібы нашэптвае: «Такога не павінна паўтарыцца ніколі!» — гаворыць ён. — Хай мы і не ваявалі, але жылі надгаладзь у пасляваенны час, а ўсю сялянскую працу ведалі з малых гадоў. Моладзі важна перадаць памяць, каб ведалі цану Перамогі савецкага народа над фашызмам. Страты мірнага насельніцтва падчас карных аперацый былі вялізныя. Заплачана найвышэйшая цана за тое, каб мы цяпер маглі жыць, працаваць, гадаваць дзяцей і ўнукаў, слухаць спевы птушак».

На вялізным валуне — надпіс, які сведчыць аб тым, што гэты знак усталяваны ў памяць аб 47 жыхарах вёскі Старына, якія фашысцкімі карнікамі былі жыўцом спаленыя 2 студзеня 1942 года. Кожнае 9 Мая, каб ушанаваць памяць знішчанай вёскі, тут збіраюцца мясцовыя жыхары: і старыя, і малыя. Не бывае ў гэты дзень бязлюдна і на могілках у Валодзьках, дзе пахаваны астанкі спаленых жыхароў Старыны, — аб гэтым у свой час паклапаціліся неабыякавыя людзі. Нераўнадушныя сучаснікі дбаюць аб тым, каб памяць аб ахвярах бесчалавечнага ўчынку карнікаў працягвала жыць і ў наступных пакаленнях.

Рудкова знішчылі з другой спробы

У невялікай вёсцы Рудкова, што за 50 кіламетраў ад Мінска, жылі працавітыя людзі. Дзяцей гадавалі, вырошчвалі хлеб, марылі пра лепшае жыццё. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, рудкоўцы працягвалі жыць адной сям'ёй.

— Гэты куток ператварыўся ў партызанскі край, — распавядае Лілія Жукоўская. — У лесе, недалёка ад вёскі, базаваўся атрад, а потым брыгада «Буравеснік» пад камандаваннем Героя Савецкага Саюза Міхаіла Глебавіча Мармулёва. Калі фашысцкія акупанты заязджалі ў гэтыя мясціны, былі частыя сутычкі з партызанамі.

Да мясцовых жыхароў пачалі даходзіць звесткі, што немцы паляць вёскі разам з людзьмі. Але яны не думалі, што і іх чакае такі ж лёс. Адбылося гэта ў канцы 1942 года. Побач з вёскай кудысьці ехалі карнікі. Па дарозе яны сустрэлі ўзброеных лыжнікаў у маскіровачных халатах — казалі, што гэта савецкія разведчыкі з фронту. Пачаўся жорсткі бой, у якім перамога была не на баку фашыстаў. Ніхто з іх не выжыў, акрамя аднаго нямецкага афіцэра, якога моцна паранілі.

Рудкоўцы далі яму прытулак, тыдзень лячылі. І калі праз некаторы час карнікі прыехалі ў вёску, каб адпомсціць за сваіх забітых, то за мясцовых жыхароў заступіўся гэты афіцэр. Гэта выратавала людзей ад гібелі. Фашысты забралі параненага немца з сабой і паехалі з нарабаваным у сялян дабром, пакінуўшы іх жывымі.

Увесь час жыхары вёскі — а гэта ў асноўным былі дзеці, старыя і жанчыны — жылі ў страху і чаканні, што яны вернуцца. Так і выйшла. У сакавіку 1943 года гітлераўцы ўварваліся ў вёску і ўчынілі жахлівую расправу — усіх 27 жыхароў сагналі ў хлеў і расстралялі. Затым спалілі 11 двароў. Праз некалькі дзён астанкі рудкоўцаў (сведкі казалі, што гэта быў попел) пахавалі на цепленьскіх могілках у брацкай магіле.

Пасля вайны Рудкова не адрадзілася — ніколі больш на руінах не з'явілася ніводнай хаты. Нямногія рудкоўцы, якія засталіся ў жывых, пасяліліся ў суседніх вёсках. У памяць аб паселішчы і яе бязвінна забітых жыхарах у 1970-х гадах на месцы былой вёскі паставілі помнік. Адзін толькі ён, размешчаны пры дарозе, дзе пачыналася вёска, сёння нагадвае пра Рудкова і яе жыхароў.

Пазней карнікі таксама знішчылі агнём і навакольныя вёскі: Цеплень, Каладзіно, Кашканы і інш. На шчасце, многім людзям з гэтых вёсак удалося выжыць.

Пра яшчэ адну ўздзенскую сястру Хатыні — вёску Астравок — мы расказвалі ў нумары ад 29 кастрычніка 2022 года (публікацыя «Раздзетыя, галодныя, але жывыя...»). Не лішнім будзе звярнуцца да гэтай і астатніх публікацый нашай рубрыкі (дарэчы, на сайце zvіazda.by усе матэрыялы змешчаны пад пазнавальным лагатыпам), каб яшчэ раз пераканацца ў тым, як напакутаваліся-нацярпеліся ў тую вайну беларусы.

Вераніка КАНЮТА

Фота аўтара і з архіва Ліліі ЖУКОЎСКАЙ

Уздзенскі раён

Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам  Прэзідэнта № 131 ад 31 сакавіка 2022 года.

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».