Вы тут

Гучная прэм'ера спектакля «Дзеці. Вёрсты» па матывах твораў Якуба Коласа


На камернай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа адбылася прэм’ера спектакля «Дзеці. Вёрсты» па матывах твораў «На дарозе жыцця» і «На ростанях» народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Пастаноўка прымеркавана да 140-годдзя з дня нараджэння Песняра. Увогуле, сам Якуб Колас яшчэ ў юнацтве вельмі захапіўся тэатрам, а падчас вучобы ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі спрычыніўся да пастановак, якія там ладзіліся.


Генадзь Гайдук — Станцыйны наглядчык.

Коласаўцы на працягу ўсёй сваёй гісторыі неаднойчы звярталіся да яго творчасці. Першы такі зварот адбыўся ў 1937 годзе. Гэта была драма «Вайна вайне». Апошні — у 2018-м: «Сымон-музыка» паводле аднайменнай паэмы.

Зала ў першыя прэм’ерныя вечары была поўнасцю запоўнена, што сведчыць аб вялікай цікавасці да новага спектакля, ды і ўвогуле да таго літаратурнага матэрыялу, які абралі коласаўцы. Публіка змагла ўбачыць два акцёрскія склады, і пры нязменнасці рэжысёрскага малюнка, сцэнаграфічнага і пластычнага рашэння гэта былі вельмі непадобныя паказы, абумоўленыя індывідуальнасцямі выканаўцаў, іх розным дыяпазонам, тэмпераментам, прафесійным досведам.

Але спачатку пра мастацка-пастановачную групу. Над спектаклем працавала за­прошаны рэжысёр Інэс Амамі. Жыве яна ў Маскве. Мае акцёрскую адукацыю — вучылася ў Расійскім інстытуце сцэнічных мастацтваў у Санкт-Пецярбургу. Зараз набывае рэжысёрскую адукацыю ў Вышэйшай школе сцэнічных мастацтваў Канстанціна Райкіна. Гэта яе першы вопыт супрацоўніцтва з дзяржаўным тэатрам. Да гэтага яна ажыццяўляла пастаноўкі толькі ў прыватных праектах. Сцэнограф спектакля — рэжысёр-пастаноўшчык коласаўскага тэатра Андрэй Жыгур. Над пластыкай працаваў артыст Беларускага тэатра «Лялька», ён жа харэограф Сяргей Таўкач. Ён ужо неаднойчы і даволі паспяхова супрацоўнічаў з коласаўскім тэатрам.

П’есу стварыў малады расійскі драматург Арцём Казюханаў (Масква). Яна напісана на аснове двух твораў, вельмі розных нават па жанры. Першы — «На дарозе жыцця» — драматычны абразок, другі — вялікае эпічнае палатно, трылогія «На ростанях». Натуральна, немагчыма было ўціснуць яе ў адзін спектакль, таму з апошняга твора ўзяты толькі асобныя сюжэтныя лініі і героі — настаўнікі Лабановіч і Саханюк, падлоўчы Баранкевіч і яго сын Чэсь, дочкі пісара Ганна і Марыя. Творы непадобныя не толькі жанрава, але і стылёва. Калі «На дарозе жыцця» — твор абсалютна сімвалістычны, накшталт купалаўскіх драматычных паэм ранняга перыяду, то «На ростанях» напісана ў рэалістычным кірунку. Мабыць, складана было і драматургу, і асабліва рэжысёру арганічна спалучыць іх у адно цэлае. Але аўтарам і стваральнікам спектакля гэта ўдалося.

Антон Бараноўскі — Васіль, Ксенія Камінская — Марыя.

Пастаноўка «Дзеці. Вёрсты» распавядае пра лёсы Станцыйнага наглядчыка і Кабеты, якія перасякаюцца на дарозе жыцця. Зацягнутыя ў кругаварот, у віхуру ўспамінаў, галоўныя героі аб’яднаны адным пытаннем: як жыць, куды рухацца? Сям’я, пачуццё абавязку, немагчымасць зразумець бліжняга, любоў і самалюбства... Памяць адкрывае напаўзабытыя старонкі жыцця адну за адной. Як малыя, недасведчаныя дзеці, блукаюць героі па сваіх ўспамінах, і здаецца, што гэта будзе доўжыцца да канца часоў. Ці змогуць яны нарэшце знайсці свой шлях, пераадолець прымхі і забабоны, здабыць страчанае, пакуль на стала занадта позна?

На першым паказе цэнтральную ролю Кабеты выконвала актрыса коласаўскага тэатра, вядучы майстар сцэны Святлана Жукоўская. Вобраз атрымаўся вельмі аб’ёмны. Тут прысутнічае і моцная ўнутраная напоўненасць, псіхалагізм, і іронія, сакавіты народны гумар (так уласцівыя Коласу), і — бліжэй да фіналу — манументальнасць і трагічная ўзвышанасць. Менавіта апошнія якасці работы дазволілі актрысе адысці ад залішняга бытавізму і надаць спектаклю пэўную філасофскую абагульненасць. Увогуле, падаецца, што выканаўца разам з рэжысёрам вельмі дакладна выбудавала ўсю дзейную партытуру ролі і сыграла яе як па нотах.

Вельмі дастойна выглядалі і іншыя цэнтральныя персанажы — Станцыйны наглядчык (Генадзь Гайдук) і Васіль, сын Кабеты (Антон Бараноўскі). Першы з іх набывае нейкія абагульненыя, тыпізаваныя рысы чалавека, які шмат ведае аб людзях і разумее ў жыцці такое, што цяжка нават выказаць у словах, ён — своеасаблівы дамарослы філосаф, назіральнік. Вельмі тэмпераментна, напоўнена, можна нават сказаць, апантана вядзе сваю ролю яго малады калега Антон Бараноўскі. Калі штосьці робіць, то напоўніцу. Цалкам аддаецца свайму каханню. Тут ён здольны вытрываць здзекі, прыніжэнне, кухталі аднавяскоўцаў. Цалкам аддаецца вучобе альбо маляванню. Звяртаеш увагу на выдатную энергетыку артыста, які не шкадуе сябе на сцэне.

Калі кожны з гэтых выканаўцаў стварае адзін вобраз, што праходзіць праз увесь спектакль, то іншыя іграюць па дзве, а то і па тры ролі (калі ўлічыць эпізоды ці масоўку), прычым абсалютна непадобныя. У першым складзе гэта Цімур Жусупаў, які выходзіць то ў вобразе высакароднага, па-хрысціянску міласэрнага Святара, то выпівохі-настаўніка Саханюка, то пеўніка ў масоўцы, а таксама Міхаіл Асанаў (Круглы, Чэсь), Максім Ратомскі (Лабановіч, Баранкевіч), Ксенія Камінская (Марыя, Дзяўчына), Таццяна Рогат (Ганна, сястра Васіля і Саша, малодшая дачка пісара). Кожны здолеў знайсці цікавыя фарбы для сваіх вобразаў. У іх персанажаў ёсць цікавыя падрабязнасці, псіхалагічныя дэталі, дзякуючы якім перад намі паўстаюць жывыя, канкрэтныя людзі. Апрача таго, і ў гэтым заслуга як рэжысёра-пастаноўшчыка, так і выканаўцаў — у спектаклі створаны моцны акцёрскі ансамбль.

У другім складзе ў ролі Кабеты мы пабачылі актрысу Раісу Грыбовіч. Яе вобраз больш бытавы, жыццёва пазнавальны. Гэта простая вясковая жанчына, якая зазнала шмат гора, прайшла праз мноства выпрабаванняў, якія ў нечым загартавалі яе характар. Актрыса імкнецца не паўтарыць ігру другой выканаўцы ролі, яна больш стрыманая ў праяўленні сваіх пачуццяў, эмоцый, робіць акцэнт на моцным валявым характары Кабеты, які, магчыма, і стаў прычынай непаразумення і канфліктаў з сынам. Выканаўца быццам паступова рыхтуе сваю гераіню да таго эмацыянальнага выбуху, той вялікай душэўнай драмы, вялікага мацярынскага гора, якое накрывае Кабету падчас сустрэчы з сынам, які насамрэч ад яе адмовіўся, назваў жабрачкай, шпурнуўшы ў твар некалькі манет. Быццам свет у яе вачах перакуліўся, згубіўся нейкі ўнутраны стрыжань, сэнс жыцця. Але пасля жадання скончыць жыццё самагубствам узнікае надзея знайсці згубленую дачку. Пачынаецца новая дарога, дакладней, яе пошук.

Святлана Жукоўская — Кабета.

Прыкладна ў гэтым жа кірунку працуе і заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Георгій Лойка, які ў другім складзе выконвае ролю Наглядчыка. Да свайго вобраза ён ідзе хутчэй праз бытавую манеру выканання. Яго Даглядчык больш зямны, больш рэальны, чым у першым складзе.

Васіль у «прачытанні» Дзмітрыя Філімоненкава — рамантычны, узнёслы юнак, эмацыянальна больш стрыманы, чым першы выканаўца, душэўна тонкі, ён хутчэй нагадвае паэта ці мастака. Асабліва добра ўдаецца артысту фінальны маналог яго героя.

Выдатна ўмеюць пераключацца з аднаго вобраза на другі Дзмітрый Каваленка (Святар, Саханюк, вельмі яскравыя яго жывёлы — сабака Баранкевіча, пеўнік), Яўген Бераснеў (Баранкевіч і выхады ў масоўцы), Раман Волат (Круглы, Чэсь), Ульяна Ацясава (Марыя, Дзяўчына), Святлана Сухадолава (Саша, масоўка).

Варта адзначыць вынаходлівую сцэнаграфію Андрэя Жыгура, які выкарыстаў у спектаклі мультымедыйныя сродкі: вялікія экраны нібы павялічваюць рухі герояў, узбуйняюць іх на фоне беларускіх краявідаў. Гэты прыём моцна выстрэльвае ў фінале, калі мноства дзяцей, раскіданых лёсам, жыццём па ўсім свеце, адусюль бягуць у абдымкі Маці-Беларусі.

Юрый ІВАНОЎСКІ

Фота Алеся ЗАМКОЎСКАГА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.