Вы тут

Тэндэнцыі развіцця сучаснай дзіцячай літаратуры: здабыткі і задачы


Мы раней публіка­валі тэкст выступлення Алены Стэльмах, якое прагучала на пашы­раным Пленуме Саюза пісьменнікаў Беларусі па пытаннях дзіцячай літа­ратуры. Прапануем увазе чытачоў яшчэ адзін пленарны даклад — стар­шыні Мінскага гардскога аддзялення СПБ Міхася Пазнякова.


У гэты няпросты час, калі ідзе на­ступ на гістарычныя здабыткі нашага народа, на Вялікую Перамогу савец­кіх людзей над фашызмам і нацызмам у гады Вялікай Айчыннай вайны, ідзе наступ на Праўду, барацьба за маладыя розумы, у ход пускаюцца незлічоныя фэйкі, адкрытая хлусня, узрастаюць выключнае значэнне слова, кнігі, роля пісьменніка. Асабліва мастацкае сло­ва мае значэнне, калі яно адрасуецца дзецям, юным чытачам, бо светапо­гляд чалавека фарміруецца з самых ранніх гадоў. Безумоўна, фарміруец­ца пад уплывам сям’і, дзіцячага сада, школы, грамадства, але нашы творы, наша кніга, наша слова і наша пазіцыя, лічыце, — грамадзянская, чалавечая спеласць — з’яўляюцца вельмі важкім інструментам адукацыі і выхавання. Кніга павінна найбольш актыўна спры­яць фарміраванню асобы чалавека з такімі якасцямі, як жывы, дзейсны, глыбокі патрыятызм, пашана да гісто­рыі, культуры, да чалавека працы, удзячнасць старэйшым пакаленням, працавітасць, дабрыня, пачуццё сяброўства, адказнасці як за свае справы, так і за лёс краіны, за мір і росквіт.

Давайце ж зірнём на нашы творчыя здабыткі ў гэтай галіне літаратуры за апошнія некалькі гадоў. І на тыя не­дапрацоўкі, недахопы, якія варта вы­праўляць у далейшым.

Вершы

Як і раней, у нашай літаратуры для дзяцей багата прадстаўлена паэзія. Гэта і зразумела, бо ў дзіцячай літаратуры ак­тыўна працуюць многія вядомыя паэты, якія плённа засведчылі аб сабе ў даро­слай паэзіі. Гэта Віктар Гардзей, Віктар Шніп, Анатоль Зэкаў, Хведар Гурыно­віч, Казімір Камейша, Алесь Бадак, Уладзімір Мазго, Мікола Маляўка, Міхась Пазнякоў, Генадзь Аўласенка, Валянціна Паліканіна, Соф’я Шах, Генадзь Паш­коў, Іна Фралова, Яўген Хвалей, Мікола Чарняўскі, Тамара Краснова-Гусачэнка, Лёля Багдановіч, Мікола Бусько.

З’явілася нямала цікавых кніжак так­сама і ў аўтараў, якія параўнальна нядаўна ўліліся ў наш прафесійны творчы саюз. Адзначу напрацоўкі Жанны Міус, Галіны Нічыпаровіч, Тамары Кавальчук, Вольгі Любашынай (Таляронак), Люд­мілы Воранавай. Працягваюць паспяхо­ва шчыраваць у дзіцячай паэзіі вядомыя Ніна Галіноўская, Віктар Кудлачоў, Тац­цяна Сучкова.

Пераважаюць вершы, адрасаваныя малодшым і сярэднім школьнікам, малавата выходзіць кніг, адрасаваных дашкольнікам. А менавіта яны, міні-кніжачкі для дзяцей 3—6 гадоў, асаблі­ва на беларускай мове, і павінны абуджаць у маленькіх слухачоў цікавасць да роднага слова, да кнігі, да яе чароў­нага мастацкага свету. Як, дарэчы, ма­лавата вершаў, паэм для падлеткаў, тых твораў, кніг паэзіі, якія б плаўна пра­доўжылі авалодваць душамі, розумам у няпросты пераходны ўзрост. Дарэчы, гэта характэрна нашай усёй літарату­ры, іншым жанрам.

Апавяданні і аповесці

Неблагія набыткі маем мы і тут. Плённа працавалі і вы­далі новыя кнігі ў апошнія гады Уладзімір Ліпскі, Мікола Чар­няўскі, Яўген Хвалей, Аляксей Якімовіч, Валерый Кастручын, Алесь Карлюкевіч, Ягор Конеў, Таццяна Дземідовіч, Алег Ждан, Раіса Баравікова, Іна Фралова, Сяргей і Галіна Трафімавы, Лёля Багдановіч, Уладзімір Ягоўдзік, Сяргей Клімковіч, Жанна Міус, Галіна Пярун, Таццяна Дамаро­нак, Вольга Любашына, Валерый Квілорыя, Кацярына Хадасевіч-Лісавая, Міхась Пазнякоў, Тац­цяна Дашкевіч, Анатоль Зэкаў, Тамара Бунта, Алесь Козел, Уладзімір Ліпскі, Алесь Бадак, Мі­хаіл Дзеравянка, Дзмітрый Міка­лаеў, Вольга Нікольская, Алена Свечнікава, Іван Юркін, Яна Явіч, Ірына Токарава, Ганна Скаржынская-Сівіцкая, Яўген Калашнікаў, Маргарыта Латыш­кевіч, Зінаіда Дудзюк, Алена Міхаленка, Васіль Жушма, Надзея Дзмітрыева, Ала Бялькова, Ліна Багданава і інш.

Тэматыка твораў самая розная, пісьменнікі закранаюць этычныя, маральныя, патрыятычныя аспекты. Цікава і пазнавальна піша для самых малых чытачоў Святлана Бахнова, якая нядаў­на прынята ў СПБ і сама працуе ў дзіця­чай бібліятэцы. Варта адзначыць важкія і сацыяльна значныя творчыя крокі Але­ны Стэльмах, якая стварае цікавыя кнігі на рэальным, гістарычным матэрыя­ле. Напрыклад, «У гасцях у Францыска Скарыны». Такія кнігі не толькі абуджа­юць фантазію чытача, але і далучаюць да нашай адметнай гісторыі і культуры. Варта адзначыць і кніжную серыю Вы­давецкага дома «Звязда» — «Пераходны ўзрост». Нядаўна выйшла ў ёй цікавая кніжка Валянціны Быстрымовіч «Шкод­ніцы». Будзем спадзявацца, што серыя папоўніцца новымі адметнымі творамі. Цікавыя кнігі для падлеткаў у апошнія гады стварае Уладзімір Кулічэнка.

Пры малой наяўнасці тэматыч­ных аўтарскіх кніг вельмі прыдатным з’яўляецца складанне і выпуск калек­тыўных зборнікаў твораў, прысвечаных пэўнай запатрабаванай тэматыцы. Та­кімі ў свой час былі кнігі Выдавецкага дома «Звязда» пра птушак, жывёл, рас­ліны, якія занесены ў Чырвоную кнігу. Удала ў 2022 годзе тут спрацавала, напрыклад, выдавецтва «Мастацкая літа­ратура». Выдадзены зборнікі твораў для дзяцей «Той, хто працуе» (пра стаўленне да працы), «Жывое слова» (хрэстама­тыя-дапаможнік), «Ад вясны да зімы» (творы пра поры года), «Самы смачны яблык» (пра добрыя і дрэнныя ўчынкі), «З мамай добра мне» (творы пра маці), «Зямля мая» (творы пра Радзіму).

Казка, казачная аповесць

Тут дасягнуты пэўны прагрэс. Калі раней казкі і казачныя аповесці ў нашай літаратуры ствараліся на фальклорнай аснове, то цяпер гэтыя межы значна пашыраны. Дарэчы, за апошнія пяць гадоў Нацыянальная прэмія Беларусі ў намінацыі «Найлепшы твор для дзя­цей і юнацтва» прысуджалася тройчы за казкі і казачныя аповесці. У апошні час значнага поспеху ў гэтых жанрах дасягнулі Кацярына Хадасевіч-Лісавая з шэрагам казачных аповесцей («Загадкі прынцэсы Агнэсы», «Таямніца зачара­ванага балота», «Прыгоды лісічкі Кра­суні»), Алесь Карлюкевіч («Прыгоды Шубуршуна») і інш.

Адметнай з’явай у дзіцячай літарату­ры стаў шэраг аповесцей-казак Воль­гі Нікольскай. Адна з іх «Выкраданне шэдэўра ці Новыя прыгоды агентаў КаўбаФірЖык» адзначана Нацыяналь­най літаратурнай прэміяй. Хацелася б, каб пісьменніца прадоўжыла сваю ка­зачную серыю кніг, якія спадабаліся юным чытачам.

Актыўна працавалі тут і выдалі свае новыя казачныя творы Генадзь Аўласен­ка, Алена Стэльмах, Аркадзь Жураўлёў, Міхась Пазнякоў, Уладзімір Мазго, Свят­лана Быкава, Ірына Карнаухава, Таццяна Дамаронак, Дзмітрый Мікалаеў, Алесь Марціновіч, Таццяна Атрошанка, Міхаіл Дзеравянка, Сяргей Давідовіч, Георгій Марчук, Анатоль Зэкаў, Алена Шчар­бакова, Раіса Баравікова, Алена Масла, Аляксей Шаўцоў, Анатоль Бензярук, Рас­ціслаў Бензярук, Вячаслаў Бельцюкоў, Дзмітрый Саўчык, Алена Прахіна, Лідзія Долбікава, Алена Міхаленка, Ганна Атрошчанка, Міхась Сліва, Маргарыта Латышкевіч, Вольга Любашына.

Ваенна-патрыятычная, гістарычная, патрыятычная тэматыка

Адразу зазначу, што такі вельмі важ­ны ідэйна-тэматычны сегмент дзіцячай літаратуры вельмі слаба прадстаўлены ў нашых творах, нячаста сустрэнеш у выдавецкіх планах. Калі гэтыя тэмы ў мастацкіх паэтычных і празаічных творах больш-менш адлюстроўваюцца, напрыклад: Тамара Краснова-Гусачэн­ка «Край родной, любимый», Тацця­на Дашкевіч «Детям о детях войны», Таццяна Дамаронак «Мы не забудзем», Соф’я Шах «Дзівосы казачных краін», Міхась Пазнякоў «Радзіма наша — Беларусь», «Мы — беларусы», Тамара Кручэнка «Родны бераг» і інш., то па­пулярных публіцыстычных, дакумен­тальных, дакументальна-мастацкіх аповесцей вельмі мала. Такіх, напры­клад, як кнігі Уладзіміра Ліпскага «Го­мельская зямля — Радзіма твая і мая», «Я тут жыву».

У выдавецтве «Народная асвета» ў гэ­тым годзе выйшла цікавая кніжка Ніны Пісарэнкі «Украденное детство. Великая Отечественная война глазами детей».

Добрую серыю брашур стварыў для падлеткаў Валерый Чудаў: «Маршал Георгій Жукаў», «Маршал Канстанцін Ракасоўскі», «Маршал Іван Якубоўскі», «Маршал Васілій Сакалоўскі». А час патрабуе больш такой літара­туры. Асабліва па тэме генацыду, мужнасці, гераізму ў Вялікай Айчыннай вайне.

У полі зроку пісьменнікаў — і наша далёкая гісторыя. У дзіця­чай літаратуры тут з’явіліся цікавыя кнігі, адрасаваныя пад­леткам, юнакам, Анатоля Бензе­рука «Мячы Грунвальда, альбо Дванаццаць абаронцаў караля» і яго ж «Свята для сэрца»; Ана­толя Брытуна «Трылогія прыгод тысячагоддзя».

Раней у гэтым сегменце для юнацтва шмат зрабіў Алесь Мар­ціновіч.

Неабходна ствараць такія ж гі­старычныя творы для малодшых школьнікаў.

Цікавымі ўяўляюцца кнігі гі­старычна-міфалагічнага харак­тару Дзмітрыя Вінаградава «Па­данні аб асілках», Віктара Кажу­ры «З легендаў і міфаў. Героі беларускай міфалогіі».

Навукова-пазнавальныя, даведачныя выданні

Неабходна зазначыць, што такая літара­тура мае адметнае значэнне. Яе асноўнае прызначэнне — даваць юным чытачам веды па самых розных галінах дзейнас­ці чалавека: навука, культура, спорт і г. д. Пэўныя набыткі ёсць і тут, безумоўна. У першую чаргу варта назваць шматлікія кнігі Галіны Трафімавай і Сяргея Трафіма­ва. Плённа працуе ў гэтым сегменце дзіцячай літаратуры Ірына Токарава, якая стварыла шэраг цікавых праектаў, што па­бачылі свет у выдавецтве «Народная асве­та». Сярод найбольш значных і арыгіналь­ных варта адзначыць кнігі «Энцыклапе­дыя юнага натураліста» Віктара Кажуры, «Энциклопедия юного ученого» Ірыны Токаравай, «Энциклопедия юного букво­веда» Віктара Крукоўскага, «Прогулки по Минску. Город, который выбирают дети», «Хто прыдумаў і калі?», «Падарожжа ў гісторыю спорту» Міхася Пазнякова.

Важную серыю «Гісторыя для школь­нікаў», у якой выдадзена некалькі кніг Ірыны Масляніцынай і Міколы Багадзяжа, заснавала выдавецтва «Беларусь».

Цікавымі ўяўляюцца таксама выданні Ірыны Карнаухавай «Полосатые истрии» і Таццяны Каленік «Бабуліны шпулькі».

Прыгодніцкія творы

Таксама не засталася па-за ўвагай на­шых пісьменнікаў. Тут варта адзначыць творчы ўнёсак Генадзя Аўласенкі, Алеся Бадака, Кацярыны Хадасевіч-Лісавой, Алеся Карлюкевіча, Сяргея Клімковіча, Таццяны Дашкевіч, Святланы Быкавай, Ягора Конева.

Радзей, але з’яўляюцца творы фэн­тэзі для дзяцей: кнігі Сяргея Клімковіча «Побег из лабиринта», «Исчезнувший корабль», «Машина потерянного времени», Кацярыны Мядзведзевай «Разло­машки мастера Люфта», «Ключ от ёлоч­ного сундука».

Драматургія

Рэдкая з’ява. У той жа час школьныя самадзейныя тэатры чакаюць цікавыя, вартыя нашага часу п’есы. Нядаўна Алесь Козел выдаў кнігу п’ес, якую на­зваў «Незвычайныя прыгоды звычай­нага хлопчыка». Працуе ў гэтым жанры Аляксей Бычкоў. Раней шмат тут зрабіў незабыўны Васіль Ткачоў.

Арыгінальныя, дробныя жанры

Заўсёды любімымі ў дзятвы з’яўляюцца азбукі, загадкі, скорагаворкі, лічылкі, смяшынкі, прыказкі, каламбуры і іншыя займальныя кароткія творы. Плённа тут працуюць у апошнія гады Мікола Чарняўскі, Уладзімір Мазго, Анатоль Зэ­каў, Міхась Пазнякоў, Ніна Галіноўская, Віктар Кажура, Лідзія Долбікава, Галіна Нічыпаровіч, Віктар Шніп, Аляксандр Атрушкевіч, Віктар Купрыянчук...

Заслугоўваюць увагі коміксы, квэсты, асабліва на гістарычную тэматыку.

Нельга не сказаць некалькі слоў і пра шырспажыў, нізкаякасную літаратуру для дзяцей, якая, праўда, у апошнія гады радзей, але ўсё ж з’яўляецца. І выходзіць у некаторых прыватных, камерцыйных выдавецтвах, вядома, за грошы аўтараў або іх спонсараў. Адна справа — калі яе выпускаюць маленькім тыражом для сябе. Куды горш, калі з такімі кнігамі аўтары ідуць у навучальныя ўстановы, калі гэтыя выданні трапляюць у бібліятэкі. Трапляюць нават не толькі таму, што іх купляюць, але і таму, што ідзе аба­вязковая рассылка ў галоўныя бібліятэкі. У ранейшыя гады гэтая праблема аб­мяркоўвалася на Прэзідыуме СПБ.

* * *

Нягледзячы на адносна высокі ўзро­вень нашай дзіцячай літаратуры, заспакойвацца нельга. У нас апошнім часам мала ствараецца і перавыдаецца кніг ва­енна-патрыятычнай тэматыкі. Выдавецтвы, асабліва прыватныя, камерцыйныя, выпускаюць найбольш класіку, розную пазнавальна-забаўляльную літаратуру, тую, якую хутчэй прададуць. Мала кніг пра юных герояў Вялікай Айчыннай вай­ны, юных герояў нашага часу, пра жыццё, справы сённяшніх піянераў, брсмаўцаў, пра тых людзей, з якіх юнакі павінны браць прыклад, на каго арыентавацца.

Мала даведачнай, навукова-пазнавальнай, энцыклапедычнай літаратуры па самых розных галінах народнай гаспа­даркі, навукі, культуры, спорту.

І амаль няма кніг па сучаснай дзяржаў­насці. Пра нашы дзяржаўныя сімвалы, пра ўсе галіны дзяржаўнай улады — прэзі­дэнцкую, урадавую, парламенцкую, су­довую, пра фінансы і замежныя партнёр­скія сувязі, пра грамадскія арганізацыі і палітычныя партыі, пра сапраўдных ге­рояў нашага часу — хлебаробаў, рабочых, інжынераў, урачоў, педагогаў, вучоных, дзеячаў навукі, культуры, мастацтва, спорту. Мала кніг па экалагічным, эстэ­тычным, фізічным выхаванні.

Не стае кніг для сямейнага чытання. Мала літаратуры для падлеткаў, разліча­най на пераходны ўзрост. Выдавецтвам трэба смялей укараняць сацыяльны заказ на стварэнне патрэбных кніг, перавыдаваць тое, што працуе на сённяшні дзень.

У свой час выдавецтва «Юнацтва» выпускала нямала самай рознай літара­туры. Вялікай папулярнасцю карыста­лася кніжная серыя «Бібліятэка прыгод і фантастыкі», арыентаваная на падлет­каў. Варта было б звярнуць увагу і на гэты пласт літаратуры, якая актыўна садзейнічае развіццю фантазіі чытача, далучэнню яго да кнігі.

Мала ў нас аповесцей для дзяцей з адметным, яркім, станоўчым героем і амаль зусім няма раманаў для падлеткаў.

Варта больш увагі звярнуць таксама і на стварэнне новых, асабліва патрыятычных, песень для дзяцей. Некалі сла­вуты Рыгор Шырма сказаў: «Заспявае школа — заспявае народ».

І нашай літаратурнай крытыцы патрэбна больш увагі надаваць усебаковаму, глыбокаму даследаванню дзіцячай літаратуры, яе набыткам, прабле­мам і задачам.

Варта, каб на дзіцячую літаратуру больш сур’ёзна зірнула навука. Зусім мала шырокіх і глыбокіх даследаван­няў. Дысертацыі, манаграфіі ствараюц­ца найчасцей пра класічную, дарослую літаратуру. А чалавек жа, яго фарміра­ванне, выхаванне пачынаецца не са ста­лага ўзросту, а з самых першых крокаў. Таму і значэнне літаратуры для малень­кіх мае не меншую, а магчыма, і боль­шую вартасць, патрабуе яна і такога ж сур’ёзнага падыходу, вывучэння, прапа­ганды, распаўсюджвання.

Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на школьныя падручнікі, дапаможнікі, чытанкі, хрэстаматыі. Творы ў іх павінны быць набліжаны да запатрабаванняў і выклікаў часу, спалучаць у сабе ідэй­ны змест з высокамастацкай формай. Ідэя твора — як вітаміны ў яблыку: іх не відаць, але яны знаходзяцца ў ім і робяць сваю карысную справу.

Шмат робіцца нашымі пісьменніка­мі, выдавецтвамі. Гэта так. Але няма ў нас адзінага магутнага цэнтральнага, шматпрофільнага дзіцячага выдавецка­га цэнтра, які б быў адначасова не толькі выдавецтвам, але і дзяржаўнай устано­вай па вывучэнні і рэалізацыі усіх пра­блем, пытанняў, задач, якія паўстаюць сёння: стварэння дзіцячай літаратуры, яе распаўсюджвання, развіцця чытання і ўздзеяння на адукацыю і выхаванне юных пакаленняў.

Задача перад дзіцячымі пісьменнікамі стаяла і стаіць выразная: не заспакой­вацца на дасягнутым, шукаць і знаходзіць, адкрываць новае і нязведанае, ву­чыцца майстэрству і пісаць творы, вар­тыя нашага чытача і нашага часу.

Час патрабуе ад пісьменніка не толь­кі высокага прафесіяналізму, але і грамадзянскай спеласці, патрыятычна­га духу. Глыбей адчуваць, разумець дзяцей і падлеткаў, іх запатрабаван­ні і памкненні. Час патрабуе большай сувязі з гуманітарнымі навукамі, каб не парушыць гарманічнага развіцця чалавека, яшчэ шырэй адкрыць юным доступ да арыентацыі ва ўсіх склада­насцях часу і падрыхтоўкі да самостой­нага жыцця. Час патрабуе, нарэшце, клопатаў пра пісьменніка, належнага заахвочвання для стварэння сацыяльна значных кніг.

Некалі хтосьці мудра сказаў, што для дзяцей патрэбна пісаць гэтак жа, як і для дарослых, але значна лепш. І гэта зразумела: мы павінны даць дзецям та­кія творы, каб захапіць і напоўніць іх светлыя, чыстыя душы сонцам радасці, дабрыні, хараства, мудрасці. Падарыць ім залаты ключык духоўнасці, любоў да кнігі, да чытання. Калі ж мы навучым дзетак дома, у садках, школах, бібліятэ­ках шанаваць сваё роднае слова, чытаць і разумець таленавітую, разумную кнігу ў маленстве, то мы будзем мець і даросла­га чытача. Усё пачынаецца з дзяцінства, з першых крокаў, тут закладваецца, фар­міруецца душа грамадзяніна, патрыёта, чалавека. А каб ён не быў на сваёй зям­лі абыякавым, чужым, аморфным, яму і патрэбна данесці веліч, багацце і сла­ву нашага народа, гісторыю і культуру нашай краіны, каб яны не толькі ведалі, шанавалі, любілі ўсё роднае, народнае, дзяржаўнае, але і ганарыліся ім, і, паста­леўшы, уносілі сваё, бераглі і ўмацоўвалі нашу дзяржаву сваімі здольнасцямі, працаю рук і розуму.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».