Вы тут

Касцевіч: «Захаваць і прымножыць» — дэвіз сістэмы сацыяльнай абароны


Тры пераразлікі працоўных пенсій у 2022-м, новая сістэма добраахвотнага страхавання назапашвальнай пенсіі з падтрымкай дзяржавы, якую ў народзе ўжо назвалі «другая пенсія», рост памераў дапамог пры нараджэнні і выхаванні дзіцяці — з такімі вынікамі скончыла год сістэма сацыяльнай абароны. Але ці ўдасца іх захаваць у бягучым годзе? Ці чакаць павышэння пенсій і дапамог? Як працуе механізм добраахвотнага страхавання назапашвальнай пенсіі і колькі ахвотных ужо аформілі дагаворы? Колькі часу трэба плаціць узносы, каб атрымаць «другую пенсію»? Як у найбліжэйшай будучыні будзе мяняцца сістэма сацыяльнага абслугоўвання і як набор «сацыяльных паказанняў» заменіць медыцынскую мадэль? Як за апошняе дзесяцігоддзе змянілі сваё аблічча дамы-інтэрнаты? Пра гэта і іншае ў эксклюзіўным інтэрв'ю «Звяздзе» да Дня сацыяльнага работніка расказала міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч.


Рост пенсій і дапамог, новы механізм назапашвальнай пенсіі

— Ірына Анатольеўна, з якімі вынікамі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны скончыла 2022 год?

— «Захаваць і прымножыць» — дэвіз, які суправаджаў сістэму сацыяльнай абароны ў 2022 годзе. Ці атрымалася захаваць сацыяльныя гарантыі для нашага насельніцтва? Безумоўна. Прымножыць — таксама.

Так, пазітыўнымі навінамі для пенсіянераў сталі тры пераразлікі працоўных пенсій, праведзеныя ў сакавіку, жніўні і снежні.

Важная навацыя для ўсіх беларусаў працаздольнага ўзросту — з 1 кастрычніка 2022 года запрацавала новая сістэма добраахвотнага страхавання назапашвальнай пенсіі з падтрымкай дзяржавы, — праграма «тры плюс тры», якая дазваляе павялічыць свой даход у старасці.

Што да сем'яў з дзецьмі, то для іх забяспечаны рост памераў дапамог пры нараджэнні і выхаванні. У параўнанні з 2021 годам сярэднямесячны памер дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў павялічыўся крыху больш чым на 13 % і ў снежні склаў 595,8  рубля. Сярэднямесячны памер дапамог, якія вылічваюцца з бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, павялічыўся на амаль на 15 %.

Устаноўлены адзіны памер штогадовай матэрыяльнай дапамогі шматдзетным сем'ям на падрыхтоўку дзяцей да навучальнага года, што дало магчымасць павысіць гэту выплату ва ўсіх рэгіёнах да ўзроўню Мінска. Сёлета матэрыяльную дапамогу атрымалі 114 тысяч шматдзетных сем'яў на 233 тысяч дзяцей-школьнікаў. З мясцовых бюджэтаў на гэтыя мэты накіравана амаль 23 мільёны рублёў.

Развіваецца і праграма сямейнага капіталу. З 1 студзеня 2022 года пашыраны магчымасці датэрміновага выкарыстання сямейнага капіталу па дзейных напрамках (жыллё, медыцына, адукацыя) і ўведзены новы напрамак — набыццё тавараў для членаў сям'і з інваліднасцю.

У 2022 годзе мы правялі пяты рэспубліканскі конкурс «Сям'я года», які стаў ужо своеасаблівым «сямейным рухам» у нашай краіне. У адборачных этапах конкурсу ўзялі ўдзел больш за паўтысячы сем'яў з усіх рэгіёнаў краіны. Пераможцам стала сям'я з Брэстчыны, якая выхоўвае пяцярых дзяцей.

Беларусы ўпершыню адзначылі новае агульнадзяржаўнае свята — Дзень бацькі (21 кастрычніка), які заснаваны па ініцыятыве кіраўніка дзяржавы. Яно атрымала афіцыйны статус нароўні з іншымі сямейнымі святамі — Днём маці (14 кастрычніка) і Днём сям'і (15 мая) — і пацвердзіла значнасць ролі бацькі ў выхаванні дзяцей, дабрабыце сям'і.

Адным з ключавых момантаў на шляху стварэння інклюзіўнага грамадства стала прыняцце Закона «Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі». Шэраг экспертаў ужо называюць яго інавацыйным. У ім улічаны і палажэнні абноўленай Канстытуцыі, і Канвенцыі аб правах інвалідаў, і ў цэлым запыты і патрэбы інвалідаў — іншымі словамі, комплексны падыход.

Другая пенсія, або 660 рублёў штомесяц на працягу пяці гадоў

— Вы згадалі сістэму добраахвотнага страхавання назапашвальнай пенсіі. Раскажыце, як на практыцы працуе гэты механізм? Якія плюсы бачаць для сябе ў ім удзельнікі? Ці будзе дапрацоўвацца і мяняцца гэта сістэма з часам?

— Добраахвотныя назапашвальныя пенсіі — не новы інстытут для Беларусі. Такія пенсіённыя праграмы сёння прапануюць тры страхавыя арганізацыі. Аднак у адрозненне ад дзейных праграм з'явіўся новы фінансавы стымул — дзяржаўнае суфінансаванне. Яно заключаецца ў тым, што частка ўзносаў на назапашвальную пенсію будзе аплачана з дзяржаўных сродкаў. Гэта значыць, дзяржава матэрыяльна падтрымае работнікаў, якія прынялі рашэнне самастойна паўплываць на свой даход у пенсіённым узросце.

Новая праграма заснавана на адпрацаваных на практыцы падыходах да фарміравання дадатковай назапашвальнай пенсіі. Так, работнік, заключыўшы дагавор са страхавой арганізацыяй «Стравіта», штомесяц выплачвае са свайго заробку дадатковы ўзнос да 10 %. Гэты ўзнос з дадатковым узносам ад дзяржавы (да 3 %) работадавец пералічвае ў «Стравіту» для інвеставання сродкаў на фінансавым рынку. Назапашвальная пенсія выплачваецца «Стравітай» па дасягненні работнікам агульнага пенсіённага ўзросту на працягу 5 або 10 гадоў — як вызначыць работнік.

Давайце разбяромся, як працуе дадзеная праграма на канкрэтным прыкладзе. Па разліках «Стравіты», у работніка з заробкам на ўзроўні сярэдняга па краіне — каля 1500 рублёў, які б выплачваў узносы 15 гадоў па тарыфе 6 % (3+3) і абраў бы атрыманне пенсіі на працягу 5 гадоў пасля дасягнення агульнага пенсіённага ўзросту, памер дадатковай пенсіі склаў бы каля 660 рублёў (у выпадку перыяду атрымання пенсіі 10 гадоў — 330 рублёў). Гэта фактычна памер сярэдняй пенсіі па ўзросце для непрацоўнага пенсіянера (у снежні 670 рублёў). Гэта значыць, назва дадатковай назапашвальнай пенсіі ва ўжытку — «другая пенсія» — сябе апраўдвае.

Пры гэтым сярод галоўных фінансавых стымулаў новай праграмы — магчымасць атрымання ў спадчыну пенсіённых зберажэнняў і гарантыя іх захаванасці, падатковыя льготы.

За тры месяцы са «Стравітай» дагаворы ўжо заключылі больш за 7 тысяч работнікаў. У асноўным гэта жанчыны, іх больш за 65 %. Не павінны заставацца ўбаку і мужчыны, чакаем ад іх больш актыўнага водгуку. Самы папулярны тарыф — «3+3», яго абралі больш за 70 % удзельнікаў.

Мы ўважліва адсочваем практыку прымянення новай праграмы, каб пры неабходнасці аператыўна карэкціраваць пытанні, якія ўзнікаюць.

«Нават у няпростых эканамічных умовах галоўная каштоўнасць дзяржавы — чалавек»

— Нам прадказвалі цяжкі 2022 год, у тым ліку з-за санкцыйнага ціску на эканоміку. Аднак у мінулым годзе пенсіі павышаліся некалькі разоў, напрыклад, працоўныя — тройчы. Ці могуць і сёлета пенсіянеры разлічваць на такую ж падтрымку дзяржавы?

— Нават ва ўмовах няпростай эканамічнай сітуацыі галоўнай каштоўнасцю для беларускай дзяржавы застаецца чалавек. Выконваюцца ўсе сацыяльныя абавязацельствы, у тым ліку па падтрымцы пенсіянераў. У 2022 годзе праведзены тры пераразлікі працоўных пенсій. Акрамя сакавіка і жніўня з 1 снежня працоўныя пенсіі падраслі на 5 працэнтаў. Сярэдняя пенсія па ўзросце (у непрацоўнага пенсіянера) — 670 рублёў. Гэта плюс 23 працэнты ў адносінах да снежня 2021 года.

У цэлым на выплату пенсій на 2023 год запланавана 18,8 мільярда рублёў, а гэта на 2,5 мільярда больш, чым у 2022 годзе.

— Колькі складаюць штогадовыя выдаткі на падтрымку сем'яў з дзецьмі? На што ў асноўным ідуць гэтыя сродкі?

— Дзяржаўная падтрымка сем'яў забяспечваецца па ўсіх асноўных напрамках. Яна ўключае ў сябе эканамічныя, сацыяльныя, працоўныя гарантыі і правы. Штогод дзяржаўныя выдаткі на падтрымку сем'яў з дзецьмі складаюць каля 7 працэнтаў валавога ўнутранага прадукту.

Калі на выплату дапамог сем'ям з дзецьмі ў 2022 годзе было прадугледжана 2,7 мільярда рублёў, то на 2023 год на гэтыя мэты запланавана 3,2 мільярда, з іх 2 мільярды — на выплату дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў.

На сямейны капітал, ці нашу супермеру, у 2022 годзе было прадугледжана каля 380 мільёнаў рублёў. Памер сямейнага капіталу штогод індэксуецца нарастаючым вынікам з улікам індэкса спажывецкіх цэн. У 2022 годзе ён складаў амаль 26 тысяч рублёў. У 2023 годзе памер сямейнага капіталу павялічыцца, але паколькі ён індэксуецца па выніках года, то канкрэтная сума будзе вызначана ў сярэдзіне студзеня.

Трэба адзначыць, што за перыяд знаходжання грашовых сродкаў у банку на іх налічваюцца працэнты, якія становяцца часткай сямейнага капіталу. У 2023 годзе на праграму сямейнага капіталу з рэспубліканскага бюджэту плануецца выдаткаваць каля 430 мільёнаў рублёў.

Яшчэ адным відам сацыяльнай падтрымкі сем'яў з дзецьмі з'яўляецца дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога (ДАСД). Сёння ў сістэме ДАСД аказваюцца чатыры сацыяльныя дапамогі.

Для сем'яў, якія па аб'ектыўных прычынах маюць нізкі даход, гэта штомесячная сацыяльная дапамога і забеспячэнне прадуктамі харчавання дзяцей да двух гадоў. Прычым для сем'яў з двайнятамі (трайнятамі і больш) забеспячэнне прадуктамі харчавання ажыццяўляецца незалежна ад іх даходу.

Сем'ям, якія часова адчуваюць жыццёвыя цяжкасці, аказваецца аднаразовая сацыяльная дапамога. Таксама сем'ям з дзецьмі-інвалідамі з ІV ступенню страты здароўя аказваецца матэрыяльная падтрымка на набыццё неабходных прадметаў гігіены.

За дзевяць месяцаў 2022 года атрымальнікамі ўсіх відаў ДАСД сталі 88,3 тысячы чалавек, агульная сума выплат склала каля 48 мільёнаў рублёў.

Важна адзначыць, што падтрымка сем'ям з дзецьмі аказваецца не толькі ў выглядзе прамых матэрыяльных выплат. Дзяржава дае шэраг льгот і гарантый у сферы аховы здароўя, адукацыі, у жыллёвай сферы, а таксама на дзіцячае аздараўленне і санаторна-курортнае лячэнне.

Як зменіцца сістэма сацыяльнага абслугоўвання?

— Якія асноўныя навацыі прадугледжвае законапраект аб сацыяльным абслугоўванні? Што зменіцца для інвалідаў і пенсіянераў, якія маюць патрэбу ў доглядзе? Як у сувязі з гэтым зменіцца праца тэрытарыяльных устаноў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва?

— Усе навацыі новага законапраекта арыентаваны на тое, каб зрабіць сацыяльнае абслугоўванне адрасным, арыентаваным на індывідуальныя патрэбы грамадзян, павысіць яго якасць і эфектыўнасць. Пры гэтым важна захаваць хатняе асяроддзе і сямейную атмасферу для тых, хто ўжо не можа самастойна паклапаціцца пра сябе.

Наша задача — каб аб'ём падтрымкі пажылым і інвалідам адпавядаў іх фактычным патрэбам. Сёння мы выкарыстоўваем медыцынскую мадэль, гэта значыць, вызначаем патрэбу чалавека ў сацыяльных паслугах, грунтуючыся пераважна на стане здароўя.

У законапраекце адлюстраваны новы механізм ацэнкі індывідуальных запатрабаванняў — праз набор «сацыяльных паказанняў». Асноўныя прынцыпы — комплексная ацэнка, індывідуальны падыход, аб'ектыўнасць і празрыстасць.

Акрамя тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дамоў-інтэрнатаў, цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання сям'і і дзяцей, у лік устаноў сацыяльнага абслугоўвання плануецца ўключыць цэнтры (дамы) часовага знаходжання асоб без пэўнага месца жыхарства. Гэта дазволіць вызначаць адзіную палітыку іх дзейнасці. Акрамя гэтага, у сістэму ўстаноў сацыяльнага абслугоўвання будуць уключаны дамы суправаджальнага пражывання.

Законапраектам упершыню ўводзіцца паняцце доўгачасовага догляду па аказанні сацыяльных, медыцынскіх, рэабілітацыйных (абілітацыйных) і іншых паслуг грамадзянам, якія маюць выяўленыя і рэзка выяўленыя абмежаванні жыццядзейнасці.

Пандэмія СOVІD-19 абумовіла з'яўленне новай формы працы — дыстанцыйнага сацыяльнага абслугоўвання. Гэта дасць магчымасць заканадаўча замацаваць аказанне асобных сацыяльных паслуг з дапамогай відэаканферэнцый і іншых некантактных форм узаемадзеяння.

Асобна закранута пытанне фарміравання пазітыўнага іміджу дамоў-інтэрнатаў у грамадскім успрыманні. Законапраектам прадугледжана змяненне іх наймення на сацыяльныя пансіянаты.

Новае аблічча дамоў-інтэртатаў

— Дарэчы, вы часта асабіста наведваеце розныя сацыяльныя ўстановы, у тым ліку і дамы-інтэрнаты. Што яшчэ, на ваш погляд, трэба памяняць у іх рабоце?

— Варта адзначыць, што за апошняе дзесяцігоддзе істотна змянілася аблічча дамоў-інтэрнатаў. Іх функцыі істотна пашырыліся, укараняюцца новыя кірункі і тэхналогіі працы. Сёння дом-інтэрнат — гэта фактычна шматфункцыянальны комплекс: рэабілітацыя, вольны час, адукацыя, суправаджальнае пражыванне інвалідаў, сацыяльная перадышка для сем'яў, якія самастойна даглядаюць дзіця з інваліднасцю, паслугі дзённага знаходжання.

Задачамі сучасных дамоў-інтэрнатаў з'яўляецца не толькі забеспячэнне тых, хто пражывае, доглядам, харчаваннем, медыцынскай дапамогай, але і правядзенне сацыяльнай рэабілітацыі, падрыхтоўка інвалідаў да самастойнага жыцця за межамі стацыянарных устаноў.

— Змяненні ў Канстытуцыю прадугледжваюць забеспячэнне роўных правоў інвалідаў, сацыяльнай інтэграцыі і стварэння даступнага асяроддзя. Што ўжо зроблена для ажыццяўлення гэтых мер і захавання норм Канвенцыі па правах інвалідаў? Наколькі гэту дзейнасць ускладняе рашэнне Міжнароднага паралімпійскага камітэта па спыненні членства Беларусі ў арганізацыі?

— Як вядома, 30 чэрвеня мінулага года кіраўнік дзяржавы падпісаў Закон «Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі». Ён з'яўляецца магутным стымулам для рэалізацыі канкрэтных мер у рэгіёнах па найбольш актуальных пытаннях у адносінах да людзей з інваліднасцю. У развіццё закона ўрад унёс змяненні ў 20 пастаноў, акрамя таго, прынята чатыры новыя дакументы.

Што прынцыпова новага? Па-першае, мы паслядоўна ідзём па шляху інфарматызацыі. Будзе створана інфармацыйная сістэма сацыяльнай падтрымкі і рэабілітацыі інвалідаў. З 2025 года плануецца запусціць аўтаматызаваную інфармацыйную сістэму ўліку даступнасці аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры «Даступнае асяроддзе».

Па-другое, мы сістэмна тлумачым падыходы па стварэнні даступнага асяроддзя. Зацверджаны Правілы даступнасці аб'ектаў сацыяльнай, транспартнай і вытворчай інфраструктуры, транспартных сродкаў і паслуг. Па сутнасці, гэта дарожная карта, у першую чаргу, для мясцовых органаў улады, якая вызначае, якім патрабаванням і крытэрыям павінны адказваць даступныя для ўсіх катэгорый інвалідаў аб'екты.

Па-трэцяе, мы развіваем магчымасці для сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў. У частцы тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі пашыраецца пералік катэгорый інвалідаў, якія маюць права на забеспячэнне сродкамі рэабілітацыі бясплатна або на льготных умовах.

Прадугледжваецца выплата грашовай кампенсацыі затрат на асобныя сродкі рэабілітацыі, іх усяго 10. Гэта значыць, пры жаданні іх можна набываць самастойна, на свой выбар, пры гэтым дзяржава будзе кампенсаваць затраты.

Пытанні інваліднасці шматаспектныя. Адносна ўсіх катэгорый — дзеці, інваліды працаздольнага ўзросту і пажылыя — у нашай краіне заканадаўча выбудавана сістэмная палітыка па асноўных напрамках.

У развіццё медыцынскай рэабілітацыі новы закон уводзіць у сістэме сацыяльнага абслугоўвання новы тып устаноў — цэнтры сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў. Прадугледжана таксама магчымасць стварэння аддзяленняў рэабілітацыі, абілітацыі на базе дамоў-інтэрнатаў. Такі падыход дае магчымасць улічваць мэтавыя запыты людзей з інваліднасцю на рэабілітацыю ў канкрэтным рэгіёне.

Закон уводзіць і новую паслугу персанальнага асістэнта. Яна будзе ўлічваць індывідуальныя запыты чалавека з інваліднасцю, прычым комплексна. Напрыклад, чалавека будуць суправаджаць у паліклініку, службу занятасці, дапамогуць у складанні рэзюмэ, запаўненні дакументаў.

Сёння амаль палова інвалідаў у краіне, а гэта каля 200 тысяч чалавек, — людзі працаздольнага ўзросту, з іх каля 120 тысяч маюць паказанні да працы. Працуюць амаль 60 працэнтаў, а гэта больш за 66 тысяч чалавек. Мы разумеем, што на рынку працы людзям з інваліднасцю складана канкурыраваць. Таму законам аб правах інвалідаў прадугледжаны шэраг навацый, накіраваных на ўдасканаленне механізму працаўладкавання і занятасці людзей з інваліднасцю. Гэта кваціраванне працоўных месцаў для людзей з інваліднасцю і павелічэнне тэрміну адаптацыі да працоўнай дзейнасці для інвалідаў з інтэлектуальнымі парушэннямі да двух гадоў.

Што датычыцца рашэння Міжнароднага паралімпійскага камітэта, то цягам месяца ў Беларусі праходзіла акцыя «Не падвойным стандартам Канвенцыі аб правах інвалідаў», запушчаная Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны ў падтрымку беларускіх паралімпійцаў.

Усе ахвотныя маглі запісаць відэазвароты і адправіць спасылку на іх у Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. За час акцыі паступіла каля паўсотні сюжэтаў. Яны накіраваны ў Камітэт ААН па правах інвалідаў, а таксама на адрас міжнародных спецыяльных працэдур па правах чалавека, якія павінны садзейнічаць інклюзіі, дабівацца выканання правоў чалавека людзей з інваліднасцю.

Сваю нязгоду з рашэннем Міжнароднага паралімпійскага камітэта выказвалі не толькі людзі з інваліднасцю, але і звычайныя грамадзяне: ад педагогаў да рэдакцый газет. Гэта паказвае, як моцна нашы людзі гуртуюцца ў цяжкія моманты, дэманструе іх гатоўнасць дапамагчы і абараніць праўду.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.