Вы тут

Калядны настрой — праз тонкія лініі ў графіцы Валянціны Шобы


Ціхая радасць праз светлыя святы: адчуць яе можна ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, дзе працуе выстаўка «Калядныя карункі». Яе смела можна было назваць «Чароўныя карункі» — такія выявы здольныя даваць супакаенне і перакананні ў тым, што ёсць святы, якія даюцца людзям дзеля паратунку ад зімовага змроку і холаду. Сам факт з’яўлення крохкай і тонкай прыгажосці — гэта ўжо перамога гармоніі, якую здольныя несці сапраўдныя чараўнікі, у чыіх руках дзівосная сіла.


...Расцярушаныя пачуцці, расхрыстаныя думкі, што свярбяць і пераконваюць: свята знікла. Як знікае той узрост, калі Каляды звязваюцца з цудам. Ніколі больш... Ніякім чынам... Ні за якія коржыкі немагчыма вярнуць сабе несапсаваны і неатручаны жыццёвымі спакусамі светагляд. Жывеш штодня банальнымі клопатамі, за якімі хаваюцца глыбокія трывогі за дарагіх людзей і наогул за ўвесь свет, нават у снах яны не адпускаюць, а прачнуўшыся, выкалупваеш са свядомасці ледзяшы-адчуванні, проста каб пражыць дзень — звычайна, але хоць бы спакойна. У пошуках гэтага спакою ідзеш у музей — бо куды ж яшчэ? Там жа вечны прыстанак праверанага вякамі заспакаяльнага мастацтва. І вось яно! Не тое, каб за ім стагоддзі. Але свой (наш) час — дакладна. Бо графіка Валянціны Шобы вельмі складаная. І яшчэ яна зробленая сучасным чалавекам для сучасных людзей. Каб нагадаць ім пра тое, што жыццё — гэта цуд. Што ў ім ёсць месца дзівосным з’явам, адна з якіх — мастацтва. Той выпадак. Калі паход у музей дазваляе ўпэўніцца ў тым, што прыгажосць — рэальная сіла. А тут некалькі дзясяткаў адлюстраванняў прыгажосці, якія поўняцца святлом, таму што звяртаюць нас да радасці, што прыходзіць на Раство.

Незалежна ад таго, ці ты ў горадзе, альбо ў вёсцы, ці ты дома, альбо падарожнічаеш, тут адчуванне беларускага свята. Яно нібыта сплецена з карункаў-арнаментаў, якія калісьці прыдумалі нашы продкі і выразалі-ткалі-вышывалі на радасць блізкім. Альбо сышло з аконнага шкла, дзе свой малюнак пакінуў мароз, але не — гэта такія лініі, праз якія часам праглядае мудрагелісты аўтарскі сюжэт. Яно званочкам прарывае цішыню — графіка (наогул выяўленчыя творы) можа гучаць! Асабліва калі ў ёй так шмат коней — добрых вестуноў свята. Яны на зямлі і ў небе, імчаць з дарункамі, прыпыніліся на ёлках ці схаваліся ў дрэвах, каб ніхто не збіў са шляху. Іх шмат і таму здаецца, што адначасова некалькі казак стукаюцца ў тваё сэрца — табе выбіраць у якой сустрэць чароўны дзень нараджэння Святла. У якой сагрэцца ля агню цёплай роднай хаты. А ў якой жыць, ператвараючы ўласныя будні на казку. Аказваецца, гэта магчыма. Хтосьці дзеля гэтага гадамі вучыцца ствараць мастацтва. Як мастачка Валянціна Шоба, якая жыве ў Гродна, але паспяхова скарае не толькі Мінск і Беларусь, але і краіны блізкага і далёкага замежжа. Можа таму ёй гэта ўдаецца, што дзякуючы ёй аджываюць знясіленыя душы? Як і на Каляды мы чакаем таго ж. Адпаведна. Выстаўка «Калядныя карункі» мае падвоенае ўздзеянне. Хто не да канца адчуў пераўтварэнне на свята, можа ўзмацніць яго эфект выстаўкай, дзе кожны твор напоўнены складанымі ўзорамі, дзіўнымі вобразамі і нейкімі чысцютка-празрыстымі эмоцыямі, як у дзяцінстве. Хараство. Радасць усведамляць, што яно ёсць зусім побач з намі. Што даступнае на доўгі святочны снежаньска-студзеньскі перыяд. Але самае галоўнае чараўніцтва ў тым, што ствараць цуд і праз яго вяртаць жыццёвыя сілы здольны чалавек. Вось хто галоўны чараўнік на гэтым свеце.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.