Вы тут

Удасканалены асабісты кабінет і 40 новых сэрвісаў за год


Такімі дасягненнямі напрыканцы адыходзячага года можа пахваліцца Нацыянальны цэнтр электронных паслуг, для супрацоўнікаў якога 2022-і стаў вельмі прадукцыйным. Абноўленая версія асабістага кабінета, магчымасць праз інтэрнэт атрымаць звесткі пра аўто, даведацца аб памеры сацыяльных дапамог і падаткаў, прагледзець інфармацыю пра вакцынацыю, падаць мытную дэкларацыю... Гэта далёка не поўны пералік магчымасцяў, якія прапануе жыхарам краіны Адзіны партал электронных паслуг (АПЭП), а налета сэрвісаў стане яшчэ больш, абяцаюць спецыялісты лічбавай сферы. Сёлета, дарэчы, у Беларусі аказана больш за 72,6 мільёна электронных паслуг (летась іх было 17,5 мільёна). Пра найбольш запатрабаваныя існуючыя паслугі, а таксама крыху пра будучыя расказалі ў Нацыянальным цэнтры электронных паслуг (НЦЭП).


Справаводства, пошта і «адно акно»

Новая версія электроннага асабістага кабінета, які, як вядома, з'яўляецца ключом доступу да ўсіх электронных паслуг і сэрвісаў, змешчаных на партале, пабачыла свет яшчэ ў пачатку года. Выкарыстоўваць удасканалены рэсурс, які набыў больш магчымасцяў, цяпер можна не толькі для атрымання нейкіх паслуг, але і замаўляць у ім функцыі, якія раней былі неўласцівыя. Цяпер тут можна, напрыклад, весці справаводства, расказала Святлана Караневіч, начальнік аддзела электроннай камерцыі Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг:

— Раней прадпрыемству трэба было мець асобную сістэму дакументаабароту, каб карыстацца ёй для ўласных патрэб, а на партале — вырашаць іншыя задачы, атрымліваючы пэўныя паслугі. Цяпер жа, не выходзячы з асабістага кабінета юрыдычнай асобы, можна займацца ў ім справаводствам. Атрымліваць і накіроўваць карэспандэнцыю з адначасовым падключэннем да СМДА (сістэмы міжведамаснага дакументаабароту) у пакеце. Аднак такая магчымасць даступная толькі невялікім кампаніям.

У абноўленай версіі існуе таксама модуль «электронная пошта». Аднак гэта не паўнавартасная паштовая праграма для электроннага ліставання, а менавіта сэрвіс асабістага кабінета. З яго дапамогай могуць абменьвацца лістамі ўладальнікі актываваных асабістых кабінетаў. Пасродкам новага асабістага кабінета могуць абменьвацца паміж сабой дакументамі і EDІ-правайдары (гэтая магчымасць яшчэ дапрацоўваецца).

Новая версія асабістага кабінета дазваляе таксама працаваць аператарам «аднаго акна» спецыялісту, які ў рабоце карыстаецца праграмным комплексам «Адно акно». Ён адрозніваецца ад службы «адно акно», куды грамадзяне звяртаюцца з заявамі на атрыманне пэўных адміністрацыйных працэдур, удакладніла спецыяліст:

— У праграмным комплексе «Адно акно», акрамя аператараў аднайменных службаў, могуць працаваць і прадстаўнікі іншых арганізацый, якія таксама ажыццяўляюць адміністрацыйныя працэдуры. Адміністрацыйныя і электронныя паслугі, а таксама механізм іх рэалізацыі на адзіным партале ў нечым падобныя, аднак маюць адрозненні. Пералік адміністрацыйных працэдур рэгламентаваны заканадаўча: для фізічных асоб — Указам Прэзідэнта № 200, для юрыдычных — пастановай Саўміна № 548. Усе дзеянні, прапісаныя ў згаданых дакументах, лічацца адмінпрацэдурамі. Усё, чаго ў іх няма, — электроннымі паслугамі.

Зараз адбываецца пераход на праграмны комплекс «Адно акно» версіі 3.0, які запрацуе ў 2023 годзе і ўяўляе сабой менавіта пашыраны функцыянал асабістага кабінета. Іншымі словамі, уладальнік асабістага кабінета як аператар «Аднаго акна» мае крыху больш пераваг у параўнанні з тым, калі б ён працаваў у сваім кабінеце проста як юрыдычная асоба. У якасці аператара можна таксама ствараць заявы і апрацоўваць іх.

Строгі ўваход — максімум паслуг

Цяпер асабістыя электронныя кабінеты аўтаматычна створаны для ўсіх беларусаў (на падставе звестак з рэгістра насельніцтва) і патрабуюць толькі першаснай актывацыі.

Каб «адчыніць» асабісты кабінет найбольш дакладна і мець доступ да максімальнай колькасці паслуг, актываваць яго лепш праз строгую аўтэнтыфікацыю, параіла Святлана Караневіч:

— Гэта патрэбна, каб сістэма дакладна ідэнтыфікавала чалавека, звязаўшы даныя з рэгістра насельніцтва з дакладнай асобай. Даныя з рэгістра ў сваю чаргу становяцца даступнымі толькі пры ўводзе грамадзянінам свайго ідэнтыфікацыйнага нумару падчас строгай аўтэнтыфікацыі з дапамогай ІD-карткі ці электроннага лічбавага подпісу. Пры нястрогай аўтэнтыфікацыі кабінет намінальна таксама будзе адкрыты, аднак, паколькі сістэма не ідэнтыфікуе вас на 100 %, то і даступных вам паслуг будзе значна менш.

Паслуг, якія даступны толькі пры строгай аўтэнтыфікацыі з дапамогай ІD-картак, усё больш. Гэта тлумачыцца ў тым ліку і заахвочваннем беларусаў заказваць новыя дакументы. На сёння актывавана каля 200 тысяч асабістых кабінетаў: каля 110 тысяч — фізічнымі асобамі і 90 тысяч — юрыдычнымі.

— У новай версіі кабінета яго ўладальнік можа самастойна падпісвацца на паслугі, а таксама праглядаць стан асабістага рахунку, які цяпер аўтаматычна ствараецца да кожнага кабінета, адкрытага па строгай аўтэнтыфікацыі, — падкрэсліла Святлана Караневіч. — Раней трэба было штораз аплачваць паслугу, каб яе атрымаць, а цяпер можна проста папоўніць сродкі на рахунку — з яго будуць аўтаматычна спісвацца грошы за заказаныя паслугі. А на спецыяльнай укладцы можна праглядаць, за што і колькі вы плацілі.

Пра дапамогі, правапарушэнні, аўтамабілі...

За год цэнтр стварыў для карыстальнікаў 37 новых паслуг і чатыры адміністрацыйныя працэдуры. Гэткі высокі паказчык — сведчанне зацікаўленасці органаў у асваенні лічбавай прасторы, упэўнена начальнік аддзела:

— Аптымізацыя лічбавага ўзаемадзеяння паміж сабой дзяржорганаў таксама ў выніку садзейнічае якасці атрымання паслуг грамадзянамі. Калі юрыдычныя асобы проста ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, гэта аўтаматызуе працэсы, адпаведна, хутчэй прымаюцца рашэнні адносна грамадзян па іх заявах.

Адна з апошніх прапаноў цэнтра — паслуга 3.16.04 «Інфармацыя аб памеры атрымання (неатрымання) дапамогі па доглядзе інваліда 1 групы або асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту», што аказваецца на падставе звестак дзяржаўнага інфармацыйнага рэсурсу «Банк даных сацыяльных выплат» Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Дзякуючы ёй грамадзянін можа праз партал атрымаць звесткі, ці з'яўляецца ён асобай, якая даглядае інваліда ці састарэлага, каб атрымаць нейкія льготы, абазначыла начальнік аддзела:

— Папулярнай сярод беларусаў стала і паслуга 3.19.02 «Прадастаўленне фізічным асобам звестак аб правапарушэннях, якія захоўваюцца ў адзіным дзяржаўным банку даных аб правапарушэннях». Такога кшталту інфармацыя можа спатрэбіцца, напрыклад, пры працаўладкаванні, у дачыненні да самога сябе ці трэцяй асобы (па даверанасці). З ліпеня такіх паслуг аказана ўжо
10 тысяч.

Яшчэ адной яскравай і запатрабаванай беларусамі стала паслуга 3.58.01 «Атрыманне сістэматызаваных звестак пра аўто», дзякуючы якой можна даведацца пра марку, нумар, наяўнасць страхоўкі і тэхагляду аўто, а таксама праверыць, ці не знаходзіцца машына ў вышуку, удакладніла спецыяліст цэнтра:

— У гэтую комплексную паслугу інтэгравана некалькі рэсурсаў: Дзяржаўтаінспекцыі, Белтэхагляду, Бюро па транспартным страхаванні. Паслуга даступная ўсім карыстальнікам. Акрамя комплекснай паслугі, існуюць асобныя паслугі на падставе звестак з рэсурсаў Дзяржаўтаінспекцыі, даступныя толькі пэўнай катэгорыі спажыўцоў (дзяржорганаў). Звесткі пра знаходжанне аўто ў вышуку (па рэгістрацыйным знаку) выкарыстоўваюцца, дарэчы, не толькі з беларускіх баз даных, але і з рэсурсаў краін СНД.

Дадатковая пенсія і дыспансерызацыя аднаго дня

З 1 студзеня 2023 года беларусы змогуць добраахвотна плаціць новы падатак на прафесійны даход (ППД). Каб падаваць звесткі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН), на адзіным партале ўжо запрацавала электронная паслуга 3.21.04 «Атрыманне звестак аб плацельшчыках падатку на прафесійны даход, пры адміністраванні ППД, у частцы страхавых узносаў плацельшчыкаў ППД», якая аўтаматызуе ўзаемадзеянне Міністэрства па падатках і зборах і ФСАН.

З 1 лістапада пашырыўся функцыянал электроннай паслугі 3.64.01 «Добраахвотнае накапляльнае пенсіённае страхаванне», якая дае чалавеку магчымасць з дапамогай страхавога прадпрыемства накопліваць дадатковыя грошы на старасць. Цяпер у асабістым кабінеце на партале працадаўца (ён мусіць удзельнічаць у праграме, калі жаданне ўзяць удзел аформіў яго падначалены) можа ствараць спісы розных тыпаў, а таксама прагледжваць іх і пры неабходнасці рэдагаваць змест спісаў, папярэдне накіраваных у страхавое прадпрыемства «Стравіта».

На партале даступна таксама паслуга 3.65.02 «Прадастаўленне звестак для выяўлення фактараў рызыкі развіцця неінфекцыйных захворванняў (ад медыцынскіх работнікаў)». З новага года запрацуе і паслуга 3.65.01 «Прадастаўленне звестак для выяўлення фактараў рызыкі развіцця неінфекцыйных захворванняў (ад грамадзян)».

— Сэрвісы створаны для выяўлення рызыкі развіцця неінфекцыйных захворванняў сістэмы кровазвароту, анкалагічных хвароб, хранічных абструкцыйных захворванняў лёгкіх і цукровага дыябету, — абазначыла Святлана Караневіч. — Яны рэалізаваны ў выглядзе анкетавання. У залежнасці ад адказаў чалавека сістэма сфармулюе дакумент, дзе будзе ўказана, да якіх захворванняў патэнцыйна можа быць схільны чалавек. Гэта зроблена, каб рэалізаваць ідэю дыспансерызацыі аднаго дня: запоўніў анкету — наведаў урача — атрымаў дапамогу.


У наступным годзе цэнтр працягне работу па інтэграцыі новых дзяржаўных інфармацыйных рэсурсаў (ДзІР) з агульнадзяржаўнай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмай (ААІС), дзе будуць утрымлівацца новыя цікавыя звесткі, на падставе якіх будуць кампанавацца новыя паслугі для фізічных і юрыдычных асоб, запэўніў дырэктар НЦЭП Раман Градусаў:

— З ААІС пакуль інтэграваны 47 інфармацыйных рэсурсаў і інфармацыйных сістэм. І яны ўжо даюць ашаламляльны вынік па пошуку патрэбнай інфармацыі. Уяўляеце, што будзе, калі іх стане больш! Мы вядзём актыўныя перамовы з дзяржаўнымі органамі — уладальнікамі новых рэсурсаў, каб на партале з'яўлялася ўсё больш цікавых паслуг. Відавочна, што больш зручнымі для карыстальнікаў становяцца зносіны з дзяржорганамі праз мабільны тэлефон, таму налета ў нас з'явіцца мабільная версія партала. Ужо амаль завершана работа над праграмай, якая дазволіць счытваць даныя з ІD-картак з дапамогай мабільнай прылады і такім чынам аўтарызавацца на АПЭП, і чалавеку не патрэбны будзе счытвальнік карткі для аўтарызацыі праз камп'ютар. Такім чынам удасканаліцца электроннае ўзаемадзеянне чалавека з дзяржавай.

Раман Градусаў павіншаваў беларусаў з надыходзячым Новым годам, пажадаўшы ісці ў нагу з часам і актыўна асвойваць перавагі лічбавага свету, які з кожным днём становіцца ўсё больш відавочнай рэальнасцю. Варта актывіраваць уласныя электронныя кабінеты, каб карыстацца зручнымі сэрвісамі, тым больш што сістэма аховы інфармацыі таксама актыўна развіваецца, і ў ААІС рэалізаваны ўсе тэхналогіі, якія не дазволяць персанальным даным чалавека згубіцца, падкрэсліў ён.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.