Вы тут

Гайд па беларускіх скульптурах літаратурных персанажаў


У старым савецкім мультфільме пра падарожжа хлопчыка Нільса з гусямі ёсць уражлівы эпізод: Нільс апынаецца ноччу ў старым горадзе, дзе ажываюць скульптуры... Адны добрыя, другія ганарыстыя, з дрэва, з бронзы, з каменю — у кожнай свой характар і свая гісторыя...


Я часам уяўляла такую ж сітуацыю. Праўда, у маім маленстве помнікаў у родным Мінску было не так ужо шмат... У асноўным — афіцыёзныя... Вось зараз уявіць падобную містычную сцэну захапляльна — столькі з'явілася цікавых скульптур, у тым ліку так званых гарадскіх. І не толькі ў гонар канкрэтных людзей, але і літаратурных персанажаў.

Падобныя скульптуры могуць узнікнуць нечакана, у нейкім дворыку, на тэрыторыі ўстановы... Не ўсе ўнесеныя ў афіцыйныя рэестры, не ўсе аднолькавай мастацкай вартасці... Але ўпрыгожваюць наша жыццё. Давайце сёння зробім віртуальнае падарожжа па беларускіх помніках літаратурным персанажам.

Сымон-музыка і дзед Талаш

«...Ён са скрыпкай

неразлучны,

Не спускае яе з рук,

А ў час вольны і спадручны

Граў і цешыўся хлапчук.

А як часам горка стане

Ці засмуціцца чаго,

Скрыпку ўспомніць —

сонца гляне,

Асвятляючы ўсяго».

Як грае на скрыпцы герой паэмы Якуба Коласа «Сымон-музыка», можна наяве пабачыць на плошчы імя паэта ў Мінску, дзе знаходзяцца самыя, бадай, вядомыя помнікі літаратурным героям. Тут у 1972 годзе да 90-годдзя Якуба Коласа былі ўсталяваныя яго помнік і выявы герояў яго твораў — аповесці «Дрыгва» і паэмы «Сымон-музыка». Ляпіў коласаўскіх персанажаў Заір Азгур. Бронзавы Сымон грае на скрыпцы, яго слухае сяброўка Аленка, а дзед Талаш разам са сваім баявітым унукам выглядаюць ворага.

Дарэчы, гэта не адзіная матэрыялізацыя коласавых герояў. У мемарыяльных сядзібах Коласа на Стаўбцоўшчыне ёсць мастацкі комплекс драўляных скульптур «Шлях Коласа», створаны па ініцыятыве Стаўбцоўскага райвыканкама і музея Якуба Коласа ў 1990—1992 гадах.


Жыхары мележаўскіх Куранёў

«З аблічча — дык як вылітая: і невялікая ростам, і не гладкая — худая, можна сказаць, і плечы, як у маткі, вузкія, і рукі тонкія»...

Калі Дзень беларускага пісьменства ў 2010-м годзе праходзіў у Хойніках, там была адкрыта скульптурная кампазіцыя па творах Івана Мележа, які родам з тых мясцін. Героі «Палескай хронікі», зробленыя скульптарам Валерыем Кандраценкам у бронзе і граніце, гэтым разам пасяліліся не на балоце, а пасярод гарадскога парку. Хоць скульптура так і называецца — «Людзі на балоце». Чароўная Ганна Чарнушка ў вясельным вянку слухае, як яе любы Васіль грае на дудачцы, за яе спінай аднавяскоўцы з Куранёў — стомленая сялянка хавае рукі пад фартух, а малы хлопчык узіраецца ў далеч... А вакол — роднае Палессе!


Лепельскі цмок

Колькі разоў гаварылася, што менавіта героі Уладзіміра Караткевіча вартыя ўвасобіцца ў скульптурах! У 2002 годзе ў Оршы нават адбыўся пленэр па скульптуры, удзельнікі якога натхняліся творамі Караткевіча. Але пакуль што адзіны персанаж, помнік якому стаў сапраўды папулярным — не самы цэнтральны для сюжэту, і ўвогуле дзіўны... Хоць Караткевіч у рамане «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» змясціў яго дакладнае апісанне: «Выглядам той цмок быў, як звер фока (цюлень), такі самы льсняны, у складках, толькі без поўсці. І шэры, як фока. Але даўжэй за яго куды... Тулава мелі тыя цмокі шырокае і трохі пляскатае, і мелі яны плаўнікі — не такія, як у рыбы, а такія таксама, як у фокі, таўстамясыя, шырокія, але не дужа доўгія. Шыю мелі, па тулаву, дык тонкую і надта доўгую. А на шыі сядзела галава, адначасова падобная і на галаву змяі і на галаву лані. І, дальбог, смяялася тая галава. Мо проста зубы скаліла, а мо — з нашых бедаў. І зубы былі велічынёй з конскія, але вострыя, і многа іх было на такую галаву аж данельга. Вочы вялізныя, як сподкі, каламутна-сінія ў зелень, ашклянелыя. І страшна было глядзець у тыя вочы, і мурашкі па спіне, нібы Евінага змія ўбачыў, і непамысна неяк, і нібы ў чымсьці вінаваты».

І цяпер на беразе Лепельскага возера можна знайсці таго самага Цмока, толькі бронзавага і лагоднага. Скульптар Леў Аганаў пастараўся дакладна ўлічыць апісанне Караткевіча.


Ёлуп хвашчоўскі

А вось помнік гэтаму персанажу з твораў Караткевіча насамрэч папярэднічаў стварэнню вобраза.

У рамане «Чорны замак Альшанскі» Караткевіч піша: «У вёсцы Фашчаўка была калісьці ў сярэднія вякі езуіцкая місія і поруч яе стаяла на высокай калоне статуя. Удзячны народ забыўся, хто гэта: святы ці нейкі дзяржаўны дзеяч, але трывала замацаваў у слоўніку слова «ёлуп хвашчоўскі» для вызначэння чагосьці дурнога і бескарыснага».

«Ёлупа хвашчоўскага» Караткевіч згадвае і ў сваіх іншых творах. Нядаўна здзейснілася мая даўняя мара: я на свае вочы пабачыла таго «ёлупа». Народны выраз утварыўся ад драўлянай скульптуры святога Сімпліцыяна, што дасюль стаіць на цагляным слупе ў Фашчаўцы. «Фашчаўскі» ў гаворцы, як я разумею, ператварыўся ў «хвашчоўскі». Пра паходжанне скульптуры знайшла некалькі версій. Паводле адной, скульптуру паставілі езуіты тутэйшай місіі, калі пераносілі мошчы святога на могілкі. Паводле другой, быў такі рыцар Сімпліцыян сярод езуітаў, якія сюды прыйшлі. У любым выпадку відовішча адметнае, і дужа шкада, калі рарытэт знікне. Ужо мала што ад статуі засталося.


Галава Машэкі

Неяк несправядліва, што так мала скульптурных увасабленняў твораў Янкі Купалы... Хаця імі можна лічыць усе варыяцыі на тэму Купалля.

Адзін з герояў, вартых, па агульным прызнанні, увасаблення — Машэка, герой аднайменнай паэмы. Купала даў свой варыянт легенды пра паходжанне Магілёва. Львоў у Магілёве поўна, а вось помнік Машэку, здаецца, пакуль адзін... Напэўна, з'явіцца і іншая скульптура, эскізы ўжо былі, а цяпер каменны помнік вышынёй у паўтара метра работы скульптара Уладзіміра Піпіна ўсталяваны на тэрыторыі колішняга замка, у парку імя Горкага. Суровы твар бязлітаснага разбойніка, ахвяры няшчаснага кахання, адпалохае любога ворага... Кажуць, помнік і сімвалізуе супрацьстаянне нападнікам.


Палясоўшчык Тарас

«Чуць золак —

стрэльбу ён за плечы,

Заткне сякеру

за паяс, —

Заўсёды ходзіць

бор сцярэгчы

Ды птушак біць

з ружжа Тарас».

У Гарадку аматары цікавостак шукаюць помнік палясоўшчыку Тарасу, герою паэмы «Тарас на Парнасе». Паэма лічылася ананімнай, пакуль даследчык Генадзь Кісялёў не ўстанавіў: яе аўтар — Кастусь Вераніцын, ураджэнец Гарадокшчыны, які і вучыўся тут, у Гарадку. Бронзавая выява героя, зробленая віцебскімі скульптарамі Іванам Казаком і Сяргеем Сотнікавым, нагадвае і самога Вераніцына.

Са скульптурай, праўда, атрымаліся мітрэнгі. Яе ўсталёўвалі двойчы: першы раз да абласных «Дажынак», потым на нейкі час прыбралі з-за непаразуменняў з аплатай, потым ізноў усталявалі... Цяпер скульптура — цэнтр свята «Гарадоцкі Парнас» і галоўная мясцовая адметнасць.


Шура Балаганаў

Шмат гарадскіх скульптур, утульных, гарэзных, з'явілася на Беларусі апошнія гады. Сярод іх — помнік герою рамана Ільфа і Пятрова «Залатое цяля» Шуру Балаганаву ў Бабруйску. Чаму раптам? А дзякуючы любові прафесійнага махляра Балаганава да гэтага горада. Прайдзісветы, што выдавалі сябе за дзяцей рэвалюцыйнага лейтэнанта Шмідта і пазычалі грошы ў даверлівых савецкіх чыноўнікаў, дзялілі тэрыторыю. Цытата пра гэта ўпрыгожвае помнік:

« — Нашли дураков! — визгливо кричал Паниковский. — Вы мне дайте Среднерусскую возвышенность, тогда я подпишу конвенцию.

— Как, всю возвышенность? — заявил Балаганов. — А не дать ли тебе еще Мелитополь впридачу? Или Бобруйск?

При слове «Бобруйск» собрание болезненно застонало. Все соглашались ехать в Бобруйск хоть сейчас. Бобруйск считался прекрасным, высококультурным местом».

Нягледзячы на саркастычны падтэкст цытаты, прайдзісветы любілі правінцыйны горад за празмерную даверлівасць жыхароў — скульптуру, створаную Яраславам Барадзіным да 85-годдзя водаканала, месцічы шануюць, яна стаіць ля адрэстаўраванай воданапорнай вежы ў цэнтры горада.


Джын Гасан Абдурахман ібн-Хатаб

У Віцебску на дзень горада з'явіўся помнік Старому Хатабычу, герою папулярнай савецкай дзіцячай казачнай аповесці. Нагадаю, што Хатабыч — гэта джын, які трапляе ў рукі піянера Волькі. Тысячагадовы досвед Гасана Абдурахмана ібн-Хатаба ў новых варунках не спрацоўвае, бо піянерам не патрэбныя золата, багатыя ўборы і пакланенне. А Волька пераконваецца, што чагосьці вартыя толькі каштоўнасці, заробленыя сумленнай працай... У адрозненне ад шматлікіх Чабурашак, катоў Леапольдаў і Гулівераў, што запаланілі паркі і дзіцячыя пляцоўкі, у гэтага помніка была гістарычная падстава з'явіцца на Беларусі. У 1903-м годзе ў Віцебску нарадзіўся аўтар аповесці пра піянера і джына Лазар Лагін. Яго сапраўднае імя — Лазар Гінзбург.

Хатабыча паставілі ля ўваходу ў лялечны тэатр «Лялька», аўтар помніка — віцебскі мастак, скульптар і дызайнер Сяргей Сотнікаў.


Мюнхгаўзен, хоць і не той самы

А вось з'яўленне ў Глыбокім да 600-годдзя горада помніка герою кнігі нямецкага пісьменніка Рудольфа Эрыка Распэ «Прыгоды барона Мюнхгаўзена» — спроба містыфікацыі. Месца нечаканае, непадалёк ад старых гарадскіх могілак Копцеўка. Чаму тут вырашылі размясціць бронзавага барона-фантазёра, які, седзячы на гарматным ядры, глядзіць праз падзорную трубу на краявіды беларускага мястэчка?

Справа ў тым, што на пачатку двухтысячных тут знайшлі магілу, дзе на чыгунным крыжы па-нямецку напісана: «Фердынанд і Вільгельміна фон Мюнхгаўзен». На іншым баку крыжа значыцца: «Памёрлі 31 сакавіка 1871 года».

Прозвішча адразу абудзіла фантазію месцічаў. Ну чаму тут не можа быць пахаваны герой Распэ? Ці хаця б яго нашчадак. І цяпер, ды яшчэ пасля з'яўлення помніка, усе экскурсанты абавязкова просяць адвесці іх на магілу барона Мюнхгаўзена. Цікаўнікаў не бянтэжыць, што сапраўдны Карл Еранім барон фон Мюнхгаўзен памёр у 1797 годзе і быў пахаваны ў родным горадзе Бадэнвердэр на захадзе Германіі. Але хто ведае, мо хтось і адшукае сувязь глыбоцкіх Мюнхгаўзенаў з тымі бадэнвердэрскімі?

Дарэчы, другі помнік барону Мюнхгаўзену, дакладней, Алегу Янкоўскаму ў гэтай ролі, аўтарства скульптара Уладзіміра Жбанава, знаходзіцца ў дворыку Музея гісторыі Мінска.


Гуліверы, панначкі, зубры

Пералічанае, вядома, далёка не ўсё... Ля Гомельскага тэатра лялек стаіць Бураціна з іншымі героямі казкі Аляксея Талстога — работа скульптара Валерыя Кандраценкі. Уладзімір Жбанаў, аўтар многіх гарадскіх скульптур, падарыў нам ажно дзве чэхаўскія «Дамы з сабачкамі» — адна дама задуменна мроіць аб каханні ля мінскай Камароўкі, другая — ля Магілёўскага драматычнага тэатра. У Магілёве нясе службу і бронзавы пушкінскі станцыйны наглядчык работы Жбанава — месца яму, натуральна, на вакзале. У Гродне на вуліцы Ажэшкі на гранітным пастаменце забаўляе публіку Жаба-падарожніца працы скульптара Уладзіміра Панцялеева. У Магілёве Уладзімір Конанаў стварыў паркавую скульптуру з граніту «Песнь пра зубра» і помнік «Маленькі прынц». У Оршы, у дзіцячым парку, высіцца Гулівер. У Брэсце, на вуліцы Гогаля, увекавечаныя сцэна адпявання панначкі з гогалеўскага «Вія», нос калежскага асэсара з апавядання «Нос», выкраданне Месяца з «Вечароў на хутары каля Дзіканькі»... І гэта далёка не поўны пералік, які, безумоўна, будзе яшчэ папаўняцца.

Падарожнічайце па роднай Беларусі, рабіце адкрыцці ў яе мастацтве і літаратуры!

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».