Вы тут

Акцэнты ў рабоце Беларускага саюза мастакоў


Беларускі саюз мастакоў — адна з найстарэйшых грамадскіх творчых арганізацый краіны, якая аб’ядноўвае мастакоў і мастацтвазнаўцаў, — нядаўна правёў ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі XXIV з’езд. Колькасць членаў суполкі перавышае адну тысячу чалавек — на пасяджэнні прысутнічала прыкладна трэць. Справаздачы і выбары, прапановы і дэбаты, звязаныя як з жыццём саюза, так і з мастацкім працэсам Беларусі ўвогуле, — традыцыйныя складнікі маштабнай сустрэчы. Гэтым разам звернем увагу на акцэнты, зробленыя рознымі выступоўцамі.


Міністр культуры Анатоль Маркевіч.

Вядучым XXIV з’езда БСМ выступіў заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі краіны, загадчык кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, прафесар Уладзімір Зінкевіч. Ён і прадставіў склад прэзідыума. У яго ўвайшлі Анатоль Маркевіч, міністр культуры Беларусі, і Ірына Дрыга, начальнік галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры. Членамі прэзідыума сталі Уладзімір Пракапцоў, генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея, і протаіерэй Фёдар Поўны, настаяцель прыхода храма Усіх Святых. Ад самой творчай арганізацыі — Уладзімір Зінкевіч, старшыня Савета БСМ, Глеб Отчык, старшыня БСМ, Наталля Шаранговіч, першы намеснік старшыні, і Андрэй Басалыга, намеснік старшыні па арганізацыйных і творчых пытаннях. У склад прэзідума таксама ўвайшлі народныя мастакі Беларусі Іван Міско, Уладзімір Тоўсцік і Уладзімір Слабодчыкаў.

Першым з прывітальным словам да ўдзельнікаў з’езда звярнуўся міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатоль Маркевіч. Ён падкрэсліў, што дзякуючы намаганнням творцаў суполкі на карце Беларусі з’явіліся творы манументальнага мастацтва высокага патрыятычнага гучання: мемерыяльныя комплексы «Ала» і «Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці», якія ўвекавечылі памяць аб ахвярах фашысцкага генацыду, помнікі выдатным асобам — Мітрапаліту Філарэту, Якубу Коласу, Івану Шамякіну, памятны знак «Жывая памяць удзячных пакаленняў» і іншыя. Беларускія мастакі-манументалісты — актыўныя ўдзельнікі рэстаўрацыйных работ на аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны, плённа яны працуюць і над аздабленнем новабудоўляў, станцый мінскага метрапалітэна.

— У 2019—2022 гадах супрацоўніцтва Міністэрства культуры і Беларускага саюза мастакоў развівалася па шэрагу кірункаў, — адзначыў Анатоль Мечыслававіч. — Найперш разам працавалі над удасканаленнем заканадаўства. На аснове прапаноў Беларускага саюза мастакоў у новую рэдакцыю Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры ўключаны нормы, якія вызначаюць паняцце «творчая майстэрня» і пашыраюць магчымасці творчых саюзаў для ажыццяўлення дзейнасці, што прыносіць даходы без стварэння камерцыйных арганізацый. Таксама ў новай рэдакцыі палажэння аб парадку стварэння і прыёмкі твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, зацверджанай пастановай урада ў студзені 2022 года, рэалізавана прапанова мастакоў аб тым, што экскізныя праекты такіх твораў, якія ствараюцца за кошт сродкаў бюджэту, павінны выбірацца на аснове адкрытых конкурсаў.

Яшчэ адным важным кірункам сумеснай работы, на думку міністра культуры, з’яўляецца набыццё работ беларускіх мастакоў для папаўнення музейных калекцый. За мінулыя гады была не толькі захавана практыка закупак за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту Міністэрства культуры, але і прынята рашэнне закупляць работы мастакоў з рэгіёнаў. Так, у 2021 годзе набылі 53 творы выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва на суму 341 500 руб., у тым ліку 23 работы маладых мастакоў. Сёлета таксама адбылося пасяджэнне закупачнай камісіі. Цяпер ідзе працэс падрыхтоўкі дагавораў. Між тым у прыярытэце — творы патрыятычнай накіраванасці і падтрымка творчай моладзі. Дарэчы, для выключэння суб’ектывізму і густаўшчыны пры закупках па прапановах мастакоў укаранілі двухступеньчатую сістэму экспертызы работ. Спачатку яны разглядаюцца членамі Рады БСМ, а пасля выносяцца на пасяджэнне закупачнай камісіі.

Асаблівае месца ў сумеснай працы Мінкульта і БСМ займае стварэнне твораў манументальнага мастацтва. Як падкрэсліў Анатоль Маркевіч, найважнейшая сённяшняя задача — стварэнне скульптурнай кампазіцыі «Уз’яднанне» на Кастрычніцкай плошчы. Вядо­ма, што распрацоўка эскізнага праекта ідзе ўжо два гады, але чамусьці пакуль не ўдалося прапанаваць мастацкае рашэнне, якое задаволіла б грамадства. Праца працягваецца: у перспектыве плануюць прыцягнуць да праекта гісторыкаў і мастакоў.

Міністр культуры Анатоль Маркевіч засяродзіў увагу на тым, што члены саюза павінны дакладна разумець сваю прыналежнасць да дзяржавы і той палітыкі, што праводзіцца ў маштабах краіны:

— У будучыні асноўнымі задачамі БСМ бачацца стварэнне патрыятычных твораў — для гэтага міністэрства плануе ўзнавіць практыку дзяржаўнага сацыяльна-творчага заказу на творы, прысвечаныя гісторыі Беларусі, сямейным каштоўнасцям, каб перадаць іх для экспанавання ў каледжы і дзіцячыя школы мастацтваў, а таксама правядзенне выставачных праектаў і пленэраў, накіраваных на захаванне і папулярызацыю найлепшых традыцый беларускай мастацкай школы.

Дарэчы, за выдатныя творчыя дасягненні ў нацыянальнай культуры, асабісты ўклад у развіццё беларускага выяўленчага мастацтва і актыўны ўдзел у мастацкім жыцці рэспублікі ганаровай граматай Міністэрства культуры былі ўзнагароджаны жывапісцы Святаслаў Федарэнка і Анатоль Отчык. Падзяка міністра культуры — Ірыне Фінцклер, мастаку дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

У сваю чаргу старшыня Саюза мастакоў Глеб Отчык выказаў словы ўдзячнасці і ўручыў падарункі былым кіраўнікам творчай суполкі, прысутным на з’ездзе, — Генадзю Буралкіну, Уладзіміру Савічу і Рыгору Сітніцу. Успомнілі падчас адкрыцця мерапрыемства і імёны калег, якія пайшлі з жыцця ў апошнія тры гады. Так, творчая арганізацыя страціла 57 мастакоў.

Далей прагучала справаздача кіраўніка арганізацыі, які адзначыў сёлетнюю інтэнсіўнасць выставачнай дзейнасці, якая павялічылася ў тры разы ў параўнанні з 2021-м. Так, праведзена каля 500 экспазіцый: ад персанальных выставак да міжнародных.

— Не буду хаваць: апошнія тры гады былі надзвычай складанымі і напружанымі, — прызнаўся Глеб Отчык. — Свае карэктывы ўнёс каранавірус. Практычна недасяжнымі сталі замежныя выстаўкі і пленэры, рэзка скарацілася міжнароднае супрацоўніцтва, хоць, дзякуючы Міністэрству культуры, удалося паўдзельнічаць у Днях культуры ў Татарстане, мерапрыемствы з удзелам беларускіх мастакоў прайшлі ў Казахстане. У Траццякоўскай галерэі ў рамках Дзён культуры правялі выстаўкі, а зараз рыхтуем праект да 100-годдзя СССР. Многія праекты яшчэ чакаюць завяршэння. За гэты час было падпісана шмат пагадненняў, намечана шмат планаў на будучыя тры гады. Асаблівыя спадзяванні скіраваны на Кітай, Казахстан, Расію.

Прыйшлося вырашаць і складаныя эканамічныя пытанні, адзначыў Глеб Анатольевіч. Найперш яны былі звязаны з працай унітарных прадпрыемстваў, а таксама з утрыманнем уласнасці ў належным выглядзе. Ён звярнуў увагу на самую вялікую праблему, з якой сутыкнуўся, калі быў абраны на пасаду кіраўніка, — дзейнасць Барысаўскага камбіната дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя А. Кішчанкі: там былі і вялікі доўг, і нявыплата заробкаў супрацоўнікам… Тры месяцы імкнуліся ўратаваць прадпрыемства, але на той момант бізнес-аналітыкі не давалі станоўчых прагно­заў. Тады ў Адміністрацыю Прэзідэнта, у Міністэрства культуры, у іншыя ўстановы былі накіраваны лісты з просьбай дапамагчы стварыць на базе камбіната музей дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Аднак ахвотных да фінансавання не знайшлося. Прадпрыемства вырашылі ліквідаваць.

— Але разам з тым магу канстатаваць, што Беларускі саюз мастакоў застаўся магутнай арганізацыяй, у якой найважнейшым элементам дзейнасці па-ранейшаму з’яўляецца творчасць нашых сяброў. Сведчанне таму — мноства выставак і велізарная колькасць іх гледачоў, у тым ліку шмат моладзі. Напрыклад, Рэспубліканская галерэя «Палац мастацтва» выконвае адну з найважнейшых функцый Беларускага саюза мастакоў — актыўна праводзіць выставачную дзейнасць. Сёння колькасць камерцыйных праектаў намнога паменшылася, таму фінансавы стан гэтай пляцоўкі шмат у чым залежыць ад правядзення выставак. Шмат гадоў саюз крытыкавалі за розныя кірмашы, аднак у тыя часы гэта была неабходнасць для выжывання. Сёння нашы экспазіцыі акупаюцца квіткамі.

Традыцыйна падчас з’езда БСМ адбыліся выбары старшыні — Глеб Отчык быў пераабраны на гэтую пасаду. Упершыню ў гісторыі саюза галасаванне было адкрытым, а іншых кандыдатур не прапаноўвалі.

Што да пытанняў, якія разглядаліся, — найперш дзейнасць маладзёжнай секцыі. Дыялог скончыўся тым, што яе вырашылі ліквідаваць. Большасць пагадзілася з тым, што маладыя мастакі могуць працаваць у межах канкрэтных секцый саюза. Аднак цэнз на ўступленне змяняцца не будзе. Было агучана шмат праблем, звязаных з памяшканнямі арганізацыі (з’явіўся пункт аб паляпшэнні матэрыяльна-тэхнічных умоў маёмасці саюза і яго ўнітарных прадпрыемстваў). Вялася гутарка і аб адкрыцці новых вытворчых плошчаў для ўдасканалення працы ў ліцейнай вытворчасці, а таксама для апрацоўкі каменю і дрэваапрацоўкі.

У наступным годзе Беларускі саюз мастакоў будзе адзначаць 85-годдзе. Да таго ж 50 гадоў споўніцца Палацу мастацтва. Таму запланавана правядзенне серыі выставак сучасных мастакоў з фондавай калекцыі саюза і ўдзельнікаў асобных секцый. «Мы не будзем змяншаць нашу выставачную актыўнасць, — паабяцаў старшыня БСМ Глеб Отчык. — Трэба захаваць такі ж яркі і моцны вір творчага жыцця ў Палацы мастацтва, фестывалі розных відаў мастацтва на іншых пляцоўках сумесна з дзяржаўнымі музеямі і ўстановамі. Плануем яшчэ больш уключаць у выставачную дзейнасць абласныя арганізацыі, актыўна праводзіць рэспубліканскія праекты на абласных выставачных пляцоўках». У саюзе мяркуюць, што працягнуцца мастацкія пленэры, а таксама сустрэчы з мастакамі. Што таксама важна — будзе прадоўжана работа над сайтам БСМ, які пакуль знаходзіцца на стадыі дапрацоўкі і напаўнення. Абмяркоўвалася і стварэнне інтэрнэт-галерэі калекцыі Беларускага саюза мастакоў. Аднак для гэтага ўсе творы з фондаў павінны быць алічбаваны, з чым пакуль ёсць складанасці.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.