Вы тут

Як выратаваць падводных насельнікаў ад гібелі пад тоўшчай лёду?


Снежная і марозная зіма, якая ўжо больш за месяц гаспадарыць у Беларусі, стварае складанасці не толькі для людзей і транспарту, але і можа нашкодзіць дзікай фаўне. І, нягледзячы на адносны спакой, які ўстанавіўся з надыходам халадоў на вадаёмах, пад тоўшчай лёду можа разыграцца сапраўдная трагедыя. Калі мы не дапаможам яе прадухіліць...


Фота Анатоля Клешчука.

Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя абвясціла важную экалагічную акцыю «Створым лункі — выратуем рыбу ад замору!» Прыродаахоўнае ведамства заклікае рыбакоў і іншых неабыякавых да прыроды грамадзян ствараць на вадаёмах краіны лункі ці іншыя прыстасаванні, якія дапамогуць насыціць ваду кіслародам і прадухіліць гібель рыбы і яе маладняку.

Чаму і як узнікаюць заморы?

Заморы — гэта масавая гібель рыб у выніку змяншэння растворанага з вадзе кіслароду (да 5-30% нармальнага насычэння, ці менш за 4 мг/дм3). Пры гэтым яны могуць адбывацца як зімой, так і летам. У халодны перыяд года небяспека замораў павышаецца звычайна ў лютым -сакавіку, што звязана са складанымі працэсамі паступлення кіслароду з паветра, а таксама раскладаннем арганічнай біямасы (заа-, біяпланктону, расліннасці). Але чым раней пачаць прафілактычныя мерапрыемствы, тым лепш будзе адчуваць сябе рыба.

Часцей за ўсё такія з'явы назіраюцца на мелкаводных бяссцёкавых ці слабапраточных азёрах з высокім утрыманнем арганічных рэчываў. Сустракаюцца заморы і на рэках, асабліва малых, падчас летне-асенніх паводак. Але калі летам вада таксама ўзбагачаецца кіслародам за кошт ветру, дажджу, канвекцыйных працэсаў, а таксама дзякуючы фотасінтэзу водных раслін, то зімой усё гэта амаль немагчыма. Ускладняе сітуацыю вялікая таўшчыня лёду, што блакіруе доступ атмасфернага паветра і кіслароду, працяглае паніжэнне тэмпературы паветра да -15°С і ніжэй, стабільнае снежнае покрыва.

Кісларод — пад кантролем спецыялістаў

Як вызначыць, што на вадаёме пачаўся замор? Прадвеснікі працэсу — жукі-плывунцы і іншыя насякомыя, якія збіраюцца ў лунках. Акрамя таго, можа паказвацца дробная рыба. Яна больш рухавая, чым дарослыя асобіны, таму ёй патрабуецца больш кіслароду. Спецыялісты ж вызначаюць заморныя з'явы падчас даследаванняў проб вады на ўтрыманне растворанага кіслароду.

Станам водных аб'ектаў займаюцца прадстаўнікі лабараторый Рэспубліканскага цэнтра аналітычнага кантролю ў галіне аховы навакольнага асяроддзя Мінпрыроды. Штогод з 1 студзеня па 1 красавіка яны з пэўнай перыядычнасцю назіраюць за азёрамі і рэкамі краіны.

— За 2022 год лабараторная служба РЦАК абследавала больш за 200 водных аб'ектаў, схільных да заморных з'яў, — расказала намеснік начальніка цэнтра Святлана КАСЦЯН. — У зімовы перыяд спецыялісты зафіксавалі нізкае ўтрыманне кіслароду на 16 такіх аб'ектах, у 2021-м — на 28.

Гэты паказчык вызначаецца экспрэс-метадам непасрэдна на возеры ці рацэ — вынікі вымярэнняў вядомыя ўжо праз некалькі хвілін. Калі ўзровень кіслароду нізкі, спецыялісты РЦАК праводзяць дадатковыя даследаванні вады па 14 паказчыках (амоній-іон, нітрат-іон, фосфар агульны, жалеза агульнае і іншыя). Усе гэтыя звесткі потым перадаюцца ў тэрытарыяльныя органы Мінпрыроды, каб прыняць меры і прадухіліць заморныя з'явы.

Хто дапаможа?

Большасць вадаёмаў і вадацёкаў краіны ўваходзяць у лік так званых рыбалоўных угоддзяў, дзе дазволена лоўля рыбы. Частка з іх арандуецца для вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і перададзена ў бязвыплатнае карыстанне. Астатнія ўваходзяць у фонд запасу.

Рыбалоўныя ўгоддзі з фонду запасу павінны ахоўваць мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы ці спецыяльна ўпаўнаважаныя юрыдычныя асобы. За кошт мясцовых бюджэтаў праводзяцца мерапрыемствы па прадухіленні заморных з'яў і ліквідацыя іх наступстваў. Такая ж задача стаіць і перад арандатарамі рыбалоўных угоддзяў.

Таму, калі вы выявілі заморную з'яву, праінфармуйце пра гэта:

  • у арандаваных ці перададзеных у бязвыплатнае карыстанне рыбалоўных угоддзях — арандатараў і карыстальнікаў, а таксама Дзяржаўную інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь;
  • у рыбалоўных угоддзях фонду запасу — мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, Дзяржінспекцыю, Мінпрыроды і яго тэрытарыяльныя органы.

Але ў прыродаахоўным ведамстве ўпэўнены — акрамя адказных арганізацый, у справе выратавання беларускай іхтыяфаўны таксама не абысціся без падтрымкі грамадзян — мясцовага насельніцтва, моладзі, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый і іншых неабыякавых да стану наваколля людзей.

Што можна зрабіць?

Спецыялісты выдзяляюць некалькі найбольш эфектыўных мер папярэджання замораў:

  • Унясенне вапны ў вадаёмы

Вапнаванне садзейнічае раскладанню і паскарэнню мінералізацыі арганічнага рэчыва, а таксама паляпшэнню газавага рэжыму, нейтралізуе кіслую рэакцыю вады. Нягашаную вапну ўносяць у вадаём з разліку 1-2 ц/га. Пры выкарыстанні гашанай вапны ці молатага вапняку нормы ўнясення павялічваюцца, адпаведна, у 1,3 і 1,8 раза.

  • Аэрацыя вадаёмаў

Аэрацыя — гэта працэс, пры якім паветра цесна кантактуе з вадой шляхам распылення вады ў паветры ці калі пузыркі паветра прапускаюць праз ваду. Разам з тым аэрацыю могуць праводзіць і праз гідрамеханічнае перамешванне воднай тоўшчы.

  • Стварэнне палонак на вадаёмах

Колькасць палонак залежыць ад плошчы вадаёму і ў сярэднім складае 3-5 шт/га. Палонкі трэба размяшчаць у цэнтры вадаёма і па яго перыметры, дзе глыбіня слою, які не прамярзае, складае 50-60 см. Для прадухілення замярзання палонак неабходна ў іх устанавіць снапы з чароту, рагозу і іншых пустастволых «дыхаючых» раслін ці падвешваць мяшкі з соллю ў такіх палонках з разліку 5 кг/мяшок. Можна выкарыстоўваць тэхнічную соль, якую прымяняюць для ачысткі катлоў у кацельнях.

Цікава ведаць!

Кожны від рыбы па-рознаму рэагуе на змяншэнне растворанага ў вадзе кіслароду. Па гэтым паказчыку вучоныя падзялілі прэснаводных рыб на чатыры групы.

— У групу з вузкай адаптацыйнай здольнасцю ўваходзяць фарэль, сіговыя і іншыя віды, якія патрабуюць высокага ўтрымання кіслароду (не менш за 7 мг/дм3), а ўзровень у 5 мг/дм3 для іх ужо крытычны.

— Далей ідуць харыус, сцерлядзь, галавень, марона, рыбец, мянтуз, судак і іншыя дробныя рыбы, часцей за ўсё прадстаўнікі рэк. Ім патрабуецца 5-7,5 мг/дм3 растворанага кіслароду.

— Да трэцяй групы адносяцца рыбы, фізіялагічныя функцыі якіх не прыгнятаюцца пры ўтрыманні кіслароду да 4 мг/дм3. Сярод іх большасць азёрна-рачных жыхароў — шчупак, плотка, язь, гусцяра, лешч, акунь, ёрш і іншыя.

— Самыя ж малаўразлівыя віды, здольныя пераносіць паніжэнне ўтрымання кіслароду да 0,5-5 мг/дм3 — карп, лінь, карась.

У беларускай іхтыяфаўне ёсць і свае ўнікумы — вугор і ўюн. Ім недахоп кіслароду ў вадзе амаль не страшны. Першы від валодае здольнасцю падскурнага дыхання, а другі можа засвойваць кісларод з паветра, глытаючы яго ў кішэчнік.

Настасся АЛЯКСЕЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».