Вы тут

Прагноз надвор'я для людзей, лётчыкаў, аграрыяў...


Вынікі праграмы аб развіцці сістэмы гідраметэаралагічнай бяспекі Саюзнай дзяржавы (СД) ва ўмовах змены клімату на 2017—2021 гады і падрыхтоўка праграмы на 2023—2027 гады. Распрацоўка далейшай нарматыўна-прававой і метадалагічнай баз і ўдасканаленне механізму двухбаковага абмену метэаралагічнай інфармацыяй. Гэтыя і іншыя пытанні абмеркавалі эксперты ў Магілёве на 74-й сумеснай калегіі Камітэта Саюзнай дзяржавы па гідраметэаралогіі і маніторынгу забруджвання навакольнага асяроддзя.


Ва ўмовах санкцый

Летась Мінпрыроды Беларусі сумесна з Расгідраметам завяршылі праграму Саюзнай дзяржавы аб развіцці сістэмы гідраметэаралагічнай бяспекі Саюзнай дзяржавы (СД) ва ўмовах змены клімату на 2017-2021 гады. Укараненне яе вынікаў у розных сферах жыццезабеспячэння насельніцтва і канкрэтных галінах эканомікі абедзвюх дзяржаў садзейнічае змяншэнню шкоды ад неспрыяльных умоў надвор'я і сацыяльна-эканамічных наступстваў, якія выкліканы зменай клімату, а таксама дазваляе ў цэлым значна павысіць якасць метэаралагічнага абслугоўвання ў нашых краінах, зазначыў Іван Прыходзька, намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі:

— Асаблівую значнасць у сённяшніх умовах набывае далейшае павышэнне эфектыўнасці работы гідраметэаралагічных служб. Для забеспячэння гідраметэаралагічнай бяспекі СД ва ўмовах змены клімату ў нас з вамі шмат агульных пытанняў, якія больш вынікова можна вырашыць сумеснымі намаганнямі. Санкцыйная палітыка калектыўнага Захаду і ЗША не толькі ўплывае на наша эканамічнае развіццё, але і негатыўна адбіваецца на міжнародным супрацоўніцтве ў галіне метэаралогіі, у тым ліку на ўзаемадзеянні з Сусветнай метэаралагічнай арганізацыяй і адпаведнымі еўрапейскімі інстытутамі і арганізацыямі. Па сутнасці, мы знаходзімся ў новай рэальнасці, якую неабходна трансфармаваць у сумесную работу. Адпаведна, нашы задачы павінны быць больш амбіцыйнымі, а іх рэалізацыя — больш аператыўнай.

У лютым 2022-га Белгідрамет адключылі ад інфармацыі, якую арганізацыя атрымлівала ад Еўрапейскага цэнтра сярэднетэрміновых прагнозаў без тлумачэнняў. Перастала існаваць як такое ўзаемадзеянне з прыгранічнымі гідраметэаслужбамі Латвіі, Літвы, Польшчы, Украіны, таму беларусы сталі шукаць магчымасць працаваць без іх, падзялілася Тамара Гоманава, начальнік Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя:

— У многім дапамагаюць калегі з Расіі — у частцы і праграмнага забеспячэння (сумесныя распрацоўкі краін), і выкарыстання абсталявання, а таксама методык, сінаптычнага разліку. Сёння спраўджвальнасць нашых сярэднесутачных прагнозаў складае 98 %, а на трое сутак — 95 %, так што, можна сказаць, што мы сталі мацнейшыя.

Узаемнае павышэнне якасці і навуковага патэнцыялу

Навуковыя даследаванні, якія праводзяцца гідраметэаралагічнымі службамі Беларусі і Расіі, у тым ліку ў рамках праграмы СД, садзейнічаюць нарошчванню навуковага патэнцыялу і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Шчыльнае ўзаемадзеянне ў межах саюзнай праграмы, асабліва на прыгранічных тэрыторыях, адбываецца паміж службамі краін ужо не адно дзесяцігоддзе і дазваляе лёгка вырашаць прафесіянальныя гідраметэаралагічныя пытанні, перакананы Ігар Шумакоў, кіраўнік Расгідрамета:

— Прагнозы, якія вы бачыце, немагчыма зрабіць у адной дзяржаве, не ведаючы, што робіцца ў сумежнай. Вялікі блок сумеснай работы датычыцца таксама маніторынгу забруджвання навакольнага асяроддзя і сумеснага забеспячэння палётаў грамадзянскай авіяцыі. Ніводны пілот не ўзлятае без прагнозу надвор'я. У новых геапалітычных умовах былі праблемы з забеспячэннем грамадзянскай авіяцыі прагнозамі, аднак сумесна з беларускімі калегамі мы іх хутка вырашылі, так што ніхто гэтага, бадай, і не заўважыў.

— Кліматычныя змены маюць прагрэсуючы характар, што негатыўна адбіваецца на ўсіх сферах жыццядзейнасці: эканоміцы, сельскай гаспадарцы, здароўі чалавека. Таму раннія прагнозы кліматычных змен — архіважныя, — дадаў Мікалай Васількоў, старшыня камісіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і ліквідацыі наступстваў аварый.

Пытанні, вынесеныя на абмеркаванне саюзнай калегіі, у асноўным датычыліся паглыблення супрацоўніцтва паміж краінамі. У новай праграме прынцыпы застаюцца ранейшымі, аднак будуць распрацаваны новыя тэхналогіі прагназіравання, каб прагнозы сталі больш дакладнымі, а інфармацыя лягчэй даходзіла да спажыўца. Працягнецца і трансгранічнае супрацоўніцтва паміж краінамі. Сярод прыгранічных падраздзяленняў нават аб'яўлены адпаведны прафесійны конкурс. У Беларусі, дарэчы, вельмі моцныя спецыялісты ў галіне аграметэаралогіі, дадаў кіраўнік Расгідрамета:

— Гідралогія таксама вельмі важная тэма, асабліва падчас вясенняй ці летняй паводкі, таму разам з кліматычнымі пытаннямі яна ўвойдзе ў новую саюзную праграму.

Гідраметэаслужба не толькі вядзе назіранне, але і забяспечвае органы выканаўчай улады і насельніцтва неабходнай інфармацыяй, якая дапамагае аператыўна прымаць кіруючыя рашэнні, нагадала Святлана Трафімава, міністр прыродных рэсурсаў і экалогіі Іркуцкай вобласці:

— Урад Іркуцкай вобласці з 2016 года працуе з Беларуссю ў межах пагаднення аб гандлёва-эканамічным, навуковым і культурным супрацоўніцтве. У рамках рэалізацыі федэральнага праекта «Чыстае паветра для горада Брацка» беларуская кампанія паставіла тралейбусы.

У Беларусі за апошнія тры гады была сур'ёзна мадэрнізавана гідраметэаслужба, таму, нягледзячы на знешнія абмежаванні, яна мае даволі высокі ўзровень якасці паслуг, абазначыў Іван Прыходзька:

— Сумесная работа гідраметэаслужб Беларусі і Расіі — добры прыклад эфектыўнай інтэграцыйнай пляцоўкі для ўзаемадзеяння і ўзаемаразвіцця. Рэалізавана ўжо пяць саюзных праграм у галіне метэаралогіі, і іх вынікі ўкараніліся ў вытворчай практыцы службаў краін.

Эксперты галіны прынялі рашэнні па ўсіх дзевяці разгледжаных на калегіі пытаннях практычна аднагалосна. Яны тлумачаць гэта зацікаўленасцю ў неабходнасці далейшай інтэграцыі і ўдасканалення гідраметэаслужбаў абедзвюх краін.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».