Вы тут

Лілія Нішчык паспяхова сумяшчае жывапіс, скульптуру і кераміку


Творчая прагнасць не дазваляе ёй абмежавацца нечым адным. Таму Лілія Нішчык з поспехам сумяшчае жывапіс, скульптуру, кераміку.


— Ніколі не чакаю натхнення: мне здаецца, яно мяне не пакідае. Жаданне ствараць нешта новае адчуваю ўвесь час, творчыя крызісы, уздымы і падзенні мне не знаёмыя, — адзначае мая суразмоўніца.

У дзяцінстве Лілія марыла быць скульптарам. Але паступіла ў БДАМ на факультэт дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Як кераміст адразу пачынала з арт-аб’ектаў, хаця выконвала і чайна-кававыя сервізы, талеркі. Яшчэ ў студэнцкія гады зразумела, што кераміка падыходзіць для стварэння самых розных выяў і цалкам можа «канкурыраваць» са скульптурай. Гэта яе надзвычай захапіла. У сваіх працах Лілія Нішчык, па ўласным азначэнні, візуалізуе вобразы, прастору і час. Пра іх мы ў асноўным і размаўлялі.

Час

— Мне камфортна жыць у сваім часе перш за ўсё таму, што магу сябе рэалізаваць, займаюся тым, што люблю, — прызнаецца Лілія Нішчык. — Лічу, у мяне было шчаслівае дзяцінства, выдатныя студэнцкія гады, і сваёй сталасцю таксама задаволеная. Не застаюся абыякавай да тых драм і трагедый, якія адбываюцца сёння. Мы перажываем цяжкі, напружаны пэрыяд. І ўсё ж, лічу, трэба знаходзіць сілы, каб працаваць. Асабіста мяне ратуе мастацтва.

«Трансфармацыя свядомасці 2».

Час — складаная і загадкавая катэгорыя. Ён па-рознаму ўспрымаецца і цячэ ў шчасці і няшчасці, калі чалавек нечым горача захоплены і калі адчувае нуду, у горадзе з яго імклівым тэмпарытмам і на прыродзе.

Найглыбейшую цікавасць Лілія Нішчык адчувае да дагістарычнага перыяду. Як, паводле чыёй задумы мы з’явіліся, для чаго нас і наш мір задумалі? — вось на якія пытанні ёй хацелася б знайсці адказы. Усе існуючыя тэорыі і гіпотэзы яе не задавальняюць. Магчыма, таямніцы мінулага так і застануцца неразгаданымі і непазнанымі. Але разважаць над гэтым, шукаць свае адказы для Ліліі Нішчык надзвычай займальна.

— Вывучаць мінулае неабходна — без яго не разбярэшся ў сучаснасці і не падрыхтуешся да будучыні, не прадбачыш траекторыю развіцця і выклікі, — пераканана скульптар. — Рэгулярнае паўтарэнне трагедый і драм, вяртанне на тыя колы, куды не хацелася б вяртацца — усё гэта даказвае, што мы — дрэнныя вучні, якія не засвойваюць папярэдніх урокаў, а таму ўпарта здзяйсняюць адны і тыя памылкі. Сваімі поспехамі ў сферы навукі, тэхнікі чалавецтва можа ганарыцца, але аб прагрэсе ў сферы духу я б казаць не стала.

Выявы

— Яшчэ ў студэнцкія гады я пачала вывучаць беларускую архаіку, знаёмілася з уяўленнямі нашых продкаў пра светабудову, узаемадзеянне сіл прыроды, чалавека і космасу. Стварыла серыю падлогавых арт-аб’ектаў («Міфалагемы Архаікі Беларусі»), прысвечаных гэтай тэме, — распавядае Лілія Нішчык. — Быў перыяд, калі захапілася вывучэннем жывёльнага свету, выканала для экстэр’ера і інтэр’ера серыю рэальных і міфічных анімалістычных вобразаў. Надзвычай цікава было працаваць над формаўтварэннем, фактурай і пластыкай гэтых персанажаў.

«Ілюзія гульні».

Цікавіць Лілію і чалавек з яго страсцямі, заганамі і вартасцямі, з яго сапраўдным тварам і той маскай, якую апранае на сябе, выходзячы ў свет людзей.

— Паўсядзённыя паводзіны, дзейнасць чалавека часта ўступае ў супярэчнасць з яго ўнутраным жыццём, — лічыць Лілія Нішчык. — Ён часта змушаны жыць па адных правілах, у той час як душа прагне зусім іншага. Часам людзі ўяўляюцца навакольным зусім не тымі, кім насамрэч з’яўляюцца. Да таго ж сёння нашай свядомасцю неверагодна шмат і актыўна маніпулююць. Выказаць гэта ў скульптуры няпроста, але тым больш прывабна.

З разраду такіх работ — «Трансфармацыя свядомасці». Асноўны мэсэдж аўтара — калі з часоў дзяцінства і юнацтва з іх ілюзіямі, ідэаламі, наіўнасцю мы выходзім у свет дарослых і сутыкаемся з хлуснёй, подласцю, здрадай, то погляд на свет, свядомасць мяняюцца. Дзеці часцей усміхаюцца менавіта таму, што жыццё ўяўляецца ім прыгожым, пазітыўным, прыязным. А з узростам агрэсіўнасць знешняга свету нясе расчараванні, боль — выразы твараў мяняюцца, прыкметна суравеюць і становяцца сумнымі. 

«Ілюзія гульні» — керамічны куб як сімвал ігральнай косці: у нумарацыі ячэек намаляваны чалавечыя заганы, уключаючы 12 смяротных грахоў. Пад ціскам гэтага негатыву зямная цвердзь падае, і душы, якія зайграліся, аказваюцца ва ўладзе прадстаўнікоў цемры.

— Веру, што сярод людзей больш тых, хто на баку свету, — кажа Лілія. — Але добрыя і разумныя часта раз’яднаныя, а прымітыўныя і агрэсіўныя значна лепш кансалідуюцца.

«Ігуана».

Рэгулярна наведваючы выставы Ліліі Нішчык, можна пераканацца: яе творчы кацёл увесь час варыцца. Ідэі вобразаў узнікаюць часта нечакана, і яна спяшаецца іх замаляваць, каб потым абдумаць. Калі задумы даходзяць да «гатоўнасці», скульптар прымаецца за іх увасабленне.

Прастора

— Цяпер жыву за горадам, — дзеліцца Лілія. — Мне там вельмі падабаецца, гэта зусім іншы свет, дзе я адпачываю ад сталічнай мітусні. Разам з тым маю патрэбу і ў імклівым рытме мегаполіса. Камфортна адчуваю сябе ў майстэрні: гэта тэрыторыя канцэнтрацыі і адзіноты, якія так неабходны для творчасці. Але пасля перыядаў напружанай працы, увасаблення сваіх задум хочацца выйсці ў свет, каб пагутарыць, абмяняцца думкамі. Мяне хвалюе, які эмацыйны водгук выклікае маё мастацтва ў публікі, прычым не толькі ў калег, але і ў звычайных гледачоў. Цікава чуць, што бачаць у маіх працах, як іх тлумачаць.

Арт-аб’ект, «Скульптура роду», з серыі міфалагемы архаікі Беларусі.

Змена тэмпарытмаў, заняткаў, асяроддзя пазбаўляе скульптара ад руціны, аднастайнасці, стомленасці. Лілія Нішчык прызнаецца: працуецца ёй лепш за ўсё ў звыклым, абжытым месцы. Але аказваючыся за межамі Беларусі, яна дастаткова хутка асвойваецца і таксама адчувае сябе камфортна.

— Прырода, творчасць ствараюць выдатнае сяраду абітання, — адзначае скульптар. — Але сёння за нашу планету і яе будучыню трывожна. Усім нам неабходна клапаціцца аб тым, каб напаўняць нашу агульную прастору не толькі камфортам, але і любоўю, культурай, гуманізмам, узаемапавагай.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота з архіву Ліліі НІШЧЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.