Кожную пятніцу ў прамым эфіры тэлеканала «Беларусь 1» транслюецца музычнае шоу «Фактар.BY». Удзельнікі праекту пад кіраўніцтвам зорных настаўнікаў выконваюць песні розных жанраў і эпох, а гледачы праз смс-галасаванне абіраюць найлепшага выканаўцу тыдня. «Звязда» завітала ў здымачныя павільёны «Беларусьфільма», каб паглядзець, як удзельнікі рыхтуюцца да выступленняў, і што стаіць за відовішчнай карцінкай на экране тэлевізара.
Першая лакацыя, куды я трапляю, так званы «бабл рум» — пакой адпачынку, у якім канкурсанты рыхтуюцца да выхаду на сцэну. Некаторыя наносяць апошнія штрыхі ў макіяжы, другія рэпецiруюць танцавальныя рухі і словы песень. Найбольш энергічныя здымаюць цік-токі. Перашкаджаць не хочацца, усё ж такі зараз кожны з іх настройваецца на творчую хвалю. Міма праходзіць Сяргей Саседаў — музыкальны крытык і сябра журы «Фактара.BY». Здаецца, самы яскравы і непасрэдны настаўнік конкурсу. Сяргей падыходзіць да сваіх падапечных і па-сяброўску дапамагае вырашыць апошнія пытанні перад выхадам на сцэну:
— Я не хачу казаць, хто з удзельнікаў лепшы: няхай вырашае наш глядач. Мы, сябры журы і арганізатары, не хочам нічога навязваць. Канешне, мы шмат працуем з удзельнікамі, але пры гэтым сочым, каб яны адпачывалі — песня не павінна быць «запетай» у прамым эфіры. Мы імкнемся, каб глядач атрымаў асалоду ад прагляду нашых гала-канцэртаў, — дзеліцца меркаваннямі Сяргей Саседаў.
Тым часам у пакоі адпачынку градус хвалявання ўзрастае: да прамога эфіру застаецца паўгадзіны. Канкурсанты разбягаюцца па сваіх грымёрках. А вось артысты балету дэманструюць упэўненасць і спакой, для іх сённяшні эфір — звычайны працоўны дзень. Пазней мы ўбачым, што танцорам давядзецца мяняць вобразы і макіяж некалькі разоў за вечар, каб стварыць прыгожую карцінку для кожнага з канкурсантаў. Каб дасягнуць такой зладжанасці, патрабуецца скрупулёзная работа ўсёй каманды. Аб гэтым мне распавёў Раман Кавалёў, рэжысёр-пастаноўшчык канцэртных нумароў праекта:
— Я ўзначальваю творчы штат, у які ўваходзяць харэографы, рэквізітары, стылісты для балету. Я імкнуся зрабіць нумары ўльтрамоднымі, свежымі, крэатыўнымі, каб кожнае выступленне нясло сэнсавую нагрузку і перадавала той музычны матэрыял, які непасрэдна прадстаўлены выканаўцай. Аналізуючы першы сезон і старт, які мы далі на пачатку другога, магу з упэўненасцю сказаць, што сёлетні «Фактар.BY» нават больш маштабны. Калі ўспамінаць першы прамы эфір, то падрыхтоўка для кожнага нумара займала каля двух тыдняў: спачатку я распрацоўваў канцэпт выступлення, потым рабіў прэзентацыю для тэлеканала, у якой былі прадстаўлены вобразы саміх канкурсантаў, артыстаў балета, сцэнаграфія і светлавыя рашэнні.
Другая і не менш важная лакацыя — сцэна. Зараз госці пад кіраўніцтвам асістэнтаў рэжысёраў рассаджваюцца па месцах: нават і тут парадак выконваецца строга. Нельга сесці дзе заўгодна, у кадры ўсё павінна выглядаць прыгожа і выверана. Гукааператары тэсціруюць абсталяванне, першыя ўдзельнікі ўжо чакаюць свайго выхаду. Нам аб’яўляюць: «Да пачатку эфіра засталося дзве хвіліны». Я заўважаю канкурсанта, які сваёй энергетыкай нібы запаўняе ўсю прастору здымачнага павільёна: малады выканаўца лётае па калідорам, вітаючыся з кожным, каго бачыць на сваім шляху. Завуць хлопца Арцём Белы:
— Сёння я выступаю пад сёмым нумарам. Акрамя дзесяці балаў, ніякіх іншых адзнак не прымаем! Мой настаўнік Сяргей Саседаў выбраў для мяне песню «Імператрыца» Ірыны Алегравай. Гэта пра душу нашых жанчын, абцяжараных сваімі жыццёвымі праблемамі. Але я паспрабую ім нагадаць, што ўнутры кожнай ёсць шалёная імператрыца. Адказнасць каласальная!
Канкурсант збягае рыхтавацца, а са сцэны ўжо даносіцца вядомая песня Іванушак «Тапаліны пух». Гэты прамы эфір арганізатары прысвяцілі песням дзяцінства: удзельнікі выконваюць вядомыя песні нулявых. Так госці і гледачы пачулі «American boy» групы «Камбінацыя», «Нябёсы» Валерыя Меладзэ, «Чужыя вусны» групы «Рукі ўверх» і шмат-шмат іншых.
А першы канкурсант ужо «адстраляўся»: песня выканана, сябры журы выказалі свае меркаванні, і Андрэй Коласаў, які ў снежны дзень перанёс нас у сонечную спякоту хіта «Тапаліны пух», вяртаецца ў бабл-рум.
— Гэта было выдатна. Засталося, каб гледачы ацанілі маё выступленне. Па сакрэце раскажу, што мы выбіралі з пяці песень, якія я мог бы выканаць: гэта быў і Шатуноў, і «Рукі ўверх», і некалькі кампазіцый групы «Кармэн». Але я проста ўзмаліўся і сказаў свайму настаўніку Руслану Аляхно: «Можна я, калі ласка, спяю „Іванушак“?» Мне складана ўспомніць, калі я ў апошні раз так хваляваўся, як сёння. Але гэта таго варта! Цяпер я гатовы да выканання любой песні, таму што кожны раз Руслан дае мне «нязручныя» песні: гэта такая ўнутраная бойка з самім сабой, ці здолею я. Мне ўжо цікава, што будзе далей.
Так цягам амаль чатырох гадзін усе 12 удзельнікаў паказалі свае выступленні і атрымалі парады ад зорных настаўнікаў. Наперадзе гледачоў чакае яшчэ шмат яскравых і запамінальных выпускаў шоў, якія можна будзе паглядзець у прамым эфіры тэлеканала «Беларусь 1», а таксама на Youtube канале «Фактара.BY». Прыемнага прагляду.
Арына КАРПОВІЧ
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА
Ад распрацоўкі лекаў да беспілотных аўтамабіляў.
«Наш слоган — „У нагу з часам“».
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.