Вы тут

Пацеркі павесілі, сталі ў карагод…


Ёсць жа на свеце шчасліўцы, якія ўмеюць усё планаваць загадзя! І іх нямала. Такія людзі браніруюць туры на будучы адпачынак яшчэ зімой, атрымліваючы бонусы і зніжкі. І ўжо ў кастрычніку ведаюць, дзе і як будуць сустракаць Новы год. Калі вы не належыце да іх ліку, значыць, задумаліся аб навагодняй ночы толькі цяпер, калі свята бліжэй і бліжэй, а дзе і як яго правесці, для вас усё яшчэ вялікае пытанне.


Фота: БелТА.

У Новы год хочацца яркіх уражанняў, весялосці і пазітыву. Вядома, Трусік — самы сямейны звер ўсходняга гараскопа, і менавіта гэты год астролагі раяць сустракаць дома, сярод сям'і. Але калі стары добры сцэнарый «аліўе і тэлевізар» сёлета вас не задавальняе, мы вырашылі ўдакладніць, якія рашэнні яшчэ засталіся для тых, хто спахапіўся толькі цяпер. І якія магчымасці вы страцілі — каб у наступным годзе быў стымул задумацца аб навагодняй ночы крыху раней.

Стандартныя варыянты

Аграэкасядзіба (а таксама турбаза або база адпачынку). На сённяшні дзень аграсядзібаў у краіне больш за тры тысячы, распавяла намеснік дырэктара Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Кацярына Нікіціна. Многія з іх распрацавалі яркія і незвычайныя анімацыйныя праграмы на навагоднюю ноч. Але амаль усе яны ўжо забраніраваны. Каштаваць задавальненне будзе ў сярэднім пачынаючы ад 150 рублёў за суткі.

— Што датычыцца баз адпачынку, у Беларусі яны самыя разнастайныя, але з імі ёсць нюанс: многія абсталяваны толькі на летні час. Так што на Новы год я б раіла разглядаць праграмы ў санаторыях і ў гасцінічных комплексах, — заўважае Кацярына Нікіціна. — Іншая справа, што і з санаторыямі тыя, хто спахапіўся толькі ў пачатку снежня, хутчэй за ўсё, ужо спазніліся.

Але вернемся да Новага года ў аграсядзібах.

  • Плюсы такога выбару. Гэта як незабыўныя студэнцкія навагоднія вечарынкі на дачы ў сяброў, толькі лепшыя. Не трэба ламаць сабе галаву, чым пацешыць і — бонус для жанчын — чым накарміць сям'ю і гасцей. За вас усё зробяць гаспадары: і стол накрыюць, і печку зацепляць, і лазенку прыгатуюць, і забавы прапануюць.
  • Мінусы. Абсалютная большасць аграсядзіб, асабліва паблізу ад сталіцы і абласных цэнтраў, ужо забраніравана аж да канца студзеня. Ідэя ляжыць на паверхні, а значыць, прыходзіць у галаву ўсім і кожнаму. Дарэчы, калі вы вырашылі адзначыць Новы год, выдаткаваўшы мінімум грошай, гэты выбар, вядома, можа здацца надта затратным.

Санаторый. Яшчэ адзін варыянт, для рэалізацыі якога ўжо позна (ну, ці амаль позна). Санаторыяў у Беларусі 105 (уключаючы прафсаюзныя і дзіцячыя), і на сённяшні дзень іх загрузка складае больш за 75%.

— Як правіла, Новы год у санаторыі прадугледжвае банкет, анімацыйную праграму, а таксама выезд на нейкую славутасць у непасрэднай блізкасці да санаторыя, — распавядае Кацярына Нікіціна. — Урачыстасці ў навагоднюю ноч прадугледжаны і ў рамках вялікай праграмы — сямі — або чатырнаццацідзённай, і ў многіх санаторыях — у рамках экспрэс-пуцёўкі выхаднога дня (калі госці прыязджаюць на два дні). Але трапіць у санаторый на навагоднюю ноч ужо ў пачатку снежня было праблематычна. Нават цяпер, не ў пікавыя даты, загрузка санаторыяў перавышае 75%, а пад Новы год мы прагназуем вяртанне да летніх паказчыкаў — 90%.

Быццам бы застаецца люфт ў 10%. Але тут — ізноў жа — ёсць нюанс. Як правіла, у топавых санаторыях гэтыя 10 % прынята пакідаць свабоднымі, каб не было натоўпаў людзей на працэдуры, чэргаў у аквазоне і абедзенай зале.

  • Плюсы. Санаторная пуцёўка на Новы год — гэта магчымасць паплаваць у басейне, прайсці шэраг аздараўленчых, а таксама бьюці-працэдур (што таксама вельмі карысна). Пачаць год з прыгажосці і здароўя — чаму б і не? Для шумных кампаній гэты варыянт не падыдзе, а вось для людзей сярэдняга ўзросту, асабліва калі гэты Новы год па нейкай прычыне ім прыйдзецца сустракаць у адзіноце, — тое, што трэба. Вы будзеце сярод людзей, бо тарашчыцца ў тэлевізар, лежачы на канапе, — так сабе сцэнарый свята. Плюс — зможаце стаць здаравейшымі, маладзейшымі і прыгажэйшымі, тобок сумесціце карыснае з прыемным.
  • Мінусы. Варыянтаў ужо практычна няма: трэба было думаць загадзя.

— Я раіла б у наступным годзе паклапаціцца аб сустрэчы Новага года ў санаторыі або аграэкасядзібе мінімум за 2 месяцы да пачатку снежня, — кажа Кацярына Нікіціна. — Менавіта ў гэты час вялікі выбар, яшчэ не распрададзеныя самыя цікавыя прапановы. А сёння я рэкамендавала б пачаць планаваць майскія выхадныя ў санаторыі.

Яшчэ адзін мінус Новага года ў санаторыі — частаваць і забаўляць будуць у дакладнай адпаведнасці з раскладам. Спантаннасці тут месца няма. І, вядома, ёсць яшчэ матэрыяльны бок пытання: прыкладны кошт дня ў санаторыі — ад 100 рублёў (гэта з харчаваннем, працэдурамі і аквазонай), а ў рамках экспрэс-праграмы выхаднога дня — ад 150-220 рублёў.

Новы год у горадзе. Калі мітусіцца не хочацца, рэзкія рухі не выклікаюць энтузіязму, а душа ўсё ж просіць свята — у навагоднюю ноч можна проста адправіцца на шпацыр. Каля галоўнай ёлкі ў кожным населеным пункце будзе нейкі рух. Чаму б да яго не далучыцца? Фуд-зона і канцэрт, а таксама рознага роду івэнты з удзелам Дзеда Мароза і Снягуркі гарантаваныя, нейкія гледачы таксама будуць. У Мінску, напрыклад, з 25 снежня па 7 студзеня запланаваны аж 250 розных святочных мерапрыемстваў. Асноўнымі пунктамі стануць пляцоўкі каля Палаца спорту, Верхні горад і Ракаўскае прадмесце. Як адзначаюць ва ўпраўленні культуры Мінгарвыканкама, навагоднія мерапрыемствы з удзелам Дзеда Мароза і Снягуркі ў беларускай сталіцы будуць праходзіць з 12 снежня па 15 студзеня. Напрыклад, непасрэдна ў святочную ноч каля Палаца спорту адбудзецца танцавальнае шоу «Новы год для ўсіх». З 00:30 да 04:00 тут будуць працаваць дыджэі і спяваць папулярныя артысты.

Не варта забываць і аб навагодніх кірмашах, якія будуць у тым ліку працаваць у навагоднюю ноч. У сталіцы гандлёвыя рады разгарнуцца ля Палаца спорту, на Кастрычніцкай плошчы і — новая лакацыя — у Ракаўскім прадмесці. А калі ехаць у цэнтр неахвота, можна пагуляць і бліжэй — святочныя мерапрыемствы запланаваны ў навагоднюю ноч у кожным раёне сталіцы.

  • Плюсы. Найменш затратны варыянт — і з пункту гледжання прыкладзеных намаганняў, і з пункту гледжання матэрыяльнага.
  • Мінусы. Банальна холадна. У навагоднюю ноч сіноптыкі абяцаюць — 13-16 — не лепшая тэмпература для прагулак. Хаця, як гавораць палярнікі, не бывае дрэннага надвор'я, бывае непадыходнае адзенне. Улічыце: сагрэцца ў рэстаранах па маршруце наўрад ці атрымаецца — месцы на навагоднюю ноч у іх хутчэй за ўсё забраніраваны загадзя. Але, магчыма, у барах і кафэ знойдзецца мястэчка і для вас. Хоць такія (дзе знойдзецца мястэчка) прыйдзецца пашукаць.

Нестандартныя варыянты

Нацыянальны парк. Калі ў вас дэфіцыт навагодняга настрою, папоўніць яго запас можна ў рэзідэнцыі Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы.

— У Белавежскай пушчы сёлета цікавыя навагоднія праграмы, — адзначае Кацярына Нікіціна. — Там з'явіўся новы аб'ект — археалагічны музей, і на яго арыенціраваны шэраг івэнтаў. Акрамя таго, там цяпер актыўна развіваюць турыстычныя маршруты з выкарыстаннем розных відаў транспарту — фэтбайкі з патоўшчанымі коламі (яны падыходзяць нават для зімовага перамяшчэння), электратранспарт.

Зразумела, наўрад ці нумары ў гасцініцах парку да апошняй дэкады снежня засталіся незабраніраванымі. Але можна прыехаць проста на экскурсію, тым больш што Белавежская пушча месціцца зручней за іншыя нацыянальныя паркі: паблізу ад абласнога цэнтра. Можна засяліцца ў гасцініцу ў Брэсце — там шмат варыянтаў рознага ўзроўню і цэнавых катэгорый.

— А ў цэлым, сёлета ў кожным нацыянальным парку Беларусі падрыхтавана свая навагодняя праграма, — распавяла намеснік дырэктара Дэпартамента па турызме.

Напрыклад, у Прыпяцкім парку усіх ахвотнікаў запрашаюць у госці да Палескага Зюзі ў навагодні «Сафары-парк». Пачастункі ад Бабы Ягі — бясплатна. Бонус — магчымасць пагладзіць ручных аленяў. А ў Бярэзінскім запаведніку спецыяльна для тых, хто нічога не планаваў загадзя, але свята ўсё ж такі захацеў, распрацавана аднадзённая праграма «Навагодняя казка ў Бярэзінскім» (там вас чакаюць прыязны да турыстаў зубр Валера, а таксама мядзведзіцы Умка і Васіліса).

Гарналыжны цэнтр. Чаму б не правесці навагоднюю ноч у стылі галівудскіх зорак: пакатацца на горных лыжах або сноўбордзе? З аднаго боку, яднанне з прыродай і забавы ў стылі ЗЛЖ, з другога — багаты навагодні стол, рознага роду святочныя гульні і конкурсы. Гарналыжны цэнтр — ідэальны варыянт для вясёлага Новага года. І такая ідэя прыйшла ў галаву многім: у Сілічах, напрыклад, ужо напачатку снежня ўсе месцы на навагоднюю ноч былі распрададзеныя. Нягледзячы на кошт (1120 рублёў за самую кароткую — 4 ночы — навагоднюю пуцёўку). Можна паспрабаваць шчасця, патэлефанаваўшы ў спартыўныя комплексы Раўбічы і Лагойск. Але, амаль дакладна, месцаў ужо не будзе і там. Так што, гэта варыянт на будучы год.

У мінулыя гады весела і незвычайна адсвяткаваць навагоднюю ноч можна было ў аквапарку. Сёлета «Лебядзіны», дзе праводзіліся самыя «інстаграмныя» навагоднія вечарыны, у ноч з 31 снежня да 1 студзеня працаваць не будзе: тут распавялі, што 31 снежня аквапарк працуе да 20.00, а 1 студзеня — з 12.00

Старажытны замак. Новы год у замку — гэта, вядома, надзвычайны (хоць і таксама нятанны) варыянт, але ў Нясвіжы (гатэль «Палац») свабодных месцаў на навагоднюю ноч ужо няма. А вось у Мірскім замку месцы яшчэ ёсць — можна паспець забраніраваць апошнія. Тым больш, што кошт па мерках дарагоўлі навагодняй ночы — цалкам адэкватны: 420 рублёў з пражываннем, банкетам і забаўляльнай праграмай. Калі на навагоднюю ноч у Нясвіжскім замку разлічваць ужо не даводзіцца, то цалкам можна пабываць там на канцэртах: фестываль «Каляды ў Нясвіжы» стартуе 24 снежня. Гэта цудоўныя канцэрты класічнай музыкі, казачная атмасфера старажытнага замка і адчуванне навагодняга чараўніцтва. Акрамя таго, і ў Нясвіж, і ў Мір можна трапіць на праваслаўнае Раство: 5 студзеня ў Нясвіжскім замку будзе гучаць калядны джаз у выкананні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Фінберга — і гэта выдатны шанец пачаць год з прыгожага культурнага мерапрыемства. А 7 студзеня ў Міры адбудзецца Дзіцячы калядны баль: юныя дамы і кавалеры змогуць атрымаць урок прыдворнага этыкету і паспрабаваць сябе ў старадаўніх танцах.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».