Вы тут

Паглядзі, як падае снег


Сімпатычная тэлевядучая перад прагнозам надвор'я нагадала бясспрэчны факт: «Калі б надвор'е не мянялася, дзевяць чалавек з дзесяці не ведалі б, з чаго пачынаць размову». Вось і я туды ж. Калі ўжо ўся краіна стамілася ад снежных заносаў і іншых капрызаў сёлетняй наравістай зімы, нарэшце і ў нас, у Брэсце, засыпала снегам. Снег выпаў у нядзелю, а да гэтага ў двары сярод чарнаты месцамі тырчала зялёная трава. І як жа станавілася прыгожа: хоць і круціла, замятала, але ўсё напаўнялася белым колерам, па якім даўно засумавалі.


Фота: pixabay.com

Ведаю, што далёка не ўсе любяць снег, як я. Ясная справа, што гэтая прыродная з'ява прыбаўляе клопатаў дворнікам, ды і ўсім камунальнікам, а яшчэ дарожнікам, энергетыкам, іншым службам. Яно і вядома, усяго некалькі дзён таму ў розных рэгіёнах краіны выцягвалі аўтобусы спецтранспартам, цягнікі спазняліся з прыбыццём па раскладу, а людзі ў многіх вёсках некаторы час вымушаны былі сядзець без святла. Вядома, нязручна, нехта нерваваўся, іншы спазняўся. Але ж успомніце ранейшыя снежныя зімы. Яны былі такімі. Снег патрэбны ў нашых шыротах для прыроднай гармоніі, снег неабходны пасевам ды і ўсяму расліннаму свету. Усё гэта пацяпленне з безмарознымі, бясснежнымі зімамі параджае процьму шкоднікаў і хвароб для лясоў, для глебы. Хіба раней была такая зямля, што на ёй нічога не расло без дозы хіміі?

Снег у сваю пару быў атрыбутам жыццёвага асяроддзя: калі ён прыемна рыпіць пад нагамі, калі кружацца сняжынкі, ці не самыя дасканалыя стварэнні прыроды, — значыць, усё ідзе сваёй чаргой, усё ў парадку. Чамусьці многія мае самыя яркія ўспаміны мінулага звязаны са снегам. Адзін з першых — з дзяцінства. Гэта было ці з год да школы, ці, можа, у першым класе. Снегу нападала мне дакладна па пояс. У нас мясцовасць і без таго ў пагорках. А як прысыпала іх — катацца на санках стала асаблівым задавальненнем. І вось аднойчы я на тых санках выехала на дарогу... а там аўтобус. Відаць, спалохаўшыся, паспела збегчы з праезнай часткі, а санкі засталіся. Вадзіцель спыніўся, выйшаў, забраў санкі і вынес іх на ўзбочыну. Я не паспела і спалохацца як след, усвядоміць небяспеку, у памяці засталося, як ён пагразіў мне пальцам, але лагодна, з усмешкай, а яшчэ сонца, іскрысты снег. Потым бацькі той выпадак згадвалі гадоў дзесяць і нязменна жадалі здароўя кіроўцу аўтобуса.

Другі снежны ўспамін звязаны з песняй «Верасоў» «Завіруха». У мае студэнцкія гады яна ўжо была хітом. Памятаеце: «Ты куды мяне клічаш, паслухай? Завіруха мяце, завіруха. На дварэ ні машын, ні людзей». Гэта было ў адну з зімовых сесій. Я вельмі баялася таго экзамена, але здала яго паспяхова. Ішла ў інтэрнат, а на дварэ разышлася сапраўдная завіруха, мяло і круціла так, што шапку трэба было трымаць рукамі. Ля стадыёна «Дынама» ў нейкім закутку, як цяпер сказалі б, тусавалася групка хлопцаў. Мабыць, таксама студэнты, з іх транзістарнага прыёмніка ляцела ў свет гэтая песня. Гук яны зрабілі на поўную моц, а рэдкія мінакі сталі азірацца на іх і ўсміхацца. Мне таксама зрабілася і весела, і спакойна, і хораша — так, што адчуванне тое помніцца да гэтай пары. І песню люблю, хоць цяпер яе рэдка круцяць па радыё, ды ўсё ж здараецца.

Потым за гады работы шмат было снежных прыгод. Аднойчы ў камандзіроўцы машына наша захрасла ў снезе так, што давялося ісці ў вёску і шукаць трактар, каб выцягнуць. А яшчэ раней, у раёнцы, мы прыехалі напісаць пра стогадовую бабулю, дык мусілі яе спачатку адкопваць ад снегу, якім хата была заваленая па самыя вокны. Першы раз зубра ў жывой прыродзе літаральна на адлегласці ў паўтара метра давялося ўбачыць таксма ля заснежанай дарогі. Каля самай вёскі Папялёва Пружанскага раёна вадзіцель наш ад нечаканасці аж спыніўся, калі пасярод белага царства нібы з-пад зямлі вырас цёмна-буры гмах. І поўсць на ім іскрылася марозным снегам. А мы глядзелі, як той казаў, рот разявіўшы на ўладара лесу. Потым ён павольна пайшоў убок, правальваючыся ў снег, а мы паехалі далей.

...Снег у мінулую нядзелю амаль што вылечыў мяне ад хандры. Перад гэтым здарыўся тыдзень, мякка кажучы, прыкрых непрыемнасцяў, проста фатальнага нешанцавання. Адно чаплялася за другое, і ўжо не дапамагалі супакаяльныя таблеткі, скакаў ціск, усё падавалася безнадзейным. Але ж пасля абеду я здолела выцягнуць сямейнікаў прайсціся па самай доўгай пешаходнай вуліцы нашага макрараёна. І сняжынкі ляцелі ў твар, раставалі на ім, набіваліся ў капюшон і за каўнер. І мне раптам стала лягчэй, нібы адпусціла, нібы ўдалося зірнуць на свае праблемы з іншага боку. Згадалася прачытанае некалі ў Хемінгуэя: «Кожнаму з нас патрэбна, каб было некаму сказаць: «Паглядзі, як падае снег!» І ведаць, што цябе абавязкова зразумеюць».

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.