Мастацкі камбінат Беларускага саюза мастакоў разам з мемарыяльным комплексам «Хатынь» зладзілі сімпозіум па літаграфіі «Сляза, якая ўпала на попел».
Галоўнай тэмай стала трагедыя насельніцтва на акупаванай тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, распавяла дырэктар Мастацкага камбіната Беларускага саюза мастакоў Юлія Анацкая:
— У Год гістарычнай памяці мы вырашылі прысвяціць першы сімпозіум тэме Вялікай Айчыннай вайны. Ідэя нарадзілася ў працэсе выканання работ для музея ў Хатыні, які будзе будавацца. Мастацкі камбінат выступае праекціроўшчыкам экспазіцыі, якая размесціцца ў музеі. Мы шмат узаемадзейнічаем з дырэктарам мемарыяльнага комплексу «Хатынь» Артурам Зельскім. І ў нас нарадзілася ідэя зрабіць сімпозіум па літаграфіі. Адгукнулася шмат мастакоў, усе з іх годныя графікі, — распавяла Юлія Анацкая.
У склад творчай групы ўвайшлі беларускія мастакі, сярод якіх Андрэй Басалыга, Ігар Гардзіёнак, Юрый і Вольга Крупянковы, Алена Манько і Андрэй Піткевіч. Як адзначыла першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч, для саюза праект вельмі важны:
— На працягу года мы развіваем тэму гістарычнай памяці ў самых розных варыяцыях, у тым ліку ўвасабляючы тэму Вялікай Айчыннай вайны вачыма сучасных мастакоў. Мова, якой выказваецца маладое пакаленне, зусім іншая. Таму творцы паспрабавалі знайсці тую сімволіку і метафары, праз якія можна паразмаўляць аб вайне сёння. Праект паслужыў штуршком для цэлай кагорты нашых графікаў. Мне здаецца, што вынік вельмі пераканаўчы.
У сваю чаргу дырэктар Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу «Хатынь» Артур Зельскі звярнуў увагу на тое, што трагічная і жахлівая тэма вайны дае вялікі прастор для жывапісу:
— Нам, на жаль, сёння не стае рэалізму ў жывапісе. Многае мы не ўбачым на фатаграфіях — іх проста няма. І тут уступае ў сваё права наша беларуская творчасць, бо ніводная зямля ў гады Другой сусветнай вайны не перажыла тых трагедый, якія зазнала наша краіна, наш народ. Сіла мастацтва павінна данесці апакаліптычны жах усяго, што рабіла вайна на нашай зямлі не толькі з дарослымі, але і з дзецьмі. Гэта скажоная, адлучаная рэальнасць, якую мы не ўсведамляем і зараз.
Сустрэча з удзельнікамі сімпозіума адбылася ў літаграфічнай майстэрні мастацкага кабіната: мастакі прэзентавалі ўжо гатовыя работы і падзяліліся ўражаннямі ад удзелу ў праекце. Як адзначыў старшыня секцыі графікі Беларускага саюза мастакоў Ігар Гардзіёнак, тэма вельмі няпростая:
— Мяркую, не знойдзецца ніводнай сям'і, якую б не закранула гэтая трагедыя: у кожнага ёсць цяжкія гісторыі, звязаныя з тым часам. І, канешне, нам, людзям, якія толькі па ўспамінах могуць перажыць і пераасэнсаваць той перыяд, даволі цяжка брацца за такія тэмы. Але праз сімвалізм, сучаснае бачанне, пластычныя формы мастацтва ў нас ёсць магчымасць выказацца. Удзел у сімпозіуме — гэта адказнасць. Мы не дакументалісты, але адсутнасць нейкіх дакументаў мы можам замяніць сваім мастацкім разуменнем.
Арына КАРПОВІЧ
Фота БелТА
Панядзелак для Львоў — спрыяльны дзень для творчасці і новых ідэй.