Вы тут

У садку — анёлак, а дома — капрызуля. Што я раблю не так?


«Дзіўна, але мой 4-гадовы сын у дзіцячым садку зусім не такі, як дома. Мне нават крыўдна, бо я так стараюся, а ён там, з чужымі людзьмі, значна лепш сябе паводзіць, чым са мной. Па-першае, у садку ён есць усё, а дома я за ім бегаю з лыжкай і ўпрошваю. Па-другое, там ён сам апранаецца. Але варта прыйсці мне яго забіраць — сядзіць на лавачцы і кажа: «Мама, апрані мяне!». Я дома змагаюся з непаслухмяным капрызулем, а выхавальніца кажа: «Які ў вас самастойны, спакойны хлопчык!». Так можа развіцца комплекс непаўнацэннай мамы. Што я раблю не так?»

Алеся Рамановіч, г. Мінск.


— Дзеці, дарэчы, як і мы, дарослыя, паводзяць сябе з рознымі людзьмі па-рознаму, — адказвае дзіцячы псіхолаг Людміла ГУБСКАЯ. — Але менавіта маме звычайна дастаюцца самыя складаныя формы паводзін, бо побач з ёй дзіця адчувае сябе ў бяспецы, таму не стрымлівае сябе. Як правіла, для малечы садок — месца, дзе яго ўспрымаюць такім, якім ён сябе пакажа. Таму туды ён прыносіць тую форму паводзін, якая, як ён лічыць, больш за ўсё цэніцца выхавальніцай і нянечкай. Дома ж ён «стаіць на галаве», адпачываючы ад цяжкай сацыяльнай ролі «ўзорнага дзіцяці». Зразумела, бацькам, асабліва мамам, бывае крыўдна, што сын ці дачка добра паводзяць сябе з іншымі, а з імі капрызяць. Аднак важна разумець, што ў чатыры гады дзіця пакуль не можа пастаянна быць самастойным, «дарослым», а непаслухмянасць менавіта з блізкімі людзьмі азначае, што яно стараецца прыстасавацца да грамадства і затрачвае на тое шмат сіл. Толькі самым блізкім яно можа цалкам і без аглядкі даверыць свае трывогі і эмоцыі.

Раю бацькам зняць дзіця, якое, разваліўшыся ў крэсле, крышыць на стол хлеб, на відэакамеру і паказаць, як яго капрызы выглядаюць з боку. Пасля таго паводзіны вельмі часта мяняюцца ў лепшы бок. Часта дзеці прывыкаюць выкарыстоўваць маму для вырашэння тых спраў, якія ім самім не хочацца рабіць. «Пакармі мяне, апрані...» Важна своечасова пераключыцца з такіх формаў паводзін. Як толькі ўбачылі, што сын сам змог нацягнуць шкарпэткі, трэба перадаць яму тыя паўнамоцтвы, каб дзіця разумела, што гэта яго адказнасць. Калі дзеці, якія самастойна ніколі не апраналіся, ідуць у школу, ім бывае складана. Трэба за адзін перапынак пераапрануцца пасля фізкультуры і паспець збегаць у сталовую, і яны не ўкладваюцца ў адведзены час. Для дзіцяці гэта вялікі стрэс, больш за тое, апошняе можа стаць прычынай насмешак з боку аднакласнікаў. Таму раю бацькам не рабіць свайму дзіцяці мядзведжую паслугу, выконваючы за яго тое, што малеча ў стане рабіць самастойна.

Пры гэтым будзьце паслядоўнымі і не імкніцеся вырашыць усе праблемы адначасова. Немагчыма, каб у адно імгненне дзіця пачало самастойна есці, адзявацца і завязваць шнуркі, нават калі яно тое ж  робіць у дзіцячым садку. Эфектыўна ў такім узросце прывесці як прыклад любімага героя мультфільма ці сказаць: «Глядзі, коцік і той сам мыецца, і ў цябе таксама атрымаецца — паспрабуй».

Тое, як дзіця паводзіць сябе з бацькамі, не з'яўляецца паказчыкам правільнага ці няправільна выхавання. На псіхалагічных кансультацыях па паводзінах дзяцей дадзенага ўзросту я спачатку выслухоўваю скаргі мамы. А потым пытаюся, ці ёсць гэтыя ж скаргі з боку выхавальніцы, бабулі. Калі мама кажа: «Не, з іншымі людзьмі — ідэальнае дзіця», значыць, яна робіць усё правільна. Больш за тое, менавіта дзякуючы таму, што мама робіць усё правільна, дзіця за межамі дому паводзіць сябе добра і ўсе яго хваляць».

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.