Вы тут

Рэзідэнцыя Дзеда Мароза размесціцца на тэрыторыі былога езуіцкага касцёла


Тут за старадаўняй агароджай каля сцен закансерваванага езуіцкага касцёла ў гонар Святога Міхаіла Архангела адчуваецца асаблівы таямнічы дух. Гэта тэрыторыя заўсёды выкарыстоўваецца падчас Сярэднявечнага рыцарскага фэсту і прываблівае шмат людзей. А вось навагодні антураж прымерае на сябе ўпершыню.


— У нас ёсць цікавыя загарадныя маршруты, пад рэзідэнцыю можна выкарыстоўваць тэрыторыю лыжнай базы Сямігорья, замкавую гару (у складзе экскурсійнай праграмы яны таксама будуць задзейнічаны), але варыянт з езуіцкім касцёлам самы ідэальны, — кажа начальнік аддзела культуры Мсціслаўскага райвыканкама Наталля Біскуп. — Побач са старадаўнімі сценамі знаходзіцца дзіцячая школа мастацтва імя М. Чуркіна. Яе супрацоўнікі і выхаванцы рыхтуюць цікавую забаўляльную праграму. Наведвальнікам будзе зручна прыйсці сюды ў любы час, нават вечарам. У нас будзе насычаная інтэрактывам і сюрпрызамі вячэрняя праграма, разлічаная на моладзь. Кожны аб’ект на гэтай тэрыторыі зайграе новымі фарбамі.

Пляцоўку абяцаюць падрыхтаваць да 20-х чыслаў снежня. Пакуль праводзім, як той казаў, рэкагнасцыроўку на мясцовасці. Мне дапамагае дырэктар дзіцячай школы мастацтва Наталля Дудкіна. Пры жаданні зусім не цяжка ўявіць, як усё будзе.

— На ўваходзе гасцей сустрэнуць тэатралізаваныя персанажы з пачастункамі, якія запросяць прыняць удзел у навагодняй праграме, — вядзе мяне навагоднім шляхам дырэктар установы. — Першая лакацыя — выстава-продаж сувенірнай прадукцыі. За яе напаўненне адказвае раённы Дом рамёстваў. Майстры прапануюць шмат навагодніх сувеніраў — дамавікоў, снягурак, сімвалаў года, знакі Задыяку. Праз стылізаваныя аркі сцяжынка прывядзе да тронаў Дзеда Марозу і Снягуркі. Для забаў і карагодаў установім жывую елку. Тэрыторыю запоўніць шмат казачных аб’ектаў. Будзе лакацыя нечысці з хаткай Бабы Ягі. Гэтыя казачныя хуліганы збіраюцца перашкаджаць праводзіць Новы год. Але дабро, як заўсёды, пераможа. Госці сустрэнуцца са знакамітым персанажам народнай казкі Ямеляй, які будзе сядзець на печцы і ў забаўляць гасцей, іншымі казачнымі героямі. Прапануем нашым наведвальнікам цікавую квэставую праграму, дзеці і дарослыя змогуць пакатацца на навагодніх атракцыёнах.

Каля арт-аб’екта ліхтара ў выглядзе трубача будзе стаяць навагодні раяль. На гэтай пляцоўцы матэрыялізуецца музыкальны салон, загучаць вясёлыя навагоднія песні. Дрэнны настрой застанецца за сценамі рэзідэнцыі, наперадзе чакаюць выключна шчаслівыя і радасныя падзеі. Казачны млын жаданняў усе дрэннае перамоле ў снег. Наогул у Дзеда Мароза і Снягуркі шмат чароўных прадметаў. Будзе яшчэ і калодзеж жаданняў, які як мінімум забяспечыць вясёлы настрой. Гарбата і бліны таксама не звычайныя. Кубачак духмянай гарбаты дасць прыліў энергіі і бадзёрасці, а бліны напоўняць чароўнай сілай. Іх прыгатаваннем, дарэчы, зоймецца бібліятэка. Непадалёк ад чайнай пляцоўкі размесціцца выстава самавараў з раённага гісторыка-археалагічнага музея. Так што свята будзе не толькі забаўляльным, але і пазнавальным. Музей рыхтуе асобную праграму.

Уся прастора рэзідэнцыі апранецца ў навагодняе ўбранства. Агароджу, напрыклад, плануецца ўпрыгожыць дэкаратыўнымі яловымі галінкамі з навагоднімі цацкамі. Унутры ўваходнай вежы рознакаляровымі агеньчыкамі заззяе елачка. А звонку рэзідэнцыя будзе вітаць гараджан і гасцей горада навагоднім віншаваннем на вялікім банеры.

Свята выйдзе і за сцены рэзідэнцыі. Сваю праграму рыхтуе Цэнтр дзіцячай творчасці, які знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці з рэзідэнцыяй Дзеда Мароза. Па святочнаму прыбяруцца цэнтральныя вуліцы старадаўняга Мсціслава. Будзе адчуванне, што ўвесь горад пераўтварыўся ў адну вялікую навагоднюю казку.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Мсціслаў

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.