Вы тут

«Ну як гэта так — жыць у сваім доме і не выйсці на двор»


Прыяцельцы нашай бабулі не пашанцавала з суседзямі па лецішчы. Адны ўсе выхадныя напралёт гучна слухаюць музыку, другія — п’юць дзень з ноччу, а потым сварацца на чым свет стаіць. Мая знаёмая з Мінска, якая знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, кажа, што пасля таго, як атрымала доўгачаканую кватэру ў новабудоўлі, таксама забылася пра цішыню. У абед немагчыма дзіця ўкласці спаць з-за шуму перфаратараў ды дрыляў, таму даводзіцца гэта рабіць на вуліцы ў калясцы. Але ў параўнанні з праблемай сям’і Маліноўскіх, якая звярнулася да нас у рэдакцыю, вышэйзгаданыя могуць падацца проста кветачкамі.


У той дзень, калі я прыехала ў Наваселле, на дзвярах агароджы, за якой месціцца будынак, дзе вырабляюць тратуарную плітку, вісеў замок. Пасля абеду там з’явіліся два работнікі, але фатаграфаваць вытворчае памяшканне мне забаранілі. Маўляў, у іх з-за гэтага могуць быць праблемы.

Алена Маліноўская разам з мужам жыве непадалёк ад Мінска ў аграгарадку Наваселле. У 2011 годзе праз дарогу ад іх участка, на тэрыторыі былой закінутай піларамы, пачалі вырабляць тратуарную плітку. «Шум і вібрацыя, якая сыходзіць ад гэтай вытворчасці, разбурае жыццё і здароўе мне, маім дзецям і ўнукам», — уздыхае Алена Іосіфаўна, якая 36 гадоў адпрацавала ў мясцовай школе настаўніцай.

«Бацькі жывуць тут больш за 40 гадоў, і апошнія 11 з іх ім няма жыцця ва ўласным доме, — дадае яе дачка Іна. — Ды і я не магу пакінуць дзіця ў бабулі і дзядулі летам на канікулах, бо кожная раніца пачынаецца з таго, што ўсе прачынаюцца пад страшэнны гук, ад якога нідзе не схаваешся. Мама мае 1-ю групу інваліднасці, пасля перанесенага інсульту апошнія тры гады наогул не выходзіць на вуліцу, пакуль працуе вытворчасць. Акрамя таго, разбураецца падмурак і трэскаюцца сцены дома. Гараж цэментам увесь замазаны ўжо, бо ідзе такая моцная вібрацыя».

Маліноўскія кажуць, што прадпрымальнік, калі толькі заехаў у Наваселле, абяцаў, што заробіць крыху грошай і ўсталюе шумаізаляцыю. «Мы свята верылі, цярпліва чакалі, але далей за абяцанні справа не пайшла. Чалавек проста не хоча падумаць пра іншых. Вось гляньце, у адказе Мінскага райвыканкама (ад 22.04.2022) напісана, што «ў мэтах ліквідацыі ўплыву гукаў ад вытворчасці на навакольнае асяроддзе таварыствам працягваюць праводзіцца работы па гукашумаізаляцыі вытворчага будынка». Але прайшло паўгода, а агрэсіўны гук нікуды не знік. Адзінае, што апошнім часам стала крыху лягчэй, бо прадпрыемства перастала працаваць па выхадных (раней жа працавалі штодзень з дзевяці-дзесяці раніцы да 21.00 вечара — гэта была катарга). Трошкі цішэй стала і пасля таго, як вытворчасць пліткі пераехала крыху далей ад дарогі ў суседняе памяшканне. (Як мне потым патлумачыла старшыня Гаранскага сельсавета, у дырэктара ТАА «Кампанія БелБул-Інтэрнэшнл», якое займалася вытворчасцю пліткі, было вельмі шмат даўгоў, у лік якіх аддзел прымусовага выканання спагнаў частку памяшканняў. «Раней усе тры будынкі былі ва ўласнасці ТАА «Кампанія БелБул-Інтэрнэшнл». Цяпер два з іх належаць іншым арганізацыям. Адна займаецца рамонтам машын, другая — зварачнымі работамі. На іх скаргаў ад людзей не паступала». — Аўт.).

«Куды мы толькі ні звярталіся: у сельскі Савет, у санэпідэмстанцыю, райвыканкам, аблвыканкам, міліцыю, — Алена Іосіфанаўна працягвае мне адказы на яе звароты. — Але ніхто не можа знайсці на таго прадпрымальніка ўправы». — «І гэта пры тым, што ў яго вялікая запазычанасць па падатках, я на свае вочы бачыла ў адзіным рэестры падаткаплацельшчыкаў», — дадае Іна.

«Да нас неаднаразова прыязджала з маніторынгам раённая санэпідэмстанцыя. Але нейкім дзіўным чынам лінія па вытворчасці тратуарнай пліткі ў тыя дні не працавала. Такое адчуванне, што дырэктара хтосьці папярэджваў аб праверцы, бо, як толькі яна заканчвалася, усё зноў пачынала грымець. Толькі адзін раз год таму спецыялістам удалося замерыць гук. Потым даслалі адказ, што ўсё ў норме. Не разумею, як такое можа быць», — разводзіць рукамі Алена Іосіфаўна.

Іна Маліноўская падкрэсліла, што ў іх няма мэты выгнаць прадпрымальніка з наседжанага месца. «Няхай працуе сабе, мы не супраць, але каб усё было па-людску. Проста просім забараніць яму вырабляць тут плітку, пакуль не ліквідуе агрэсіўны гук. Калі б ён паставіў шумаахоўны экран, заказаў сабе адмысловыя вібрасталы, як робяць ва ўсім цывілізаваным свеце, тады ніякага шуму не было б. І не было б ніякіх нараканняў з нашага боку. Ну нельга ж так здзекавацца з людзей. Хочацца, каб бацькі спакойна пажылі на старасці. Ім ужо за 70. Ну як гэта так — жыць у сваім доме і не мець магчымасці выйсці на вуліцу. Гэта ўжо занадта, я лічу».

«Узровень гуку адпавядае нарматывам»

Апошні раз спецыялісты ДУ «Мінскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі» былі ў Наваселлі па скарзе Маліноўскіх у лістападзе гэтага года. «Я асабіста выязджаў, — кажа Эдуард КРАЎЧАНКА, загадчык аддзела гігіены ДУ «Мінскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі». — Прадпрыемства ў той дзень не працавала. Наогул, у гэтым годзе замеры гуку не праводзіліся ні разу, бо падчас нашых выездаў лінія па вытворчасці тратуарнай пліткі не функцыянавала. Таму правесці лабараторны кантроль не ўяўлялася магчымым».

Летась замеры сапраўды праводзіліся. Паводле слоў галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Мінскага раёна Уладзіміра ДАЎГАПОЛА, згодна з пратаколам лабараторных даследаванняў ад 21.07. 2021 года № 41, ацэначныя ўзроўні гуку ў жылым пакоі і на тэрыторыі, якая непасрэдна прылягае да дома, у якім жыве сям’я Маліноўскіх, адпавядаюць патрабаванням Санітарных норм, правіл і гігіенічных нарматываў «Шум на працоўных месцах, у транспартных сродках, у памяшканнях жылых, грамадскіх будынкаў і на тэрыторыі жылой забудовы», зацверджаных пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 16.11.2011 года № 115 (далей — СНПіГН № 115).

Мінскі занальны ЦгіЭ неаднаразова разглядаў звароты грамадзян на нездавальняльныя ўмовы пражывання, звязаныя з дзейнасцю прадпрыемстваў, у тым ліку і на гукі ад іх. Аднак, за апошнія гады вытворчы працэс не прыпыняўся, бо, па выніках лабараторных даследаванняў, узроўні гуку адпавядалі патрабаванням СНПіГН № 115.

Разам з тым Алена Маліноўская кажа, што так і не дабілася, каб ёй прадставілі дакладныя лічбы замераў узроўню гуку на яе ўчастку і (для параўнання) устаноўленыя заканадаўствам нарматывы вытворчага шуму на тэрыторыі жылой забудовы, а таксама дапушчальную адлегласць ад яе дома да вытворчага памяшкання. У тым ліку і з гэтай прычыны ў людзей адчуванне, што іх падманваюць, штосьці не дагаворваюць...

«Калі тут будуць склады, усім будзе толькі лепш»

— Я неаднаразова была ў самой Алены Маліноўскай і з сынам яе размаўляла, і дачка прыходзіла да мяне, — кажа Вольга АНТОНЕНКА, старшыня Гаранскага сельвыканкама. — Яны скардзіліся на шум ад вытворчасці ТАА «Кампанія БелБул-Інтэрнэшнл». Але сельсавет можа працаваць з юрасобай толькі па добраўпарадкаванні па прадпісанні, якое мы адразу ж накіравалі ўласніку прадпрыемства Самвэлу Базаўяну. Усё, што з нашага боку можна было зрабіць, мы зрабілі. У чэрвені я выязджала туды, паразмаўляла з дырэктарам па-чалавечы. На два тыдні ён супакоіўся, была цішыня — не ведаю, што пасадзейнічала: альбо тое, што не было матэрыялаў, альбо ён сапраўды пачаў задумвацца... На дадзенае прадпрыемства з праверкай некалькі разоў прыязджала раённая санстанцыя. Але яны, як і вы сёння, бачылі замок на агароджы. Адзін раз, праўда, замеры яны рабілі. Са слоў санстанцыі, з імі я ў той дзень не выязджала, перавышэнняў узроўню шуму не выявілі. У панядзелак (10 кастрычніка. — Аўт.) я праязджала міма, думаю, зайду, пагляджу, што там з гукаізаляцыяй памяшкання. У маі ў іх была абшыта толькі задняя сценка. Работнікі якраз там камплектавалі плітку. Вось гляньце (паказвае фотаздымкі): бляшаныя сцены памяшкання цалкам абшытыя шклаватай. У той жа дзень я размаўляла па тэлефоне з Самвэлам Базаўянам, ён сказаў, што ў яго здарыўся інсульт, ляжыць у бальніцы. Памяшканне, дзе выраблялася тратуарная плітка, ён прадаў, і на працягу двух тыдняў яны адтуль з’едуць. Я зайшла ў спецыяльную праграму — геапартал ЗІС (зямельна-інфармацыйнай сістэмы), дзе відаць, што зямельны ўчастак сапраўды перааформлены на іншую арганізацыю. Не так даўно я тэлефанавала Базаўяну зноў. Ён сказаў, што больш ні з кім размаўляць не будзе па гэтым пытанні. Маўляў, «у мяне ўсё перааформлена. Адчапіцеся ад мяне». З яго слоў, у памяшканні, якое ён прадаў, будуць склады. Калі гэта сапраўды так, то ўсім будзе толькі лепш».

Адразу пасля размовы са старшынёй Гаранскага сельсавета я патэлефанавала Самвэлу Хачатуравічу. Хоць і не вельмі ахвотна, але прадпрымальнік адказаў на мае пытанні. У прыватнасці, пацвердзіў, што прадаў памяшканне, дзе вырабляў тратуарную плітку. Праўда, саму прадукцыю яшчэ не паспеў вывезці («Трэба забраць у найбліжэйшы час»). «Чаму закрылі вытворчасць пліткі?» — «Нявыгадна працаваць». — «Ці можна сказаць, што на ваша рашэнне паўплывалі скаргі мясцовых жыхароў?» — «У мяне там шум не перавышае. Адлегласць нармальная. Гэта людзі такія, якія прывыклі пастаянна пісаць кудысьці». — «Да мяне дайшла інфармацыя, што ў памяшканні, якое вы прадалі, будуць склады». — «Мне ніхто не сказаў. Я не ведаю».


«Усе хочуць жыць блізка да Мінска, але ў цішыні»

Паводле слоў начальніка ўпраўлення эканомікі Мінскага раённага выканаўчага камітэта Ірыны МЯЛЕШКІ, у райвыканкам паступае шмат зваротаў, калі людзі скардзяцца на вытворчасць, якая месціцца паблізу іх участкаў. «Гэта праблема актуальная для Мінскага раёна. У прыватнасці, адно прадпрыемства мясцовыя жыхары нядаўна выжылі з цэха. Яны скардзіліся на шум у розныя інстанцыі, аж да намесніка прэм’ер-міністра дайшлі. Не падабалася людзям, што праз дарогу знаходзіцца вытворчасць. Але гэта прамзона, парушэнняў па гуку і адлегласці там не было. Тым не менш у выніку дырэктар арганізацыі прыпыніў дагавор арэнды, які заключыў на гэта памяшканне. Сказаў, што стаміўся ад бясконцых праверак.

У нас зараз на разглядзе знаходзіцца тры звароты ад жыхароў адной вуліцы ў Калодзішчах. Яны скардзяцца, што работнікі прадпрыемства грымяць, калі выбіваюць апалубку. Па гэтай скарзе з 2019 года выязджалі разоў пяць, напэўна, але ні разу не ўстанавілі перавышэння ўзроўню шуму. Выехалі яшчэ раз на мінулым тыдні, спецыяльна ўзялі прадстаўніка райвыканкама, запрашалі людзей: «Прыходзьце, глядзіце, мы замяраем». Ніхто не прыйшоў. А потым пішуць: нас не запрасілі. Скардзяцца: «Вы прыязджаеце замяраць не тады, калі шумяць, а калі там ціха». Хоць мы адмыслова прыехалі ў той дзень, калі работнікі выбівалі апалубку, але ўзровень шуму па-ранейшаму не перавышаў нарматывы. І наша санстанцыя па такіх скаргах ездзіла, ездзіць і, думаю, будзе ездзіць».

— А можаце прывесці прыклад, калі людзі, якія скардзіліся, мелі рацыю?

— Сёлета была такая скарга. Людзі жывуць побач з вытворчасцю, ад якой ідзе моцны непрыемны пах. Больш за тое, ён яшчэ і з-за таго, што машына, якую гэтая арганізацыя выкарыстоўвае для аказання паслуг па адкачцы каналізацый, вяртаецца на базу па вёсцы і часам там-сям плюхае канцэнтраванымі нечыстотамі. Устанавіць гэта не заўсёды магчыма, але кіраўнік урэшце ўсё ж такі прызнаў, што так здараецца, і паабяцаў пашукаць іншае памяшканне пад сваю вытворчасць.

Часта бывае як: прадпрымальніку выдзяляецца зямельны ўчастак пад будаўніцтва прадпрыемства. Пакуль ідзе праектаванне (а яно займае ў сярэднім да двух гадоў), аб’екта не відаць. Сельскі Савет паралельна пачынае паблізу наразаць зямельныя ўчасткі і прадаваць іх з аўкцыёну. Людзі ж, купляючы зямлю, не ведаюць, што неўзабаве паблізу з’явіцца нейкая вытворчасць. Але калі праз два гады вырастае корпус прадпрыемства, пачынаюць скардзіцца, пры тым што адлегласць ад участкаў пад жылую забудову да вытворчасці там хоць і ўшчыльную, але выканана. У сельскай мясцовасці ўсе хочуць жыць у больш камфортных умовах. Але вёска вёсцы розніца. Адна справа — на Мядзельшчыне, дзе лясы, азёры і ў асноўным няма прамысловых прадпрыемстваў. Іншая — Мінскі раён — густанаселеная тэрыторыя, дзе кожны пятачок зямлі на вагу золата. Адсюль і праблемы, бо ўсе хочуць жыць блізка да Мінска, але ў цішыні.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.